Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Нам трэба думаць пра будучыню больш сур’ёзна


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргеем Лебедзевым. Сустрэча прымеркавана да пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД.


Сёлета Беларусь старшынствуе ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. І, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, работы яшчэ шмат.

«Паставіць сур’ёзныя задачы і зрабіць прарыў»

«Нам трэба падумаць над тым, з улікам вопыту, чым у рэшце рэшт будзе займацца СНД, паставіць сабе больш сур’ёзныя задачы і, калі так можна выказацца, ажыццявіць нейкі прарыў у гэтай арганізацыі. Зразумела, што яна цяпер — нейкая дыскусійная пляцоўка ў асноўным, дзе мы абмяркоўваем важныя пытанні. Трэба, як мне здаецца, напоўніць нашу арганізацыю нейкай канкрэтыкай. Фактычна парасонавую арганізацыю над ЕАЭС, АДКБ і гэтак далей», — заявіў Прэзідэнт.

Ён прапанаваў адкрыта пагаварыць з кіраўнікамі дзяржаў, абмеркаваць, ці гатовыя яны рухацца ў напрамку іншых, больш цесных, аб’яднанняў, дапусцім, у эканоміцы ЕАЭС, ваенна-палітычнай сферы АДКБ.

«Калі б вы прапрацавалі гэтае пытанне і ўнеслі прапанову, я быў бы добрым лабістам нашага выканкама, каб прапанаваць кіраўнікам дзяржаў надаць больш дынамікі, большага аўтарытэту і вагі арганізацыі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Спакойнага жыцця нам ніхто не гарантуе»

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму звярнуў уваг на гэтае пытанне. Па яго словах, падзеі апошніх дзён, тыдняў і месяцаў яскрава сведчаць пра тое, што трэба быць бліжэй.

«Я не хачу, каб падумалі некаторыя, што я спрабую краіны СНД падцягнуць да праблем Беларусі. Справа не ў гэтым. Нам трэба думаць пра будучыню больш сур’ёзна. А гэтыя інцыдэнты — яны былі, ёсць і будуць. Спакойнага жыцця нам ніхто не гарантуе. А вось бліжэй быць, пакуль яшчэ мы размаўляем на адной мове, цяперашняе пакаленне палітыкаў, нам трэба. І сур’ёзна папрацаваць нам яшчэ трэба», — адзанчыў беларускі лідар.

Саміт кіраўнікоў краін СНД плануецца правесці ў Мінску сёлета 15 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ўдзельнікі нядаўняга пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое праходзіла ў фармаце відэканферэнцыі, абмяркоўвалі правядзенне саміту ў Мінску. Па яго словах, планавалася, што спачтку пройдзе пасяджэнне ЕАЭС, дзе прэзідэнты разбяруць пэўныя пытанні, а пасля пройдзе сустрэча ў межах СНД.

«Словам, я гатовы да таго, каб сур’ёзна сустрэць тут кіраўнікоў дзяржаў у вочным рэжыме і прадставіць сур’ёзныя тэмы для размовы», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

«Не толькі агладявацца назад, але і глядзець наперад»

Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што сёлета Беларусь вельмі актыўна ўступіла ў сваё старшынства. Пад старшынствам Беларусі правялі шэраг важных пасяджэнняў і не толькі ў відэафармаце: псяджэнне міністраў замежных спраў пад старшынствам міністра замежных спраў Беларусі ў Маскве, упершыню за год кіраўнікі ўрадаў сустрэнуцца ўжывую. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў дадаць актыўнасці.

«Мы пастаянна адчуваем увагу кіраўніцтва Беларусі, бачым, што і вы сочыце за ходам старшынства, за рэалізацыяй усіх запланаваных мерапрыемстваў. А іх запланавана вельмі шмат і на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, і, што характэрна, пад старшынствам Беларусі. У гэтым годзе — 30 гадоў СНД. І тут вы маеце рацыю, што нам трэба не толькі азірнуцца назад на 30 гадоў, але і глядзець наперад, як ісці далей. Хачу адразу сказаць, што мы даўно ўжо працуем над тым, каб зрабіць дзейнасць СНД больш эфектыўнай. На гэта накіраваны нашы сумесныя дзеянні з ЕАЭС», -—сказаў Сяргей Лебедзеў.


