Вы тут

Чаму важна і так складана адкрыць цэнтр падрыхтоўкі сабак-павадыроў


Гісторый пра тое, як сабакі-павадыры выратоўваюць жыццё сваім падапечным, у інтэрнэце можна знайсці шмат. Адна з іх — пра Сесіла Уільямса, сляпога жыхара Нью-Ёрка. Накіроўваючыся да стаматолага, мужчына разам са сваім надзейным сябрам, сабакам-павадыром Арланда зайшоў у метро. і раптам адчуў, што перастае кантраляваць сваё цела.


Сесіл страціў прытомнасць і зваліўся з платформы на рэйкі. Сабака ўчапіўся ў вопратку свайго сляпога гаспадара і паспрабаваў утрымаць яго ад падзення, а калі яно ўсё ж адбылося, скокнуў на рэйкі ўслед за ім. Машыністу саставу быў аддадзены загад неадкладна спыніцца, аднак тармазны шлях аказаўся больш доўгім, і два вагоны прайшлі над галовамі чалавека і сабакі. Але ўсё скончылася добра, Арланда застаўся цэлы, а яго гаспадар на кароткі час трапіў у бальніцу з невялікімі ранкамі на лбе.

Такіх гісторый пра сабак-герояў здаралася нямала ў розных краінах свету, але, на жаль, немагчыма знайcці гіcторыю пра «беларускага Арланда». У нашай краіне няма арганізацый, якія выхоўвалі б такіх памочнікаў для невідушчых. Былі ініцыятывы, але яны не ўвасобіліся ў жыццё.

Яўген Бялінскі, 27-гадовы студэнт з інваліднасцю па зроку, лічыць, што адкрыць цэнтр падрыхтоўкі сабак-павадыроў усё ж магчыма, калі скараціць выдаткі для ўтрымання такой арганізацыі і навучыць спецыяліста. І ён прыдумаў, як гэта зрабіць, а дапамагла ў гэтым яго сяброўка Ксенія Окрут, аспірантка і асістэнт-выкладчык у БДЭУ.

Разам яны вывучылі міжнародны вопыт функцыянавання падобных арганізацый у Расіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі, Польшчы, Украіне і ЗША, знайші і сфармулявалі ключавую праблему, якая перашкаджала рэалізаваць падобныя ідэі ў нашай краіне, а потым склалі бюджэтны праект і падалі заяўку на конкурс сацыяльных праектаў Socіal Weekend (SW). У рамках гэтага конкурсу з усёй краіны збіраюць сацыяльна арыентаваныя ідэі. Аўтары ініцыятыў падчас правядзення конкурсу больш дасканала вывучаюць праблему і імкнуцца выпрацаваць рашэнне для самастойнага функцыянавання арганізацыі, якую яны прапануюць зрабіць. Па выніках конкурсу найбольш прапрацаваныя праекты атрымліваюць фінансавую падтрымку з боку буйных беларускіх кампаній і партнёраў конкурсу. Ініцыятыва Яўгена і Ксеніі ўжо ў паўфінале Socіal Weekend і працягвае барацьбу ў конкурсе сацыяльнага прадпрымальніцтва. Ці вялікі шанцы ў гэтай ініцыятывы на конкурсе і чаму гэта так важна, расказаў сам аўтар праекта.

— Ужо была спроба адкрыць школу падрыхтоўкі сабак-павадыроў, але яна так і засталася нерэалізаванай, — расказвае Яўген. — Пры падрыхтоўцы нашага праекта мы пазнаёміліся з дзяўчатамі, якія працавалі над гэтым раней, і высветлілі адну з найважнейшых праблем: у Беларусі няма спецыяльных кінолагаў, якія мелі б веды і права рыхтаваць такіх сабак. Але калісьці ж яны павінны з'явіцца! Навучанне кінолаг можа прайсці ў Маскве, і мы такі варыянт прадугледзелі. Наша грамадства рухаецца да інклюзіі (працэс рэальнага ўключэння людзей з інваліднасцю ў актыўнае грамадскае жыццё), і адкрыццё такой школы будзе яшчэ адным крокам да гэтага. Назапашаны папярэднімі праектамі вопыт няўдач, наша напорыстасць і крыху шанцавання могуць даць вынік. Прынамсі, нам сапраўды па сілах у выніку ўдзелу ў конкурсе забяспечыць навучанне аднаго кінолага, купіць два-тры першыя шчанюкі, якія будуць жыць у валанцёраў, і клапаціцца пра іх да моманту перадачы ўладальніку. Задача гэтая выглядае цалкам пасільнай.

— У вас ужо ёсць людзі, гатовыя ўтрымліваць жывёл?

— Так, у Беларусі вельмі развіты валанцёрскія і ўзаемадапаможныя настроі, таму з валанцёрамі звычайна праблем не ўзнікае, асабліва калі гэта датычыцца магчымасці пажыць з маленькім сабачкам. Паралельна з тым, як кінолаг будзе праходзіць навучанне ў Маскве, неабходна купіць трох падыходзячых для работы і пратэставаных шчанюкоў, якія будуць праходзіць базавую падрыхтоўку са звычайным кінолагам па меншай меры да 12-месячнага ўзросту. Далей, калі «вучань» вяртаецца з Масквы, пачынаецца спецыяльная падрыхтоўка сабакі і работа з будучым гаспадаром. Такім чынам, калі ў нас усё складзецца, то беларусы змогуць атрымаць першых сабак-павадыроў праз 15 месяцаў.

— Чаму так важна, каб школа па падрыхтоўцы сабак усё ж з'явілася ў Беларусі?

