Вы тут

Што людзі пішуць


«Час вызвалення, мусіць, для ўсіх стаў ясным святлом пасля жудаснай цемры»

...У першых радках гэтага ліста змяшчалася просьба надрукаваць успаміны пра вайну і партызанаў. У іх, як тлумачыў аўтар, ён нічога не прыхарошваў і не перабольшваў, меў на мэце адно — пакінуць памяць аб тым, што сапраўды чуў і бачыў, хай сабе і ў дзяцінстве.

Вайна... У мяне, тады дашкольніка, гэтае слова выклікала розныя пачуцці. З аднаго боку, мяркуючы па галасах і тварах усіх старэйшых, было ў ім нешта страшнае... А з другога — на сцяне ў нашай хаце вісела карта свету, і, разглядаючы яе, мы, дзятва, не разумелі, як магла Германія, дружалюбная (?!) і такая малая краіна, узяць ды напасці на такі вялікі Савецкі Саюз?

Дарослыя казалі (і мы, вядома ж, верылі), што Чырвоная Армія дасць адпор, што гэтая немчура і Гітлер атрымаюць «па зубах» і адступяць, але дні ішлі, і твары людзей усё больш і больш пахмурнелі.

Летам 1941-га каля нашай вёскі Сякірына Сенненскага раёна вялікіх баёў не было, а малыя — мы пераседжвалі ў склепе для захоўвання бульбы. Над галовамі часцяком гудзелі самалёты: з адных на зямлю сыпаліся лістоўкі, з другіх — кулямётныя чэргі. У вёсцы з'явіліся так званыя прыпіснікі, салдаты Чырвонай Арміі, якія, трапіўшы ў акружэнне, сяліліся ў многіх сем'ях.

Мужчыны, былыя калгаснікі, сталі раіцца, як жыць далей. Спачатку падзялілі коней (па адным на 2-3 гаспадаркі) і адпаведна вупраж, плошчы сенажацяў і пасяўных.

А немцы ў гэты час стваралі валасную ўправу. Што цікава, у 1937-м ворагамі народа былі прызнаныя старшыні сельскага Савета і калгаса, дырэктар школы, сакратар партарганізацыі... Перад вайной яны вярнуліся дамоў (мой бацька таксама) і пачалі змагацца з немцамі, а вось новы дырэктар школы, нехта Бароўскі, з першых дзён акупацыі стаў бургамістрам Сянно, завуч Гусакоўскі — валасным у Раснянскай воласці. Створаны ў раёне нямецкі гарнізон папаўняўся паліцаямі з ліку тутэйшых жыхароў і асобных прыпіснікоў. Узброеныя вінтоўкамі, яны хадзілі па вёсках, адстрэльвалі гусей і качак, чапляліся да маладых жанчын, даводзілі загады аб знішчэнні галубоў, пастаўцы новым уладам прадуктаў і цёплага адзення. На подступах да блізкай чыгункі «Орша — Лепель» з'явіліся папярэджанні аб расстрэле за хаджэнне па пуцях, за непадпарадкаванне новай уладзе. Тады ж арыштавалі і некуды звезлі сям'ю калгаснага каваля яўрэя Залмана.

Пачаліся вобыскі. У суседняй хаце на паддашшы немцы знайшлі скінутыя з самалёта лістоўкі. Іх сабраў і схаваў дзесяцігадовы піянер Лёня. Але маці яго ўзяла віну на сябе і яе расстралялі: паліцай-прыпіснік, які жыў у гэтай сям'і, абараніць яе ці тое не змог, ці тое не захацеў...

Хадзілі чуткі пра партызанаў, пра іх сустрэчы з моладдзю. За іх па чыімсьці даносе арыштавалі і расстралялі майго стрыечнага брата Васіля Міхновіча. Аднак людзей было не застрашыць.

