Вы тут

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правяло вучэнне на ўнікальным прамысловым аб'екце


На адным з заводаў у Пухавіцкім раёне грузавы аўтамабіль сутыкнуўся з цыстэрнай, якая перавозіць аміяк. Пад аўтамабілямі апынуліся два работнікі прадпрыемства...


На месца здарэння тэрмінова прыбылі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Налажыўшы бандаж на пашкоджаную цыстэрну, ратавальнікі-хімікі ўстанавілі вадзяныя заслоны з мэтай папярэджання распаўсюджвання небяспечных пароў аміяку. Пацярпелых дэблакіравалі з дапамогай гідраўлічнага і пнеўматычнага абсталявання, на квадрацыкле транспартавалі да месца аказання першай медыцынскай дапамогі...

На шчасце, гэта не зводка надзвычайнага здарэння, а ўмоўная сітуацыя, якую падчас планавага вучэння на Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі адпрацоўвалі падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Па задумцы другога этапу вучэння, гарэў склад гатовай прадукцыі — камбікорму. Вада на прадпрыемстве адсутнічала: не завершаны будаўнічыя работы на аб'екце. З гэтай прычыны да месца надзвычайнага здарэння ваду даставіў пажарны аварыйна-выратавальны цягнік, які здольны перавозіць больш чым 100 тон вогнетушыльнага рэчыва. Акрамя таго, у ліквідацыі ўзгарання быў задзейнічаны верталёт авіяцыі МНС, які можа транспартаваць пяцітонную ёмістасць з вадой. Сітуацыя ўскладнялася тым, што склад, які «гарэў», шчыльна прыстаўлены да будынка вышынёй у 30 метраў. Персанал эвакуіравалі, аднак двое супрацоўнікаў з-за моцнага дыму аказаліся на даху завода. Альпіністы-ратавальнікі дапамаглі ім спусціцца з дапамогай спецыяльнага альпінісцкага абмундзіравання. У выніку пажар быў патушаны, пацярпелым аказана медыцынская дапамога.

— Умовы вытворчасці на прадпрыемстве з'яўляюцца хімічна небяспечнымі, невыпадкова ратавальнікам былі пастаўлены наступныя задачы: ліквідаваць аварыю на хімічным аб'екце, а таксама патушыць умоўны пажар, — адзначыў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей ЛАПАНОВІЧ. — У вучэнні былі задзейнічаны 19 адзінак аварыйна-выратавальнай тэхнікі, 77 чалавек асабовага складу, а таксама авіяцыя МНС і пажарны аварыйна-выратавальны цягнік Беларускай чыгункі. Мы ўлічылі, што з прычыны таго, што прадпрыемства знаходзіцца на стадыі будаўніцтва, існуюць праблемы з водазабеспячэннем. У тым ліку мы адпрацоўвалі аб'ект як новабудоўлю. Цяжкасці ўзнікаюць пры эвакуацыі людзей з высокіх будынкаў: падчас вучэння была задзейнічана тэхніка, прызначаная для выратавання людзей, якія знаходзяцца на вышыні.

У вучэнні бралі ўдзел падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях: Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння, пажарна-аварыйны атрад Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, авіяцыя МНС і пажарны аварыйна-выратавальны цягнік Беларускай чыгункі.

Кіраўнік праекта будаўніцтва Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі Юрый ШЫЛЯГІН даў вучэнню высокую ацэнку. «Мы таксама былі зацікаўлены ў яго правядзенні, разумеючы, што наша вытворчасць патэнцыйна небяспечная, бо звязана з выкарыстаннем вялікай колькасці атрутных рэчываў, акрамя таго, прадпрыемства з'яўляецца выбуховапажаранебяспечным, — расказаў прадстаўнік карпарацыі. — З мэтай прадухілення надзвычайнай сітуацыі на прадпрыемстве створаны аддзел прамысловай бяспекі, распрацоўваецца ўся неабходная дакументацыя. Мы разумеем і сваю зону адказнасці ў пытанні бяспекі. Увогуле, прадпрыемства запраектавана такім чынам, каб выключыць магчымасць надзвычайнай сітуацыі, аднак заўсёды трэба быць гатовымі да яе ліквідацыі».

Вераніка КАНЮТА

Фота — Мінскае абласное ўпраўленнем МНС

Загаловак у газеце: Ратавальнікам любая задача пад сілу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.