Вы тут

«Патрэбна методыка, па якой педагог можа вызначыць псіхічныя асаблівасці сваіх вучняў»


Развагі пасля трагедыі ў расійскай школе

Тое, што адбылося 11 мая ў адной са школ Казані (сталіца Татарстана), не можа не хваляваць. Стрэлы па дзецях і настаўніках ранілі душы і беларускіх маці, бацькоў і педагогаў. Жах, боль, смутак немагчыма выказаць словамі, як і ўсвядоміць гібель беззабаронных дзевяці чалавек, сямёра з якіх — дзеці. Больш за 20 атрымалі раненні. Злачынец адкрыта нёс зброю па вуліцы, свой смяротны акт анансаваў на старонцы ў сацсетцы...


Пакінь будучыню ў спакоі...

«Пакінь будучыню ў спакоі, не ладзь яе ў думках. Займіся сапраўдным, дары яму любоў і адсутнасць страху. І тады кожны наступны момант, які стаў жывым імгненнем, будзе напоўнены шчасцем і гармоніяй», — немагчыма чытаць са спакойным сэрцам гэтыя радкі. Іх незадоўга да гібелі адправіла ў свет адна з загінулых — 26-гадовая настаўніца англійскай мовы Эльвіра Ігнацьева. Яна дзялілася сваімі думкамі ў посце, калі ў раскладзе заняткаў была фортка, чакала свайго ўрока, выйшла на гукі ў калідор, засланіла сабой ад стрэлаў школьніка. Іншая фраза ўжо з інфармацыйнага патоку навін урэзалася ў маю памяць: «Ахвяраў магло б быць і больш, калі б не дакладныя дзеянні дырэктара і настаўнікаў школы... У цэлым сіламі выкладчыкаў удалося выратаваць і вывесці з будынка 854 вучні».

Хочацца, каб у сэрцах нашых дзяцей, якіх так ці інакш інфармацыйны віхор пасвяціў у падрабязнасці казанскай трагедыі, не засталося адчування толькі жаху. Няхай яны зразумеюць, што ёсць людзі, здольныя выратаваць іншых цаной свайго жыцця, абараніць іх.

Між тым нават дарослым цяжка перажыць, асэнсаваць катастрофу. Страшна, калі парушаецца базавае пачуццё бяспекі, і гэта чытаецца між радкоў у каментарыях, абмеркаваннях трагедыі ў бацькоўскіх чатах. Большасць выказвае словы спачування і падтрымкі сем’ям тых, хто страціў дзяцей, выказвае нізкі паклон настаўнікам, якія баранілі вучняў.

Актыўна пазіцыю аб недапушчэнні падобнага бацькі школьнікаў выказваюць ва ўласных профілях у сацсетках. Ёсць нараканні накшталт: пакуль не адбудзецца трагедыя, ніхто не задумаецца над узмацненнем абароны дзяцей у школах і дзіцячых садках. Гучаць прапановы аб нясенні службы ва ўстановах адукацыі супрацоўнікаў міліцыі, увядзенні статусу рэжымнага аб’екта. Ёсць і заўвагі аб тым, што гэта немагчыма. Абмяркоўваюць бацькі і ўплыў дэструктыўных груп, каналаў з адпаведным кантэнтам у інтэрнэце, дзе нехта зарабляе грошы на праглядах, мякка кажучы, спецыфічнага зместу падлеткамі. Прынамсі, магу адзначыць, што некаторыя бацькі школьнікаў з майго акружэння дзяліліся: іх дзеці на наступны дзень пасля трагедыі ў Казані баяцца ісці ў школу.

З аднаго боку, у бацькоў есць жаданне абараніць дзяцей ад негатыву — інфармацыі аб фактах гвалту, забойства, што нясуць крымінальныя выпускі навінаў. З іншага боку, ці не крывадушша цяпер — спакойна назіраць за «лайкамі» ў тым жа Tіk-Tok у адрас «казанскага стралка»? У расійcкіх СМІ з’явілася інфармацыя, што супрацоўнікі ФСБ і МУС пасля трагедыі ў Казані вымушаны разбірацца з дзясяткамі паведамленняў ад так званых пераймальніках забойцы з Татарстана. Асобы практычна ўсіх пераймальнікаў ужо ўстаноўлены, і з кожным праведзена прафілактычная гутарка. Але галоўнае, падкрэсліваюць праваахоўнікі, што праведзены гутаркі і з бацькамі. Многія такія пагрозы школьнікі пішуць, не ўсведамляючы наступстваў, наогул не разумеючы, пра што гавораць. Толькі за трое сутак пасля страшнай трагедыі сілавікі выявілі 17 пераймальнікаў забойцы.

Што адказваць на пытанні дзяцей пра гібель ва ўстанове адукацыі? Ці варта наогул абмяркоўваць такую тэму з дзецьмі? Гэтыя пытанні адрасую практыкуючаму псіхолагу, педагогу — выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Таццяне САСНОЎСКАЙ.

Фота з архіва гераіні.

— Галоўная парада для бацькоў вучняў пачатковай школы у такіх выпадках — супакоіць. Калі дзіця ўстрывожана, баіцца ісці ў школу, то лепш перавесці яго ўвагу на тое, што трагедыя, аб якой ён пачуў, здарылася далёка ад нас. Раю давесці, што мы заўсёды спадзяёмся на нашых праваахоўнікаў, якія абавязкова зберагуць дзяцей ад злачынства.

