Вы тут

Sex-балясы. Секс па палічках


Напэўна, большасць з нас лічаць сябе калі не алімпійскімі чэмпіёнамі ў любоўных уцехах, дык прынамсі першаразраднікамі ў гэтым відзе «забавак». Але, аказваецца, не ўсё так проста. Як гаварыў кот Матроскін: «Не тым бокам ты бутэрброд ясі, дзядзька Фёдар». («Прагартаў да апошняй старонкі «Камасутру», а яны так і не ажаніліся».) Разнастайнасць сучасных даследаванняў дзівіць: падобна, навукоўцы вырашылі пралезці ва ўсе сферы нашага жыцця і расказаць, што мы робім правільна, а што — не. Ці калі мы нешта робім правільна, а калі — не. («— Абрам Саламонавіч, а шо такое каханне? — Ізя, гэта такі магчымасць пагаварыць пасля секс-кантакту пра нешта іншае, апроч як пра грошы і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці».)


Гэтым разам даследчыкі дабраліся і да святога для чалавецтва пытання: у які час сутак найлепш за ўсё займацца сексам? І калі вы думалі, што адказ — «у любы», дык, як высветлілася, з медыцынскага пункту гледжання гэта не так. Даследаванне было заказана англійскай кампаніяй, якая вырабляе вітаміны і харчовыя дабаўкі. Навукоўцы вывучылі анкетныя даныя і медыцынскія паказчыкі тысячы чалавек, якія вядуць актыўнае палавое жыццё. І вось што высветлілася...

Найлепшы час для заняткаў сексам — 7.45 раніцы. Як жартуюць, гэта менавіта тая пара, калі большасць бегае па кватэры з крыкамі: «Дзе мая другая шкарпэтка?» А лепш было б займацца каханнем. І вось чаму. Паколькі сярэдні час абуджэння сярод апытаных прыпадаў на 7 гадзін раніцы (рэспандэнты відавочна былі не фрылансерамі), да 7.45 яны паспявалі канчаткова абудзіцца і былі поўныя энергіі. Выкід у кроў гармону эндарфіну — пастаяннага спадарожніка шчаслівага сексу — гарантаваў ім паніжэнне крывянога ціску і павышэнне настрою на ўвесь дзень. («Спаць з жанчынай непрыстойна. З жанчынай трэба не спаць. А спаць можна і на рабоце».)

Далей — болей. Навукоўцы назвалі і найлепшы дзень тыдня для сексу! Які, думаеце? Чацвер. Даследчыкі тлумачаць, што менавіта ў гэты дзень чалавечы арганізм найбольш актыўна выпрацоўвае палавыя гармоны. («— Даруй, але я не займаюся сексам без пачуццяў. — А як жа шкадаванне?») Кожны, напэўна, хоць бы раз у жыцці адчуваў, што сёння «не той час» для інтымных адносін. Навукоўцам, нарэшце, удалося вызначыць, у якія дні лепш сексам займацца, а ў якія — пра яго забыць. («Адзін мужык стаміўся падаваць намёкі дзяўчыне. Не вытрымаў і піша ёй sms: «Давай хоць за грошы пераспім». Яна яму: «У мяне няма грошай». Ён ёй: «Я плачу». Яна яму: «Не плач, усё будзе добра».)

У панядзелак навукоўцы, наадварот, рэкамендуюць устрымацца ад інтыму: адбіваецца стомленасць з-за пачатку працоўнага тыдня. Гэта негатыўна ўплывае на чалавека і можа нават выклікаць беспрычынную агрэсію да сваёй партнёркі. («— Давай паляжым у цемры, у цішыні... — Хто вы?! — Ну вось, усё сапсавала».) Пры гэтым у суботу лепш за ўсё нараджаць. («— Што здарылася? — Нічога. — «Дурніца, я доктар».) Калі вы зможаце спрагназаваць і нарадзіць у гэты дзень, то дзіця мае шмат шанцаў стаць вядомым палітыкам і нават прэзідэнтам. («Паслухаеш жанчын — ва ўсіх геніяльныя дзеці. І ўсе ад мужоў-ідыётаў».) Так, напрыклад, па даных ONS, Англіяй з 1900 года правіў 21 прэм'ер-міністр, шэсць з якіх нарадзіліся ў суботу. («Найлепшае, што можна стварыць у суаўтарстве, — гэта дзеці».)

Але і на гэтым няўрымслівыя даследчыкі не спыніліся. У Канадзе палічылі, колькі разоў на тыдзень займаюцца сексам самыя шчаслівыя людзі. Аказалася, што тыя, чые анкеты прымалі ўдзел у даследаванні, аддаюцца сексу раз на тыдзень. Вядома, кожны чалавек індывідуальны, і сексуальныя апетыты ва ўсіх розныя. («— Што такое кантрасны душ? — Гэта калі ты выходзіш з саўны з дзяўчынай, а цябе сустракае жонка».) Камусьці некалькі разоў на дзень мала, а некага цалкам задавальняе адзін раз на год. («Сужэнцкі доўг — гэта калі ты лайкаеш жонку ў «Інстаграме».) Але ў навукоўцаў атрымалася знайсці сярэдняе значэнне нават у такой індывідуальнай справе, як сексуальныя запыты. («У Андрухі даўно не было сексу, таму ён хадзіў у шлёпанцах, каб прыгадаць гук...») Каб вывесці сярэдняе значэнне, ім давялося дасканала вывучыць вынікі псіхалагічных тэстаў 25 510 чалавек ва ўзросце ад 18 да 89 гадоў. («Не ўсякая жанчына верыць у каханне з першага погляду, бо цяжка вызначыць «на вока», хто колькі зарабляе».)

«Лічыцца, што частыя палавыя кантакты робяць чалавека больш шчаслівым, — спяшаецца развянчаць сацыяльныя міфы кіраўнік даследавання псіхолаг Эмі М'юз. — Нашы вынікі даказалі, што іх колькасць не павышае настрой. («Пасля скасавання шлюбу Маша яшчэ тры гады пакутавала па вечарах ад фантомных галаўных боляў».) Дастаткова займацца сексам раз на тыдзень, захоўваючы такім чынам сувязь з партнёрам, і заставацца шчаслівым чалавекам». («Асабліва прыемна, калі ўсе былі супраць, а ў цябе — спраўдзілася».) Цяпер вы ведаеце ўсё: раз на тыдзень, у чацвер, у 7.45...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.