Вы тут

Мсціслаўскі Суздаль або бялыніцкае Заазер'е?


Як аўтар праекта «Вандроўка патрыёта» магу адказна сказаць, што паглядзець на Магілёўшчыне ёсць што. Вопыт кароткіх падарожжаў па невялічкіх гарадках і вёсках паказаў, што прыпыніцца на дзень-два, нават калі ты турыст-адзіночка, ёсць дзе. На раённых сайтах можна знайсці і адрасы гасцініц або аграсядзіб, і славутасці канкрэтнай тэрыторыі, і нават кароткую гістарычную даведку. Я, напрыклад, дагэтуль жыву пад уражаннем чавускага Міжрэчча з яго казацкім паходжаннем, хоцімскага парку атракцыёнаў з іх яшчэ часоў Савецкага Саюза колам агляду і «Вясёлымі горкамі», мсціслаўскага Суздаля з яго сярэдневяковымі пабудовамі, самабытнага Бабруйска, якім захапляўся бессмяротны герой рамана Ільфа і Пятрова Шура Балаганаў. І няхай у патрыярхальных куточках нашай глыбінкі крыху кульгае сэрвіс, дух канкрэтнага населенага пункта, яго таямніцы, якія так прыемна знаходзіць і адкрываць, вартыя таго, каб пра іх даведацца.


Хоцімская жамчужына — сабор Святой Тройцы.

І нават з асабістым экскурсаводам

Пандэмія вельмі моцна ўдарыла па турыстычнай галіне, але не бывае дрэннага без добрага. У нас з'явілася магчымасць ацаніць свой унутраны турыстычны патэнцыял. А паглядзець ёсць што. На тэрыторыі Магілёўскай вобласці размешчана 1079 аб'ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў, у тым ліку 797 помнікаў археалогіі, 130 — гісторыі, 9 — мастацтва, 129 — архітэктуры, 1 — горадабудаўніцтва і 13 каштоўнасцяў нематэрыяльнай спадчыны. І хоць турфірмы не трашчаць ад наплыву жадаючых арганізавана азнаёміцца з роднай спадчынай, турыстычны рух ажывіўся. Знаўцы гэта ацэньваюць па росце попыту на аграсядзібы. Іх, дарэчы, у вобласці 245.

Да паслуг тых, хто хоча больш ведаць родны край, сайт упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама. Тут жа адрасы з тэлефонамі, дзе можна прыпыніцца, або, напрыклад, узяць на пракат спартыўны інвентар. Каб заахвоціць народ, існуюць зніжкі.

— Укаранёны дысконтныя праграмы для спартыўных каманд, распрацаваны туры выхаднога дня, карпаратыўныя, дзейнічае сістэма зніжак і гарачых прапаноў, — удакладняе намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Вадзім Брэжэзінскі. — Усё гэта робіцца ў мэтах стымулявання турыстычнай галіны і прадугледжана планам развіцця ўнутранага турызму да 2025 года. Распрацоўваюцца дарожныя карты па аграэкатурызме, гастранамічным, дзелавым, культурна-пазнавальным, настальгічным і іншых відах турызму. Летась спіс экскурсій папоўнілі новыя маршруты па Бабруйску, Горацкім раёне з наведаннем найстарэйшай у Беларусі метэастанцыі, распрацаваны цікавы турыстычны маршрут «Уздоўж прыгажуні Друці да сівога Дняпра». А на тэрыторыі экатуркомплексу «Мікалаеўскія сажалкі» ў Круглянскім раёне, куды любяць прыязджаць адпачываць разам з дзецьмі, зроблены парк атракцыёнаў з надзіманымі гульнявымі комплексамі, батутамі, горкамі, арэлямі і іншымі каруселямі.

Не ўбаку ад развіцця турызму знаходзяцца і музеі вобласці. Яны ствараюць тэматычныя і прэзентацыйныя відэаролікі, інтэрактыўныя і віртуальныя туры, праводзяць майстар-класы ў рэжыме анлайн. Усё больш папулярнай становіцца дэманстрацыя музейных экспанатаў з дапамогай QR-кодаў. Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. Масленікава рэалізоўвае адукацыйныя платформы «Мастацтва фрэскавага жывапісу» і «Мастакі Магілёўшчыны».

