Вы тут

«Вейкі змружвае бязмежная Прастора...»


Калі раптоўна страчваеш сяброў і паплечнікаў — змірыцца з гэтым цяжка. Як наяве ў памяці пракручваюцца апошнія сустрэчы, размовы, жарты, планы. Летась на 53-м годзе пайшоў з жыцця пастаянны аўтар «ЛіМа» Эдуард Дубянецкі.


Фота Кастуся Дробава.

Тэмп яго ўнутранай работы быў высокім. Такая работа, магчыма, незаўважная для старонняга вока, але відаць з вершаў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, дый хаця б з таго, што чалавек чытае і над чым працуе, што яго хвалюе ці засмучае… У апошнія гады Эдуард пастаянна друкаваўся ў такіх рубрыках «ЛіМа», як «Крытыка», «Паэзія», «Проза».

У спадчыне Эдуарда Дубянецкага засталіся дзве кнігі паэзіі: «Душы маёй няскончаны палёт» (2011) і «Покліч самотнага неба» (2013). «Са шчырымі пажаданнямі жыццёвай трываласці і аптымізму, душэўнай гармоніі, творчага натхнення…» — значыцца ў дарчым надпісе пад вокладкай апошняй. Згодна з даследаваннямі ў галіне псіхалогіі, чалавек часта жадае іншаму тое, у чым сам найперш мае патрэбу… Складвалася ўражанне, што Эдуард штодзённа вырашае для сябе экзістэнцыйную праблему існавання, без скаргаў на стан здароўя, зацята і ўпарта коціць свой камень угару, ведаючы, што заўтра стане яшчэ цяжэй... Па жыццёвую трываласць, аптымізм, душэўную гармонію і натхненне ён звяртаўся да Бога, чытаў Біблію, улюбёных паэтаў — айчынных і замежных. Вершы, якія ўзрушвалі найбольш, выкладаў на сваёй старонцы ў Facebook — настолькі моцнай была патрэба знайсці сяброўскі водгук, падзяліцца іскрынкай радасці... Ніколі ў яго не было адчування празмернай гордасці — мог выказаць захапленне ўпадабаным творам незалежна ад аўтарства, хаця б верш выйшаў з-пад пяра пачаткоўца… Галоўным крытэрыем ацэнкі для Эдуарда быў талент.

Аўтар гэтых радкоў напісала адзін з першых крытычных водгукаў на зборнік вершаў Э. Дубянецкага «Душы маёй няскончаны палёт». Артыкул будаваўся па класічнай схеме: былі адзначаны як недахопы, так і тое, у чым бачыўся прарыў, наватарства. Згодна з пэўным досведам у гэтай галіне, дакладна ведаю, як успрымаюць крытыку многія паэты: уласная творчасць падаецца ім чымсьці выключным, ледзь не геніяльным, таму, калі хтосьці (дый яшчэ маладзейшы па гадах) адважваецца казаць аб недахопах, крыўдуюць да глыбіні душы, дый яшчэ выносяць гэтае абмеркаванне ў сацсеткі: маўляў, паглядзіце, як мяне незаслужана абразілі... Зусім па-іншаму адрэагаваў Эдуард. З многім пагадзіўся, падзякаваў, а калі неўзабаве пабачыў свет другі зборнік вершаў — «Покліч самотнага неба», — падараваў кніжачку і… зноў папрасіў напісаць пра яе крытыку!.. Што і было паабяцана. Але пакуль я, не спяшаючыся, чытала вершы, пазначаючы для сябе найбольш удалыя месцы, ініцыятыву перахапілі: крытычны артыкул напісаў іншы аўтар…

Цяпер жа, калі душа Эдуарда спачывае ў вышэйшых сферах, творы яго ўспрымаюцца і ў іншым святле, выклікаючы шчымлівы сум і роспач: ужо ніколі не перамовімся аб тым, што ўзрушыла, не падзелімся захапленнем з нагоды поспехаў таго ці іншага літаратара… Не абмяняемся меркаваннямі наконт уласных спроб. Ведаю, што вершаў у Эдуарда хапала і на трэці зборнік, — пэўны час ён шукаў магчымасці яго выдаць. Не склалася… Але творы друкаваліся рэгулярна, таму хочацца пра іх выказацца, засяродзіцца на тэматыцы і матывах.

