Вы тут

Сурдаперакладчык: Размаўляць без слоў — мая прафесія


З кожным годам у свеце з'яўляецца ўсё больш людзей з парушэннем слыху або поўнай яго стратай. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за пяць працэнтаў жыхароў зямлі, сярод якіх каля дзесяці тысяч беларусаў, не могуць чуць, але абсалютна кожны з іх хоча быць пачутым. У гэтым ім дапамагаюць сурдаперакладчыкі. Мы пагаварылі з прадстаўніком гэтай прафесіі Юрыем Стэльмахам (на фота справа) і даведаліся ўсе сакрэты гэтай работы.


— З жэставай мовай я пазнаёміўся, калі быў дзіцем. Маім першым «настаўнікам» была мама, якая страціла слых у раннім дзяцінстве з-за хваробы. Вядома, я не валодаў мовай у дасканаласці, ведаў толькі базавыя рэчы, каб патлумачыць маці, што я хачу, і дапамагаць у бытавых сітуацыях: перакладаць у паліклініцы, у краме або патэлефанаваць.

Абапіраючыся на атрыманы вопыт, наш герой вырашыў і надалей звязаць жыццё з дапамогай людзям з парушэннямі або стратай слыху. Пасля павышэння ўзроўню валодання жэставай мовай і атрымання юрыдычнай адукацыі стаў прафесійна працаваць сурдаперакладчыкам у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Барысаўскага раёна ў аддзяленні суправаджальнага пражывання.

— Навучыцца жэставай мове абсалютна не складана. Досыць запомніць самыя распаўсюджаныя элементы і дактыльны алфавіт — гэта асаблівая форма стасункаў, у якой кожная літара алфавіта пазначаецца пэўным знакам — дактылемай, складзенай з пальцаў рук. Дактыялогію звычайна выкарыстоўваюць для перадачы ўласных назваў — гарадоў, імёнаў людзей і для іншых слоў, у якіх няма спецыяльнага жэсту. З веданнем гэтага вы ўжо зможаце павітацца, спытаць, як справы, або распавесці пра сябе.

Для такіх навыкаў неабавязкова звяртацца да спецыяліста, цяпер ёсць мноства крыніц у інтэрнэце для самаадукацыі. Але калі вы раптам захочаце стаць прафесіяналам, то тэарэтычных ведаў будзе недастаткова. У гэтай справе вельмі важная працяглая практыка. Толькі пастаянна выкарыстоўваючы навыкі сурдаперакладу, вы зможаце дапамагчы любому чалавеку. Ну і, вядома ж, спецыялісту не абысціся без энтузіязму, цярпення, любові і павагі да глухіх людзей. Разумеючы, што жэставая мова неабходна для пэўных прафесій, але самастойна навучыцца ў многіх не атрымаецца, я вырашыў стварыць уласныя курсы «Акадэмія жэстаў», якія цяпер рэалізоўваюцца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і тэхнічнай падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа. На курсах я навучаю студэнтаў медыцынскіх спецыяльнасцяў і валанцёраў Беларускага Чырвонага Крыжа.

Каб мы нічога не пераблыталі, Юрый адразу тлумачыць, што жэставая мова і мова жэстаў, — не адно і тое ж, як многія думаюць. Мова жэстаў (рухі цела) — гэта модны кірунак ХХІ стагоддзя ў псіхалогіі, які дапамагае вызначыць псіхаэмацыянальны стан праз невербальныя сігналы: паставу, жэсты, міміку. А жэставая — самастойная мова са сваёй лексікай і граматыкай, што выкарыстоўваецца для камунікацыі сярод глухіх і тых, хто слаба чуе. Менавіта ёй валодаюць сурдаперакладчыкі.

