Вы тут

Аляксей Гайдашоў: «Лаўка запасных» у нас  — на дзве-тры круглагадовыя экспедыцыі


Лічба «13» аказалася для ўдзельнікаў апошняй Беларускай антарктычнай экспедыцыі вельмі ўдалай. Пра гэта паведаміў падчас сустрэчы беларускіх палярнікаў у Доме Масквы нязменны кіраўнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый Аляксей Гайдашоў.


Сябар і надзейны партнёр

— Я ацэньваю яе як вельмі эфектыўную, і хоць навуковыя вынікі дзейнасці будуць апублікаваныя бліжэй да жніўня, упэўнена заяўляю, што хлопцы адпрацавалі сумленна па ўсіх шасці навуковых кірунках. Калектыў быў вельмі роўны і стабільны. Палову ўдзельнікаў складалі навічкі, а другую палову — хлопцы, якія ўжо былі раней у Антарктыдзе, прычым некаторыя — па некалькі разоў. Магчыма, такая прапорцыя таксама адыграла сваю ролю, — падзяліўся сваім меркаваннем Аляксей Гайдашоў. — Моладзь цягнулася за больш вопытнымі таварышамі. Тыя дапамагалі, падказвалі, а маладыя слухалі і былі адэкватныя. Атрымаўся эфектыўны сплаў энтузіязму і прафесіяналізму. Хачу заўважыць, што ў кожнай экспедыцыі заўсёды бываюць адзін-два «штрафнікі», якія ў нечым «правініліся» (у быце ці па рабоце). А гэтым разам такіх не было. Таму і тэхнічная работа, і навуковыя даследаванні — усё, што запланавалі, было зроблена. Можна з упэўненасцю казаць, што фарміраванне першай чаргі інфраструктуры Беларускай антарктычнай станцыі завершана, праверка ўсіх тэхналагічных сістэм прайшла паспяхова, прычым неаднаразова. Станцыя на дадзены момант падрыхтаваная да правядзення ў перспектыве зімовачных мерапрыемстваў.

Удзельнікі 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі адправіліся з Мінска 22 кастрычніка мінулага года, але да работы на станцыі змаглі прыступіць толькі ў апошніх чыслах снежня. Прыкладна месяц спатрэбіўся на выкананне жорсткіх санітарных мерапрыемстваў і ізаляцыю, што папярэднічалі экспедыцыі. Потым — доўгая дарога. А на Вялікую зямлю з Антарктыды яны адправіліся 3 красавіка. 16 мая вярнуліся на Радзіму.

Мерапрыемства ў культурна-дзелавым цэнтры «Дом Масквы» было прымеркавана да Дня палярніка, які адзначаецца ў Расіі 21 мая. Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел ветэраны-палярнікі — удзельнікі савецкіх і беларускіх антарктычных экспедыцый, прадстаўнікі навуковых арганізацый Акадэміі навук, члены Беларускага геаграфічнага таварыства і прадстаўнікі расійскага пасольства ў Беларусі. Таксама на сустрэчу былі запрошаны студэнты геаграфічнага і біялагічнагага факультэтаў БДУ.

Дом Масквы быў абраны месцам сустрэчы невыпадкова. «Дасягненні Беларусі ў стварэнні ўласнай антарктычнай станцыі сталі магчымыя дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Расійскай антарктычнай экспедыцыяй, і мы вельмі ўдзячныя нашым расійскім калегам за ўзаемадапамогу і падтрымку», — падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ.

«Так, мы ўсе «выраслі» з савецкіх антарктычных экспедыцый, і Расія па-ранейшаму застаецца нашым сябрам і надзейным партнёрам», — пацвярджае Аляксей Гайдашоў.

Аляксей ГАЙДАШОЎ і старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ на выставе «Дзейнасць Рэспублікі Беларусь у Антарктыцы».

