Вы тут

У Магілёве абмеркавалі нюансы жаночага прадпрымальніцтва


Гэта адбылося падчас круглага стала пад эгідай Беларускага саюза жанчын. Як адзначыла старшыня арганізацыі, намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, гэта мерапрыемства ідзе ў развіццё Усебеларускага народнага сходу. Калі Беларускі саюз жанчын праводзіў дыялогавыя пляцоўкі, паступала шмат розных прапаноў. І сярод іх — пажаданні жанчын-прадпрымальніц, якія сёння займаюць актыўную сацыяльную і грамадскую пазіцыю, рэалізоўваюць вельмі важныя для краіны праекты.


Рашучыя, сацыяльна адказныя, перспектыўныя...

Менавіта такім якасцям адпавядаюць прадпрымальныя жанчыны, якія імкнуцца дапамагчы краіне ў складаны перыяд жыцця. Хто яшчэ, як не маці, захавальніца дамашняга ачага, разумее, як важна зберагчы стабільнасць і спакой, стварыць умовы для развіцця дзяржавы, захаваць яе палітычную і эканамічную незалежнасць.

— Сёння жанчыны з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага і сацыяльнага жыцця ў нашай краіне, — падкрэсліла Алена Богдан. — Яны гатовыя не толькі весці свой бізнес, але і вырашаць нейкія сацыяльныя праблемы, браць на сябе сацыяльную адказнасць. І тут вельмі важная падтрымка дзяржавы. Таму тэма ў Магілёве і абмяркоўваецца з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, падатковых і банкаўскіх органаў, жанчынамі, якія прадстаўляюць інтарэсы вобласці ў Нацыянальным сходзе, а таксама Беларускі саюз жанчын на абласным узроўні. Нам цікавы ўсе нюансы, каб разумець, якія прапановы па змяненні трэба ўнесці ў дакументы заканадаўчай і нарматыўна-прававой базы. Каб у Год народнага адзінства мы былі разам і чулі тых людзей, якія праяўляюць актыўную грамадскую пазіцыю.

Перад пачаткам мерапрыемства дэлегацыя наведала шэраг аб'ектаў аграэкатурызму, асабістых дапаможных гаспадарак. Святлана Маханькова, гаспадыня аграсядзібы «Шэрая шыйка», што ў Магілёўскім раёне, расказала аб асаблівасцях вядзення свайго бізнесу. Яна спалучае гэты від дзейнасці з фермерствам.

— Такім чынам мы забяспечваем сваіх кліентаў натуральнымі прадуктамі, — удакладніла яна. — Частуем пірагамі з ягадамі і свойскім сырам. Спецыяльна завялі козачак, каб рабіць гэты карысны прадукт.

Аграсядзіба сёння карыстаецца нязменным поспехам, але ўсё гэта дзякуючы няспыннай працы ўладальніцы і яе сям'і. Яна прызналася, што трэба ўвесь час удасканальвацца, прыдумваць нешта новае. Сёння турыста не заманіш, калі няма інтэрнэту або магчымасці разлічыцца банкаўскай карткай. Нават ёсць вопыт арганізацыі анлайн-экскурсіі па кантактным заапарку, які знаходзіцца на тэрыторыі аграсядзібы.

— Наша аграсядзіба ўваходзіць у кластар «Край жыватворных крыніц», — адзначае Святлана. — Ён аб'ядноўвае сем аграсядзіб. І гэта цудоўна. Мы не толькі рэкламуем адзін аднаго, у нас ёсць магчымасць абмяняцца вопытам, вырашаць нешта па заканадаўстве.

Святлана не хавае, што працаваць даводзіцца шмат, але калі побач ёсць аднадумцы, нічога непераадольнага няма. Ёсць дапамога і з боку дзяржавы. Тую ж канферэнц-залу прадпрымальніца адбудавала на грошы льготнага крэдыту. Але ёсць патрэба не толькі ў крэдытах. Да сядзібы ад вёскі няма і паўкіламетра, а вось з дарогай бяда. Прадпрымальніца ўвесь час клапоціцца, каб за свой кошт падтрымліваць дарогу ў прымальным стане. Але гэта вельмі дорага. Чаму б сюды асфальт не пакласці? Але гэта ўжо кампетэнцыя іншых службаў. Справа ж не прыватная. Людзі едуць адпачываць, а тут такія нязручнасці.

Жанчыны «руляць»

Год таму ў Магілёве была зарэгістравана прыватная сацыяльна-інфармацыйная ўстанова па падтрымцы жанчын «Жаночы дом». Адзін з яе кірункаў — менавіта жаночае прадпрымальніцтва.

— Дапамагаем жанчынам знайсці сваю справу і развівацца, — удакладняе дырэктар «Жаночага дома» Крысціна Гладчанка. — Праводзім курсы анлайн, афлайн, семінары, іншыя мерапрыемствы. Нават ёсць ужо і выпускніцы, якія адкрылі свой бізнес і зарэгістраваліся. Такія вынікі ў нас адбыліся літаральна за тры месяцы. Сярэдні ўзрост нашых кліентак 25—45 гадоў.

Вельмі часта жанчына проста не ведае, як раскрыць сябе, і тут ёй аказваюць усялякую падтрымку: пачынаючы ад кансультацый па рэгістрацыі і адкрыцці ІП і да канкрэтнай дапамогі ў працэсе вядзення бізнесу.

