Вы тут

Сяргей Аганаў: Мастак не стане цікавым, калі будзе імкнуцца дагадзіць


Стваральнік шматлікіх манументальных і станковых кампазіцый, лаўрэат айчынных і міжнародных конкурсаў Сяргей Аганаў сёння ўзначальвае секцыю скульптуры Беларускага саюза мастакоў, а таксама працуе рэстаўратарам у Музеі-майстэрні Заіра Азгура. Сёлета творца выступіў адным з куратараў першага фестывалю скульптуры «Sculptfest». Пра тое, якім задумваўся і атрымаўся праект, а таксама пра творчыя пошукі Сяргей Аганаў распавёў у гутарцы з карэспандэнтам «ЛіМа».


Фота Яўгена Колчана.

— Як прыйшлі да рашэння, што сталіцы неабходны скульптурны фестываль? Якой была ваша роля?

— Спачатку хацелі правесці выстаўку скульптуры, бо канкрэтнай экспазіцыі — без удзелу жывапісцаў ці графікаў — не было даўно. Ужо потым вырашылі, што трэба задзейнічаць некалькі пляцовак, а гэта значыць, арганізаваць маштабную работу, размеркаваць, хто чым будзе займацца і што курыраваць… Так ці інакш, гэта быў эксперымент. У нейкай ступені мне даводзілася ўсё кантраліраваць, але бюро секцыі, якое гэтым займалася, дастаткова актыўнае і шмат зрабіла без майго ўдзелу. Увогуле ж, фестываль рыхтаваўся прыкладна пяць месяцаў.

— Якія былі асноўныя цяжкасці?

— Было вельмі складана падлічыць, колькі змесціцца работ на той ці іншай пляцоўцы. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны музей не мае абсталявання для дэманстрацыі скульптуры, таму падстаўкі пазычалі і нават самі выраблялі. Але асноўная цяжкасць заключалася ў лагістыцы, асабліва калі гаварыць пра творы аўтараў з абласцей, якія мы вельмі хацелі прадставіць, бо часта сталічны глядач і прафесійная суполка бачаць работы толькі мінчан. У іншых гарадах, як аказалася, шмат цікавых скульптараў і тых, хто, не з’яўляючыся прафесійнымі мастакамі, сур’ёзна займаецца гэтым кірункам мастацтва. Многія аўтары нават самі транспартавалі свае скульптуры.

— Хто выбіраў пераможцаў па намінацыях? Ці маюць лаўрэаты пэўную выгаду?

— Доўга думалі, якія вызначыць намінацыі, але практычна ўсе прапанаваў Павел Вайніцкі, дзеючы скульптар і мастацтвазнавец. Некаторыя з іх мы дапрацавалі, але ідэя яго. Першапачаткова мы як арганізатары дамовіліся зрабіць так, каб пры выбары пераможцаў не было своеасаблівага лабіравання, таму ў экспертную камісію не ўключылі ніводнага прафесійнага скульптара. У склад журы ўвайшлі выключна мастацтвазнаўцы, у тым ліку супрацоўнікі музеяў і галерэй: Наталля Шаранговіч, Кацярына Ізафатава, Галіна Ладзісава, Вольга Рыбчынская і Мікалай Паграноўскі. Грашовай узнагароды не прадугледжвалася, ды і прызоў мы як грамадскае аб’яднанне дазволіць сабе не можам. Але саюз мастакоў прапанаваў у наступным годзе правесці персанальныя выстаўкі пераможцаў фестывалю.

— У тэматыцы фестывалю ключавымі сталі, здаецца, гістарычны кірунак і анімалістыка. Чаму менавіта гэта?

— Што тычыцца гістарычнай тэмы, то тут проста адразу дамовіліся з музеем, таму лагічным было правядзенне менавіта такой выстаўкі. Спачатку разлічвалі на вялікую залу, і секцыя скульптуры, бясспрэчна, яе адолела б, але па плане выставачнай дзейнасці гістарычнага мы атрымалі даволі невялікую прастору. Экспазіцыя, прысвечаная анімалістыцы, — ідэя Вольгі Нячай. Увогуле, ужо вельмі складана сказаць, калі анімалістычны кірунак апошні раз быў прадстаўлены асобна, аднак аб’ём работ на гэтую тэму таксама дастаткова вялікі. Пры падрыхтоўцы фестывалю хацелі надаць увагу стану і пераасэнсаванню партрэта: гэта рэфлексія наконт партрэтнага рэалізму, які паціху сыходзіць, або пошук наватарскіх падыходаў? Ці існуе жанр у адрыве ад заказу? Наколькі цікавы сёння? З-за таго, што не знайшлося лакацыі, ідэю не ажыццявілі. Увогуле ж паўтаруся: гэты фестываль быў своеасаблівым эксперыментам. Мэтай было пазнаёміцца з тымі кірункамі, пошукамі і знаходкамі ў скульптуры, якія маем.