Свой дом

Беларусь далучылася да Дагавора аб Антарктыцы ў 2006 годзе. Доўгі час пасля таго беларускія палярнікі працавалі фактычна ў палявых умовах. Расійскі бок даў беларусам у бязвыплатнае карыстанне некалькі збудаванняў, якія захаваліся з часоў савецкіх антарктычных экспедыцый. Умовы там былі вельмі спартанскія. Добра прагрэць памяшканне не было магчымасці. Мыліся вадой з чайніка, гатавалі на невялічкай газавай плітцы на дзве фаеркі з маленькімі балончыкамі...

А ў 2013 годзе ўрад, Нацыянальная акадэмія навук і Мінпрыроды па ўзгадненні з Мінфінам зацвердзілі план будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі. Два гады распрацоўвалася дакументацыя, вяліся падрыхтоўчыя работы. Першы аб'ект з'явіўся ў 2015 годзе — модуль кіравання сувязі і навігацыі. Там размешчана метэаралагічнае бюро, навігацыйнае абсталяванне, апаратура для сувязі як па Антарктыдзе, так і з Вялікай зямлёй, авіяцыяй і марскімі суднамі. Далей адбывалася паступовае нарошчванне інфраструктуры. Фарміраванне другога аб'екта — васьмісекцыйнага лабараторна-жылога модуля — завяршылася падчас 12-й экспедыцыі. Там ёсць навуковыя лабараторыі, жылыя памяшканні, тэхналагічны модуль кантролю за электраэнергіяй, санітарна-гігіенічная секцыя з душавымі, пральнымі машынамі, міні-кухня, секцыя-саўна з пакоем для адпачынку — так бы мовіць, палярны «трохзоркавы» атэль. А цяпер з'явіўся яшчэ і медыцынскі блок. З лагістычных прычын медыцынскія канструкцыі прыйшлі толькі ў канцы сезона работы 12-й экспедыцыі, таму палярнікі іх разгрузілі і вымушаныя былі ўжо эвакуіравацца на Вялікую зямлю. А медыцынскі аб'ект застаўся закансерваваны. Задачай 13-й экспедыцыі было разгарнуць яго, зманціраваць, праверыць і ўвесці абсталяванне ў эксплуатацыю.

— Медыцынскі модуль у нас, як кажа моладзь, з поўным «фаршам» самага сучаснага медыцынскага абсталявання — дыягнастычнага і аперацыйнага, якое дазваляе ў выпадку неабходнасці правесці нават складаныя хірургічныя ўмяшанні, — з гонарам кажа Аляксей Гайдашоў.

На шчасце, пакуль што сур'ёзная медыцынская дапамога палярнікам не спатрэбілася, хоць форс-мажорныя сітуацыі з'яўляюцца неад'емнай часткай знаходжання на Полюсе
холаду.

— Самае небяспечнае — гэты няўважлівасць і недысцыплінаванасць, бо мы ўсе моцна залежым адзін ад аднаго, — падкрэслівае кіраўнік экспедыцыі. — Адсюль усе праблемы. А прыродныя экстрэмальныя фактары — гэта другаснае. Іх можна навучыцца абыходзіць і папярэджваць.

Дарэчы, існуе градацыя метэаралагічных умоў. «Вецер да 25 метраў у секунду — гэта наш нармальны стан, — жартуе Аляксей Гайдашоў. — Пры хуткасці ветру 25-35 метраў у секунду і бачнасці ад 100 да 500 метраў перасоўвацца па станцыі можна толькі групамі, пры гэтым дзейнічаюць узмоцненыя патрабаванні да радыёабмену. А калі хуткасць ветру большая за 35 метраў у секунду і бачнасць 100 і менш метраў — дзейнічае забарона на выхад са збудаванняў, у гэтым выпадку прадугледжаны дыстанцыйная работы і харчаванне штармавымі пайкамі па месцы пражывання».