З 12 гадоў усё ж лепш абмяркоўваць падобныя рэзанансныя выпадкі адкрыта. Гэта можа быць сустрэча з псіхолагам або класны кіраўнік можа ініцыяваць нефармальную размову, галоўнае — у камфортнай давернай атмасферы.

У любым выпадку, лепш, каб дзіця ці падлетак выказаліся, ускрылі свой страх. У размове можна звярнуць увагу, наколькі важная ў школе, у класе эмпатыя: калі кагосьці крыўдзяць, хтосьці адзінокі і пакінуты, незразумелы — ад чужой праблемы нельга проста адмахнуцца.

Бомба ў галаве, а не ў сумцы...

Дарэчы, мая суразмоўніца ўжо некалькі гадоў падчас заняткаў са студэнтамі звяртаецца да абмеркавання з будучымі псіхолагамі такой вострай тэмы, як масавыя забойствы ў школах. Галоўная мэта — дыягностыка і прафілактыка трагічных выпадкаў.

— Таццяна Іванаўна, да якіх высноў прыходзяць псіхолагі, калі аналізуюць перадумовы падобных трагедый?

— У сувязі з падзеямі ў Казані некалькі дзён таму я выступала перад будучымі псіхолагамі, студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Гэта была работа ў межах псіхалагічнай лабараторыі з другакурснікамі. Тэмай недапушчэння масавых забойстваў у школах мы цікавімся даўно, вывучаем, разам абмяркоўваем: чаму і як адбываюцца такія трагедыі. Я звярнула ўвагу студэнтаў на аналіз псіхолагамі і псіхатэрапеўтамі бяды 2018 года ў Керчы, калі студэнт чацвёртага курса каледжа Уладзіслаў Раслякоў адкрыў у навучальнай установе стральбу і падарваў самаробнае выбуховае прыстасаванне. Загінуў 21 чалавек, больш за паўсотню атрымалі раненні. Пасля атакі 18-гадовы юнак застрэліўся. Аналізуем і гісторыі мінскага забойцы з бензапілой і сякерай Казакевіча, «аптэкарскага стралка» Вінаградава, а таксама Брэйвіка.

У «стралкоў» спецылістамі дыягнаставаны сіндром маральна-духоўнай дэгенерацыі. Гэта вынік глыбокай, чорнай дэпрэсіі, якая звязаная са стратай эмацыянальных сувязяў з іншымі людзьмі. Для такіх людзі здаюцца ілюзорнымі, «кардоннымі», як персанажы ў камп’ютарнай гульні. Няма каштоўнасці ўласнага цела, адпаведна і іншыя людзі не цэняцца наогул. Уласнага цела не шкада, таму што яны не асацыююць сябе са сваёй цялеснай абалонкай, ім хочацца скінуць цела, каб трапіць да «бога» хутчэй. У СМІ распаўсюджана інфармацыя з першых допытаў забойцы з казанскай гімназіі, дзе Ільназ Галявіеў расказвае, што выношваў план смяротнага акта каля двух месяцаў. Спачатку нібыта зразумеў, што з’яўляецца сапраўдным богам, а потым захацеў даказаць сваю магутнасць свету.

Масавае забойства, якое здзяйсняе чалавек з сіндромам маральна-духоўнай дэгенерацыі, разглядаецца спецыялістамі як пашыраны суіцыд, а не як тэрарыстычны акт. Між тым усе адзначаныя «стралкі» — гэта людзі з падобным псіхалагічным тыпам асобы — ціхія, непрыкметныя, разумныя, спакойныя, адзіночкі. Ва ўсіх падобны сямейны бэкграўнд: канфліктныя адносіны з бацькамі, у дзяцінстве маглі падвяргацца моцнай агрэсіі. Гэта дзеці, якія калісьці стаілі злобу, не змаглі перажыць крыўду.

— Ці можа, на ваш погляд, педагог папярэдзіць няшчасце і неяк паўплываць на дзяцей, з якіх вырастаюць такія людзі?

— Цяжэй за ўсё казаць пра педагогаў. Сярод забітых у Керчы — пяцёра выкладчыкаў каледжа, у Казані — двое настаўнікаў. Чаму не заўважылі, чаму не прадухілілі?

Вядома, і педагогі, і школьныя псіхолагі завалены папяровай работай, справаздачнасцю, проста пагаварыць па душах становіцца няма калі. Жывыя зносіны паміж педагогам і вучнем часам мінімізаваны. Канспекты, тэсты, кантрольныя зрэзы, удзел у разнастайных конкурсах, анкеты, апытанні, вынікі тэстаў, справаздачы, справаздачы...

На самай справе педагог часта нават не ўяўляе, не можа ўявіць, што ў вучня ўнутры. Калі з’яўляецца відавочная праблема, імкнуцца прыцягнуць да ўдзелу ў яе вырашэнні псіхолага, які, як правіла, ніякія ўрокі не вядзе, дзяцей бачыць толькі ў час агульнага тэсціравання або на кансультацыі, калі ўжо нешта здарылася.

Між тым масавымі забойцамі не становяцца за адзін дзень, нянавісць да людзей назапашваецца паступова, а гэта можна прасачыць. Лічу, што патрэбна такая методыка, па якой педагог мог бы сам вызначыць псіхічныя асаблівасці сваіх вучняў, іх стан, схільнасці і жаданні. У любым выпадку, змяніць карціну можна толькі, калі імкнешся змяніць сітуацыю для ўсіх, бо мы жывём у калектыве, грамадстве, члены якога ўплываюць на кожнага з нас.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота маюць ілюстратыўны характар. Аўтар: Анатоль КЛЯШЧУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.