Новы праект выдавецтва «Мастацкая літаратура» — серыя «100 пытанняў пра Беларусь» — дае маленькім чытачам у займальнай форме звесткі па гісторыі і культуры беларускага народа. Аўтар праекта і тэкста Алесь Бадак і мастак Міхаіл Дайлідаў зрабілі кніжку, якая дапаможа сям'і карысна і з цікавасцю пабавіць час. Маленькі чытач даведаецца, хто такія беларусы і што адзін з іх, Францыск Скарына, пачаў першым друкаваць кнігі на тэрыторыі Усходняй Еўропы, а помнік другому славутаму беларусу, Янку Купалу, стаіць нават у Нью-Ёрку. У адказе на пытанне «Чаму мы называем беларускую мову роднай?», згадваецца і пра самую «беларускую» літару — «у нескладовае», і пра першыя чытанкі, складзеныя Цёткай і Коласам, і пра тое, што беларуская кніга пабывала ў космасе.
Наш зямляк касманаўт Уладзімір Кавалёнак у адным з рэпартажаў з арбіты так і сказаў: «Я атрымаў томік вершаў на роднай беларускай мове з такой знаёмай назвай». Гаворка — пра кнігу паэта Васіля Зуёнка «Нача». Дзіця даведаецца, у існаванне якіх старажытных багоў і духаў верылі нашы продкі і ці праўда, што некаторым беларускім народным казкам тысяча гадоў, а прыклады фальклору прыемна завучыць разам. Ці ўсе дарослыя адкажуць: «На якое свята нашы продкі пераапраналіся ў жывёл, а на якое шукалі кветку шчасця?» Вас чакае маляўнічы расповед у кароценькіх замалёўках з ілюстрацыямі пра народныя святы — Каляды, Купалле, Гуканне вясны... А вось пытанне «Ці праўда, што даўней багатыя бацькі на пэўны час аддавалі сваіх дзяцей у бедныя сем'і» змусіць дасведчанага дарослага згадаць «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, дзе апісаны абрад дзядзькавання... Ці гэта была фантазія пісьменніка? Чытайце разам з дзеткамі і даведвайцеся!
Жан-Поль Сартр. Што такое літаратура? Выдавецтва АСТ, Масква, 2020.
«Крытыкі — гэта ў большасці выпадкаў няўдачнікі, якія аднойчы, падышоўшы да парога адчаю, знайшлі сабе сціплае ціхае месцейка могілкавых вартаўнікоў. Адзін Бог ведае, ці так ужо спакойна на могілках, але ў кнігасховішчах ані не весялей. Вакол суцэльныя мерцвякі: у жыцці яны толькі і рабілі, што пісалі, грахі прыжыццёвыя з іх даўно змытыя, ды і жыцці іх вядомыя па кнігах, напісаных пра іх іншымі мерцвякамі... Разбуральнікі цішыні зніклі, ад іх захаваліся толькі дамавінкі».
Згадзіцеся, знішчальнае азначэнне... За ім, безумоўна, асабістая крыўда аўтара на крытыкаў. Якая ж і падбіла яго на напісанне гэтага трактата. Французскі філософ, «бацька» экзістэнцыялізму Сартр пасля вайны, падчас якой быў у Супраціўленні, заснаваў часопіс «Новыя часы» з яскравай марксісцкай пазіцыяй. Сартр тады сімпатызаваў Савецкаму Саюзу, прасоўваў ідэю «заангажаванага», іншымі словамі, ідэйнага, пісьменніка... І, вядома, вытрымліваў нападкі тых, хто не падзяляў яго погляды. Вось і адказаў трактатам... А паколькі маем справу з вялікім талентам і мысляром, то знаходзім у яго тэксце не проста агітку з заклікам да творцаў не звяртацца да «паразітуючага класа», але шмат мастацкага, таго, што не састарэе. Аўтар разважае, што такое мова мастацтва: «Для сапраўднага мастака каларыт, букет кветак, пастукванне лыжачкі аб сподак ёсць рэчы ў самай вышэйшай ступені». Чым адрозніваецца проза ад паэзіі — «паэт існуе па-за мовай, ён успрымае словы з іншага боку, быццам старонні для роду чалавечага, і, прыйшоўшы да людзей, адразу натрапляе на слова як на бар'ер». А вось проза — «у асноўным, канкрэтная духоўная пазіцыя; як казаў Валеры, калі слова пранікла скрозь наш погляд, як сонечнае святло скрозь шкло, — значыць, гэта проза».
Вядома, сёння з такім меркаваннем можна спрачацца, але чытаць у любым выпадку цікава. Цікавы і той раздзел, дзе Сартр апісвае ўласныя дзяцінства, юнацтва, спрабуючы патлумачыць узнікненне і эвалюцыю сваіх поглядаў. Як фемініст звяртае ўвагу на становішча жанчын, якія нават у адукаваным асяродку былі пазбаўлены волі самавыяўлення. Ну і ягонае тлумачэнне паняцця «ангажаваны пісьменнік» можа выкарыстоўвацца і ў сённяшніх літаратурных дыскусіях: «Ён усведамляе, што агаляць — азначае змяніць і што нельга агаляць, не маючы мэтай змяніць. Ён забыўся на няздзейсненую мару аб непрадузятых малюнках Грамадства і лёсу чалавека... Пісьменнік гатовы агаліць свет, а галоўнае — чалавека — дзеля іншых людзей. Каб гэтыя апошнія перад тварам аголенага аб'екта сталі цалкам адказнымі за яго».
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.