Па месцах баявой славы

Сёння ў школ і іншых навучальных устаноў вельмі запатрабаваныя вандроўкі патрыятычнай накіраванасці. І кожнаму з 21 раёна вобласці тут ёсць што прапанаваць. Маршруты «Буйніцкае поле» і «23 дні мужнасці і славы» знаёмяць з подзвігам абаронцаў Магілёва. Гэтыя падзеі ваенных гадоў апісаў у трылогіі «Жывыя і мёртвыя» расійскі пісьменнік Канстанцін Сіманаў. Клічаўскі раён асацыіруецца з Усакінскімі лясамі — адной з самых буйных партызанскіх зон на тэрыторыі Беларусі. На канец 1942 года яна складала 1,9 тысячы квадратных кіламетраў, а на пачатак 1944-га — амаль тры тысячы квадратных кіламетраў. У Хоцімскім раёне каля вёскі Горні ўвекавечаны ў высачэзнай скульптуры вершніка на кані подзвіг 112-га горна-кавалерыйскага палка 13-й арміі. Мужныя абаронцы загінулі тут падчас няроўнай сутычкі з ворагам у жніўні 1941-га. Цікавыя маршруты на ваенную тэматыку прапануюць у Бялыніцкім, Горацкім, Быхаўскім і іншых раёнах. У аграгарадку Леніна Горацкага раёна знаходзіцца музей савецка-польскай ваеннай садружнасці. Тут у баявых дзеяннях удзельнічала 1-я Польская пяхотная дывізія імя Т. Касцюшкі. Гэта быў першы сумесны вопыт удзелу ў вайне ўзброеных сіл Польшчы і СССР. А пад Быхавам знаходзіцца знакаміты на ўсю Беларусь мемарыяльны комплекс «Лудчыцкая вышыня». На штучна створаным высокім кургане ўстаноўлена сімвалічная фігура 10-метровага быліннага Баяна з гуслямі. Застыўшы ў камені, ён спявае вечную песню тым, хто склаў свае галовы на палях бітвы. Каля яго падножжа — сцяна-стэла з гарэльефамі шасці Герояў Савецкага Саюза, вышыня кожнай з якіх складае 2,5 метра.

На Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадзе ўшанавалі ў дрэве хрысціцеля Русі Уладзіміра Чырвонае Сонейка.

Чыгірынскі кластар

На мяжы Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў, у пойме ракі Друць, знаходзіцца буйное вадасховішча Чыгірынка. Аматарам рыбалкі і адпачынку на прыродзе яно знаёма па музычным фестывалі «Вялікая бард-рыбалка». Нядаўна ўрад Беларусі вызначыў гэтае месца як адно з найбольш перспектыўных для развіцця. Вядзецца распрацоўка праекта «Генеральны план зоны адпачынку рэспубліканскага значэння «Чыгірынка», які прадугледжвае стварэнне турыстычнага кластара. Паралельна зону развівае быхаўскі фонд «Устойлівы рэгіён». Яго ініцыятыва «Чыгірынскі кластар: партнёрства для эканамічнага росту» рэалізоўваецца ў рамках праекта ЕС-ПРААН «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Яшчэ адзін праект «Новы погляд на экатурызм» будзе ўвасоблены ў жыццё пры падтрымцы Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду на працягу наступных двух гадоў.

Але адкладваць падарожжа не варта. Ужо сёння шэраг аграсядзіб Быхаўскага і Кіраўскага раёнаў запрашаюць адпачыць з карысцю ў гэтым цікавым куточку Магілёўскай вобласці. Тут знаходзіцца шмат прывабных месцаў, куды варта зазірнуць. Напрыклад, вёска з цікавай назвай Баркалабава, у непасрэднай блізкасці ад якой знаходзіцца жаночы Свята-Узнясенскі манастыр. Размешчаны ён у міжрэччы старога рэчышча Дняпра і ракі Лахва на пясчаным астраўку. Менавіта тут быў створаны ўнікальны помнік старажытнаславянскай пісьменнасці Баркалабаўскі летапіс. Паломнікі едуць сюды з надзеяй прыкласціся да цудатворнага абраза Баркалабаўскай Божай Маці, якому ўжо не адна сотня гадоў.

