Вы тут

Васіліса Марзалюк: «Усё пакажа Алімпіяда»


«Часам я чую: ты такая ўпэўненая ў сабе, таму што ўмееш бароцца? А можа, я ўпэўненая, таму што ў мяне нешта добра атрымліваецца ў жыцці?» — расказвае Васіліса Маразалюк. А атрымліваецца ў яе сапраўды многае. Бронзавы прызёр трох чэмпіянатаў свету, двухразовы пераможца Еўрапейскіх гульняў, шматразовы прызёр чэмпіянатаў Еўропы цяпер рыхтуецца да сваіх трэціх Алімпійскіх гульняў. Яна заўсёды гатовая да барацьбы — і на дыване, і па-за яго межамі.


— Васіліса, раскажыце, калі ласка, як праходзіць ваш алімпійскі сезон?

— У мяне быў стрэс, таму што не было алімпійскай ліцэнзіі. Але ліцэнзію заваявала, супакоілася. Падцягнула здароўе, былі невялікія праблемы. У чэрвені будзе яшчэ адзін рэйтынгавы турнір, ад яго можа залежаць жараб'ёўка на Алімпійскіх гульнях. Мы на яго вялікіх ставак не робім, разглядаем як магчымасць паглядзець сапернікаў, паспрабаваць новыя прыёмы. Зараз я поўнасцю сканцэнтравана на падрыхтоўцы да Токіа.

— По вопыце чэмпіянату Еўропы і іншых турніраў, як думаеце, саперніцы змяніліся падчас перапынку, выкліканага пандэміяй?

— У маёй катэгорыі ўсе засталіся на сваіх месцах. Некаторыя ўвогуле зніклі, напрыклад, расіянка Кацярына Букіна выбіта з каляіны, не ведаю ў сувязі з чым. Расіянка Наталля Вараб'ёва, алімпійская чэмпіёнка, на сваім месцы, добра выступае. На турнірах мы не ўбачылі азіятак. Яны лідары ў жаночай барацьбе, было б цікава на іх паглядзець. Але яны звычайна хаваюцца перад Алімпійскімі гульнямі, таму ў Токіа будзе цікава.

— Пасля Алімпійскіх гульняў вы планавалі завяршыць кар'еру. Як прайшоў дадатковы год спартыўнага жыцця?

— Я адразу падышла да гэтай сітуацыі па-філасофску. Змяніць яе я не магу, выбару ў мяне не было, таму прыйшлося падстройвацца, працаваць. Вядома, маладыя спартсменкі наступаюць на пяты, але, на жаль, не ў нашай краіне. Магчыма, калі б у мяне дома была пастаянная саперніца, была б і вышэйшая матывацыя. А так я сутыкнулася з праблемай спарынгу, выязджаць было нельга, і ў асноўным мае спарынг-партнёры — хлопцы. Але за гэты год я адпачыла, можа, тое таксама дапамагло мне стаць лепшай. Усё пакажа Алімпіяда. Пасля яе нікому не будзе цікава: быў каранавірус ці не. Ёсць медаль — маладзец, няма — ну значыць няма.

— Вы расказвалі, што ў гэты час прайшлі школу дамашняй гаспадыні. Як вам такі вопыт?

— Мне спадабалася, як мінімум таму што з'явіўся час для нармальных зносін з блізкімі. Я асела, паспрабавала, як гэта — сядзець дома, і мне спадабалася, таму што ўжо хочацца стварыць сваё гняздзечка. Не ведаю, ці змагу я доўга ўседзець на месцы. Здаецца, ужо так стамілася ад спорту, а з іншага боку, не разумею, як я буду без пастаянных раз'ездаў. Пакуль я слаба ўяўляю, што будзе, калі я закончу са спортам. Але ўжо адчуваю, што мне цяжка. На гэтай Алімпіядзе будзе вельмі высокі ўзровень, і дай бог, каб я фізічна справілася. У маральным плане ў мяне праблем няма, трэнеры кажуць, што ў мяне ўсё атрымаецца.

— Швейная машынка, якую вам падарылі сябры, падчас заняткаў дамашняй гаспадыні спатрэбілася?

— Пастаянна з ёй нешта раблю — спадніцу, сукенку падразаю. Сама пашыла спадніцу, блузу, футболку. Мне гэта падабаецца і хочацца адразу ўсяму навучыцца. Але як і ў любой справе, трэба шмат часу, цярпення, сіл. А ў мяне ўвесь энтузіязм і энергія накіраваны ў спорт.

— А як вам калекцыя алімпійскай экіпіроўкі, у якой вы будзеце выступаць у Токіа?