Уладзімір Гусакоў і ўдзельнікі 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў Доме Масквы.

На сувязі з роднымі

Падчас 13-й экспедыцыі ў раён гары Вячэрняя было дастаўлена ўнікальнае экалагічнае абсталяванне, якое адпавядае ўсім патрабаванням Пратакола аб ахове навакольнага асяроддзя: гэта ўстаноўка, якая дазваляе ўтылізаваць большасць відаў бытавога смецця, што спальваецца, і прэс для ўтылізацыі цвёрдых адходаў дзейнасці (металу, пластыку, шкла) для далейшага яго вывазу на Вялікую зямлю. Адбылася і сапраўды знамянальная падзея — запуск інтэрнэт-сістэмы новага пакалення, якая дазваляе перадаваць вялікія аб'ёмы навуковай інфармацыі, фота- і відэаінфармацыі, карыстацца сучаснай тэлемедыцынай. Акрамя таго, ва ўсіх членаў каманды было некалькі гадзін у канцы рабочага дня для зносін у месенджарах.

— Гэта вельмі якасны крок наперад: як тэхнічны, так і псіхалагічны, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў. — Да таго ж, упершыню ў складзе 13-й экспедыцыі ўдзельнічаў спецыяліст па арганізацыі харчавання. Паверце, што ёсць вялікая розніца ў параўнанні з тым, калі мы дзяжурылі на кухні па чарзе. Па-першае, у нас цяпер было больш часу для выканання запланаваных работ плюс рэгулярнае здаровае харчаванне.

Паказальна, што кожны год у складзе чарговай экспедыцыі ёсць спецыялісты, якія ўжо бывалі ў Антарктыцы і хочуць паехаць зноў. Напрыклад, у складзе 13-й экспедыцыі было пяць вопытных палярнікаў. Гэта вельмі важна. Навічка навучыць досыць складана: ён можа быць суперпрафесіяналам на Вялікай зямлі, але ў Антарктыдзе вельмі шмат нюансаў, складанасцяў, асаблівыя ўмовы жыцця. Між іншым, паводле сусветнай статыстыкі, толькі ад 25 да 35 працэнтаў палярнікаў вяртаюцца ў Антарктыду зноў. У нас жа гэты паказчык перавышае 50 працэнтаў.

— Для правядення зімовачных мерапрыемстваў павінна быць створана «лаўка запасных». Я з упэўненасцю магу сказаць, што ёсць 28-30 чалавек, якія прайшлі праз папярэднія экспедыцыі і выказваюць жаданне працаваць у наступных, у тым ліку і круглагадовых, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў. — Колькасць ахвотных — на дзве-тры круглагадовыя экспедыцыі. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія ведаюць, куды і навошта едуць, як там сябе паводзіць і як працаваць.

Аляксей ГАЙДАШОЎ і студэнты БДУ.

Дзверы адчынены

Натуральна, усіх цікавіць, як можна трапіць у Антарктыду, бо гэта ж не звычайнае падарожжа і нават не экстрэмальны турызм. Сярод патрабаванняў — добрае здароўе, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы. Кожны ўдзельнік павінен быць спецыялістам у якой-небудзь з навуковых сфер, прычым вельмі высокага ўзроўню. Акрамя таго, ён мусіць выконваць і работу па іншых профілях. Але галоўнае ва ўмовах ізаляцыі ад Вялікай зямлі — усё ж поўная псіхалагічная су-мяшчальнасць удзельнікаў экспедыцыі, іх кантактнасць, камунікабельнасць і маральна-валявыя якасці: каб можна было цалкам давяраць чалавеку, што знаходзіцца побач з табой.

Экспедыцыя толькі на 20—25 % складаецца з навуковых супрацоўнікаў. Астатнія — гэта тэхнічны персанал: механікі, кіроўцы, электрыкі, бо ёсць шмат работы, звязанай з будаўніцтвам, уладкаваннем станцыі, падтрыманнем яе жыццезабеспячэння. Калі навуковых супрацоўнікаў камандзіруе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, то на астатнія штатныя пасады могуць прэтэндаваць высакакласныя спецыялісты з іншых ведамстваў і арганізацый.

