Вы тут

Беларускія літаратурныя адрасы ў Туркменістане


Патрапіўшы ў Туркменістан ў жніўні 1985 года, я ўжо ў першыя месяцы свайго адкрыцця гарачай каракумскай старонкі пачаў шукаць адрасы агульнай беларуска-туркменскай памяці. «Геаграфія» ці хутчэй «гарадская тапаніміка» слядоў дружбы, слядоў, якія сведчылі б пра блізкія да культур Беларусі і Туркменістана факты, складвалася, праўда, спакваля, не за адзін дзень. Яно і зразумела. Штосьці ўжо было згублена за смугою часін. Штосьці страчана незваротна... Напісаў з Ашхабада і ў беларускія архівы і музеі. Напісаў шмат каму з прыватных асоб. Найперш — Генадзю Каханоўскаму, Адаму Мальдзісу, Яну Саламевічу, Генадзю Кісялёву... Парады былі дасланы, але насілі яны, як правіла, агульны характар. Усё ж Туркменістан — старонка няблізкая да Беларусі... І тым не меней паступова ў мяне перад вачыма разгортваліся ўяўленні, што ж, якія адрасы нас яднаюць.


Як мне падаецца, агульная карціна вартая ўвагі. Пакуль што беларускія літаратурныя адрасы ў Ашхабадзе пазначаю штрыхамі, пазначаю для памяці. Магчыма, і для будучых ужо пакаленняў даследчыкаў. У спадзяванні на тое, што з’явіцца ж некалі краязнаўчы даведнік з такой назвай — «Беларускія літаратурныя адрасы ў свеце». Такую думку не аднойчы выказваў і доктар філалагічных навук прафесар Адам Іосіфавіч Мальдзіс.

Але ж паспрабуем пашукаць беларускія адрасы менавіта ў Ашхабадзе. І першы з іх — вуліца Махтумкулі, 5 (размова — пра гарадскую тапаніміку 1980 — пачатку 1990-х). Тут месціўся двухпавярховы будынак Саюза пісьменнікаў Туркменістана, рэдакцыі часопісаў «Совет эдебияты» ( «Савецкая літаратура») і «Ашхабад». Не аднойчы гасцямі і Саюза, і рэдакцый былі пісьменнікі з Беларусі: публіцыст Мікола Калінковіч (у 1979 — 1984 гг. ён жыў у Ашхабадзе), паэт Алесь Емяльянаў, паэт, журналіст Міхась Карпенка (у 1960-1990-ыя гг. жыў і працаваў у Краснаводску і Ташаузе). І Карпенка, і Калінковіч былі прынятыя ў Саюз пісьменнікаў СССР у Ашхабадзе, часта друкаваліся ў туркменскіх часопісах. Непадалёку ад вуліцы Махтумкулі — сквер, дзе ўсталяваны помнік класіку туркменскай літаратуры Махтумкулі работы беларускага скульптара В. Папова.

Ад Саюза пісьменнікаў недалёка знаходзіцца праспект Свабоды. Ці не ў самай сяэдзіне яго месціўся будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі Туркменскай ССР. У гэтай установе ў першай палове 1980-х працаваў ураджэнец Лунінеччыны пісьменнік Мікалай Калінковіч. У Ашхабадзе выйшлі яго кнігі: «Не обрывается земная связь», «Имя мое — Свобода», «Возвращение рассветной рани»...

Вернемся ў цэнтр горада. Вуліца Атабаева. У 1985 — 1988 гг. я жыў у доме нумар 32, корпус 1. Непадалёку ад Нацыянальнай бібліятэкі Туркменістана. На гэтай жа вуліцы месцілася кватэра беларускага празаіка, драматурга, публіцыста Васіля Ткачова, які жыў у Ашхабадзе ў 1973 — 1980 гг. Тут, у сталіцы Туркменістана, Васіль Юр’евіч працаваў над кнігай апавяанняў «Дзень у горадзе». Спярша В. Ткачоў служыў у рэдакцыі вайсковай газеты «За Родину», пасля працаваў рэдактарам у «Туркменгандальрэкламе».