Каментарый у тэму

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Сяргей Лебедзеў падрабязна расказаў журналістам, аб чым ішла гаворка.

Па яго словах, само жыццё падахвочвае да неабходнасці зрабіць садружнасць больш эфектыўнай, пра што сёння казаў Аляксандр Лукашэнка.

«Ёсць жаданне падтрымліваць кантакты»

«Ва ўмовах санкцый, ва ўмовах ціску краін Захаду на краіны СНД, які ўзмацніўся, мы вымушаныя актывізаваць наша ўзаемадзеянне, наша супрацоўніцтва. І мы бачым у гэтым выратаванне, выхад са складанай сітуацыі, у якую нас вымушана ставяць нашы партнёры на Захадзе» — адзначыў ён.

Старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД падкрэсліў, што палепшыць сітуацыю і ўзаемадзеянне можна і трэба за кошт актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва, актывізацыі гуманітарных сувязяў, сустрэч.

«У гэтым годзе, калі Беларусь з’яўляецца старшынёй СНД, у яе ёсць магчымасць надаць новы імпульс нашаму ўзаемадзеянню. Як старшыня выканкама СНД, які бывае ў краінах Садружнасці і мае зносіны з кіраўніцтвам, я бачу, што такое жаданне ў народаў краін Садружнасці ёсць. Яшчэ захаваліся дружалюбныя адносіны паміж народамі краін, веданне культуры, літаратуры, мастацтва адно аднаго, жаданне падтрымліваць кантакты, ёсць жаданне актывізаваць турызм на прасторы СНД», — расказаў Сяргей Лебедзеў.

«Беларусі ёсць, што паказаць»

Асобна ён спыніўся на развіцці турызму на прасторы СНД, бо краінам Садружнасці, у тым ліку і Беларусі, ёсць, што паказаць.

«Беларусь прывяла ў добры стан многія гістарычныя помнікі, і тут шмат прыродных запаведнікаў, якія можна выкарыстоўваць для экалагічнага турызму. Я ўжо не кажу пра Каўказ, сярэднюю Азію. Лічбы кажуць пра тое, што намаганні прыносяць свой плён. Адзінае, што нас тармозіць — гэта пандэмія ковіда, якая спрыяла зніжэнні колькасці турыстаў, унесла велізарныя складанасці ў перасоўванне турыстаў не толькі ў СНД, — адзначыў ён. — Мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб не толькі захаваць наша супрацоўніцтва, але і развіваць яго, удасканальваць і павялічваць аб’ёмы ўзаемных сувязяў і самае галоўнае іх карыснасці адно для аднаго».

«Вырашаць праблемы лягчэй разам»

Сяргей Лебедзеў звярнуў увагу на тое, што Прэзідэнт Беларусі ўважліва сочыць за ходам старшынства рэспублікі ў СНД і хоча, каб яно было эфектыўным. Па яго словах, беларускаму лідару гэта ўдаецца.

«Для Прэзідэнта важная падрыхтоўка да восеньскага пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў, якое пройдзе 15 кастрычніка ў Мінску. Адміністрацыя Прэзідэнта, міністэрства замежных спраў, выканкам СНД ужо прапрацоўваюць парадак дня сустрэчы. Мы вельмі спадзяемся, што нічога не перашкодзіць асабіста сустрэцца прэзідэнтам і шчыра пагаварыць аб праблемах СНД», — сказаў Сяргей Лебедзеў.

Ён не стаў утойваць, што ў Садружнасці ёсць праблемы. «Самае галоўнае для мяне і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, як старшыні СНД — каб гэтыя праблемы вырашаліся і вырашаліся сумесна. І ёсць разуменне, што асобна мы іх не вырашым. Мы можам іх вырашыць толькі разам і эканамічныя, і знешнепалітычныя праблемы. Калі мы разам — вырашаць іх нашмат лягчэй», — падкрэсліў старшыня выканкама СНД.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».