Вы тут

Сябры і калегі пра лётчыкаў–герояў з Ліды


Падзея, якую многія з нас перажывалі на мінулым тыдні, нікога не пакінула абыякавым. Падчас выканання вучэбна-трэніровачнага палёту пацярпеў крушэнне ваенны самалёт. Папярэдняя версія прычыны авіякатастрофы — тэхнічная няспраўнасць. Ніякіх шанцаў на пасадку. А ўнізе — не чыстае поле. Горад! Аднак, нягледзячы на страціўшую кіраванне крылатую машыну, пілоты да апошняга адводзілі няспраўны самалёт ад жылых дамоў. Звыш дзесяці разоў ім паступала каманда катапультавацца, але лётчыкі добра ўсведамлялі наступствы гэтага дзеяння. Ахвяруючы сваімі жыццямі (а так паступаюць сапраўдныя героі!), яны збераглі звычайных людзей...


Маёр Андрэй Нічыпорчык.

Жыхары Баранавіч дагэтуль не могуць паверыць, што ахвяр магло быць значна больш. Самалёт упаў на невялікай пустцы, вакол якой — жылыя дамы. Так дакладана ў крытычнай сітуацыі разлічыць траекторыю падзення маглі толькі сапраўдныя прафесіяналы. Подзвіг камандзіра звяна вучэбна-баявой эскадрыллі 116-й Лідскай штурмавой авіябазы маёра Андрэя Нічыпорчыка і лётчыка звяна лейтэнанта Мікіты Куканенкі навекі ўпісаны ў гісторыю нашай краіны.

Кім былі гэтыя адважныя беларусы? Андрэй Нічыпорчык нарадзіўся 17 кастрычніка 1987 года ў Паставах, у сям'і лётчыка-снайпера. Гледзячы на бацьку, ён з самага дзяцінства вызначыўся з будучай прафесіяй. Скончыў авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі, служыў у Лідзе. Пілот першага класа быў падрыхтаваны да выканання баявых задач і днём, і ноччу, ва ўсіх метэаралагічных умовах. Лятаў на самалётах Як-52, Л-39, Су-25, Як-130 — на вучэбна-баявых штурмавіках рыхтаваў да палётаў маладых пілотаў. У 2016 годзе Андрэй Нічыпорчык удзельнічаў у выкананні найскладанейшага віду лётнай падрыхтоўкі — пасадцы на аэрадромны ўчастак дарогі штурмавіка Як-130. Удзельнік парадаў у складзе паветранага эшалона ў Мінску на Дзень Незалежнасці, лаўрэат міжнародных спаборніцтваў па авія- дартсе. Быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені.

Лейтэнант Мікіта Куканенка.

Мікіта Куканенка нарадзіўся ў Полацку 18 верасня 1998 года, скончыў Полацкае кадэцкае вучылішча. Быць лётчыкам таксама хацеў з дзяцінства, і мара ажыццявілася — летась лейтэнант паспяхова выпусціўся са сцен Ваеннай акадэміі. Лідская штурмавая авіябаза стала для яго першым месцам службы. Нават года не прайшло, а ён ужо паспеў асвоіць самалёты Л-39 і Як-130. Апошні свой палёт ажыццяўляў разам са сваім інструктарам.

Калегі вельмі перажываюць гібель сваіх саслужыўцаў. Расказваючы пра іх, у афіцэраў, ужо дарослых мужчын, выступаюць слёзы.

— Гэта былі лётчыкі майго звяна, — гаворыць намеснік камандзіра звяна Уладзімір Рышкевіч. — Мы былі адной сям'ёй. Звяно эскадрыллі — гэта як бацька, маці, брат і сястра. Больш, чым проста сябры. Камандзір Андрэй Нічыпорчык вучыў мяне лётнаму майстэрству, выхоўваў, як бацька.

Па словах намесніка камандзіра вучэбна-баявой авіяцыйнай эскадрыллі Браніслава Жарскага, расказваць пра пілотаў можна бясконца. «Сказаць, што яны былі першакласнымі спецыялістамі, людзьмі, якія ведаюць і любяць сваю справу, гэтага мала, — кажа лётчык. — З Андрэем Уладзіміравічам я служу з 2016 года: гэта быў мой першы інструктар, калі я прыйшоў у базу. Навучыў мяне вельмі многаму, шмат чаго даў нават не ў плане лётных якасцяў, а чалавечых. Як лётчык ён заўсёды ведаў сваю справу, любіў яе. З Мікітам мы знаёмыя нядаўна, у 2020 годзе ў якасці курсанта ён асвойваў самалёт Як-130. За амаль год знаходжання разам з ім ні разу не бачыў, каб ён быў сумны, прыходзіў на работу з добрым настроем, заўсёды ўсміхаўся — незалежна ад таго, якая была сітуацыя. Адзін з нямногіх у эскадрыллі, хто заўсёды казаў, што ўсё будзе добра».

— Ніколі не падрыхтуешся да смерці блізкага чалавека, — прызнаецца штурман вучэбна-баявой авіяцыйнай эскадрыллі Дзмітрый Сіжук. — У эскадрыллі нас не так шмат. Сядзім у адным класе, рыхтуемся, лятаем разам. І калі з гэтага складанага механізма выпадае шасцярэнька, гэта адбіваецца на ўсім падраздзяленні. Складана цяпер уявіць службу, жыццё без такога чалавека, як наш камандзір. Напэўна, кожны з нас, кладучы руку на сэрца, зрабіў бы ўсё магчымае, як зрабіў Андрэй Нічыпорчык. Хоць ён яўна зрабіў лепш і больш, чым хто б ні быў на яго месцы. Я паважаў яго пры жыцці, падтрымліваю яго ў рашучасці ахвяраваць сабой дзеля тых, хто на зямлі...

Камандзір звяна вучэбна-баявой авіяцыйнай эскадрыллі Уладзімір Караў ведаў Андрэя Нічыпорчыка з дзяцінства: іх бацькі былі саслужыўцамі, яны раслі ў адным гарнізоне. «Ён быў вясёлы чалавек, заўсёды з добрым настроем, — расказвае лётчык. — Пакуль я вучыўся на авіяцыйным факультэце Ваеннай акадэміі, Андрэй стаў афіцэрам, дарос да камандзіра звяна і трапіў у гэтую эскадрыллю. Так склалася, што калі я выпусціўся, трапіў да яго ў звяно. Ён для мяне быў і бацькам, і братам, і сябрам, маім інструктарам — навучыў усяму, што я цяпер умею. Мікіта прыйшоў да нас яшчэ з двума курсантамі, мы размяркоўвалі, хто з кім будзе лятаць, хто каго будзе вучыць. І Андрэй Уладзіміравіч, жартуючы, сказаў, што возьме сабе «рыжыка» (у Мікіты былі рыжыя валасы). Так лейтэнант трапіў да яго ў звяно. Мы адляталі ўсю праграму з курсантамі, Мікіта паказаў добрыя лётныя здольнасці — трапіў да нас у эскадрыллю, натуральна, у звяно да Андрэя Нічыпорчыка. Не верыцца, што іх ужо няма з намі...»

Як прызнаюцца лётчыкі, камандаванне Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, адважныя пілоты застануцца ў іх радах назаўсёды. У памяці — навечна.

Вераніка КАНЮТА

Фота дадзена прэс-службай Міністэрства абароны.

Загаловак у газеце: Экіпаж прызямліўся ў вечнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.