Цікава, што дарога ў Антарктыду не закрытая і для жанчын. Ва ўсялякім выпадку, так сцвярджае начальнік экспедыцыі. Жанчыны працуюць у многіх міжнародных экспедыцыях: хімікамі, біёлагамі, медыкамі... Але заключыўшы кантракт на работу ў Антарктыцы, жанчына, умоўна кажучы, страчвае свой пол і становіцца проста супрацоўнікам, без усялякіх скідак.

— Нашы дзверы адчынены. Калі ў вас ёсць сур'ёзныя намеры, прыходзьце, будзем разглядаць, — запэўнівае Аляксей Гайдашоў.

Ліпа ў Антарктыдзе?

Без перабольшання легендарнай асобай сярод беларускіх палярнікаў з'яўляецца біёлаг Юрый Гігіняк. Яго першая зімоўка была ў складзе 16-й Савецкай антарктычнай экспедыцыі — з 1970-га да 1972 года. У 1971 годзе ўпершыню ў Антарктыдзе быў узняты сцяг БССР. А праз 50 гадоў ён зноў адправіўся на шосты кантынент у складзе 12-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, якая стала для яго пятай па ліку. Летась ён адзначыў сваё 75-годдзе, але ўпэўнены, што можа здзейсніць новую камандзіроўку на Паўднёвы полюс планеты. Дарэчы, сваю кандыдацкую па Антарктыдзе ён абараніў яшчэ ў 1975 годзе.

Юрый Гігіняк расказаў удзельнікам сустрэчы ў Доме Масквы пра ўнікальныя адкрыцці, зробленыя беларускімі біёлагамі ў Антарктыдзе. Так, падчас 12-й антарктычнай экспедыцыі ўдалося дастаць з возера Ніжняга керн памерам 195 сантыметраў. Для гэтага палярнікам давялося прабіць чатыры метры лёду, потым у замарожаным выглядзе керн быў дастаўлены на карабель, марскім шляхам — у Санкт-Пецярбург і толькі потым трапіў у Мінск у навуковыя лабараторыі Акадэміі навук. Унікальны ўзор дазволіў даведацца, што адбывалася з раслінным светам у гэтым рэгіёне за перыяд каля 20 тысяч гадоў. Сапраўдным адкрыццём стала выяўленне ў керне пылку елкі і ліпы. А пасля таго як керн пачаў раставаць, высветлілася, што нават у самых ніжніх яго слаях мікраарганізмы ажываюць…

У склад Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ) сезона 2020—2021 гадоў увайшлі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута прыкладной фізікі, Інстытута прыродакарыстання), БДУ (Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы) і іншых арганізацый краіны: Аляксей ГАЙДАШОЎ — нязменны кіраўнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый; Уладзімір НЕСЦЯРОВІЧ — начальнік сезоннай палявой базы; Павел РАСТОЎ — галоўны спецыяліст-механік; Ягор КОРЗУН — вядучы спецыяліст (біёлаг-эколаг); Сяргей ЛЮТЫ — вядучы спецыяліст, адказны за харчаванне; Уладзіслаў БАЗЫЛЕВІЧ — вядучы спецыяліст (фізіка атмасферы); Леанід НІКІЦЮК — урач-хірург-анестэзіёлаг вышэйшай катэгорыі; Сяргей ЗУБРЫЦКІ — вядучы спецыяліст (электрык-энергетык, спецыяліст па сродках УКХ і КХ сувязі); Павел ШАБЛЫКА — вядучы спецыяліст (геафізік); Мікалай ЗІНЬКЕВІЧ — вядучы спецыяліст (праграміст).

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і НАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.