Вы тут

Навошта сучаснаму чалавеку народныя песні?


Ці можна захаваць традыцыйную песенную, танцавальную, музычную культуру ва ўмовах знікнення традыцыйнага ўкладу жыцця, бо сёння ў нашай краіне людзі пераважна імкнуцца жыць у гарадах? І калі ўсё ж можна — то навошта гэта рабіць? Пра гэта мы спыталі ўдзельнікаў народнага сямейнага ансамбля «Жывіца» з вёскі Бор Пухавіцкага раёна.


Эксклюзіў з вёскі Бор

Аграгарадок Бор нічым асаблівым не адметны — звычайны маленькі населены пункт, якіх на Беларусі тысячы. Той, адкуль моладзь імкнецца з'ехаць пры першай магчымасці. Ну, хіба што побач геаграфічны цэнтр Беларусі, хоць прывабным для турыстаў гэтае месца так і не стала. Але дзякуючы народнаму сямейнаму ансамблю «Жывіца» ў вёскі ёсць «сваё аблічча», а яе назва вядомая спецыялістам далёка за межамі краіны. У рэпертуары ансамбля аўтэнтычныя беларускія песні, абрады, танцы, а таксама ўкраінскія, рускія песні, музычныя кампазіцыі на беларускіх народных інструментах (дуда, дудка, жалейка, баян, гармонік) і нават эстрадныя нумары. Але аснова рэпертуару калектыву — тыя мясцовыя песні, якія спяваліся ў ваколіцах Бора са спрадвечных часоў.

— Спрадвечная музычная культура любой мясцовасці заўсёды адрозніваецца яркай своеасаблівасцю. Яна нясе ў сабе эксклюзіў, — распавядае мастацкі кіраўнік Борскага сельскага Дома культуры Наталля Крывашэй. — Аснова папулярнасці артыста, які выступае ў любым жанры — якраз уласны «творчы почырк», уменне быць асаблівым, запамінальным, у чымсьці непаўторным. У фальклорныя песні і абрады любой мясцовасці (напрыклад, у нашы, пухавіцкія) ужо першапачаткова гэты эксклюзіў закладзены. І для артыста тое вельмі каштоўна.

Дыпломы, якія калектыў прывозіць з міжнародных фестываляў, ужо не ўмяшчаюцца на сценах невялікага кабінета дырэктара Борскага ДК — ляжаць на стале, стаяць на паліцах: з Латвіі, Польшчы, Германіі, Расіі... «Апошнія дыпломы ніяк не павесім — здаецца, ужо няма куды...» — смяецца суразмоўніца.

«Спявалі, як умелі...»

Напэўна, менавіта гэтая мясцовасць — адна з самых удалых для стварэння падобнага калектыву: тут яшчэ ў 90-х жылі зусім традыцыйным укладам.

— Пачалося ўсё з чаго?.. — павольна, са смакам пачынае свой аповед Таццяна Мазанік, дырэктар Борскага сельскага Дома культуры і салістка ансамбля «Жывіца». — Наогул, я па прафесіі закройшчык. Было гэта ў 1990-х. На той час знаходзілася ў дэкрэце — нарадзіла аднаго сына, потым другога і стала думаць, куды выходзіць на работу. А мой брат, Наташын муж, працаваў гукааператарам у Доме культуры («дыджэем», як кажуць у нас у вёсцы). І неяк брат Юра мне і кажа: «Пайшла б ты працаваць у клуб?». Я ў адказ: «Баюся, не ведаю там нічога!» А ён: «Паспрабуй». Тады якраз пайшла на пенсію дырэктар клуба, і замяніць яе не было кім. Параілася з мамай, і яна была згодная з братам: «Трэба паспрабаваць». Так я, яшчэ зусім маладая, стала дырэктарам сельскага Дома культуры.

На новую пасаду Таццяна заступіла ў снежні 1993 года, а ў лютым у калгасе павінен быў праходзіць справаздачны сход.

— А гэта закон: «культура» павінна зрабіць да справаздачнага сходу канцэрт, — працягвае дырэктар. — А як яго зрабіць, калі калектыву няма?.. Ну, сабрала я тых бабак... Як збірала? Пайду па хатах, прыходжу: «Дзядзька Федзя, адпусціце цётку Надзю паспяваць!» — «Якое «спяваць», хай дома сядзіць, работу робіць!» — «Ну дзядзька Федзя!.. Ну і вы прыйдзіце, паспявайце...»