У нашай хаце асталявалася разведгрупа «дзядзькі Грышы», якая потым увайшла ў брыгаду Заслонава. Сам кіраўнік групы — Міхаіл Паўлавіч Харланаў — быў палітруком Чырвонай Арміі, радыстам — Вінка (так яго называлі) Іцкоў. У поўнач ён прымаў звесткі інфармбюро, запісваў іх на паперы праз капірку і перадаваў у партызанскія атрады. Вінка быў маім найлепшым сябрам. У вольны час, калі-нікалі даваў нешта паслухаць праз навушнікі, вучыў мяне грамаце. У выніку пасля вайны я ў сваёй школе стаў найлепшым вучнем па арыфметыцы.

Былі ў вёсцы і бежанцы, у асноўным з Оршы. Адна настаўніца (прозвішча, на жаль, не помню) вучыла нас, дзяцей і падлеткаў, як ратавацца пры абстрэлах: падала, перакочвалася па зямлі, паўзла па-пластунску. Але ж неяк сама, трапіўшы пад абстрэл, уратавацца не змагла — загінула. Мы вельмі смуткавалі па ёй.

Даходзілі звесткі і пра гібель партызанаў. Помню, як не стала дзядзькі Косці (Заслонава)...

Яшчэ адзін камандзір, пра якога ў мяне засталіся найлепшыя ўспаміны, быў Людвіг Сяліцкі. Прыязджаючы да Харланава, ён, бывала, распытваў, кім я хачу стаць. Я казаў, што партызанам, а ён даводзіў, што трэба вучыцца, каб потым працаваць настаўнікам або аграномам... А яшчэ ён даваў мне сваю фуражку, вешаў на плячо кабуру і адпраўляў на вуліцу. Такім чынам у яго з'яўляўся час, каб з вока на вока пагаварыць з дзядзькам Грышам, а ў мяне — каб пафарсіць перад дзецьмі.

У партызанах быў і мой старэйшы брат Віктар (перад вайной ён скончыў дзевяць класаў). Яго першым заданнем было ўзарваць вадакачку на чыгуначнай станцыі «Лямніца» і мост цераз Абалянку.

Дамоў брат прыходзіў рэдка. І яму тады рыхтавалі чыстае адзенне, частавалі аўсянай кашай.

...У перыяд зацішша ад карных аперацый у нашай вёсцы кватараваў атрад імя Варашылава. Партызаны падраздзяленнямі размяркоўваліся па хатах. Спалі дзе прыйдзецца — на падлозе, у сянях. Харчаваліся ўсе разам... Мяне да сёння здзіўляюць размовы аб тым, што партызаны нібыта займаліся рабаваннем — збіралі па вёсках прадукты... Як вядома, на ягадах з грыбамі многа не паваюеш. Мой бацька ў партызанскі атрад адвёў сваю карову. Аб гэтым яму выдалі адпаведную даведку — з пячаткай, з подпісам камандзіра. У нашай сям'і гэты дакумент захоўвалі ўсю вайну з надзеяй, што пасля яе (была, відаць, такая дамоўленасць) нам дапамогуць купіць новую рагулю. Гэта, на жаль, не збылося, можа, таму што клопат быў патрэбен найперш для іншых — для ўдоў ды шматдзетных сем'яў. Мы ж неяк жылі без каровы.

У партызанскім атрадзе, наколькі ведаю, падтрымліваўся досыць строгі парадак. Праводзіліся пастраенні, зачытваліся загады, у памяшканні клеці была гаўптвахта. Неяк, гуляючы на выгане ў мячык, мы назіралі, як адзін партызан ахоўваў пакаранага, а другі, крадком, перадаваў яму торбу з ежай. Мы дзівіліся, як вартавы такога не бачыць? Потым дайшло, што той з салідарнасці на гэта заплюшчваў вочы.

...Як ні цяжка было, а ў вайну засяваліся палеткі, збіраўся ўраджай, збожжа — каб не карміць ворагаў — у розных скрынях і скрынках закопвалася ў зямлю.

Нягледзячы на вайну, здараліся ў нас і забаўляльныя мерапрыемствы: песні, скокі, язда на конях. Да гэтага часу помню прыпеўку:

Партызаны, хлопцы бравы,

Разграмілі ўсе ўправы,

Засталося ім адно:

Ўзяць Абольцы і Сянно.

