Вы тут

Віцебская мастацкая памяць. «Меншасць у мастацтве», ці «Адзіноцтва Шагала»


Магчыма, кнігі, падобныя адмысловай хрэстаматыі, укладзенай вядомым гісторыкам Віцебшчыны Валерыем Шышанавым, выходзілі і раней. Але ці вельмі даўно і абмежаваным накладам. Альбо — далёка за межамі Беларусі. На крайні выпадак, сустрэча з кнігай «Выяўленчае мастацтва Віцебска 1918 — 1923 гг. у мясцовым перыядычным друку» асабіста для мяне стала сапраўдным адкрыццём.


І хоць у выхадных даных пазначана, што зборнік з’яўляецца бібліяграфічным паказальнікам з публікацыяй тэкстаў, кніга, дзякуючы менавіта публікацыі газетных артыкулаў, выходзіць за межы адно толькі паказальніка. У прадмове «Ад укладальніка» В. Шышанаў такім чынам вызначае задачы выдання: «Культурнае жыццё Віцебска першых паслярэвалюцыйных гадоў невыпадкова прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Для многіх выдатных мастакоў, музыкантаў, філосафаў, літаратараў, артыстаў знаходжанне ў горадзе сталася яркай, значнай старонкай у біяграфіі.

Публікацыі ў мясцовым перыядычным друку поруч з перапіскай, успамінамі, архіўнымі дакументамі з’яўляюцца важнейшымі крыніцамі, якія дазваляюць раскрыць падзейны шэраг „віцебскага рэнесансу“.

Пазначаныя храналагічныя рамкі (1918–1923) дастаткова дакладна супадаюць з першымі сімптомамі актывізацыі культурнага жыцця, адлюстраваннем яго ў перыядычным друку і паступовым затуханнем і трансфармацыяй на працягу 1922-1923 гадоў. Так, з пачаткам 1924 года ў віцебскіх „Известиях“ рэзка скарачаецца колькасць публікацый, якія асвятляюць падзеі ў сферы мастацтва. Адбываюцца і важнейшыя адміністрацыйна-палітычныя, а з імі і культурна-сацыяльныя пераабсталяванні — 10 сакавіка 1924 года большая частка тэрыторыі Віцебскай губерні ўваходзіць у якасці Віцебскай акругі ў склад БССР.»

Укладальнік правёў літаральна тытанічную работу. Прагледжаны наступныя выданні: «Витебский листок» (штодзённая прыватная газета, выдавалася з 21 студзеня (3 студзеня) 1916 да 12 ліпеня 1919 года); «Известия Витебского губернского исполнительного комитета советов ученических депутатов» (штотыднёвая газета, выдавалася з лютага да чэрвеня 1919 г.), з чэрвеня па жнівень — штотыднёвік «часопіснага тыпу» «Школа и революция»; «Вечерняя газета» (выданне Саюза журналістаў, выходзіла ў верасні — лістападзе 1921 г.); часопіс «Искусство» (выходзіў у сакавіку-маі 1921 г.); газета «Отклики» (выданне секцыі журналістаў і паліграфпрама, выходзіла ў маі—верасні 1922 г.). Асноўны масіў публікацый — з газеты «Известия Военно-революционного комитета города Витебска» (сённяшні «Віцебскі рабочы»).

Уявіце сабе, што перад вамі — нумар «Витебского листка» за 7 снежня 1918 года. На другой-трэцяй старонках — артыкул Г. Грыліна «Права на адзіноту». У падзагалоўку: «Да сённяшняга даклада Марка Шагала». Забягаючы наперад, працытуем «Пісьмо ў рэдакцыю» самога Марка Шагала (з «Витебского листка» за 9 снежня): " Таварыш рэдактар! Дазвольце заявіць на старонках Вашай газеты, што дыспут-даклад у акруговым судзе 7 снежня па непрадугледжаных абставінах і не па маёй віне адбыцца не мог". А за два дні да гэтай інфармацыі вось пра што разважае Г. Грылін на старонках "«Витебского листка»: «Таленавіты мастак Марк Шагал рашыўся, нарэшце, не толькі свае творы, але і свае погляды на мастацтва прадставіць на суд грамадству, і сёння ён чытае публічны даклад на тэму „Меншасць у мастацтве“, з абмеркаваннем.

Цяжка і душна жыць чуйнаму мастаку ў атмасферы нашай паўсядзённай будзёншчыны, сярод грубых і пахабных густаў мяшчанства.

Але яшчэ цяжэй жыць сярод нас Марку Шагалу, яшчэ недастаткова прынятаму і ўсвядомленаму знатакамі жывапісу, крытыкамі яго.

Вузкае і грубае мяшчанства патарбуе ад мастака „душы наросхрыст“, арыфметычнай выкладкі яго твораў, яно не прымае сфінксаў і ўсё тое, што падаецца яму незразумелым, яно лічыць абсурдным, нявартым фіглярствам.


Сёння Марк Шагал выкладае свае погляды на мастацтва, сёння ён кідае пальчатку нашаму віцебскаму „грамадству“, сваёй радзіме, любоўю да якой прасякнута большасць яго мастацкіх твораў.

Марк Шагал чытае пра „меншасць у мастацтве“. Але па сутнасці тут размова ідзе не пра меншасць, а пра „адзіноцтва“ у мастацтве.

Марк Шагал сапраўды адзінокі, акружаны грубымі, нахабнымі густамі і цемрашальствам. Гэта — трагедыя душы мастака».

Кніга, укладзеная В. Шышанавым, — унікальная па сваёй шырыні ілюстрацыя пра мастацкае жыццё ў Віцебску на працягу першых пяці паслярэвалюцыйных гадоў. А яшчэ — добрая падказка даследчыкам не толькі ў галіне гісторыі культуры, але і тым, хто вывучае гісторыю айчыннай перыёдыкі. І, як на мой прыватны погляд, яна патрабуе шырокага масавага перавыдання. Несумненна, перакладу на англійскую і французскую, ды і, магчыма, на іншыя мовы.

Мікола МІРШЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.