Вы тут

​Пра сакрэты скачкоў на батуце


У пачатку мая на чэмпіянаце Еўропы па скачках на батуце беларуская каманда зрабіла сапраўдную сенсацыю. Тройчы нацыянальны гімн гучаў у гонар беларускага спартсмена. Алег Рабцаў заваяваў «золата» ў індывідуальных скачках, самым прэстыжным відзе, у сінхронных скачках разам з Уладзіславам Ганчаровым і ў камандных спаборніцтвах. Пра скачкі на батуце Алег ведае ўсё і нават больш. Як жыве чалавек, які кожны дзень скача вышэй за галаву, ён расказаў «Звяздзе» і дзеліцца цікавымі фактамі пра свой від спорту.


«Перамагчы дапамог... сын»

Мінулы чэмпіянат Еўропы ў Сочы я запомню на ўсё жыццё, гэта быў самы памятны турнір у маёй кар'еры, і не толькі таму, што я паказаў лепшы вынік. Напярэдадні каманднага фіналу ў мяне нарадзіўся сын. І гэтыя неверагодныя эмоцыі я накіраваў на выступленне. Абавязкова раскажу пра гэта сыну, калі ён вырасце. Вельмі пашанцавала, што паспеў забраць жонку з раддома. Пасля вяртання ў Віцебск у мяне быў літаральна адзін дзень, каб усё падрыхтаваць, заказаць шары, кветкі, упрыгожыць кватэру — зрабіць усё так, як яна марыла. Для яе было вельмі важна, каб я сустрэў яе з раддома. І ўсё добра склалася.

Мне здаецца, я пакуль не да канца зразумеў, што я — тата. Да, для малога ўсё купілі, падрыхтавалі. А ўсведамленне, што я бацька, яшчэ не прыйшло. Гэта нешта неверагоднае, калі трымаеш на руках свайго сына. Гэтыя пачуцці ніяк не апісаць словамі, не ведаю, з чым іх можна параўнаць, хіба толькі адчуць.

«Усё пачынаецца з перамогі над страхам»

У скачках на батуце я з першага класа. Але гадоў у 12, думаў, што мая спартыўная кар'ера скончылася. У мяне здарыўся, як у нас гэта называецца, «заскок» — баяўся рабіць элементы, не ведаў, як іх рабіць. Узнік страх менавіта перад элементамі. Логіка простая: у пэўны час робіш пэўны элемент. Але калі баішся, дык не разумееш, як гэта рабіць, хоць у тэорыі ведаеш выдатна. А калі ўжо заходзіш на элемент і праз страх губляешся, можаш упасці на шыю, на спіну. І гэты страх падзення распаўсюджваецца далей. Тады тры гады я прыходзіў у залу проста дзеля свайго задавальнення нешта рабіў, але больш забаўляўся. Тры гады не выступаў на спаборніцтвах, шукаў іншыя заняткі, займаўся паркурам, нават на танцы хадзіў. Я проста сказаў, што баюся і ўсё. Трэнеры падтрымлівалі, канешне, дапамагалі. Але ж страх — такая незразумелая рэч. Я і зараз баюся рабіць некаторыя элементы, але цяпер магу з гэтым змагацца. Знаходжу ў сабе моцныя бакі, і гэта мне дапамагае.

Пераадолець гэты страх дапамог расійскі трэнер Віталь Фёдаравіч Дубко, настаўнік алімпійскіх чэмпіёнаў Аляксандра Маскаленкі і Ірыны Караваевай. Віталь Фёдаравіч шмат працаваў з такімі праблемамі, многім спартсменам дапамог. Наша Ганна Ганчарова, напрыклад, з ім працавала. Літаральна за тры дні нашых заняткаў мая праблема была вырашана. Мабыць, мне патрабаваўся такі штуршок. Адкрылася жаданне рэалізаваць сябе менавіта ў скачках на батуце. Я стаў плённа працаваць, мне ж трэба было тры гады нагнаць. У 2011 годзе я зламаў руку, страх вярнуўся, але я ўжо мог з ім спраўляцца. Цяпер я настройваю сябе, што магу ўсё зрабіць, і спрабую перамагчы самога сябе. Я супрацоўнічаю са спартыўным псіхолагам Ірынай Конан. Апошнім часам мы з ёй дэталёва разбіраем тонкія моманты, якія дапамагаюць быць у патрэбным стане.

Такі «заскок» — распаўсюджаная праблема ў нашым спорце. Гэта можа здарыцца не толькі з маладымі, але і з дарослымі, вопытнымі спартсменамі. Трэба пастаянна працаваць над страхам перад элементамі. Ён заўсёды прысутнічае ў скачках на батуце. Нават калі ты ўпэўнены ў элеменце, можаш баяцца, што нешта не атрымаецца.

