Дзесяць гадоў таму яна пачала спяваць шансон, а сваімі гледачамі называе тых, хто любіць песні з сэнсам. Сёння яна запатрабаваная спявачка, тэлевядучая, прымае ўдзел у шматлікіх праектах, выступае на радыё і тэлебачанні, актыўна запісвае новыя сінглы і выглядае маладзейшай за свой сапраўдны ўзрост. Пра тое, як трымацца ў форме і быць прыгожай, пра жаночае сяброўства і кошку Берту — у нашым эксклюзіўным інтэрв'ю з заслужанай артысткай Беларусі, экс-салісткай «Верасоў», уладальніцай медаля Францыска Скарыны і самага нізкага жаночага голасу — контральта — Вікторыяй Алешкай.
— Найперш раскажыце пра сваю сям'ю...
— Цяпер у мяне не засталося родных людзей. Уся сям'я была з чатырох чалавек, уключаючы мяне: мама, бабуля і дзядуля. Але, на вялікі жаль, я засталася адна. Матулечка пайшла мінулым летам, у яе быў рак... Таму мне цяжка казаць пра сям'ю.
— ...Адыход у іншы свет самых родных — заўсёды горкая страта для чалавека, аднак яны ў нашых сэрцах і, хочацца верыць, радуюцца поспехам і дапамагаюць нам. Вікторыя, вы — хросная маці, а гэта таксама прыналежнасць да чыёйсьці сям'і. Раскажыце, як сталі яе часткай?
— У мяне два хрэснікі — дачка і сыночак. Няма ніякай асаблівай гісторыі ў тым, як я стала хроснай. Усё як звычайна. Мае сябры мне прапанавалі, я згадзілася.
— Вы сказалі неяк, што пасля разводу ўжо не ўпэўнены, ці зможаце даверыцца каму-небудзь. Прайшоў час, ваша меркаванне змянілася?
— Вядома, з гадамі погляды змяняюцца, час сцірае непрыемныя моманты, ты робішся мудрэйшым і ацэньваеш сітуацыю без эмоцый. Даверыцца можна, проста на гэта пойдзе значна больш часу, чым да негатыўнага досведу.
— На вашу думку, які павінен быць мужчына?
— Самадастатковы, упэўнены ў сабе, добры, цікавы ў стасунках, пазітыўны, поўны кахання да мяне, вядома ж, які паважае маё меркаванне. І, безумоўна, мне патрэбны такі мужчына, які не здрадзіць і не ашукае.
— Існуе думка, што сапраўднага жаночага сяброўства не бывае. Згодны з такім меркаваннем?
— Мне сумна, што нехта так лічыць, таму што ў маім жыцці ёсць такое сяброўства. І я шчаслівая! Невымоўнае пачуццё, калі побач сяброўка, якая ўжо стала амаль сястрой. І ў сувязі з тым, што ў мяне родных людзей не засталося на Зямлі, я ўдзячная Богу, што ён даў мне магчымасць адчуваць любоў блізкага чалавека ў асобе маёй сяброўкі.
— Да пандэміі вы актыўна падарожнічалі. Якія месцы больш за ўсё запомніліся?
— Я люблю вандроўкі, гэта выдатная магчымасць перазагрузіцца эмацыянальна, набрацца сіл і натхнення для творчасці. Я палюбіла тыя краіны, дзе мне пашчасціла пабываць. Вылучыць якую-небудзь адну не магу.
— Назавіце любімыя месцы ў Мінску, дзе вам добра...
— Я люблю тыя з іх, дзе мне цудоўна са сваімі сябрамі і блізкімі, і дом свой люблю.
— Як праходзіць звычайны дзень артысткі Вікторыі Алешкі?
— Нічым я вас не здзіўлю, бо ўсё ў мяне па раскладзе, як у звычайнага чалавека, толькі з папраўкай на прафесію, а гэта, вядома ж, не кожны дзень: інтэрв'ю, здымкі ў тэлеперадачах, праектах, запісы на студыі, фотасесіі, здымкі кліпаў і гэтак далей.
— У вас ёсць незвычайнай прыгажосці кошка...
— Яна брытанскай пароды. Я хацела менавіта такую ў сувязі з яе асаблівасцямі: яны могуць падоўгу заставацца адны дома, асабліва не любяць, каб іх трымалі на руках, не патрабуюць шмат увагі. Але мне здаецца, што мая Берта не зусім такая, як апісваецца ў інтэрнэце. Калі я пару дзён адсутнічаю дома, яна вельмі нудзіцца, сварыцца на мяне па-свойму, калі я вяртаюся, нягледзячы на тое, што ежы хапае ў маю адсутнасць. Да чужых людзей ставіцца насцярожана. Можа шыпець, калі спрабуюць пагладзіць. Увогуле, я кашатніца: люблю гэтых мяккіх, далікатных і наравістых жывёл.
— Раскрыйце сакрэт, як удаецца падтрымліваць сябе ў добрай форме?
— Ніякага сакрэту няма. Імкнуся абмяжоўваць сябе ў салодкім, мучным, выконваць рэжым сну, займацца спортам і ўвогуле весці здаровы лад жыцця.
— Хто вам прыдумляе вобразы? Як ствараюцца вашы канцэртныя сукенкі? Гэта заўсёды вашы ідэі?
— Вобразы для кліпаў і для сцэны — гэта заўсёды калектыўная работа. Я працую з некалькімі беларускімі дызайнерамі і лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай. Завершаны вобраз — не толькі сукенка, але і макіяж, і прычоска — усё павінна быць гарманічна з песняй ці канцэртнай праграмай, калі гэта сольны канцэрт.
— Вы любіце гатаваць? Ці ёсць у вас каронная страва?
— Я не вельмі добры кулінар, але паесці люблю (смяецца). Кароннай стравай пахваліцца не магу.
— У вашай творчасці велізарнае месца цяпер займае шансон. З якога моманту вы зразумелі, што хочаце выконваць такія песні? І хто ваш глядач?
— У 2012 годзе са з'яўленнем у маім рэпертуары песні Леаніда Шырына «Мне добра» я зразумела, што мая ніша як спявачкі — эстрадны шансон. Гэта стала зразумела тады, калі кампазіцыя пайшла ў народ, і адбылося гэта даволі хутка. Глядач у зале заўсёды прымаў яе з авацыямі, яе прасілі рэжысёры ў канцэрты. Вось я і стала працягваць свой творчы шлях у гэтым жанры, і дастаткова паспяхова. А мае гледачы — тыя, хто любіць душэўныя песні, песні з сэнсам.
— На развітанне пажадайце што-небудзь нашым чытачам...
— Няхай у вашых дамах будзе святло, паразуменне, шчасце і каханне. Будзьце побач са сваімі роднымі, падтрымлівайце іх ва ўсім — гэта самыя галоўныя людзі ў вашым жыцці.
— Дзякуй, Вікторыя, за шчырую размову!
Надзея ЗУЕВА
Фота з архіва спявачкі
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.