— Жанчыны прызнаюцца, што ім вельмі складана бегаць з дакументамі, афармляць бізнес. Гэта здаецца настолькі страшным, што некаторыя наогул адмаўляюцца ад ідэі. І нашы эксперты ім вельмі добра дапамагаюць справіцца з гэтымі жахамі, — падкрэслівае Крысціна.

Адным з экспертаў з'яўляецца Вольга Мамаева, яна спецыялізуецца на аказанні бухгалтарскіх паслуг і вядзе ў «Жаночым доме» прадпрымальнікаў.

— Жанчыны, якія прыходзяць да нас, атрымліваюць магчымасць раскрыць свой патэнцыял і прыйсці да высновы, што займацца бізнесам рэальна, — расказвае яна. — Прыходзіцца змагацца з іх страхамі, што бізнес — гэта спрэс рызыкі. Яны чуюць аб праверках, штрафах, што кагосьці закрылі, кагосьці прыцягнулі да адказнасці. Але гэта чуткі, у якіх трэба разабрацца. Вядзенне бізнесу — працэс, і гэтым трэба займацца. Мы дапамагаем паверыць у сябе і пачаць сваю справу.

Жаночае прадпрымальніцтва ў рэгіёне становіцца вельмі важнай часткай яго эканамічнага развіцця.

— У нас 3260 жанчын з'яўляюцца заснавальнікамі або сузаснавальнікамі камерцыйных арганізацый, — паведаміў Руслан Страхар, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама. — Сферы і кірункі іх дзейнасці самыя розныя. Традыцыйна гэта сфера паслуг, але жанчыны актыўна працуюць і ў сферах вытворчай дзейнасці, на лесанарыхтоўках і нават у такіх складаных сферах, як будаўніцтва і транспартная дзейнасць. Для нас вельмі важна, каб прадпрымальніцкі сектар працягваў развівацца. Для гэтага мы ствараем умовы. І вельмі добра, што ў Савеце па развіцці прадпрымальніцтва Магілёўскай вобласці таксама ёсць жанчыны, якія маюць магчымасць выказаць сваё меркаванне і паўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў.

Рамяство — культура або бізнес

Старшыня грамадскага аб'яднання магілёўскіх рамеснікаў «Шчырая майстэрня» Ала Смалякова ўсё ж такі схіляецца да таго, што таксама бізнес.

— Хоць раней лічылася, што — культура, — усміхаецца яна. — Бо гэта хутчэй спосаб самавызначыцца, чым зарабіць. І нават сёння каля 70 % нашай суполкі лічыць, што рамяство — гэта творчасць. Але гэта няправільна: рамяство павінна прыносіць даход. Хобі — гэта добра, але яно павінна выходзіць на больш высокі ўзровень магчымасці. Безумоўна, гэта немагчыма без падтрымкі дзяржавы. Ёсць субсідзіраванне для пачаткоўцаў, але такая дапамога патрэбна больш вопытным рамеснікам. Адна наша майстрыха хацела купіць вышывальную машыну, але грошай не хапала. А для таго, каб атрымаць субсідыю, ён прыйшлося б стаць беспрацоўнай і пэўны час стаяць на біржы майстрам. Гэта ненармальна. І дзе гарантыя, што той пачатковец скарыстаецца дапамогай, а потым зразумее, што гэта не яго прызначэнне ў жыцці. Мне здаецца, што ў такіх пытаннях трэба навесці парадак.

Рамяство — вельмі ўразлівы від дзейнасці. Ала згадвае, што летась майстрам было настолькі цяжка, што некаторыя з іх змянілі творчасць на больш прыземленыя віды дзейнасці. Трэба ж неяк карміцца. Магілёўскі гарвыканкам даў майстрам магчымасць крыху паправіць свой стан. Сёлета да іх паслуг — пешаходная вуліца, дзе яны тры дні на тыдзень з мая да лістапада могуць прапаноўваць свае тавары і паслугі.

— Шмат хто ад нас сышоў, але засталіся самыя моцныя, — аптымістычна кажа Ала Смалякова. — Сёння ў нашым аб'яднанні 26 чалавек, 23 з якіх — жанчыны. Рамёствы — больш жаночая прывілея. Жанчыны больш цярплівыя, уседлівыя і сканцэнтраваныя на стварэнне прыгажосці вакол сябе.

Круглы стол згуртаваў найбольш актыўных і пазітыўных бізнесвумен. А галоўнае — нагадаў пра тое, што яны патрэбны краіне, што пра іх памятаюць і гатовы дапамагаць.

— Вельмі добра, што на Магілёўшчыне столькі актыўных жанчын, — падкрэсліла Інэса Караткевіч, намеснік старшыні праўлення Белспажыўсаюза. — І добра, што ў развіцці жаночага прадпрымальніцтва зацікаўлена і мясцовая ўлада. Гэта дало магчымасць правесці нам адкрыты канструктыўны дыялог. Вельмі важна разумець на ўсіх узроўнях улады, што яшчэ неабходна зрабіць з боку дзяржавы, каб актыўны жаночы рух развіваўся не толькі ў грамадскім кірунку, але і ў прадпрымальніцкім. Любая жанчына, па сутнасці, настроена на стварэнне, і ўсе тыя праекты, якія рэалізоўваюцца на Магілёўшчыне, гэта пацвярджаюць. Мы сёння кажам пра падатковыя льготы, прэферэнцыі ў банкаўскай сферы, разглядаем механізмы, якія яшчэ трэба ўкараніць для развіцця жаночага прадпрымальніцтва. Гэта вялікі патэнцыял, і мы павінны даць магчымасць яму раскрыцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бізнес з жаночым ухілам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?