— Ужывую калекцыю я не бачыла, толькі ў інтэрнэце. Візуальна мне спадабалася, ёсць цікавыя мадэлі. Ніколі ў камплекце алімпійскай экіпіроўкі не было легінсаў, а гэта наша асноўнае трэніровачнае адзенне. Я была прыемна здзіўлена. Бірузовы колер, якога ў калекцыі шмат, у мяне слаба атаясамліваецца з Беларуссю, але добра, што ёсць нешта незвычайнае. Галоўнае, каб экіпіроўка добра села. Памятаю, на сваёй першай Алімпіядзе мне дасталіся занадта вялікія і вельмі малыя рэчы. Алімпійская экіпіроўка патрэбная не толькі на Алімпіядзе, таму для мяне чым больш рэчаў — тым лепш.

— Васіліса, як вы ставіцеся да таго, што алімпійскія спаборніцтвы будуць праходзіць без гледачоў?

— Калі на трыбунах будуць хоць бы японскія гледачы, сумна дакладна не будзе. У іх надзвычай развітая аматарская культура, яны вельмі выхаваныя і ўмеюць падтрымліваць не толькі сваіх спартсменаў і ствараць патрэбную атмасферу. Вядома, з пустымі трыбунамі будзе сумнавата. Але такі час... Тым больш цяпер усё можна паглядзець па трансляцыі. Алімпіяда — такая непрадказальная справа. Калі ты псіхалагічна добра падрыхтаваны, то нічога не спыніць. А калі ёсць псіхалагічныя праблемы, то любая дробязь можа выбіць з каляіны. Цікава, як усё будзе. Мы ўжо спаборнічалі без балельшчыкаў, таму будзем адчуваць падтрымку на адлегласці.

— Як вы адчуваеце сябе ў ролі дзіцячага трэнера?

— Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі. На жаль, не магу цяпер удзяляць ім шмат часу. Мне цікава і з псіхалагічнага, і з педагагічнага пункту погляду. Гэта яшчэ і своеасаблівы выклік самой сабе — перадаць свае веды іншым. Мне падабаецца назіраць, як дзеці растуць, як у іх нешта атрымліваецца, мяне гэта захапляе. Зразумела, з майго боку патрабуецца шмат цярпення. Спартсмену неабходны час, каб перакваліфікавацца ў трэнера. Многія рэчы ўжо здаюцца звыклымі, і часам не разумееш, колькі можна адно і тое ж паўтараць. Мне мая трэнерская работа дапамагла ў рабоце са сваім трэнерам. Я дастаткова эмацыянальная і не заўсёды стрымліваю свае парывы ў нашых адносінах. І я гэта пераадолела, можа, з узростам, а можа, і дзякуючы сваёй рабоце трэнерам. Я быццам паглядзела збоку на свае адносіны з трэнерам. І многае пераасэнсавала.

— Дзяўчаты, з якімі вы працуеце, па сутнасці, ваша спартыўная змена...

— Яны класныя, але мы зусім розныя. Мне цікава даследаваць іх натуры. Я не магу сказаць, горшыя яны ці лепшыя. У кожнага свая дарога. Я не вымяраю ўсіх адной меркай. Адзінае, мне не вельмі падабаецца, калі іх трэба прымушаць нешта рабіць, ёсць такія, хто быццам з-пад палкі ўсё робіць. Я была не такой, таму мне гэта складана зразумець.

— А чаму вас навучылі вашы вучні?

— Я прывыкла, што свет круціцца вакол мяне. А ад дзяцей навучылася прымаць людзей такімі, якія яны ёсць, і зразумела, што ўсе розныя. Бывае, спартсмен, які на трэніроўцы лянуецца. А потым аказваецца, што яму дрэнна, а ён проста баіцца прызнацца. Навучылася эмпатыі. І навучылася быць удзячнай, дзеці бываюць няўдзячныя і мне гэта прыемна не вельмі. Затое я зразумела, як непрыемна было трэнеру, калі мы гэтак жа сябе паводзілі. Вядома, таксама навучылася цярпенню, адсутнасць гэтай якасці мне шкодзіць па жыцці.

— У дзяцінстве вы марылі паступіць на журфак. Ці магчыма, што ў будучым дзіцячая мара спраўдзіцца і вы знойдзеце сябе ў журналістыцы?

— Пакуль гэта складанае пытанне. У мяне столькі непрачытаных кніг, столькі розных заняткаў хочацца паспрабаваць. Журналістыка — цікавая дзейнасць, рознабаковая. Але я не магу адказаць, ці бачу сябе ў гэтай сферы. Я не ўяўляю сябе без барацьбы, але ж у спорце можна выконваць розныя функцыі.