— Сем'і ў вашай мясцовасці былі такія, што жонка без дазволу мужа не магла ўзяць удзел у канцэрце?

— Так. Не было такога, каб жонка сыходзіла ўвечары кудысьці, а тым больш у клуб... Пачаліся рэпетыцыі. Спявалі, як умелі. Спачатку ў нас нават не было акампаніятара, акапэльна цягнулі. Потым з'явілася ў нас дзяўчына-музыкант, іграла на гармоніку. Сабралася артыстаў тады ў мяне чалавек дзесяць. І вось павінен адбыцца наш першы канцэрт. Трэба ж адзець маіх выступоўцаў! А ў што я іх адзену? Прыйшлося прасіць дапамогі ў калег — работнікаў сферы культуры з суседняй вёскі. Паехала я туды, у клуб, далі мне спісаныя народныя касцюмы. Але аказалася, што іх паела моль — тканіна ж натуральная! Кашулі так-сяк мы зашылі, а спадніц няма. Пайшла я тады ў КБА і купіла пакрывалы, падобныя на даматканую тканіну. З іх і нашыла артыстам касцюмаў... Ну добра, першы канцэрт. Пачалі мы з бабкамі спяваць, адна дзяўчынка на віяланчэлі іграла, гармонік быў — і ў нас такі канцэрт атрымаўся, проста любата! Вельмі цёпла прымалі нас гледачы. І пасля таго канцэрта артыстаў у нас у калектыве стала больш, моладзь падцягнулася.

Таццяна паказвае мне чорна-белае фота:

— Вось тут наш першы састаў. І тыя бабулечкі, і дзяўчаткі маладыя. Потым прыйшлі да нас і мужы нашых артыстак. Спявалі, выязджалі «на гастролі» ў суседнія вёскі. Ездзілі на трактары. Паставім на прычэп лаўкі, едзем на канцэрт і спяваем: рэпеціруем. Грашыма нам не плацілі за канцэрты. Але частавалі чым маглі. І проста неверагодна цёпла прымалі: сцэну да нашага прыезду заўсёды ўпрыгожвалі, а калі мы пачыналі спяваць, гледачы і падпявалі, і не-не, ды і пускаліся ў скокі. Аддача залы была проста вар'яцкая! Людзі тады былі вельмі простыя. Дабрэйшыя за сучасных, напэўна. Памятаю, прыходзім на рэпетыцыю — спачатку ўсе навіны раскажам, потым я кажу: «Усё, пяём!» Прыдумлялі кожны раз, чым здзівіць свайго гледача на канцэрце. Праз дзень па вечарах рэпеціравалі. А потым пажылыя мае артысты пачалі хварэць і паміраць, моладзь раз'ехалася. І засталіся мы з Наташай удзвюх з першага саставу — яна тады якраз каледж мастацтваў скончыла. Я кажу: «Трэба нешта рабіць, калектыў збіраць!» А каго тут збярэш? Вакол паміраючыя вёскі...

Падумалі-падумалі Таццяна і Наталля і вырашылі, што калектыў будзе сямейны. Так і з'явіўся народны сямейны ансамбль «Жывіца».

— Спяваем я і Наташа, мой брат (яе муж) у нас гукааператар, яшчэ адзін саліст — Сяргей Шыкунец, мой стрыечны брат, — тлумачыць Таццяна. — Кіраўнік калектыву — Юрый Крывашэй. Ён сын Наталлі і пайшоў па слядах маці — у мастацтва. Адвучыўся ва ўніверсітэце культуры, цяпер ён — рэжысёр у Мінску, ну і па сумяшчальніцтве кіраўнік «Жывіцы». Ёсць у калектыве і музыканты. Так што справа ў нас цяпер пастаўлена прафесійна. Збіраем народныя песні, кладзём словы на музыку. У 2010 годзе нам далі статус сямейнага калектыву, а ў 2016-м — прысвоілі ганаровае званне «Народны».

«Без песні было б цяжка...»

— Вы спяваеце народныя песні... Чаму гэта вам цікава і што дае?

Таццяна ўсміхаецца:

— У прынцыпе, можна ж па-рознаму працягваць традыцыі свайго краю: пячы хлеб па старадаўніх рэцэптах або вышываць, або гадаваць дзяцей паводле правілаў з народнай педагогікі. Але асабіста мне блізкая песня. Мая мама, Зінаіда, вельмі прыгожа спявае — я памятаю яе голас і яе песні з ранняга дзяцінства. Так што да песеннай народнай культуры ў мяне, можна сказаць, асабістая прыхільнасць. І, ведаеце, мне здаецца, без песні было б цяжкавата жыць цяпер...

