Вы тут

Узгодненая пазіцыя парламентарыяў


Адбылося пасяджэнне пятай сесіі Савета Рэспублікі сёмага склікання. На парадку дня спачатку было адно пытанне: «Аб Звароце палат парламента — Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Але потым парадак дня дапоўнілі прыняццем Заявы ў сувязі з інцыдэнтам з Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у Латвіі.


Фота: БелТА

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец агучыў зварот палат парламента да Прэзідэнта з просьбай унесці ў Палату прадстаўнікоў законапраект аб змяненні Канстытуцыі, які прадугледжвае магчымасць правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 29-га склікання адначасова з правядзеннем выбараў у Палату прадстаўнікоў восьмага склікання. Паводле слоў Сяргея Сіўца, дадзенае пытанне было абмеркавана 19 мая на сумесным пасяджэнні палат парламента. Пасля непрацяглага абмеркавання сенатары зварот падтрымалі аднагалосна. Такім чынам, правядзенне мясцовых выбараў у Беларусі могуць перанесці на 2023 год (раней гэтыя выбары меркавалася правесці ў наступным годзе).

Сенатары таксама выказалі, гаворачы мовай дыпламатаў, рашучы і аднадушны пратэст з прычыны дзікунскага, абуральнага выпадку 24 мая з беларускім сцягам у Рызе. Яны прынялі заяву Нацыянальнага сходу ў сувязі з гэтым інцыдэнтам. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў у размове з журналістамі прызнаўся, што даўно працуе ў сферы міжнародных адносін, але ўпершыню сутыкнуўся з такімі ганебнымі паводзінамі афіцыйных асоб суседняй краіны, у дадзеным выпадку мэра Рыгі і міністра замежных спраў Латвійскай Рэспублікі. Нават у складаныя гады халоднай вайны і жорсткага ідэалагічнага супрацьстаяння палітычныя апаненты Савецкага Саюза не дазвалялі сабе падобных здзекаў з дзяржаўных сімвалаў замежных краін.

Сяргей Рачкоў нагадаў, што напярэдадні сесіі Савета Рэспублікі члены яго Прэзідыума на сваім пасяджэнні далі дакладную ацэнку інцыдэнту як грубаму і непрымальнаму парушэнню норм міжнароднага права. Гэта супярэчыць усім правілам добрасуседства, якое раней існавала ў Беларусі з Латвіяй. Абедзве краіны яшчэ адносна нядаўна даволі плённа супрацоўнічалі і ў эканоміцы, і ў гуманітарнай сферы. Але апошнім часам дзеянні суседзяў выйшлі за межы нармальных адносін.

Сяргей Рачкоў адзначыў, што Беларусь чакае ад латвійскага боку прабачэнняў і патрабуе супыніць такія контрпрадуцыйныя і дэструктыўныя дзеянні супраць нашай краіны.

Дэпутаты на пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў таксама прагаласавалі ўчора за зварот абедзвюх палат парламента да Прэзідэнта з просьбай унесці ў Палату прадстаўнікоў законапраект аб змяненні Канстытуцыі, які прадугледжвае магчымасць правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 29-га склікання адначасова з выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання.

З такой ініцыятывай выступіла 19 мая на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат сенатар, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Акрамя таго, такія прапановы дэпутатам паступалі на дыялогавых пляцоўках, выбарчых участках, у працоўных калектывах.

Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Віктар Свіла, на аснове рэзалюцыі VІ Усебеларускага народнага сходу ў краіне вядзецца работа па падрыхтоўцы змен у Канстытуцыю. Значная частка прапаноў датычыцца перагляду сістэмы і кампетэнцыі мясцовых органаў кіравання і самакіравання, а таксама ўвядзення адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў.

— Пры падтрымцы грамадзянамі праекта абноўленай Канстытуцыі, якая ўтрымлівае норму аб адзіным дні галасавання, абраныя ў студзені 2022 года дэпутаты мясцовых Саветаў будуць ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да чарговых выбараў у парламент у 2023 годзе — усяго каля 1,5 года. Такое скарачэнне паўнамоцтваў пацягне дадатковыя бюджэтныя і арганізацыйныя выдаткі, негатыўна адаб'ецца на эфектыўнасці работы дэпутацкага корпуса, — адзначыў Віктар Свіла.

Падтрымала ініцыятыву і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова:

— Тэма выбараў, якія маюць адбыцца ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, — адна з тых, што найчасцей абмяркоўваецца на дыялогавых пляцоўках, у выбарчых акругах, працоўных калектывах, на мерапрыемствах розных грамадскіх арганізацый. Як старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі, член праўлення Беларускага саюза жанчын, хачу адзначыць, што прапанова аб правядзенні адзінага дня галасавання цалкам падтрымліваецца членамі грамадскіх арганізацый. Лічу, што правядзенне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у студзені 2022 года можа негатыўна адбіцца на стабільнасці грамадскага развіцця, — адзначыла дэпутат.