— Адкуль увогуле ў вас узялося жаданне паступіць на журфак?

— Я была звычайнай дзяўчынкай са звычайнай сям'і, вельмі любіла чытаць, была абсалютным інтравертам, поўнасцю ў сабе. Але мяне вабіла ідэя адкрываць свет іншым людзям. Памятаю такі цікавы момант. Я сяджу дома на падлозе, на сцяне вісіць тэлевізар (тады мне здавалася, што вісіць ён вельмі высока) і гляджу выступленне нашых фрыстайлістаў на Алімпійскіх гульнях, здаецца, Дзмітрый Дашчынскі скакаў. І ён выступае, а я так хвалююся, накрываюся коўдрай з галавой, трымаю пальцы крыжыкам і малюся, каб у яго ўсё атрымалася. І тады я падумала пра тое, як шчасціць журналістамі бачыць такія моманты, прысутнічаць пры грандыёзных падзеях.

— Вы дзяліліся, што хацелі б паспрабаваць сёрфінг. Удалося?

— Сёрфінг не паспрабавала. Паспрабавала толькі водныя лыжы і вейкборд. На сёрфінг так і не адважылася, хоць былі магчымасці. Я кожны раз да нечага рыхтавалася, і маё пачуццё самазахавання мне не дазволіла. Зараз я пра экстрым наогул не думаю. Рыхтуюся, трэніруюся, магу кнігу пачытаць і ў інстаграме пасядзець — усё, на што хапае часу і сіл.

— Якая ваша любімая кніга?

— «Атлант выпрастаў плечы» і «Крыніца» Айн Рэнд. Люблю «Над прорвай у жыце» Сэлінджэра, раю ўсім яе пачытаць. І вельмі люблю ўсе кнігі Джонатана Фоера. Мне падабаецца, калі ў кнізе ўсё прыгожа выкладзена і ёсць гумар.

— Васіліса, як вам удаецца, выходзячы на дыван, пераадолець сваю жаноцкасць, а потым вярнуць яе?

— Калі надзену сукенку, зраблю макіяж, не будзе відаць, што я спартсменка. Але ў зносінах я вельмі прамалінейная, цвёрдая. Нам трэнеры нават кажуць: божа, як вы ў сямейным жыцці будзеце? Вы ж ні разу не белыя і пушыстыя! А а я думаю — а наогул ці ёсць белыя і пушыстыя? У маіх стасунках усе людзі амбіцыйныя, шмат спартсменаў і ва ўсіх цікавыя характары. А вельмі жаноцкай я сябе не лічу. Ды і час цяпер такі, фемінізм квітнее.

— Эмоцыі ў барацьбе дапамагаюць ці перашкаджаюць?

— На спаборніцтвах, калі ты гатовы зрабіць усё магчымае і настроіўся псіхалагічна, то наўрад ці эмоцыі могуць перашкодзіць. У асноўным складанасці ўзнікаюць у трэніровачным працэсе. Спаборніцтвы — гэта экзамен, перад якім трэба правесці вялікую работу, і важна, каб было паразуменне з трэнерам, спарынг-партнёрамі, іншымі людзьмі. І тут мая эмацыянальнасць можа перашкодзіць. Але усе ставяцца з разуменнем. А я часцей прашу прабачэння. Падчас схваткі мне лепш быць стрыманай, тым больш што па-спартыўнаму раззлавацца ў мяне не атрымліваецца.

— Васіліса, жаночая барацьба — які від спорту?

— Неадназначны, але цікавы. Пасля перамогі на І Еўрапейскіх гульнях да нас падышоў беларускі трэнер, не памятаю, з якога віду спорту, віншуе і кажа: «Вой, дзяўчаты, я б сваю дачку не пусціў дыван валасамі выціраць». І яго можна зразумець. Хтосьці глядзіць з захапленнем. А хтосьці лічыць, што гэта непрыгожа, дзяўчаты выглядаюць неахайна, валасы растрапаныя, часам твары падрапаныя бываюць. Зусім не стандарт прыгажосці. Для мяне гэта дзіўна, я не асуджаю людзей за тое, як яны выглядаюць і чым яны займаюцца. Галоўнае — быць пазітыўным чалавекам, не рабіць злога. Спорт, які б ён ні быў, выратаваў шмат людзей ад розных нядобрых сітуацый. Для многіх дзяцей з не самых шчаслівых сем'яў спорт — білет у лепшае жыццё , выратаванне ад розных спакус. Я рэкамендую спорт усім, неабавязкова прафесійны, а проста для сябе.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.