Вы тут

У лесе пад Лагойскам выяўлена буйное пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны


Прыгожы ўзлесак маляўніча размясціўся на высокай гары ў Лагойскім раёне, акурат каля аўтамагістралі Мінск — Віцебск. Толькі штодзённая мітусня машын ніяк не парушае пранізлівую цішыню лесу. Тут ужо даўно асталяваліся свае «парушальнікі» — птушкі. Яны то па чарзе шчабечуць, то заліваюцца, бы той аркестр, у адзін голас. На траве паўсюль — смаўжы: трэба ісці асцярожна, каб не раздушыць далікатныя «домікі». А водар які! Дзесьці цвіце чаромха, нагадваюць пра сябе хвоя з бярозаю — на першы погляд здаецца, што тут можна схавацца ад гарадской мітусні, адпачыць душой, набрацца светлых думак. Не атрымліваецца, бо ёсць адна вельмі важная дэталь...


Пошукавікі беражліва працуюць з астанкамі, якія знаходзяцца ў вельмі пашкоджаным стане.

Пад гэтымі бярозамі ды хвоямі вечным сном спіць каля паўтары тысячы людзей: жанчыны і мужчыны, старыя і дзеці — колькі дакладна, неўзабаве падлічаць спецыялісты. Аднак ужо без папярэдніх экспертыз ясна: амаль 80 гадоў тут спачываюць бязвінныя людзі, жорстка пакараныя фашыстамі.

Гэтае адкрыццё моцна ўзрушыла грамадскасць. Лагайчане ведалі, што ў 1941 — 1944-х гадах у лесе каля вёскі Гайна расстрэльвалі яўрэяў, але ніхто нават блізка не ўсведамляў маштабаў трагедыі. Умяшалася Генеральная пракуратура — у выніку ўзбуджана крымінальная справа аб генацыдзе
насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.

Асцярожна! Вядуцца раскопкі

З канца красавіка тут працуюць вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны — адзінага ў нашай краіне падраздзялення, якое займаецца пошукам, эксгумацыяй і ідэнтыфікацыяй астанкаў загінулых у гады Першай і Другой сусветных войнаў. На якіх толькі аб'ектах за 26 гадоў існавання батальёна ні працавалі пошукавікі, але такую жудасную карціну бачаць упершыню.

— Вельмі мала добра захаваных астанкаў — усё ўпярэмешку, у некалькі слаёў, — расказвае камандзір 1-й спецыялізаванай роты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны старшы лейтэнант Сяргей МЫРЗА. — На дадзены момант паднята каля ста астанкаў. Экспертная камісія з дакладнасцю вызначыць, каму яны належаць. Аднак можна з упэўненасцю сказаць, што на гэтым месцы было забіта нямала дзяцей: на дзіцячыя астанкі ўказваюць шкілеты ад 50 і больш сантыметраў, вусцілкі малога памеру. На патылічнай вобласці астанкаў дарослых людзей выяўлены сляды ад кулявых раненняў. Чаго не скажаш пра большасць дзяцей: мяркуючы па ўсім, малых закопвалі жыўцом.

Сярод суправаджальных знаходак — гільзы ад шматлікіх відаў нямецкай зброі, гузікі, пражкі ад жаночых і мужчынскіх рамянёў, фрагменты абутку, расчоскі, манеты, ключы, шуфель. Акрамя таго, вайскоўцамі выяўлены два выбухованебяспечныя аб'екты, адным з якіх з'яўляецца фрагмент вінтоўкі савецкага ўзору: справа ў тым, што з 1941 да 1944 года тут вяліся баі. Па словах камандзіра 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны падпалкоўніка Аляксандра ТРУБЕКІ, часта бывае, што падзеі напластоўваюцца адна на другую, але разабрацца ў гэтым спецыялістам нескладана. «За 26 пошукавых сезонаў мы вызначылі межы пахаванняў больш чым 213 тысяч мірных жыхароў, — адзначае камандзір батальёна. — За дадзены перыяд паднялі больш за 10 тысяч астанкаў. Устанавіць імёны на такіх аб'ектах амаль немагчыма — выключна дзякуючы архіўным даным».

«Рэпетыцыя» Бабінага Яра

Як расказвае лагойскі краязнавец Аляксандр Паўлюковіч, 27 жніўня 1941 года на плошчу ў Лагойску для рэгістрацыі сагналі ўсе яўрэйскія сем'і. «Ім аб'явілі, што калі яны выплацяць кантрыбуцыю — збяруць золата і грошы, то нікога чапаць не будуць, — кажа Аляксандр Пятровіч. — Але гэта была хлусня: на наступны дзень яўрэяў адправілі капаць роў на пагорку ва ўрочышчы Іваноўшчына, растлумачыўшы, што трэба капаць акопы. Насамрэч нацысты ўжо рыхтавалі месца пакарання для няшчасных людзей, якія самі рабілі сабе брацкую магілу».

Дзмітрый Імховік каля помніка, пастаўленага братамі Касоўскімі.

Гэта было адно з першых масавых знішчэнняў яўрэяў на тэрыторыі Беларусі. 30 жніўня 1941 года акупацыйнымі ўладамі было ліквідавана амаль усё яўрэйскае насельніцтва Лагойска. Сагналі на ўзлесак і яўрэйскія сем'і з вёскі Гайна, у якіх выхоўвалася па чацвёра — шасцёра дзяцей. Па паказаннях сведкаў, людзям загадвалі поўнасцю раздзецца і класціся ў яму, дзе іх расстрэльвалі. На забітых лажыліся іншыя — кулі спатыкалі і іх. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, зямля яшчэ доўга варушылася...