Дэпутаты таксама прынялі заяву Нацыянальнага сходу ў сувязі з інцыдэнтам з Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы. Беларускія парламентарыі пракаментавалі інцыдэнт.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй Савіных:

— Парламентарыі абураны дзеяннямі латвійскіх чыноўнікаў у адносінах Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Гэтыя дзеянні недапушчальныя, і яны сведчаць аб адсутнасці рэальных дзяржаўных традыцый у гэтай дзяржаве. Сёння можна з упэўненасцю казаць, што акрамя вядомых грамадзян з паніжанай сацыяльнай адказнасцю ў Еўропе з'яўляецца ўсё больш і больш палітыкаў з паніжанай палітычнай адказнасцю. Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя.

Старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў:

— Мы з вамі сталі сведкамі яшчэ аднаго дзікага выпадку ў палітыцы падвойных стандартаў. Беларусь — невялікая дзяржава, але вельмі міралюбная. Мы не маем тэрытарыяльных прэтэнзій ні да адной з дзяржаў, якія з намі мяжуюць, нашы нацыянальныя інтарэсы не выходзяць за межы нашых дзяржаўных граніц. Мы нікога не вучым, як праводзіць выбары, у тым ліку і мэра Рыгі, якога двойчы пераабіралі. Мы не ўмешваемся ва ўнутраныя справы ніводнай дзяржавы. Але мы як костка ў горле Еўропы. Гэты выпад мэра Рыгі можна ацаніць як папулізм. Але прысутнасць пры гэтым міністра замежных спраў Латвіі — гэта ўдар па суверэнітэце нашай краіны. Гэта выказванне вельмі зняважлівых адносін да нас, дзяржаўных сімвалаў краіны і народа. І дараваць гэта нельга. За гэта трэба караць. Я з'яўляюся членам групы сяброўства з гэтай дзяржавай. І літаральна нядаўна прайшла сустрэча, калі адзін з латвійскіх чыноўнікаў адкрыта па відэаканферэнцсувязі сказаў, што летась яны выдзелілі больш за 240 тысяч долараў і ў гэтым — звыш 150 тысяч на падтрымку «сіл супраціву». Яны не саромеюцца адкрыта казаць, што ўмешваюцца ва ўнутраныя справы нашай краіны. Наступны несяброўскі крок — гэта зняцце сцяга.

Мы вельмі добрыя людзі і добрая нацыя. Але нікому не павінны дазваляць выціраць аб сябе ногі.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк:

— Дзяржаўны сцяг краіны — гэта калектыўны сімвал нацыі. У нашым выпадку — сімвал усебеларускага кансэнсусу, прыняты на рэферэндуме 1995 года. Для асабліва прасунутых, якія будуць каментаваць, нагадаю вынікі рэферэндуму і вынікі сацыялагічнага апытання 2018 года — незалежнага сацыялагічнага апытання. У 2018 годзе за бел-чырвона-белы сцяг было 13,2 % (20,5 % — у 1995 годзе), а за нацыянальны дзяржаўны беларускі сцяг — 69,4 % (75,1 % — у 1995 годзе). Я ўжо не буду спасылацца на сацыялагічныя даследаванні мінулага і гэтага года, якія сведчаць, што 2/3 грамадзян краіны падтрымліваюць тую сімволіку, якая знаходзіцца ў гэтым зале.

Нагадаю яшчэ адну не зусім прыемную рэч. Латвія — гэта краіна, дзе практычна афіцыйна ўхваляюць і ўшаноўваюць забойцаў беларусаў — легіянераў СС. Называюць іх героямі, барацьбітамі за незалежную Латвію. Яны марылі пра вялікую Латвію ажно да Полацка. Толькі два народы мелі беларусаў-рабоў — немцы і латышы. Яны не саромеліся пісаць пра гэта ў сваіх газетах, публікаваць расцэнкі — гэта ўсё ёсць у дакументальных матэрыялах. Дарэчы, усё гэта рабілася пад сцягам, які сёння з'яўляецца дзяржаўным сцягам Латвійскай Рэспублікі. Таму калі чыноўнікі гэтай дзяржавы дазваляюць сабе дакранацца да нашага сцяга, то гэта больш чым хамства. Гэта праява ваяўнічага вандалізму. Гэта гвалт над здаровым сэнсам, плявок у твар мільёнаў беларусаў. Хай гэта не падасца пафасным — гэта замах на наш суверэнітэт, суверэнную волю нашай беларускай нацыі.

Толькі беларуская нацыя праз сваю калектыўную волю, якую яна выказвае на рэферэндуме, можа змяніць той ці іншы колер на сцягу. Тым больш замяніць сцяг на флагштоку. Ахамелым чыноўнікам замежнай дзяржавы пра гэта проста трэба памятаць. Мы ў іх бажніцах свечкі не папраўлялі. Вялікі сын беларускай зямлі, геній беларускай літаратуры, пісьменнік Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч у свой час сказаў выдатныя словы: «Унукі Скарыны, у вас ёсць гонар, моц і краса. У вас ёсць святыні. Не давайце святыні сабакам».

Трэба не забываць, што ёсць рэчы, якія з'яўляюцца абсалютнымі. Ёсць рэчы, якія вызначаюцца толькі тут і толькі намі. Без чужых куратараў, без чужых грошай, без чужой волі. У нас ёсць наша суверэнная воля, нашай нацыі, нашага народа. Тых, хто жыве і працуе тут, будуе рэальную, а не віртуальную Беларусь, і тых, хто бярэ за яе адказнасць.

Леанід ТУГАРЫН,

Алена КРАВЕЦ.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.