— У мяне часта пытаюцца, ці з'яўляецца жэставая мова ўніверсальнай для ўсяго свету. На шчасце ці на жаль, гэта не так. Яна, як і звычайная, у кожнай нацыянальнасці свая. Прычым можа адрознівацца нават у тых краінах, дзе гавораць на адной мове і карыстаюцца адным пісьмом. Напрыклад, амерыканская і брытанская жэставыя мовы істотна адрозніваюцца, хоць яны і дзеляць адну і тую ж гукавую мову — англійскую.

У прафесіі нашага суразмоўніка, як і ў многіх іншых, актыўна выкарыстоўваецца тэхналагічны прагрэс. А найбольш частай прыладай у руках героя з'яўляецца смартфон.

— У пачатку сваёй кар'еры я нават не думаў, што тэлефон стане адным з найважнейшых прадметаў для людзей, якія карыстаюцца маімі паслугамі, і пастаянным спадарожнікам у прафесіі, але потым зразумеў, як моцна памыляўся. Мабільныя гаджэты ў наш час — гэта не проста званкі, але і наяўнасць мноства месенджараў, дзе можна камунікаваць у чатах або тэлефанаваць па відэазванку і кантактаваць на мове жэстаў. Ды і стары спосаб перапіскі праз звычайныя СМС ніхто не адмяняў. Гэта зручна, хутка, і, дзякуючы тэлефону, я заўсёды на сувязі і магу дапамагчы ў любы час. Акрамя таго, цяпер з-за ўмоў каранавіруснай інфекцыі мая камунікацыя з кліентамі праз смартфон з'яўляецца адзіным такім спосабам.

Паслугамі Юрыя карыстаюцца людзі розных узростаў і сацыяльнага статусу. Для гэтага трэба толькі прыйсці ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, напісаць заяву, падаўшы пашпарт, пасведчанне інваліда і заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі альбо медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі з паліклінікі, дзе будзе ўказана неабходнасць у такой паслузе. З чалавекам заключаецца дагавор, і паслуга аказваецца цалкам бясплатна.

— Усіх сваіх кліентаў у горадзе я ведаю даўно, бо з дзяцінства знаходзіўся ў гэтым асяроддзі. Усе яны вельмі розныя, і патрэбны падыход да кожнага. Звяртаюцца з самымі разнастайнымі пытаннямі і сітуацыямі: гэта афармленне крэдыту, замена пашпарта, дапамога ў працаўладкаванні, паход на бацькоўскі сход у школу, неабходнасць патэлефанаваць, даведацца графік прыёму ўрачамі і нават дапамога ў рэгістрацыі шлюбу ў загсе. Большая частка часу сыходзіць на суправаджэнне глухіх у паліклініках і бальніцах. Тут на цябе кладзецца ўсё: трэба заказаць папярэдне талон да спецыяліста, правільна пераказаць сімптомы альбо ж рэкамендацыі доктара, растлумачыць глухому ўсе нюансы аналізаў і курсу прыёму медыкаментаў. У гэтай прафесіі ты і перакладчык, і псіхолаг, і асістэнт, і нават проста добры сябар. Хвалюе, праўда, часам, калі прыходзіш у паліклініку, тлумачыш, хто ты і каму патрэбны талон да ўрача, а ў рэгістратуры чуеш, што глухія такія ж, як і ўсе людзі, — няхай самі прыходзяць і займаюць чаргу. Але калі тыя самі звяртаюцца, то іх не разумеюць і скардзяцца, чаму прыйшоў без суправаджальніка. Увогуле, перакладчык патрэбны глухому чалавеку практычна ўсюды, дзе павінны быць задзейнічаны слых і гаворка. Жартам калега неяк назваў мяне турбаперакладчыкам — за дзень магу абысці паўгорада, суправаджаючы людзей. Але фізічна ўсім дапамагчы проста немагчыма, таму, калі справа не асабліва сур'ёзная, мае кліенты звяртаюцца да суседзяў або ім дапамагаюць дзеці. А наогул, я лічу, што асновы гэтай мовы павінны асвоіць усе, бо, хто ведае, можа, сваімі ведамі вы зможаце дапаможаце чалавеку, які будзе ў гэтым мець патрэбу.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.