Вы тут

Ці можна ўжываць вітаміны пры раку?


Як вядома, вітаміны павялічваюць працаздольнасць, павышаюць устойлівасць арганізма да розных інфекцый, паскараюць абмен рэчываў, стымулююць работу нервовай сістэмы. Ды і ўвогуле без вітамінаў чалавек не можа жыць. Але ёсць такія сітуацыі, калі тыя не нясуць карысці, а могуць нават нашкодзіць. Найчасцей гэта датычыцца анкалагічных хвароб — тут пацыентам трэба быць асцярожнымі. У якіх выпадках вітаміны перастаюць быць карыснымі, расказаў нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен Гарбаніджад.


— Ракавыя клеткі, або атыповыя — гэта вынік дзялення звычайных клетак, праўда, з дэфектам. І ў адрозненне ад звычайных, пухлінныя клеткі больш жыццяздольныя, хутчэй дзеляцца і могуць жыць у нашым арганізме ўсюды, дзе ёсць кровазварот. Калі, скажам, клеткі ныркі жывуць толькі ў нырцы, то атыповыя клеткі могуць пасяліцца ў любым месцы, гэта тое, што мы прызвычаіліся называць метастазамі. Метастазы не толькі таксічна ўплываюць на наш арганізм. Яны могуць ціснуць на органы і клеткі, якія знаходзяцца побач. І за кошт такой кампрэсіі развіваюцца пэўныя паталогіі, болевы сіндром і парушэнне кровазвароту іншых органаў. Урэшце колькасць атыповых клетак павялічваецца настолькі, што нармальныя клеткі не могуць паўнавартасна жыць, і чалавек гіне.

Рэч у тым, што атыповыя клеткі нашмат хутчэйшыя, чым звычайныя. Як вядома, калі чалавек, не прытрымліваючыся ніякіх дыет, рэзка пачынае худзець, адна з прычын — наяўнасць анкалагічных захворванняў. Чаму так адбываецца? Пухлінныя клеткі яшчэ называюць «бялковымі пасткамі». Бо яны больш хутка «ловяць» пажыўныя рэчывы, у тым ліку бялок, які паступае ў арганізм, і пазбаўляюць тым самым паўнацэннага харчавання іншыя клеткі. У выніку яны самі хутка растуць і не даюць нармальна функцыянаваць арганізму. Паколькі астатнія клеткі не атрымліваюць дастаткова бялку, чалавек пачынае рэзка худзець.

— А калі абмежаваць ужыванне бялку, пухліна таксама не зможа расці?

— Ёсць нават пэўныя навуковыя распрацоўкі, дзе анколагі рэкамендуюць ужываць ежу з паніжаным узроўнем бялку. Аднак гэта, у сваю чаргу, выклікае галаданне нармальных клетак. Таму тут палка з двума канцамі, бо бялок неабходны для паўнацэннай работы нашай імуннай сістэмы. Яна, у сваю чаргу, змагаецца з атыповымі клеткамі. Такі метад не атрымаў шырокага распаўсюджання.

— Якія вітаміны могуць нанесці шкоду анкахворым пацыентам?

— Калі з нейкіх прычын пацыент атрымлівае інфаркт міякарда ці ішэмічны інсульт галаўнога мозга (гэта азначае, што ў яго арганізме ўтвараюцца дробныя ці вялікія тромбы), гэта таксама адна з прыкмет таго, што недзе ў арганізме можа расці пухліна. Як правіла, гэта пухліны, якія павольна растуць, напрыклад, рак прастаты. У такім выпадку вопытны ўрач будзе не толькі лячыць інфаркт, але і шукаць яго прычыну, у тым ліку анкалагічную.

І тут важна сказаць пра ролю вітаміну К. Чым больш яго паступае ў арганізм анкалагічных хворых, тым большая верагоднасць утварэння тромбу. Гэты вітамін удзельнічае ў розных працэсах нашага арганізма, у тым ліку ў гемастазе. Напрыклад, нават пры парэзе пальца без яго ўдзелу спыніць крывацёк дастаткова цяжка. Прычым у анкалагічных пацыентаў не толькі павялічваецца верагоднасць утварэння тромбу, але і лячэнне ўжо наяўных ідзе больш марудна і павялічваецца рызыка іх паўторнага з'яўлення. Ёсць класічнае лячэнне трамбозу, калі пацыент атрымлівае таблеткі варфарыну. Яны блакіруюць работу вітаміну К. Такім чынам мы змяншаем верагоднасць утварэння новых тромбаў і ўзмацняем рассмоктванне тромбу, які ўжо ёсць. Анкалагічным пацыентам мы не толькі не прызначаем прэпараты, што ўтрымліваюць вітамін К, а рэкамендуем яшчэ і строгую дыету, дзе вітаміну К утрымліваецца па мінімуме. У прыватнасці, абмяжоўваем ужыванне асноўных прадуктаў, дзе ён ёсць — зяленіва, капусты брокалі, бабоў, зялёнай цыбулі, зялёнага чаю, печані.