«Экстрым забаронены кантрактам»

Я двойчы скакаў з моста, са страхоўкай, канешне. Абодва разы было страшна. Але я вырашыў, што раз я скачу на батуце, мне будзе нармальна. Калі падыходзіш да краю моста і глядзіш уніз, становіцца непрыемна. Аднак маё слова многа для мяне значыць, і, калі я сказаў, трэба выконваць. Не люблю казаць проста так. А яшчэ я скакаў на мелавых кар'ерах у Гродзенскай вобласці, там ужо без страхоўкі — і прызямліўся за метр ад абрыву. Мне потым трэнеры шмат «добрага» сказалі. У нас нават у кантракце прапісана, што нам нельга займацца нечым экстрэмальным. А мне часам так хочацца экстрыму, я б і з парашутам скокнуў.

Я веру, што ўсе думкі матэрыяльныя. Я кожны ранак прагаворваю свае мары, мэты і візуалізую, як яны здзяйсняюцца. Напярэдадні чэмпіянату Еўропы ў Сочы я візуалізаваў тры медалі і заваяваў тры «золаты». Мінулы чэмпіянат Еўропы я таксама візуалізаваў, тады было толькі два медалі. А тут усё атрымалася так, як я ўяўляў, да чаго імкнуўся.

Я чытаю шмат матывацыйных кніг, збіраю перажыты вопыт розных людзей і выбіраю тое, што патрэбна мне. Захапіўся кнігай Хэла Элрада «Магія ранку». Цікавая кніга, усім раю пазнаёміцца. У кнізе распісаны дзеянні, якія дапамагаюць настроіцца на пазітыў з ранку і эфектыўна правесці дзень. Усяго шэсць этапаў — стакан вады, афірмацыя, візуалізацыя, медытацыя, 10 хвілін чытання, фізічныя практыкаванні. Дагэтуль раніцай у мяне быў дрэнны настрой, а пасля выканання гэтых простых дзеянняў і настрой паляпшаецца.

І яшчэ я стараюся жыць у цяперашнім моманце. Мы пастаянна думаем аб тым, што не так зрабілі ў мінулым, ці аб тым, што чакае ў будучыні. А сапраўдны момант губляем. Раней на спаборніцтвах я зусім не заўважаў, у якім мы горадзе. Наведаў шмат краін, а ўспомніць аб іх амаль няма чаго. Нават зараз на чэмпіянаце Еўропы было такое высокае напружанне, такая канцэнтрацыя — мы забылі, што знаходзімся ў Сочы. Але знайшлі час паглядзець горад, схадзіць да мора, палюбавацца на горы.

«З блізкім чалавекам прасцей»

З Уладам Ганчаровым мы сябруем з дзяцінства, а з 2016 года выступаем і ў сінхронных скачках. Мы ўжо вядучая пара, і на нас глядзяць як на лідараў, таму што многія турніры выйгралі — двойчы чэмпіянат Еўропы, заваявалі «серабро» на чэмпіянаце свету, медалі на этапах Кубка свету. Нас аб'ядноўвае не толькі спорт: Улад таксама — малады тата. Ён мне даў мноства важных парад, вельмі адказны бацька. Я думаю, наша сяброўства дапамагае ў спорце. У сінхронных скачках трэба адчуваць партнёра, трапляць у такт і разумець яго з паўслова. Канешне, з чалавекам, якога добра ведаеш, гэта прасцей.

Падчас пандэміі мы пяць месяцаў правялі на зборы ў Стайках. Але ўвесь гэты час працавалі не складаючы рук. Мы былі на піку формы і поўнасцю праганялі свае праграмы. Гэта было рашэнне Вольгі Анатольеўны Уласавай, нашага трэнера. Яна нам спуску не давала. І год, калі не было турніраў, мы правялі так, нібы рыхтаваліся да самых важных стартаў. Мабыць, па гэтай прычыне так добра прайшоў чэмпіянат Еўропы ў Сочы. Калі мы ўбачылі, як падрыхтаваны іншыя спартсмены, былі здзіўлены. Так, было няпроста трэніравацца, не рыхтуючыся да спаборніцтваў, матывацыя абсалютна страчвалася. Максімальна выкладвацца, ведаючы, што ніякага старту не будзе, — складана. Мяне выратоўвала тая самая магія ранку. Я кожны дзень знаходзіў для сябе адказ на пытанне, навошта я гэта раблю. За гэты год была выканана вялізная работа, і я стаў мацнейшы духам дзякуючы гэтаму.

Мне пашанцавала з трэнерамі, я ім вельмі ўдзячны за ўклад у маю кар'еру, за нашу сумесную працу. Мне ёсць за што падзякаваць Васілю Іванавічу Шулікіну, майму першаму трэнеру, галоўнаму трэнеру зборнай Вользе Анатольеўне Уласавай, якая шмат для мяне зрабіла. Яна для нас безумоўны аўтарытэт. Вольга Анатольеўна — чалавек чэсны: што думае, тое і кажа. І вельмі патрабавальны трэнер. Але, калі паглядзець на вынікі, то яе патрабавальнасць апраўданая. І я як спартсмен разумею: для таго, каб дасягнуць сваёй мэты, нашай з трэнерам мэты, трэба пераадольваць усе цяжкасці. І ў такім выпадку патрабавальнасць трэнера абсалютна апраўдана.