...А неяк вясной прывезлі, помню, палоннага немца. Ён быў варты жалю: пануры, прыгнуты, зусім не страшны. Партызаны яго дапыталі, потым селі вячэраць. Аднекуль з'явілася самагонка. Яе налілі і немцу.

Начаваў ён у клеці, а раніцай яго расстралялі. Людзі потым казалі, што, можа, і не трэба было, але ж калі б адпусцілі, дык назаўтра мог бы прывесці карнікаў.

Весткі пра іх «аперацыі» даходзілі ўсё часцей і выклікалі ўсё больш трывогі і страху. Партызаны адыходзілі на лясныя базы. Падлеткі хаваліся ў гушчарах ад згону ў Германію. Амаль у кожнай сям'і быў так званы акоп — склеп-сховішча. Наш — размяшчаўся каля самай Абалянкі, пад кустом чаромхі. Уваход быў з рэчкі, каб след не ўзялі сабакі.

Аб перамяшчэннях, «паходах» карнікаў партызаны даведваліся па сваіх сувязях, прыдумлялі і сваю мясцовую «сігналізацыю». Калі ў вёсцы, напрыклад, было ўсё ціха, каля аднаго з хлявоў выстаўлялі высокую жэрдку, пры небяспецы яе клалі на зямлю. Наша разведгрупа пры трывожных абставінах сыходзіла ў кустоўе, і мама тады брала нас з сястрой нібыта ў лес па ягады, а ў збанах мы насілі разведчыкам ежу.

Рэйды карнікаў супраць партызанаў суправаджаліся рабаваннем, аднак жыўнасці ў вёсцы ўжо не засталося, хіба што труска. Пры чарговай зачыстцы немец убачыў, як яна сіганула ў падпечак, і загадаў майму сябру злавіць, а то, маўляў, хаце будзе «пух-пух».

Мама, вядома ж, у слёзы... З суседам-падлеткам яны ўзарвалі падлогу. Немец забраў труску і сышоў: нікога, дзякаваць богу, не застрэліў і хату не спаліў, хоць страху мы і нацярпеліся...

Але ж найболей — калі хавалі дванаццаць хлопцаў-партызанаў, якія зладзілі засаду на нямецкія абозы і ўсе загінулі...

Здараліся смерці і з-за звычайнай неасцярожнасці. Адзін з партызанскіх камандзіраў заехаў да мясцовага шаўца падрамантаваць боты. Каня, што прывязаў да плота, згледзелі паліцаі. Завязалася перастрэлка, чалавек загінуў.

...Чым далей, тым больш лютавалі карнікі — расстрэльвалі партызанскія сем'і, палілі вёскі. Неяк на досвітку сталі ўрывацца ў хаты і ўсіх, каго заспявалі, як быдла, зганяць на выган.

Мы доўга стаялі там, дзеці плакалі, туліліся да мам, дарослыя моўчкі чакалі, што будзе.

Нам, дзякуй богу, пашчасціла: нас патрымалі і дазволілі ісці па дамах, але страх ізноў апынуцца на выгане альбо ў нейкай пабудове і быць расстралянымі ці спаленымі не пакідаў яшчэ вельмі доўга.

...Зіма і вясна сорак чацвёртага былі вельмі цяжкія. Есці не было чаго: каб не памерці з голаду, людзі мусілі забіваць апошніх коней, а з наступленнем вясны пераходзіць на так званы падножны корм.

Тым не менш, час вызвалення ад нямецкай навалы ўсё ж такі наступіў! І стаў ён ясным святлом пасля жудаснай цемры.

Мусіць, такім ён быў для ўсіх.

Васіль Кабачэўскі,

г. Орша.


Хто хоча нешта зрабіць, знойдзе спосаб, хто не хоча — будзе шукаць прычыны

Ветэранскую арганізацыю нашага Бярэзінскага райспажыўсаюза ўзначаліла Наталля Віктараўна Краснякова. У апошнія дзесяцігоддзі яна працавала тут намеснікам кіраўніка, старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Факт, што ў калектыве ўсе цудоўна ведаюць дзелавыя і чалавечыя якасці гэтай жанчыны, яе прывычку адстойваць правату, абараняць слабейшых.

