Вы тут

Да канца вясны каля 10 тысяч прызыўнікоў папоўніць армейскія рады


Па традыцыі першая ў рады Узброеных Сіл уступіла так званая эліта — будучыя прадстаўнікі сіл спецыяльных аперацый і Мінскай ваеннай камендатуры, а таксама сухапутных войскаў. У наступныя дні каля ваенкаматаў пачалі збірацца кандыдаты на самыя розныя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці. Шматлюднасці, як гэта бывае звычайна, не назіралася: цэлымі сем'ямі ў армію ўжо не выпраўляюць — не той час.


Фота: БелТА

Ноу-хау для аграрыяў

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны, у сувязі з санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкай, урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку адпраўкі новага папаўнення ў войскі, у сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах не праводзяцца. На абласных і Мінскім гарадскім зборных пунктах сумесна з органамі аховы здароўя наладжаны дадатковыя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне распаўсюджвання віруснай інфекцыі сярод навабранцаў. Па прыбыцці на месца службы ўсё новае папаўненне пройдзе двухтыднёвую самаізаляцыю.

— У адпаведнасці з заканадаўствам, выкліку на прызыўныя камісіі вясной гэтага года падлягае каля 42 тысяч маладых людзей, — адзначыла афіцыйны прадстаўнік абароннага ведамства Наталля ГАЎРУСІК. — У цяперашні час праводзіцца медыцынскі агляд прызыўнікоў. Раённымі (гарадскімі) прызыўнымі камісіямі ў адносінах да грамадзян ужо прынята больш чым 26 тысяч рашэнняў. Дадзена звыш 16 тысяч адтэрміновак, асноўную частку (больш чым 86 %) якіх складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі.

Новаўвядзенне цяперашняй прызыўной кампаніі датычыцца будучых аграрыяў. Па ўласным жаданні студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю могуць быць прызваны на службу ў рэзерве, праходжанне якой прадугледжваецца падчас летніх канікулаў. Такім чынам, да заканчэння ВНУ маладыя людзі могуць вырашыць сваё пытанне з арміяй.

Дастойнае пакаленне і нашчадак Талаша

Як настроены юнакі на вайсковую службу, карэспандэнт «Звязды» даведалася падчас чарговай адпраўкі, што прайшла ў Мінскім гарадскім ваенным камісарыяце. Уладзіслаў Судніковіч будзе служыць у 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры кіроўцам. Да прызыву ў войска добраахвотна прайшоў падрыхтоўку ў ДТСААФ, у выніку чаго атрымаў правы катэгорый «B» і «C». Да арміі быў падрыхтаваны і фізічна, і маральна — у свой час тэрміновую службу праходзілі і дзядуля, і бацька. «Войска дысцыплінуе, развівае, вучыць разбірацца ў людзях», — лічыць малады чалавек.

Фота: БелТА

Глеб Гулюк па прафесіі — настаўнік фізічнай культуры. Паколькі мае вышэйшую адукацыю, служыць будзе ўсяго год. Да прызыву тры гады адпрацаваў па спецыяльнасці ў адной з мінскіх школ. Ён як ніхто ведае, як наладжваць адносіны ў калектыве. «Служба ў войску пойдзе мне толькі на карысць, — кажа будучы вайсковец. — Армія развівае не толькі фізічна, а і псіхалагічна, нават эстэтычна». Другі Глеб, па прозвішчы Паўлік, таксама лічыць за гонар служыць у войску. Юнаку ёсць на каго раўняцца: бацька і маці носяць афіцэрскія пагоны. Хлопец не выключае, што пасля тэрміновай службы застанецца ў войску і хоць такім чынам працягне сямейную дынастыю.

Сімвалічна, што па слядах сваіх сваякоў ідзе і цяперашні прызыўнік Юрый Атрошчанка. Як і яго родны дзядзька, служыць малады чалавек будзе ў пагранічных войсках, у тым жа воінскім падраздзяленні. А Міхаіл Саладуха ўспрымае армію як магчымасць прывесці сябе ў добрую форму, а таксама адпачыць пасля вучобы ва ўніверсітэце. Служыць будзе ў войсках сувязі, як і яго старэйшы брат. Усе мужчыны ў сям'і мелі дачыненне да воінскага абавязку, далёкія продкі прайшлі Вялікую Айчынную вайну, у тым ліку знакаміты дзед Талаш. «Гэта мой стрыечны прапрадзед, — з гонарам расказвае прызыўнік. — Мая сям'я даведалася аб гэтым, даследуючы генеалагічнае дрэва».

Ужо менш чым праз месяц, падчас цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі, якая адбудзецца 12 чэрвеня, гэтыя «зялёныя» і крыху несур'ёзныя сёння юнакі стануць смелымі і адказнымі мужчынамі — такімі, якімі павінны быць сапраўдныя абаронцы сваёй Айчыны.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Май колеру хакі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.