Вы тут

Апошнія званкі, экзамены і выпускныя... Як яны пройдуць сёлета?


Рэспубліканскае свята «Апошні званок» пройдзе 27—28 мая ў Бабруйску. Удзел у ім возьмуць каля дзвюх тысяч навучэнцаў: па 100 найлепшых прадстаўнікоў з шасці абласцей, сталіцы, а таксама выпускнікі навучальных устаноў Бабруйска і рэгіёна.


— Гэтае мерапрыемства ўжо зарэкамендавала сябе як цікавая і новая форма правядзення апошняга званка, праўда, летась з-за пандэміі ад яго былі вымушаны адмовіцца, — расказала кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК. — Падчас правядзення рэспубліканскага свята пройдуць цырымонія ўскладання кветак на плошчы Перамогі, урачыстая лінейка перад «Бабруйск-Арэнай», дзе будуць узнагароджаны найлепшыя выпускнікі ў намінацыях «Інтэлект», «Спорт», «Творчасць» і «Лідар». Гэта пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх алімпіяд, спаборніцтваў, турніраў, тыя, хто паспяхова зарэкамендаваў сябе ў грамадскай працы, пераможцы розных творчых конкурсаў. Яны будуць узнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі і памятнымі сувенірамі. Пасля ўрачыстай лінейкі адбудзецца канцэртная праграма і маладзёжная дыскатэка ўжо непасрэдна ў «Бабруйск-Арэне».

Апошнія званкі ва ўсіх школах краіны Міністэрства адукацыі рэкамендуе правесці 29 мая, а выпускныя вечары — 10 чэрвеня.

— У 2020/2021 навучальным годзе ў Беларусі функцыянуюць 3009 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Базавую школу заканчваюць 90,3 тысячы навучэнцаў, а сярэднюю — 51,8 тысячы адзінаццацікласнікаў, — расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА. — У гэтым годзе апошні званок і выпускныя вечары пройдуць у традыцыйным фармаце. Як правіла, гэта ўрачыстая лінейка на адкрытай пляцоўцы. Пры гэтым неабходна выконваць санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, што прад'яўляюцца да правядзення масавых мерапрыемстваў.

Выпускныя экзамены пройдуць арганізавана ва ўсіх установах адукацыі з 1 да 9 чэрвеня. Дзевяцікласнікі будуць здаваць тры абавязковыя выпускныя іспыты. У прыватнасці, яны напішуць дыктоўкі па беларускай і рускай мовах і выканаюць кантрольную работу па матэматыцы. Навучэнцы 11-х класаў будуць пісаць пераказ па беларускай або рускай мове (у залежнасці ад свайго выбару), выканаюць кантрольную работу па матэматыцы, здадуць у вуснай форме экзамены па гісторыі Беларусі і замежнай мове.

Міністэрствам адукацыі вызначаны наступныя даты правядзення экзаменаў: для навучэнцаў 11-х класаў пісьмовыя эказмены пройдуць 1, 3 і 7 чэрвеня, для навучэнцаў 9-х класаў — 2, 4 і 8 чэрвеня. Як і ў папярэднія гады, спецыялісты Міністэрства адукацыі будуць аб'яўляць тэксты для правядзення выпускных экзаменаў і нумары кантрольных работ па матэматыцы ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 1», а таксама тэксты будуць адразу ж размяшчацца на партале Міністэрства адукацыі.

Гэтак жа, як і ў мінулым годзе, будуць вызваляцца ад выпускных экзаменаў навучэнцы, якія на момант іх правядзення будуць хварэць на COVІD-19 ці з'яўляцца кантактамі, якія падлягаюць самаізаляцыі.

— Да завяршэння мінулага навучальнага года сумесна з Міністэрствам аховы здароўя былі ўнесены адпаведныя неабходныя змены ў нарматыўна-прававыя акты. У прыватнасці, гэта Правілы атэстацыі, зацверджаныя пастановай Міністэрства адукацыі. Быў адпрацаваны парадак узаемадзеяння з цэнтрамі гігіены і эпідэміялогіі па гэтым пытанні. Апошнія павінны будуць падаць у органы кіравання адукацыяй на месцах спісы навучэнцаў, якія на 1 чэрвеня падлягаюць вызваленню ў сувязі з інфіцыраваннем COVІD-19 ад выпускных экзаменаў, і штодня гэтыя спісы будуць удакладняцца, — патлумачыла Ірына Каржова. — Таксама ад выпускных экзаменаў будуць вызвалены навучэнцы, якія з'яўляюцца кандыдатамі ў каманды Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах. Адпаведныя загады Міністэрствам адукацыі ўжо падрыхтаваны і даведзены да ўсіх органаў кіравання на месцах.

Таксама падлягаюць вызваленню навучэнцы па лініі Міністэрства спорту — удзельнікі спартыўных мерапрыемстваў або збораў па падрыхтоўцы да іх, калі тэрміны правядзення спартыўных мерапрыемстваў і збораў супадаюць з датамі правядзення выпускных экзаменаў. Вызваленню падлягаюць і выпускнікі па медыцынскіх паказаннях, калі хвароба ўключана ў пералік медыцынскіх паказанняў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя. Ад выпускных экзаменаў вызваляюцца таксама пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, выпускнікі, якія навучаліся дома, і выпускнікі, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.

Пры правядзенні выпускных экзаменаў будзе ўлічвацца эпідэміялагічная сітуацыя, звязаная з распаўсюджваннем інфекцыі COVІD-19.

Што датычыцца правядзення выпускных вечароў, то Міністэрства адукацыі рэкамендуе адмовіцца ад правядзення гэтых мерапрыемстваў у сценах буйных забаўляльных комплексаў і звярнуць увагу на больш камерныя варыянты правядзення школьных урачыстасцяў. Напрыклад, ва ўстановах адукацыі.

— Такія формы і варыянты выпускных вечароў паспяхова сябе зарэкамендавалі летась. Гэта можа быць школьны «капуснік», які рыхтуецца самімі дзецьмі, а не запрошаным спецыялістам збоку. Таксама вечар можна правесці ў форме прэзентацыі «Кінастужка школьных дзён», можна закласці алею або капсулу памяці для будучых выпускнікоў, што яшчэ раз падкрэсліць сувязь пакаленняў, навучэнцаў і педагогаў і стане запамінальным эпізодам, — кажа Ларыса Емяльянчык.

Акрамя мерапрыемстваў, якія пройдуць непасрэдна ва ўстановах адукацыі, у выключных выпадках Мінадукацыі дазваляе задзейнічаць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама ўстановы культуры, калі па аб'ектыўных прычынах правесці дадзенае мерапрыемства ў школе немагчыма.

Час, працягласць і месца правядзення мерапрыемстваў вызначаецца кіраўніком установы адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады.

Ірына Каржова паведаміла, што ў гэтым навучальным годзе, як і летась, ва ўстановах адукацыі будуць арганізаваны кансультацыі для выпускнікоў 11-х класаў па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання: «Выпускныя экзамены завершацца 9 чэрвеня, выпускныя вечары пройдуць 10 чэрвеня, а цэнтралізаванае тэсціраванне сёлета пачынаецца з 16 чэрвеня. Таму з 11 да 15 чэрвеня ва ўстановах адукацыі ў адпаведнасці з патрэбай будуць арганізаваны дадатковыя кансультацыі для выпускнікоў 11-х класаў па прадметах для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.