Па даных акта Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30 жніўня 1941 года тут было расстраляна 1200 чалавек. У 1941—1944 гадах для расстрэлу сюды неаднойчы прывозілі мірных жыхароў — канкрэтнай лічбы бязвінна забітых ва ўрочышчы пад Гайнай не існуе. Каб устанавіць гістарычную праўду, ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны звярнуўся афіцэр запасу Дзмітрый Імховік.

— Расправа пад Лагойскам стала «трэніроўкай» знішчэння людзей у Бабіным Яры, што адбылося менш чым праз месяц, — перакананы Дзмітрый Імховік. — Насамрэч, пахаваных на гэтым пагорку значна больш. Вядома, што пасля таго як у снежні 1942 года ў Лагойску быў знішчаны нямецкі гарнізон, у якасці помсты дывізія Дырлевангера ў сакавіку 1943 года расстраляла тут 233 чалавекі. Затым у гэтым месцы было знішчана яшчэ каля 300 чалавек — мірныя беларусы, якія дапамагалі партызанам і хавалі ў сябе яўрэяў. Існуе інфармацыя і пра расстрэлы тут у маі 1943 года.

Уцяклі і выжылі

Аб тым, што ў канцы жніўня 1941-га адбывалася пад Лагойскам, расказала мясцовая жыхарка Леакадзія Сасноўская: «Мая мама якраз ішла з работы, калі людзей гналі да ямы. Там была знаёмая яўрэйка з двума дзецьмі. Адно дзіця трымалася за сукенку, а другое знаходзілася ў яе на руках. Паліцай усё іх прыспешваў, каб хутчэй ішлі. А дзе ж яна з двума дзеткамі хутка пойдзе? Дык ён нагайкай іх біў, а дзіця гэтае на руках ажно заходзілася ад крыку. Збіралі яўрэяў па ўсёй суседняй вуліцы. Калонай ішлі, вакол — ахова. Усё ж некалькі чалавек уцякло».

Тое, што засталося ад рэчаў мірных жыхароў.

Адзін цырульнік (як устанавілі потым, па прозвішчы Ройнік) нёс з сабой брытву. У зручны момант ёй і паласнуў немца, які стаяў побач, па горле і крыкнуў: «Дзеці, бяжыце!» Чалавек 20 кінулася наўцёкі — па іх пачалі страляць. Пазбеглі куль 12 чалавек, у тым ліку стрыечныя браты Касоўскія. Потым яны ваявалі на фронце, мелі ўрадавыя ўзнагароды, а пасля вайны, у 1950 годзе, паставілі на ўзлеску помнік — як напамін аб трагедыі, якая адбылася з іх землякамі. Дарэчы, сваю пошукавую работу вайскоўцы 52-га батальёна пачалі менавіта з таго месца. Аднак зрабілі некалькі падкопаў і прыйшлі да высновы, што, хутчэй за ўсё, помнік стаіць тут сімвалічна.

Тое, што пагорак каля Гайны практычна ўвесь усыпаны пахаваннямі, не заўважыць складана. У розных месцах стаяць невялічкія помнікі, камяні, абнесеныя агароджай, — такім чынам пасля вайны мясцовыя жыхары ўвекавечылі памяць сваіх родных і аднавяскоўцаў. Дакладна вядома, што адно з такіх памятных месцаў уладкавана тут не проста сімвалічна. Калі ў той жудасны дзень гітлераўцы зрабілі сваю чорную справу, адна жанчына выцягнула з агульнай магілы сваіх бацькоў і пахавала асобна, пасля вайны паставіла помнік.

З заканчэннем пошукавых работ, а таксама пасля ўсіх экспертных мерапрыемстваў астанкі ахвяр генацыду будуць урачыста перапахаваны. Іншага месца шукаць не будуць — несправядліва турбаваць людзей, якія спачываюць на гэтым пагорку ўжо амаль восем дзесяцігоддзяў. У перспектыве тут установяць дастойны мемарыял: гэтыя людзі заслугоўваюць, каб пра іх памяталі.


Генеральны пракурор Беларусі Андрэй ШВЕД:

— Сёння валодаем данымі аб сотнях раней невядомых альбо малавывучаных месцаў масавага знішчэння насельніцтва. Акрамя таго, намі ўстаноўлены звесткі аб яшчэ жывых нацысцкіх злачынцах, якія значыліся ў спісах і бралі ўдзел у дзейнасці карных батальёнаў. У першую чаргу, літоўскіх батальёнаў СС і Арміі Краёвай. Цяпер рых-
туюцца адпаведныя матэрыялы і будзе накіравана даручэнне аб аказанні прававой дапамогі ў гэтыя дзяржавы, для таго каб адпаведныя праваахоўныя органы правялі з дадзенымі асобамі працэсуальныя дзеянні ў межах крымінальнай справы аб генацыдзе. Генпракуратура ў найбліжэйшы час прадставіць у Міжнародны трыбунал дастатковы аб'ём доказаў, каб пачаць ва ўстаноўленым парадку працэдуру афіцыйнага прызнання генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Сяргей ВАРАНОВІЧ:

— Сёлета палявыя работы запланаваны на 147 пошукавых аб'ектах у 48 раёнах усіх абласцей краіны, а таксама ў Мінску і Гродне. Палявыя пошукавыя работы ўжо праведзены на васьмі планавых і чатырох дадатковых аб'ектах. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам для далейшага перапахавання перададзены астанкі 420 загінулых. За дадзены перыяд выяўлены чатыры ўзнагароды: тры медалі «За адвагу» і адзін «За баявыя заслугі». Устаноўлена шэсць імёнаў загінулых.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Беспакаранае злачынства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.