Вы тут

Пераможцу конкурсу «Каралева студэнцтва Беларусі — 2021» вызначаць 3 чэрвеня


Пераможцу рэспубліканскага конкурсу грацыі і таленту «Каралева студэнцтва Беларусі — 2021» вызначаць 3 чэрвеня падчас грандыёзнага студэнцкага кветкавага шоу, якое адбудзецца ў канцэртнай зале аднаго з папулярных сталічных клубаў.


Праект сёлета падтрымалі 29 устаноў вышэйшай адукацыі. З сакавіка ў іх праходзілі ўнутраныя туры, якія аб'ядналі 208 таленавітых студэнтак. Акрамя таго, конкурсы грацыі і таленту прайшлі ў кожнай вобласці і Мінску. Днямі ў Рэспубліканскім доме моладзі завяршыўся кваліфікацыйны адбор у нацыянальны гранд-фінал. Такім чынам вызначаны імёны 13 студэнтак, якія 3 чэрвеня пазмагаюцца за тытул «Каралева студэнцтва Беларусі — 2021» і выхад у міжнародны тур, запланаваны на верасень у расійскай Казані. У якім фармаце і як ён пройдзе, будзе залежаць ад эпідабстаноўкі.

У нацыянальным фінале Брэсцкую вобласць прадставяць студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Ганна Крывецкая і студэнтка Баранавіцкага дзяржуніверсітэта Валерыя Бурлій. Ад Віцебскай вобласці за карону пазмагаюцца тры прэтэндэнткі: студэнткі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вікторыя Вараб'ёва і Валерыя Фомчанка, а таксама студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Валерыя Гур'ева.

Ад Гомельскай вобласці выступіць студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Аляксандра Дрывайла, ад Гродзенскай — студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Карына Саргавіцкая, ад Магілёўскай — студэнткі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова Анастасія Пунінская і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Ксенія Лазоўская.

Вялікае прадстаўніцтва ў рэспубліканскім фінале традыцыйна маюць сталічныя ўстановы вышэйшай адукацыі. У гэтым годзе Мінск прадставяць студэнткі Валянціна Амбражэй з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Валерыя Дуноўская з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Ілона Жэгждрынь з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Арына Кулік з Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО».

Крытэрыямі адбору ўдзельніц конкурсу нязменна з'яўляюцца: сцэнічная культура, уменне знаходзіць агульную мову з аўдыторыяй, камунікабельнасць, веданне этыкету, пачуццё гумару, грацыя, знешнія даныя, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, артыстычнае майстэрства. Таксама пажадана, каб дзяўчаты бралі актыўны ўдзел у маладзёжных праектах. Немалаважная і іх спартыўная падрыхтоўка, якая асабліва спатрэбіцца ў міжнародным фінале.

Усіх дзяўчат збяруць у Мінску сёння. Кожны дзень да фінальнага шоу распісаны літаральна па хвілінах...

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Выбіраць — дык каралеву!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.