Вы тут

Дарогі, дрэвы, помнікі, клумбы


Астроміцкі сельсавет можна аднесці да ліку сярэдніх па велічыні і насельніцтве ў Кобрынскім раёне, што на Брэстчыне. На тэрыторыі пражывае каля трох тысяч чалавек, у склад уваходзіць 20 вёсак. Ёсць два даволі вялікія аграгарадкі, а ў некаторых вёсках засталіся лічаныя жыхары. І самае надзённае пытанне зносін паміж населенымі пунктамі, забеспячэння іх гандлёвымі, медыцынскімі, сацыяльнымі паслугамі завязана на дарогах.


Помнік у Шамятоўцы.

— Падтрыманне ў парадку дарог — найважнейшае пытанне парадку дня, — гаворыць старшыня Астроміцкага сельскага Савета Валянціна ВАЛАСЮК. — Гэты працэс ідзе пастаянна. Праводзіцца падсыпка, рамонт дарог па меры неабходнасці. Вось і сёлета ўжо паляпшалі дарогу ў аграгарадку Астромічы, правялі падсыпку на ўчастках па вуліцы Заходняй і вуліцы Кобрынскай. Там у нас новабудоўлі, і, вядома, паляпшаць дарогу трэба было неадкладна.

Літаральна некалькі тыдняў таму пракладзены асфальт на дарозе ад трасы Р2 да былой вёскі Шляхта, зараз яна ўвайшла ў склад аграгарадка Астромічы. Тры кіламетры заасфальтаванай дарогі, несумненна, азначаюць новы ўзровень якасці жыцця для людзей, якія кожны дзень ездзяць па гэтай дарозе на работу, з работы, возяць дзяцей у дзіцячыя ўстановы, едуць па справах.

Справа ў тым, што ў Астромічах пражывае каля тысячы чалавек. Тут размяшчаецца сельгаспрадпрыемства, участак сістэмы нафтаправода «Дружба», лясніцтва, школы — агульнаадукацыйная і музычная, а таксама цэлы шэраг устаноў сацыяльна-культурнага прызначэння. Усе яны павінны своечасова прыходзіць на работу ў любую пару года, у любое надвор'е, што магчыма пры наяўнасці добрых дарог. Таму пракладка ладнага асфальтаванага адрэзка, вядома — падзея для вёскі не другарадная.

Яшчэ адна праблема добраўпарадкавання тэрыторыі звязана з выдаленнем старых дрэў. Паводле меркавання Валянціны Валасюк, вялікая колькасць дрэў у найбуйнейшых населеных пунктах была пасаджана прыкладна ў адзін час. І таму амаль адначасова дрэвы вычарпалі свой рэсурс: адны сталі аварыйнымі, іншыя проста састарэлі і патрабуюць замены. А гэта вялікая работа. Вось і на бягучы год сельвыканкам запрасіў дазвол у адпаведных структур на знос 19 дрэў. У названай рабоце мясцовай уладзе дапамагаюць два сельгаспрадпрыемствы, якія размешчаны на тэрыторыі, а таксама Астроміцкае лясніцтва.

«А вось падтрымліваць знешні выгляд вёскі ў належным стане ў нас стараюцца ўсе», — заўважае Валянціна Пятроўна. У гэтым пытанні прыклад паказвае сярэдняя школа. Школьны двор, навакольная тэрыторыя з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках, настаўнікі-энтузіясты разам з вучнямі вырабляюць розныя кампазіцыі, малыя архітэктурныя формы, каб аздобіць школьны двор. ААТ «Астромічы» перад канторай разбіла аграмадную клумбу. Цікава афармляюць сваю тэрыторыю лясніцтва, музычная школа, школы ў іншых населеных пунктах, сельгаспрадпрыемства «Племзавод «Дружба».

Новы ўчастак дарогі.

У вёсцы Шамятоўка, куды мы выправіліся са старшынёй сельскага Савета, выгадна вылучаецца агульны двор сельскага Дома культуры і пошты. Двухпавярховы будынак вельмі стары, узведзены недзе адразу ў пасляваенны час, сёння меў бы выгляд даволі пануры, каб работнікі клуба на чале з яго загадчыцай-бібліятэкарам Наталляй Андраюк не прыбралі хораша двор. Кветкі, розныя ўпрыгажэнні на маленькіх акуратных клумбах робяць тэрыторыю жывой, прывабнай, вясёлай. А вось чуткі аб тым, што іх культурную ўстанову могуць закрыць ужо сёлета, вельмі засмучаюць жыхароў. Для Шамятоўкі, дзе пражывае каля 200 жыхароў, гэта будзе адчувальная страта.

Літаральна насупраць Дома культуры, праз дарогу, устаноўлены помнік ваенным падзеям. Яго паставілі некалькі дзесяцігоддзяў таму ў гонар землякоў, якія загінулі на франтах і падчас акупацыі. Зараз помнік патанае ў навакольных зарасніках бэзу. Тэрыторыя яго дагледжаная, прыведзеная ў парадак, фрагменты манумента пафарбаваны і ачышчаны яшчэ напярэдадні 9 Мая.

— Усяго на тэрыторыі сельсавета ўстаноўлена 16 помнікаў, прысвечаных падзеям вайны, — расказвае старшыня выканкама. — Падтрымліваем парадак вакол іх на працягу года. Для гэтага кожны абеліск замацаваны за ўстановай адукацыі альбо арганізацыяй, установай. А штогадовы вясновы рамонт становіцца клопатам выканкама. Многія памятныя знакі даволі старыя, яны патрабуюць рэгулярнага абнаўлення. Бывае, пачысціш, пафарбуеш, а літаральна праз месяц абеліск зноў пацямнеў ад дажджу ці снегу, даводзіцца брацца за фарбу і пэндзаль зноў. Але ж гэта наш абавязак перад памяццю, і мы яго выконваем, — падсумавала кіраўнік мясцовай улады.

На гэтым тыдні на пасяджэнні Астроміцкага сельвыканкама дэпутаты таксама разгледзелі пытанне добраўпарадкавання тэрыторыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ,

Кобрынскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».