Вы тут

Амаль 23 тоны САЗ вывезлі з Беларусі на ўтылізацыю


Аб небяспецы стойкіх арганічных забруджвальнікаў мы пісалі не раз, але зноў нагадаем: нават у малых дозах яны шкодныя для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя. Негатыўнае ўздзеянне САЗ не абмежавана ў часе. Менавіта таму важна перастаць іх выкарыстоўваць, а ад тых, якія захоўваюцца на тэрыторыі нашай краіны яшчэ з савецкіх часоў, неабходна пазбавіцца экалагічна бяспечным спосабам. У Беларусі пакуль няма такога абсталявання і тэхналогій, таму нам дапамагаюць партнёры з Еўрасаюза.


У прыватнасці, у рамках праекта «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, завяршылася экалагічная ініцыятыва «Стварэнне механізму экалагічна бяспечнага абясшкоджвання небяспечных адходаў, якія змяшчаюць стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗ)». Рэалізацыяй гэтай ініцыятывы займалася ўстанова па ахове прыроды «Экалогія без межаў».

Як паведаміла Аляксандра БАЕВА, кіраўнік экалагічнай ініцыятывы ўстановы «Экалогія без межаў», з нашай краіны вывезена 22,9 тоны небяспечных адходаў, якія змяшчаюць стойкія арганічныя забруджвальнікі. Такім чынам, на тэрыторыі ААТ «Рэчыцадрэў», дзяржаўнага прадпрыемства «Беларусьнафта-Прамсэрвіс», ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», ААТ «Белкард», ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» ліквідаваны аб'екты часовага захоўвання небяспечных адходаў. Яны ўтылізаваны на спецзаводзе экалагічна бяспечным спосабам.

Падрыхтоўчая работа па вывазе САЗ уключае ў сябе інвентарызацыю, упакоўку для транспарціроўкі. Затым неабходна атрымаць узгадненне з Мінпрыроды, дазвольныя дакументы на транзіт небяспечнага грузу па тэрыторыі Польшчы і Германіі. Канчатковы пункт маршруту — Францыя. Кошт пакета дакументаў для вывазу САЗаў за мяжу каштуе 5000 еўра. Зразумела, што для прадпрыемстваў, якія маюць, напрыклад, 100 кг САЗ, самастойна вывезці іх немагчыма, таму яны кааперуюцца, а «Экалогія без межаў» дапамагае ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў.

Вольга ВОЛКАВА, эксперт праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6», адзначыла, што на многіх прадпрыемствах няма сродкаў на арганізацыю вывазу САЗ, а таксама недастатковая кваліфікацыя персаналу, які нават не разумее ўсёй небяспекі гэтых рэчываў. Таму такая важная дапамога міжнародных праектаў, значным складнікам якіх з'яўляецца асветніцкая работа.

На думку Кацярыны ЧЫЧКО, кансультанта ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды, ініцыятыва аказала неацэнную дапамогу тым прадпрыемствам, у якіх захоўваліся невялікія аб'ёмы САЗ. «Спадзяюся, будуць вывезены ўсе САЗ з тэрыторыі нашай краіны ў адпаведнасці з абавязацельствамі, якія мы на сябе ўзялі ў рамках Стакгольмскай канвенцыі, а менавіта: да 2028 года поўнасцю абясшкодзіць адходы, якія змяшчаюць ПХБ», — рэзюмавала прадстаўнік прыродаахоўнага ведамства.

Дзяніс КАВАЛЕНКА, кіраўнік праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6», паведаміў, што ў перыяд з 2009 да 2013 года ў рамках праекта ГЭФ і Сусветнага банка было забяспечана знішчэнне 1800 тон пестыцыдаў, якія ўтрымлівалі САЗ і 823 тоны абсталявання з утрыманнем або забруджанага ПХБ з ліку запасаў, пазначаных у якасці прыярытэтных з прычыны павышанай рызыкі. Яшчэ 14,7 тоны абсталявання, якое ўтрымлівала ПХБ і знаходзілася на балансе малых уладальнікаў, было знішчана ў 2015—2016 гады за кошт інавацыйнай праграмы, якая ажыццяўляецца ГА «Зялёная эканоміка» ў рамках праграмы малых грантаў ГЭФ. У 2016 годзе, падчас рэалізацыі праекта ЕС і Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), знішчана 330 тон непрыдатных пестыцыдаў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота «Экалогія без межаў»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.