«Не думаць пра іншыя рэчы»

Падчас скачкоў самае галоўнае — думаць аб тым, што робіш. Выконваеш элемент — думай, як яго выканаць. Але бывае, што думкі проста адлятаюць. Здараецца такая звышканцэнтрацыя, што, калі дзве секунды робіш элемент, паспяваеш падумаць пра некалькі рэчаў адначасова. У такія моманты час нібыта спыняецца. У мяне было такое некалькі разоў, што не зусім правільна. Наша задача заключаецца ў тым, каб не думаць пра іншыя рэчы. Здараецца, думкі блытаюцца, пачынаеш думаць аб чым заўгодна. Аднойчы падчас выступлення я ўспамінаў, як быў у вёсцы... Аб тым, што магу, напрыклад, вылецець за межы батута, не думаю. Стараюся думаць толькі аб станоўчым.

Выконваць сальта, перавароты ў паветры вельмі складана. Для нас гэта ўжо як хадзіць, бегаць, рабіць розныя практыкаванні. Гэта звычайны рух цела, складанакаардынацыйны, але ўжо нармальны. Са скачкоў на батуце нельга перайсці ў іншыя нават смежныя віды спорту. А вось з акрабатыкі ці спартыўнай гімнастыкі — перайсці ў скачкі на батуце рэальна. Калі батут толькі пачынаў развівацца, то многія пераходзілі са спартыўнай гімнастыкі.

Самы складаны элемент у скачках на батуце называецца «чацвярное сальта прагнуўшыся». На спаборніцтвах яго рабілі ўсяго некалькі разоў. Хутчэй за ўсё, яго робяць дзеля таго, каб увайсці ў гісторыю, усім паказаць. Я таксама думаў яго вывучыць і зрабіць. Але наколькі гэта мэтазгодна? Трэба настройвацца, быць на піку формы. А ўстаўляць яго ў праграмы і паказваць на спаборніцтвах — мабыць, гэта не варта такой рызыкі.

«Ніколі не мог падумаць, што буду такое рабіць»

Перш чым паказаць праграму на спаборніцтвах, мы год яе рыхтуем. Праграмы на кожны сезон мы не мяняем, з папярэдняй я выступаў каля пяці гадоў. Мяняць камбінацыю перад самым стартам — вялікая рызыка. Сваю цяперашнюю праграму я пачаў рабіць у пачатку 2020 года. Яна дастаткова складаная нават на сусветным узроўні. Некалі я нават не марыў, што змагу выканаць такія камбінацыі. У маім дзяцінстве пяць трайных рабілі толькі кітайцы, і для мяне гэта было нечым немагчымым. А цяпер гэта норма, звычайны занятак на трэніроўках.

Усяго наша выступленне займае каля хвіліны, гэта з улікам выхаду, раскачванняў. А непасрэдна скачкі — 21 секунда. І атрымліваецца, што дзеля 21 секунд мы працуем месяцамі, гадамі. На чэмпіянаце Еўропы я паказаў восем камбінацый па 21 секундзе. Здаецца, так мала, а колькі за гэтым працы!

Пры прызямленні на батут трэба спыніцца і пагасіць энергію, з якой скачаш у вышыні. Суддзі гэта ацэньваюць. Самае ідэальнае — роўна спыніцца і не раскачвацца. Калі ты робіш крок наперад ці нахіляешся — за гэта зніжаюць балы. Гэта фізіка, але суддзі ацэньваюць, як мы парушаем яе законы. І гэта таксама трэба трэніраваць. Сілай ног, каленяў, звязак гасіш вышыню, энергія сыходзіць у ногі. Не самы прыемны момант, мы не вельмі любім гэта трэніраваць, але ж трэба. А вось фізіку я люблю. Разумею, куды сыходзіць энергія пры руху цела, як зрабіць рычагі кручэння, і выкарыстоўваю гэтыя веды.

«Алімпійскія гульні — самая вялікая мара»

Я не проста жадаю з'ездзіць на Алімпійскія гульні — я хачу яшчэ там і выйграць, гэта нармальнае жаданне для кожнага спартсмена. У нас ёсць правіла: каб у краіны было дзве ліцэнзіі, адзін спартсмен па суме шасці этапаў Кубка свету быў у пяцёрцы найлепшых, а другі прайшоў у фінал чэмпіянату свету. Улад Ганчароў заваяваў ліцэнзію па этапах Кубка свету, а Ваня Літвіновіч — па чэмпіянаце свету. Але паколькі ліцэнзіі не імянныя, трэнеры будуць вырашаць, хто паедзе ў Токіа. І, вядома, кожнаму з нас хочацца максімальна добра выступіць на двух этапах Кубка свету, якія яшчэ будуць да Алімпіяды. На чэмпіянаце Еўропы я максімальна дастойна выступіў, паказаў сваё майстэрства, даказаў, што магу быць стрэсаўстойлівым і стабільным. Будзем чакаць рашэння трэнераў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно.

Грамадства

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Сёння ад рукі пішуць рэдка, мы жывём у эпоху месенджараў.

Грамадства

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Папера стала выдатнай альтэрнатывай дарагім ажурным тканінам.

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.