— А як уплываюць на арганізм антыаксіданты пры анкалагічных захворваннях?

— Моцнымі антыаксідантамі з'яўляюцца вітаміны А, Е і С. Існавала нават тэорыя лячыць рак з дапамогай вітамінаў: была схема хіміятэрапеўтычнага лячэння раку лёгкага з рэцінавай кіслатой — прыродным метабалітам вітаміну А. Пасля аказалася, што гэта выклікае ў курыльшчыкаў іншае небяспечнае злучэнне, што нашмат пагаршае стан. Высветлілася, што вітамін А ў курыльшчыкаў яшчэ больш павялічвае імавернасць утварэння раку лёгкага. Былі распрацоўкі, дзе прапанавалася камбінаваць вітаміны А і D, бо апошні падаўляе рост пухліны, але гаворка пра поўнае выздараўленне і лячэнне раку лёгкага з дапамогай вітамінаў, вядома, не ідзе.

Ёсць і іншыя навуковыя работы. У 2019 годзе часопіс «Клінічная анкалогія» апублікаваў даследаванне, калі пацыенты да і пасля лячэння прымалі вітаміны А, С і Е. Удзельнічалі 1134 чалавекі. Высветлілася, што ў пацыентаў, якія прымалі антыаксіданты да і пасля курса хіміятэрапіі, на 41 % часцей адбываўся рэцыдыў. Прыём антыаксідантаў толькі да ці толькі пасля хіміятэрапіі не ўплываў на вынік. Пацыенты, якія прымалі прэпараты вітаміну В12 да і падчас лячэння, на 83 % часцей мелі рэцыдыў і паміралі. У людзей, якія прымалі амега-3 тлустыя кіслоты да і пасля хіміятэрапіі, рэцыдывы адбываліся на 67 % часцей. Пры гэтым прыём полівітамінаў не ўплываў на вынік.

Калі вярнуцца да пацыентаў, якія прымалі А, С і Е да лячэння, можна меркаваць, што яны такім чынам стымулявалі рост пухліны. Але гэта не сведчыць пра тое, што ўсім нам нельга прымаць вітаміны і бялок. Важна, каб у арганізме было дастаткова і бялку, і мінералаў, і вітамінаў. Але калі пухлінныя клеткі ўжо ўтварыліся, паколькі яны хутчэй «падхопліваюць» вітаміны і бялок, мы такім чынам пачынаем іх падсілкоўваць.

Увогуле, вучоныя праводзілі шмат даследаванняў па розных вітамінах і атрымлівалі супярэчлівыя вынікі. Пакуль да праблемы не падключыліся генетыкі, якія даказалі, што ключавую ролю адыгрываюць не толькі самі рэчывы, а генетычныя асаблівасці чалавека. Адно і тое ж рэчыва ў розных людзей працуе па-рознаму. Камусьці яно прынясе карысць, а камусьці — пашкодзіць. Напрыклад, даследаванні ў адносінах да вітаміну Е (наколькі ён садзейнічае ўтварэнню ракавай пухліны) паказалі, што ў жанчын такі ген, як катэхол-о-мецілтрансфераза (comt) у варыянце met/met на 14 % зніжае верагоднасць раку, чым у тых пацыентаў, якія мелі варыянт val/val. Вось так адзін і той жа вітамін у розных пацыентаў з рознымі генетычнымі схільнасцямі працуе па-рознаму. Паколькі не заўсёды генетычную схільнасць людзей мы ўлічваем, бо гэта больш складанае і дарагое даследаванне, таму і пры прызначэнні аднаго і таго ж прэпарату атрымліваем розны вынік.

— Дык ці патрэбны ўвогуле анкалагічным пацыентам сінтэзаваныя вітаміны?

— Адназначна так. Бо гэта людзі з аслабленым арганізмам, яны праходзяць хіміятэрапію, ім праведзены аперацыі, магчыма, выдалена частка страўніка ці кішэчніка, з-за чаго пашкоджаны механізм усмоктвання вітамінаў і мінералаў. Калі пазбаўляць іх дадатковых вітамінаў, мы пагаршаем іх стан. Але такія пацыенты павінны прымаць іх дакладна па інструкцыі свайго ўрача.

Такім чынам, вітаміны прызначае толькі доктар, улічваючы від анкалогіі, іншыя паталогіі, якія маюцца, від хіміятэрапіі, што пацыент атрымаў. Таксама ўрач вырашае, якая павінна быць дыета. Вядома, што такаферол, В12, тыямін і В9 — гэта рэчывы, якія анкалагічныя пацыенты павінны прымаць з асцярожнасцю. З іншага боку, без іх нашаму арганізму складана, таму дозу таксама падбірае доктар.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».