На тэрыторыі Кіраўскага раёна знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль. Нягледзячы на тое, што рэстаўрацыйныя работы па яго аднаўленні працягваюцца, ёсць магчымасць убачыць частку ўжо вернутых да жыцця будынкаў. У адным з іх размяшчаецца Жыліцкі гістарычны комплекс-музей. Кіраўскі раён захоўвае памяць і пра ахвяр фашызму. Летась у вёсцы Боркі быў адкрыты маштабны мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці». Скульптурныя кампазіцыі, якія тут пабудаваны, вяртаюць у той страшны летні дзень 1942 года, калі нямецкія карнікі спалілі тут амаль 2000 чалавек. Беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч апісаў гэтыя жахі ў кнізе «Карнікі», якая легла ў аснову аднаго з самых моцных фільмаў пра вайну «Ідзі і глядзі».

Ад Макаўя да рыцарскага фэсту

Ёсць на Магілёўшчыне і такія маршруты, куды рэгулярна фарміруюцца турыстычныя групы. Па словах дырэктара магілёўскага тураператара  «Магілёўаблтурыст» Алены Карпенкі, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца Слаўгарадскі раён з яго Блакітнай крыніцай і Мсціслаўскі з яго сярэднявечнай архітэктурай. А ўсё таму, што гэтыя раёны маюць унікальныя брэнды, якія актыўна папулярызуюць. Мсціслаў добра вядомы па рыцарскім фэсце, які праходзіць тут на пачатку жніўня. У рыцарскіх забавах прымаюць удзел больш за 30 клубаў гістарычнай рэканструкцыі з усіх рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На працягу двух фестывальных дзён горад жыве ў атмасферы сярэднявечных традыцый. Бугурты, парасячыя скачкі, турніры лучнікаў, горад майстроў, выставы — гэта толькі некаторыя мерапрыемствы з мноства іншых, якія тут праходзяць.

Унікальны драўляны храм у гонар святога Дзмітрыя Растоўскага

Нельга, прыехаўшы ў Мсціслаўскі раён, не пабываць у Пустынскім мужчынскім манастыры. Манастыр вядомы сваёй гаючай крыніцай. Паводле легенды, сын мсціслаўскага князя Альгерда Сямён нечакана аслеп, і вярнуць яму зрок не мог ніводны лекар той эпохі. Аднойчы ў сне да Сямёна з'явіўся старац і параіў знайсці Пустынскую крыніцу, каб абмыць вочы яе вадой. Сямён так і зрабіў, пасля чаго стаў бачыць.

Не менш вядомая цудатворная Блакітная крыніца, якая знаходзіцца ў Слаўгарадскім раёне. Рэлігійныя абрады на ёй праводзіліся яшчэ ў часы радзімічаў. А потым на ёй жа язычніцкае племя хрысціў ваявода князя Уладзіміра Чырвонае Сонейка — Ваўчыны Хвост. Гэта здарылася пасля таго, як войска ваяводы атрымала верх над радзімічамі ў бітве на рачулцы Пясчанцы. Гэта месца, дарэчы, знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Блакітнай крыніцы — у вёсцы Рудня. Сёння Блакітная крыніца стала цэнтрам заказніка «Слаўгарадскі». Турыстам тут прапануюць экскурсію па экасцежках, у тым ліку і на роварах. Займальнае падарожжа, між іншым. На Блакітнай крыніцы штогод 14 жніўня адзначаецца свята Макавей — Мядовы Спас. У гэты дзень праходзіць чын асвячэння вады, хрэсны ход, гучаць народныя песні і гудзе шматлюдны кірмаш.

Зараз папулярнасць набывае бялыніцкае Заазер'е, заказнік рэспубліканскага значэння, дзе знаходзіцца цэлы комплекс маляўнічых азёр. Па сутнасці, знайсці турыстычныя разыначкі можна ў любым раёне. І ў Магілёве гатовы распрацоўваць індывідуальныя маршруты нават для адзіночак. Або прапанаваць паслугі экскурсавода вандроўнікам на сваім аўто. Сёння можна адправіцца на своеасаблівую азнаямленчую экскурсію нават у санаторый. Пандэмія паўплывала на напаўняльнасць здраўніц, і тут гатовы прыняць кліентаў, у тым ліку на некалькі дзён. «Магілёўаблтурыст» спецыяльна распрацаваў праграму SРА-тураў на выхадныя. І яны карыстаюцца нязменным поспехам. Адным словам, wеlсоmе tо Mоgіlеv rеgіоn.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.