Вы тут

У аграрыі — хочуць!


На базе Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны два дні доўжыўся першы абласны форум класаў аграрнай накіраванасці «За моладдзю — будучыня!». У мерапрыемстве ўзяло ўдзел каля 270 хлопцаў і дзяўчат. Усяго ў 88 аграрных класах, якія маюцца ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці, вучыцца каля 670 дзяцей.


Ганаровым госцем і актыўным удзельнікам форуму стаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

Ён сам патомны аграрый: яго бацька быў перадавым трактарыстам калгаса імя Куйбышава Аршанскага раёна, Героем Сацыялістычнай Працы. Будучы кіраўнік рэгіёна ў 1983 годзе скончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны па спецыяльнасці «заатэхнія». Працоўны шлях пачаў з пасады галоўнага заатэхніка ў родным калгасе. У 1987—1988 гадах працаваў намеснікам старшыні калгаса «Ленінскі шлях» Аршанскага раёна. У 1988—1992 гадах узначальваў калгас «Сцяг Перамогі», у тым жа раёне пасля пераўтварэння гаспадаркі сем гадоў кіраваў вытворча-гаспадарчай фірмай «Ніва».

Мікалай Шарснёў агледзеў выстаўку «Біржа АГРАпрафесій», узяў удзел у дыялогавай пляцоўцы «Аграпрамысловы комплекс Віцебшчыны: інавацыі і перспектывы».

У школьнікаў і настаўнікаў, а таксама навучэнцаў, студэнтаў і выкладчыкаў, якіх запрасілі на мерапрыемства, была магчымасць задаць пытанні асабіста кіраўніку рэгіёна, менеджарам моцных гаспадарак, экспертам. І пачуць ад іх пра дасягненні і перспектывы развіцця мясцовай сельскай гаспадаркі, пра нюансы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што ў краіне многае робіцца, каб сельскагаспадарчая галіна была канкурэнтаздольная. У Падзвінні ўжо шмат зроблена ў рамках выканання леташняга ўказа кіраўніка дзяржавы аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці. Дакумент стаў «зялёным святлом» для павышэння эфектыўнасці кіравання АПК, умацавання кадравага патэнцыялу, удасканалення механізмаў кіравання актывамі. На Віцебшчыне былі створаны сем аграрных холдынгаў для таго, каб спрасціць вырашэнне такіх пытанняў, як закупка магутнай сельскагаспадарчай тэхнікі і ўгнаенняў, забеспячэнне кадрамі і іншыя.

Холдынгі дазваляюць рэалізаваць прынцып «ад поля да прылаўка», які гарантуе эканомію выдаткаў, павышэнне якасці канчатковай прадукцыі, адкрывае дадатковыя экспартныя магчымасці.

На поўначы краіны ўсё больш прыкладаў кропкавага земляробства, пры якім спадарожнік дапамагае весці работы на зямлі; інтэлектуальных фермаў, дзе за людзей амаль усё робяць робаты; у асноўным аўтаматызаваная вытворчасць камбікармоў. Пра гэта і іншае пачулі будучыя аграрыі.

У праграме форуму былі экскурсіі на перадавыя арганізацыі.

Для педагагічных работнікаў арганізавалі кейс-сесію па абмене эфектыўным вопытам выкладчыцкай работы.

Хлопцы і дзяўчаты змаглі яшчэ раз упэўніцца ў добрых перспектывах для работнікаў АПК. Хутка выпускнікам можна будзе здаваць дакументы для паступлення ў ВНУ, таму прафесійна арыентаваная акцыя аказалася дарэчы.

Адна з мэт, дзеля якой праводзіўся форум, — аб'яднанне намаганняў улады і сістэмы адукацыі ў справе сістэмнай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для аграрнага сектара эканомікі. Каб было каму працаваць на вёсцы, неабходная папулярызацыя сельскагаспадарчых прафесій і дасягненняў айчыннага аграпрамысловага комплексу.

Віцебскі абласны выканаўчы камітэт вырашыў і надалей садзейнічаць развіццю класаў аграрнай накіраванасці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Алега Клімовіча

Загаловак у газеце: І могуць зарабляць у глыбінцы значна больш, чым многія ў Мінску

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.