— Выявілася, што малавата абстракцыі…

— Не скажу, што гэта праблема, проста факт. Іншая справа — работ, можа, і шмат, але аўтараў, якія працуюць з абстракцыяй, здаецца, не вельмі многа. Так ці інакш, дакладных звестак у мяне няма — гэта ўсяго толькі здагадкі. Але такая тэндэнцыя — большасць з нас скончылі Акадэмію мастацтваў, рэалістычную школу, таму мала хто звяртаецца да нефігуратыўнай скульптуры. Але што тычыцца абстрактнага жывапісу, твораў і аўтараў нашмат больш.

— Ці не падаецца вам, што гледачы губляюцца і не вельмі добра ўспрымаюць вялікую колькасць работ на выстаўках, як, напрыклад, гэта было ў экспазіцыі ў Палацы мастацтваў? Абмежаванне — 2-3 работы ад любога аўтара, што і для арганізатараў вельмі складана.

— Згодны. У гэтым сэнсе ўдачны прыём — асобныя павільёны для некаторых аўтараў, дзе работы прадставілі больш выгадна. Але выстаўка была агульнарэспубліканская, а не куратарская — у сэнсе ідэй, тэм і персаналій. Па вялікім рахунку, мог выказацца любы. Да пэўнага моманту мы не ведалі, што ў нас атрымаецца і ці хопіць работ увогуле, таму вельмі абмяжоўваць скульптараў не хацелася. Вядома, такой колькасці скульптур мы не чакалі.

— Эксперымент са скульптурным фестывалем можна назваць удалым?

— Галоўнае, што гледачу адкрыліся імёны, пра якія многія дагэтуль не чулі. Мне, напрыклад, вельмі спадабаліся творы Васіля Васільева, праект якога быў нечаканы і адметны. Увогуле ж, такія мерапрыемстывы садзейнічаюць творчай камунікацыі. Магчыма, пасля фэсту ў некага з’явяцца работы, якія будуць злёгку нагадваць чыйсьці твор. Усё гэта моманты засвойвання інфармацыі — у гэтым няма нічога дрэннага. Мы не існуём адасоблена, у кожнай скульптуры можна знайсці тое, на што аўтар некалі абапіраўся. Так мы адно аднаго напаўняем, натхняем. Фестываль, на мой погляд, атрымаўся ўдалы. Праз пяць гадоў яго можна было б правесці зноў. За гэты перыяд якраз назапасіцца многа новага. Усё ж стварэнне скульптуры — справа працяглая і карпатлівая. Спадзяюся, наступны фестываль жанрава будзе больш разнастайны.

— Фэст цікавы тым, што можна паглядзець шмат работ, бо творы многіх скульптараў даволі складана знайсці ў інтэрнэт-прасторы… Ведаю, што ў вас ёсць свой сайт. Калі ён з’явіўся і ці хапае часу ім займацца?

— З’явіўся дастаткова нядаўна, бо часу і сіл дагэтуль не ставала, але з ім дапамагае жонка. Ілюзія, што можна проста запоўніць сайт ці профіль у Instagram і гэта спрацуе, вельмі падманлівая. Сайт трэба развіваць, напаўняць нейкімі старонкамі, але ўсё гэта патрабуе шмат энергіі. Гэтаксама з удзелам у конкурсах, у тым ліку міжнародных, — нельга гэта рабіць час ад часу. А канкурэнцыя там проста гіганцкая. Летась я перамог у турэцкім міжнародным конкурсе на ўстаноўку мемарыяла, прысвечанага ахвярам перасялення народаў Турцыі і Грэцыі ў 1923 годзе. Падавалася сорак праектаў, а адбіралі адзін. Часу можна патраціць шмат, а выніку не будзе.

— Не ў апошнюю чаргу тут патрэбна смеласць. Гэта ў вашым характары?

— Магчыма. Але перадусім гэта вельмі займальна і дае штуршок. Як аўтар ты пашыраеш свае гарызонты. Выходзячы за межы майстэрні і тым больш краіны, пачынаеш разумець, што адбываецца навокал і наколькі сам цікавы не толькі тут, але і за мяжой. Усё гэта стымулюе дзейнічаць: мяняць мысленне, кірунак у скульптуры, эксперыментаваць у пластыцы, знаходзіць новыя тэмы. Зразумела, што можна было б засяродзіцца на тым, што атрымліваецца рабіць добра, але ў рэшце рэшт такі падыход прыводзіць да закасцянеласці. Міжнародная суполка скульптараў велізарная, і, бывае, калі знаёмлюся з творамі замежных аўтараў, узнікае дзікі комплекс непаўнавартасці — сустракаюцца насамрэч крутыя шэдэўры. А конкурсы — чарговая магчымасць зразумець, што яшчэ ёсць куды ісці.

— Чым адрозніваюцца творы беларусаў і замежнікаў? Ці магчыма ўвогуле адрозніць сёння скульптараў розных краін?