Па-першае, як мог бы называцца новы зборнік Эдуарда? Адразу, што прыходзіць, — гэта алегорыя палёту, нястрымнасці, неабмежаванасці фізічнымі параметрамі існавання, сілай прыцягнення. На адпаведную думку наводзяць назвы двух першых выданняў, дзе фігуруюць словы «палёт» і «неба». Увогуле, тэма была адной з улюбёных для Э. Дубянецкага. Часам ён займаўся медытацыямі, засяроджваючыся на ўнутраных адчуваннях, «зачыняючыся» ад знешніх раздражняльнікаў. Ён адпускаў на волю сваю фантазію, яго лірычны герой «выходзіў» за ўсе мажлівыя межы і лунаў там, куды яго клікала натхненне, — у свеце вобразаў і асацыяцый, наталяючыся «нябеснымі» адценнямі, ззяннем чыстых прыродных колераў. А потым занатоўваў уражанні і пачуцці, у выніку чаго атрымліваліся насычаныя, вобразныя, а нярэдка і алегарычныя карцінкі:

Сонца нячутна адчыняе заходнюю

браму і знікае

за ёй.

 

Вечар канём вараным выходзіць з-за

далёкага

пагорка.

 

Прыціхлы вецер сплывае ўдалеч на

спіне ракі.

 

Маўклівыя цені блакітных анёлаў

блукаюць

між дрэў.

 

З ляснога гушчару выходзяць прывіды

зніклых.

 

Чужынец у чорным нясе трывогу пад

сваім

плашчом.

 

Заржавелая клямка сумуе па руках

гаспадароў.

 

Хата на падворку аглухла ад

учорашніх грымотаў

і не чуе крокаў чужынца.

 

А ён набліжаецца...

 

І туман смялей абвівае,

бы васьміног шчупальцамі,

знямелы той дом і закінуты сад.

 

(«Містычная цішыня»)

Штодзённа, безупынна Эдуард вёў дыялог з Творцам, асэнсоўваў сваё наканаванне і пераасэнсоўваў перажытае з іншага гледзішча — гледзішча набліжэння да Бога, імкнуўся спасцігнуць лёс чалавецтва і сэнс асобна ўзятага жыцця, намагаўся знайсці адказы на спрадвечныя філасофскія пытанні, усведамляючы тое, што ў межах звычайных побытавых катэгорый іх не адшукаеш — трэба ўздымацца над імі, аддаляцца ад успрымання рэчаіснасці як простай матэрыялістычнай мадэлі… Мо адсюль і імкненне да нябёсаў і палёту, да вечнай вандроўкі ў нязведанай прасторы?.. Аб гэтым яскрава сведчаць многія з вершаў, якія былі напісаны пасля выхаду апошняга зборніка:

* * *

...І спыняецца, спыняецца там Час,

І сутонне ахінае моўчкі нас.

Там сказаць штось небу хоча мора,

Вейкі змружвае бязмежная Прастора.

...Сціхла мора. І настаў час нематы.

«Я» знікае там. І над бязлюддзем

У адно зліёмся я і Ты.

(2016)

Адна з галоўных якасцей Эдуарда Дубянецкага, без якой ён не стаў бы даследчыкам (перадусім Э. Дубянецкі — гісторык, культуролаг, літаратуразнаўца, кандыдат гістарычных навук), — імкненне да пошуку і эксперыменту. Праявілася гэта і ў паэзіі. Пералічэнне жанраў і відаў вершаў, у якіх ён спрабаваў пісаць, заняло б не адзін абзац. Напрыклад: брахікалан, віралэ, гашма, лэ і пад. Многія формы Эдуард вынайшаў сам. На маю думку, галоўнае пры падобных спробах — не забываць аб уласна сутнасці верша: глыбокі сэнс павінен быць сціснуты, сканцэнтраваны ў вобразе, напрыклад:

 

Мой голас паляцеў стралою

Каб не даць

Табе зрабіць

Апошні крок

У бездань

(«Не даць…» — верш-пазл)

 

Як для працытаванага твора Э. Дубянецкага, так і для большасці іншых, характэрна наяўнасць глыбокага сэнсу…

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.