Традыцыйная народная культура, кажуць мне, каштоўная тым, што нясе ў сабе пазітыўны вопыт народа.

— Гэты досвед дапамагае ў любых сітуацыях, як бы складана ні даводзілася, захаваць унутры і вакол сябе нейкую гармонію — з навакольнымі людзьмі, блізкімі і малазнаёмымі, з прыродай, са штодзённым жыццём, — тлумачыць Наталля.

Мае суразмоўніцы ўпэўненыя, што прыхільнасць да народнай культуры нараджаецца ў глыбіні душы — і цалкам упісваецца ў сучасныя рэаліі. Невыпадкова сёння ў маладзёжнай музыцы існуе трэнд на этнічныя матывы. І нават не так важна, захапляюць вас родны беларускі фальклор, якая-небудзь старажытная кельцкая традыцыя або нават афрыканскія рытмы. У любой этнічнай традыцыі ёсць тая няўлоўная гармонія (некаторыя даследчыкі называюць яе тэрмінам «экалагічнасць»), якая і сёння, як і стагоддзі таму, здольная крануць душы самых розных людзей. Зрэшты, у рэпертуары калектыву, акрамя старадаўніх песень, ёсць і некалькі сучасных эстрадных нумароў.

— Гэта для «гастроляў» па навакольных населеных пунктах, для святочных мерапрыемстваў мясцовага маштабу. Зразумела, на сур'ёзныя фестывалі мы «Стаса Міхайлава» не возім.

— Стаса Міхайлава?..

— Наш вакаліст Сяргей валодае моцным голасам і часам спявае песні Стаса Міхайлава, — тлумачыць Таццяна Мазанік. — Як паедзем у Чэрвеньскі раён або ў Беразіно — там і кветкі, і каробкі цукерак — усё для нас, калі з намі ёсць Сярожа, — усміхаецца суразмоўніца. — Вядома, каранавірус унёс свае карэктывы. Але наогул нам могуць патэлефанаваць раніцай і запрасіць на мерапрыемства — і мы ўжо ўвечары дадзім канцэрт. Галоўнае, каб усе нашы вакалісты былі свабодныя. А калі ўсіх не збяром — утраіх едзем: я, Наталля і гукааператар. Мы і ўтраіх можам зрабіць нядрэнны канцэрт прыкладна на гадзіну.

— Вы кажаце, што ў 90-х гледачы былі больш спагадлівыя. А цяпер? Ці ёсць аддача залы?

— Гледача цяпер нічым не здзівіш, — уздыхае Наталля. — Цяжка падняць залу. Але калі ў зале будзе некалькі «завадных» гледачоў (мы такіх называем «запалкі»), разварушыць людзей атрымаецца хутчэй.

Часам, распавядаюць суразмоўніцы, даводзіцца нават рэзка мяняць ход канцэрта. Справа ў тым, што сапраўдныя, аўтэнтычныя народныя песні сёння досыць складана ўспрымаюцца — каб пачуць закладзеную ў іх гармонію, патрэбны пэўны музычны інтэлект. Сучасны слухач прывык да «папулярнай музыкі» — а сапраўдныя народныя песні, без аранжыроўкі, часам гучаць дзіўна і незразумела для сучаснага чалавека. І каб зразумець такія песні, трэба ўслухоўвацца, засяроджвацца. Але ж оперу таксама разумее далёка не кожны.

— Таму мы робім аранжыроўкі і апрацоўкі старадаўніх песень, хоць для падрыхтаванай аўдыторыі можам выконваць і аўтэнтычную версію, — распавядае Наталля.

— А наогул мы ў рэшце рэшт падымаем любую залу, любую аўдыторыю, — кажа Таццяна. — Таму што гэта трэба ў першую чаргу нам самім: выступаць нашмат лягчэй і цікавей, калі людзі не сядзяць, склаўшы рукі на каленях, з сумнымі тварамі. У нас і назва такая — «Жывіца»: як смала-жывіца загойвае раны на ствале і галінках дрэва, так мы загойваем раны ў сэрцах і душах. І ўзнімаем настрой!

Аляксандра Анцэлевіч

Загаловак у газеце: «На гастролі ездзілі на трактары...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».