— Мне падаецца, магчыма. Напрыклад, кітайскія скульптары працуюць як з абстрактнай, так і з рэалістычнай скульптурай. Натуральна, адчувальны моцны ўплыў сацрэалізму, але адначасова з’яўляюцца цалкам канцэптуальныя работы. У творах мастакоў гэтай краіны шмат дэкору — яны ўвогуле любяць усё прыгожае. Еўрапейскія скульптары ў добрым сэнсе засяроджаны на ідэі, выразнасці. Яны імкнуцца мінімальнымі сродкамі раскрыць тую ці іншую цікавую задуму. Прытым ёсць творцы, якія займаюцца дэкаратыўнай скульптурай, а яе хапае і ў нас. Але ў іх меней акцэнту на рэалізм. Ім цікавей гаварыць пра агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, прыроду і клімат, сэнс жыцця… Мы ж вядзём гаворку на больш прыземленыя тэмы. Нячаста беларускія скульптары разважаюць пра глабальныя праблемы чалавецтва — лакальныя цікавяць нас нашмат больш.

— Але ж нельга не заўважыць, што ў работах беларускіх скульптараў, прынамсі апошнім часам, шмат хрысціянскіх матываў. У вас таксама ёсць некалькі скульптур на такую тэму. З чым гэта звязана?

— Гэта спроба алегарычна сказаць пра тое, што хвалюе. Вядома, ёсць вернікі, для якіх важна выказацца пра тыя ці іншыя праблемы веры. Але ў прынцыпе гэта дазваляе разважаць пра дабро і зло, надзею і здрадніцтва, а таксама канкрэтныя трагічныя падзеі. З такой мэтай скульптары выкарыстоўваюць сімвалы міфаў Старажытнай Грэцыі.

— Менавіта вас можна назваць адным з іх прыхільнікаў. Славянская міфалогія ў скульптуры выглядае на гэтым фоне бедна.

— І мы, скульптары, і большасць гледачоў, здаецца, лепш ведаем старажытнагрэчаскія міфы. На гэтай культуры трымаецца вельмі шмат. Але для мяне яна цікавая як інструмент. Напрыклад, паказаць персанажа адначасова як героя і як нявольніка мне цікавей і прасцей праз міфы Старажытнай Грэцыі. Тут большае значэнне мае псіхалогія персанажа — асобны аспект гэтых гісторый. Дарэчы, у мяне некалі была спроба стварыць нешта па славянскіх героях, але пакуль не атрымалася. Мабыць, я адчуваю іх горш. Рабіць жа гэта кан’юнктурна — проста таму, што трэба, без цікавай думкі, ідэі, праблемы — няма сэнсу.

— Ці адчуваеце на сабе чыйсці ўплыў у пэўных работах, напрыклад, серыі «Казкі»?

— У некаторых яна асацыіруецца з творамі Андрэя Асташова, аднак ніякага ўплыву тут няма. Некалі я расказваў казкі свайму сыну, але гэта былі пераствораныя мной міфы Старажытнай Грэцыі, дзе ён прысутнічаў, з чаго і вырасла серыя. Тады мне падавалася, што я проста зляплю творы і пакіну ў сябе. Тэматычна яны сапраўды нагадвалі работы Асташова, таму я асцерагаўся, што некаторыя ўбачаць у гэтым плагіят. У серыю «Казкі» ўкладзены шчырыя эмоцыі — там глыбока асабістая тэма. Доўга нават саромеўся выстаўляць работы.

— На працягу апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў скульптары, сярод якіх і вы, шмат каго ўвекавечваюць у камені ці бронзе. Ці захаваецца гэты кірунак у найбліжэйшы час?

— Думаю, што многа каго яшчэ захочуць прадставіць у мастацтве. Героі заўсёды знойдуцца. Не магу сказаць, што мы цалкам увекавечылі ўсіх вартых таго асоб мінулых стагоддзяў. Але мне, напрыклад, зараз не хочацца засяроджвацца на гістарычнай тэматыцы, трэба спрабаваць нешта іншае. Няма цяпер жадання займацца і манументальнымі работамі, больш вабіць станковая скульптура. Бывае, мастак вырашае, што ён манументаліст, і пачынае рабіць выключна помнікі, але гэта не вельмі добра. Калі падчас конкурсаў лаўлю сябе на думцы кшталту «што спадабаецца іншым», разумею: шлях трэба мяняць. Ніякі мастак не стане цікавым, калі будзе імкнуцца дагадзіць. Усім цікавы арыгінальны аўтар з асабістым поглядам.

— Рэдкі выпадак — даволі часта вы ствараеце ў суаўтарстве з іншымі скульптарамі, часта з Вольгай Нячай. Як прыйшлі да гэтай формы творчасці?

— Усе мы, мастакі, па вялікім рахунку індывідуалісты, нам вельмі складана цярпець чужое меркаванне. Двум мастакам дамаўляцца заўсёды цяжка, бо яны бачаць свет па-рознаму. Але часам творцы могуць сыходзіцца, і мы з Вольгай Нячай, мабыць, умеем дамаўляцца, разумеем межы адно аднаго. Яна вельмі таленавітая і разумная, валодае добрым пачуццём гумару, што для мяне важна. Да таго ж 80—90% працоўнага часу я праводжу ў майстэрні адзін. Гэта прыемна, але хочацца пэўнай камунікацыі. У прафесіі чым больш ты з кімсьці дзелішся, тым больш атрымліваеш узамен.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.