Атабаева, 20. Ашхабадскі Дом друку. Тут месцілася і рэдакцыя газеты «Туркменская искра», якую рэдагаваў ураджэнец Беларусі публіцыст Васіль Уладзіміравіч Слушнік (памёр у Ашхабадзе ў 1991 годзе). У «Туркменской искре» друкаваліся Мікалай Калінковіч, Міхась Карпенка. У ашхабадскім Доме друку знаходзіліся і іншыя рэдакцыі — газеты «Эдебият ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»), часопіса «Пионер» («Піянер»). У літаратурна-мастацкім штотыднёвіку, які адзін са сваіх разваротаў у 1987 годзе прысвяціў Беларусі, галоўным рэдактарам у сярэдзіне 1980-х працаваў публіцыст, літаратуразнаўца Какалы Бердыеў. Ён напісаў некалькі артыкулаў пра Янку Купалу. А ў самым пачатку 1960-х правёў падарожжа па Каракумскім канале разам з белаурскім празаікам, публіцыстам, літаратуразнаўцам Алесем Адамовічам. Вынікам іх творчай паездкі стаў падарожны нарыс, надрукаваны ў маскоўскай «Дружбе народов», ашхабадскім «Совет эдебияты», мінскім «Полымі». І зараз, праз паўвека і болей, нарыс падаецца цікавым мастацкім дакументам часу пераўтварэнняў. І яшчэ — дакументам літаратурнай дружбы, літаратурнага і культуранга ўзаемапранікнення розных нацыянальных памкненняў. Не выпадкова з’яўляюцца ў той даўняй публікацыі і фрагмены сустрэчы беларускага і туркменскага публіцыстаў з народным шахірам Ата Саліхам. Яго, сляпога выказніка дум і мар туркменаў сярэдзіны XX стагоддзя, і зараз добра памятаюць у Каракумскім краі.

Карпінская, 1. Мікрараён прыватных сядзіб Ашхабада 1950-1980-х гадоў. Падворак, дзе жыў з вялікай сям’ёй народны паэт Туркменістана Керым Курбанняпесаў (1929 — 1988). У 1986 — 1988 гг. я даволі часта бываў у доме Керым-ага. Ведаю, што ў яго гасцяваў і беларускі празаік Алесь Жук. Як пазнака тае сустрэчы — кніга прозы беларускага пісьменніка з аўтографам, адрасаваным старэйшаму сябру. Керым Курбанняпесаў сустракаўся ў Ашхабадзе і з беларускім паэтам Алесем Емяльянавым. У 1987 годзе туркменскі шахір пераклаў на туркменскую мову «Паэму сораму і гневу» народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. І хаця на той час ужо меўся рускі пераклад, надрукаваны ў «Нёмане», Керым-ага зрабіў сваё пераўвасабленне па падрадкоўніку (ведаю пра гэта дакладна, бо сам і рыхтаваў гэты падрадкоўнік). Керым Курбанняпесаў — аўтар і іншых перакладаў беларускай паэзіі: надрукаваны яны ў аўтарскай анталогіі «Букет дружбы».

Вуліца Хыдыра Дыр’яева, 5. Тут, у сваім доме, і зараз жыве туркменскі празаік , паэт, дзіцячы пісьменнік Агагельды Аланазараў. У Беларусі ў розныя гады пабачылі свет тры яго дзіцячыя кнігі ў перакладзе на беларускую мову (апошняя — «Вясёлая азбука» — у 2013 годзе). Перакладчык — Віктар Гардзей). Агагельды Аланазараў сябраваў з Міхасём Карпенкам, Мікалаем Калінковічам, Валянцінам Лукшам. Пра кожнага з іх напісаў успаміны. Прыязджаў Агагельды Аланазараў і ў Беларусь. У 2017 годзе ўдзельнічаў у Міжнародным сімпозіўме літаратараў «Пісьменнік і час».

У розныя гады ў Ашхабадзе жылі мовазнаўца ўраджэнец Латгаліі беларус Аляксандр Пацалуеўскі (загінуў у землятрусе 1948 года), празаік Барыс Мікуліч ( пра гэтае яго жыццё пасля вяртання з ГУЛАГа — у другой частцы «Аповесці для сябе»), паэтэса Любоў Турбіна (нарадзілася ў Ашхабадзе ў 1942 годзе), ваенны публіцыст, Герой Савецкага Саюза ўраджэнец Барысава Яўсей Вайнтруб. Гасцявалі ў Ашхабадзе беларускія пісьменнікі Максім Танк, Рыгор Барадулін, Алег Лойка, Павел Марціновіч, Аркадзь Марціновіч, Любоў Філімонава, Алесь Бадак, Генадзь Пашкоў, Янка Сіпакоў, Алена Масла, Еўдакія Лось, Віктар Шымук, Ігар Лапцёнак. І ў кожнага з іх — таксама свае літаратурныя адрасы, свае сустрэчы, свае знаёмствы з Ашхабадам і Туркменістанам, свае памяткі сяброўства і дружбы. Мо з часам нават знойдзецца нехта ахвотны і з беларускіх твораў, прысвечаных Ашхабаду і Туркменсітану, укладзе своеасаблівую анталогію пабрацімства?..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».