«Дабро павінна быць з кулакамі», — гэтымі словамі выдатніца Краснякова кіравалася яшчэ ў школе, не здраджвала ім падчас вучобы ў інстытуце і, вядома ж, потым, калі прыйшла працаваць.

Сетка грамадскага харчавання была ў той час досыць шырокая: дзясяткі школьных і гарадскіх сталовых, чайных, буфетаў... Свежымі, якаснымі прадуктамі трэба было забяспечыць усіх. Каб скараціць дэфіцыт, на прадпрыемстве адкрылі нават сваю свінаферму. У выніку Наталлі Віктараўне па тым альбо іншым пытанні даводзілася (і нават не раз) «перасякацца» з кожным работнікам... У райцэнтры ведалі яе і як аднаго з найлепшых арганізатараў культурных і спартыўных мерапрыемстваў.

Цяпер, у час пандэміі, з імі не дужа разгорнешся — трэба трымаць дыстанцыю. Але ж існуе тэлефонная сувязь, магчымасць выслухаць ветэранаў, нешта параіць, падтрымаць у ліхую гадзіну, павіншаваць у святы.

...Пасаду старшыні пярвічнай арганізацыі, у складзе якой звыш трохсот чалавек, ніхто не аднясе да разраду прэстыжных, а вось да клопатных і адказных — напэўна, усе. Зрэшты, Наталлі Віктараўне да гэтага не прывыкаць. Спартыўная, рухавая, моцная духам, яна, як выглядае, справіцца з усім, бо ведае: той, хто хоча нешта зрабіць, знойдзе спосаб, хто не хоча — будзе шукаць прычыны.

Ніна Бурко,

г. Беразіно.


Песня гучала малітвай

Песні ваенных гадоў досыць часта можна пачуць і па радыё-тэлебачанні, і за бяседным сталом. Найбольш кранальная з іх — «Цёмная ноч» Мікіты Багаслоўскага на словы Уладзіміра Агатава.

Сёння мы ведаем імёны аўтараў, а тады...

Цёплым ранкам каля нашай хаты з'явіліся першыя салдаты. Пад вязамі аж да вечара стаялі конныя павозкі, на адной з якіх пад гітару салдат досыць хораша спяваў незнаёмыя песні. Мама не магла ўтрымацца, падышла, паслухала.

Назаўтра салдаты паехалі далей, а песні іх засталіся...

Зіма наступіла цяжкая: у хаце сямёра дзяцей, ад бацькі вестак ніякіх і ўжо даўно. Помню, вечарам сядзім на печы, мама пры газовачцы падшывае цырату на мой валёнак і спявае.

Слухаць яе «Цёмную ноч» было вельмі балюча. «Мама, ты толькі не плач, — прасіліся мы. — Тата абавязкова вернецца!» — «Будзем спадзявацца, —
абдымаючы нас, казала матуля, — бо як жа нам без яго?»

Тады досыць часта паштальёнка прыносіла «пахаванкі», у хатах пачынаўся плач, збягаліся ўсе жанчыны...

А неяк напрадвесні, калі добра пацяплела, мы пайшлі ў царкву. Дарога была далёкая, але мама досыць часта адольвала яе, бо была вядучай спявачкай у царкоўным хоры. Галасы ў ім гучалі вельмі прыгожа — і ўсе, як адзін, як мамін...

Калі служба скончылася, бацюшка выказаў спачуванні ўдовам, сем'ям, куды прыйшла горкая вестка. А мама пасля таго прапанавала заспяваць сваю любімую «Цёмную ноч». Сказала, што яе пачуюць усе франтавікі і даведаюцца, як жа іх чакаюць дома...

Мама заспявала, хор, а за ім і ўсе прысутныя падхапілі: песня гучала, як малітва.

Алена Сівец,

г. Слуцк.

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.