— У мяне ў самога даволі сур'ёзныя праблемы са зрокам, і больш за 20 гадоў, ад канца 90-х, я ў ролі пацыента перыядычна праходжу дыягностыку ці лячэнне ў розных афтальмалогіях Беларусі і не толькі — быў з медыцынскімі «вакацыямі» ў Маскве, Самары ды нават у Ізраілі... Некалькі гадоў я
навучаўся ў Гродзенскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. Але ў дзяцінстве, сутыкаючыся з асаблівасцямі жыцця такіх людзей, не звяртаў на іх увагі. Да таго ж і мой зрок быў значна лепшы ў тыя часы. Аднак пазней я пачаў больш пільна ставіцца да тых, з кім аказваюся ў адных бальнічных палатах ці ў чэргах да ўрача. Так я даведаўся аб праблеме адсутнасці сабак-павадыроў, пра тое, што ў Беларусі ніколі не было ўласных школ па іх падрыхтоўцы, што толькі адзінкі з сотняў невідушчых могуць дазволіць сабе набыць такога сабаку з Масквы, які будзе каштаваць дзясяткі тысяч долараў. Захацелася неяк пакруціць гэтую праблематыку, вывучыць ды падумаць, што можна было б зрабіць.

— У прэзентацыі свайго праекта вы сцвярджаеце, што, нягледзячы на развіццё лічбавых тэхналогій, сабака-павадыр — адзін з найбольш эфектыўных асістэнтаў, якія могуць дапамагаць сляпому пры перамяшчэнні па-за межамі дома...

— Давайце возьмем у якасці прыкладу невідушчага чалавека. На самай справе, у яго ёсць тры больш-менш добрыя каналы атрымання дапамогі. Па-першае, чалавек. Ніякія тэхналогіі ці нават сабака не змогуць замяніць чалавека. Нельга замяніць ні блізкага чалавека, ні прафесійнага памочніка, ні выпадковага сустрэчнага, і пра гэта ўсім варта памятаць, бо ніякае зручнае асяроддзе, пра якое шмат кажуць, нікому не дапаможа, калі побач будуць не гатовыя да асістэнцтва суграмадзяне. І гэта таксама сур'ёзная праблема. Некалі ў Расіі мяне ўразіў выпадак у афтальмалагічнай клініцы. Я, пацыент, заблытаўся ў кабінетах і спытаў у першым з іх, куды тут ісці, а ў адказ пачуў: «На дзвярах напісана!». І такое адбываецца, на жаль, і ў нас: бывае, спытаеш нумар тралейбуса, а табе адкажуць: «А вы што, не бачыце? Чалавек — на першым месцы, але немагчыма і непатрэбна, каб наш невідушчы ўсюды хадзіў пад руку з асістэнтамі.

Па-другое, сабака і тэхналагічныя прылады. Я паставіў бы іх на адзін узровень па вартасці для чалавека з праблемамі. І галоўнае не ў тым, каб сабакі канкурыравалі са спецыяльнымі мабільнікамі ці навігатарамі, але яны могуць дапаўняць іх. У дзяржаве на сёння існуюць праграмы фінансавання так званых сродкаў тэхнічнай дапамогі людзям з інваліднасцю, і набываецца шмат карысных рэчаў для ўсіх тых, каму яны патрэбны. Але, на жаль, ніякі смартфон, нават самы спецыялізаваны, не можа пільна і дакладна абводзіць нашага невідушчага вакол узніклых ям, луж, машын, дзяцей, якія сталі пасярод дарогі, лавак, сумак, якія хтосьці паставіў каля пад'езда... Сабака бачыць, аналізуе і прымае хуткія рашэнні, каб не марнаваць час і не ставіць гаспадара ў больш залежнае ад усіх навакольных людзей становішча. Падрыхтаваны сабака дазваляе чалавеку даверыцца ў сітуацыях «тут і зараз», адчуўшы, што ёсць нехта, хто можа дапамагчы вырашыць праблему. Паверце, гэта вельмі важна ў апісаных сітуацыях. Не кажучы ўжо пра эмацыянальную падтрымку і любоў сабакі да гаспадара, нягледзячы ні на што.

— Сёння людзі з праблемамі зроку спраўляюцца неяк без сабак-павадыроў. Вы ж гаворыце, што такі сабака паспрыяе павышэнню ўзроўню сацыяльнай і эканамічнай ўцягнутасці невідушчых краіны.

— Сабака не ўсёмагутны, і для таго, каб па-сапраўднаму павялічыць узровень сацыялізацыі ці нават эканамічнага саўдзельніцтва ў грамадстве людзей з інваліднасцю, патрэбна мноства захадаў. І хаця ў Беларусі людзі з сабакамі маюць права заходзіць у грамадскі транспарт ці некаторыя магазіны і ўстановы, гэтыя магчымасці трэба пашыраць. Напрыклад, у той жа Расіі, у Магнітагорскім універсітэце, існуюць спецыяльныя памяшканні, дзе невідушчы студэнт можа пакінуць свайго сабаку падчас заняткаў, адвучыцца і спакойна пайсці далей па справах. І гэта вельмі добры падыход...

Самае галоўнае — невідушчы чалавек з сабакам атрымлівае шанц на самастойныя прагулкі ў любое надвор'е і час сутак, не баючыся стаць залежным, заблукаць ці спатыкнуцца. Гэта зусім іншы ўзровень камфорту, якога дастойны нашы суайчыннікі, якія маюць у гэтым патрэбу.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Неабходнасць ці раскоша?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.