Вы тут

«Х-Factor у Беларусі» рыхтуецца да першага сезона


Папярэдні адбор на маштабнае музычнае шоу «X-Factor у Беларусі» наблізіўся да фіналу. Да 28 мая ўключна творчая група праслухоўвае і запісвае выступленні ўдзельнікаў у сталіцы. Да гэтага кастынгі прайшлі ў розных гарадах Беларусі. І ўжо сталі вядомыя імёны настаўнікаў праекта.


Сёлета ў красавіку Белтэлерадыёкапанія як уладальнік эксклюзіўных правоў на вакальнае шоу «X-Factor» у нашай краіне, аднавіла жывыя папярэднія кастынгі праекта. Каманда арганізатараў праехалася па ўсіх абласных і буйных гарадах Беларусі, каб праслухаць больш за тысячу яркіх і харызматычных канкурсантаў, якія жадаюць трапіць на шоу, прадэманстраваць свае артыстычныя здольнасці і даведацца пра складнікі сапраўднай папулярнасці. Варта адзначыць, што ўсе пададзеныя летась заяўкі, якія адпавядаюць правілам праекта і былі запісаныя да аб'яўлення паўзы жывых выступленняў, застаюцца сапраўднымі і будуць адбірацца экспертным журы на агульнай конкурснай аснове. Таксама і з відэазаяўкамі — яны будуць разглядацца і адбірацца журы. Калі менавіта ваша выступленне ўразіць прафесіяналаў, то з вамі звяжуцца арганізатары праекта.

Што да настаўнікаў «X-Factor у Беларусі», то імі стануць спявак і кампазітар Руслан Аляхно, прадзюсар і хіп-хоп выканаўца Сяргей Пархоменка (ён вядомы пад сцэнічным псеўданімам Сярога), музычны крытык і журналіст Сяргей Саседаў, а таксама блогер, спявачка і тэлевядучая Вольга Бузава. Дарэчы, Сяргей Саседаў і Сярога былі ў якасці настаўнікаў такога шоу ва Украіне. Прэм'ера першага сезона вакальнага шоу плануецца на «Беларусь 1» ужо гэтай восенню, а пераможцу вызначаць зімой. «Гэта тая магчымасць і той праект, які, на мой погляд, можа прастымуляваць беларускі шоу-бізнес, а ў прынцыпе — вывесці яго на новы ўзровень. Мы ж нічым не горшыя за Расію ці Украіну, проста трэба ў адным праекце гэта паказаць гледачу, каб той паверыў у сваіх артыстаў», — адзначыў у інтэрв'ю на «Беларусь 1» спявак Руслан Аляхно.

Здымкі пачнуцца ў жніўні ў павільёнах кінастудыі «Беларусьфільм». Спецыяльна для шоу тут пабудуюць цэлы горад са сцэнай, сваёй інфраструктурай, грын-румам, а таксама пакоем для тэхперсаналу.

Зараз сачыць за падзеямі на шоу «X-Factor у Беларусі» можна па інфармацыйных выпусках Агенцтва тэленавін і ў праграме «Добрай раніцы, Беларусь!» на «Беларусь 1», а таксама ў афіцыйным акаўнце праекта ў Іnstagram @xfactorbelarus.

Алена ДРАПКО,

Фота: прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.