Вы тут

Па справах і словах: На затрыманне «проста журналіста» Пратасевіча


Я ўвогуле чалавек не крыважэрны і да людзей стаўлюся з павагай і шкадаваннем. Але, калі з’явілася паведамленне аб тым, што затрымалі Пратасевіча, першай рэакцыяй было: «Нарэшце!»


Можна гаварыць аб затрыманні чалавека, які падазраваецца ў тэрарызме і экстрэмізме, з пункту гледжання добрай работы спецслужб. Але я не пра тое. Для мяне асабіста гэта сведчанне таго, што за паскудства, якое робіш іншым людзям, абавязкова давядзецца плаціць. Што нельга беспакарана гуляць чалавечымі лёсамі. Заўважце, я не пра дзяржаву, якой ён сваімі дзеяннямі таксама несумненна нанёс урон. Дзяржава вытрымала і стала мацнейшай. А вось людзі... Паламаныя лёсы, разбураныя сем’і — усё гэта на сумленні Рамана Пратасевіча і яго хаўруснікаў.

Яны ж, пачынаючы з мінулага лета, гулялі-забаўляліся. Хлапчукі, якія ў дзяцінстве не нагуляліся ў салдацікі ці іншыя настольныя гульні, селі за камп’ютар і з хлапчукоў ператварыліся ў монстраў. Бо пачалі гуляць у людзей. Людзей сваёй краіны, якая перастала быць для іх Радзімай. Тое, што тварылася ў нашых гарадах летам і восенню мінулага года, — у многім на іх сумленні. «Становімся ў счэпкі!» — пісалі яны. «Злівайце інфармацыю аб супрацоўніках АМАП!» — пісалі яны. «Выходзім біць ментоў!» — пісалі яны, указваючы пры гэтым месца і час куды выходзіць. «Малайцы, партызаны! Зноў спынілі цягнік!» — хвалілі яны тых, хто нацягваў дрот на чыгунцы, ставячы пад пагрозу жыцці соцень чалавек... Іх чыталі і, як трусікі, загіпназаваныя ўдавам, рабілі ўсё, што яны раілі, гэткія самыя хлапчукі, якія выраслі ў цяплічных бытавых умовах, дараслі да трыццаці гадкоў, і, як кажуць у народзе, не атрымлівалі кухталёў на вясковай дыскатэцы. «Вы будзеце героямі новай Беларусі!» — абяцалі яны. І «новыя героі» — у большасці сваёй не зусім уладкаваныя ў жыцці, але ж былі сярод іх і паспяховыя студэнты, і праграмісты, і бацькі немалых сем’яў, і жанчыны, — ішлі будаваць барыкады і паліць пакрышкі... Пасля, калі з «гераізмам» атрымаўся аблом, колькі іх каялася на камеру з аднымі і тымі ж словамі: «Паддаўся ўплыву дэструктыўных Telegram-каналаў... А супрацоўнікі гэтых самых каналаў пазіравалі ў Варшаве з выразам: «Нас не дагоніш!» і расказвалі свайму «калегу» пра тое, што «зарплата» у іх — якая там зарплата — усяго паўтары тысячы еўра ў месяц...

Проста журналіст, кажаце? З якога, выбачайце, боку, ён журналіст? З таго, дзе пад пазыўным «Кім» ваяваў на Данбасе ў складзе батальёна «Азоў»? Пазіраваў на камеру ў камуфляжы з аўтаматам у руках? Цяпер яго абаронцы кажуць; маўляў, гэта была пастаноўка, а так працаваў там як карэспандэнт. Прама-такі герой «з лейкай і блакнотам». Толькі тыя, хто зараз робіць з Пратасевіча «проста журналіста», забыліся, што інтэрнет памятае ўсё. Там жа захаваліся не толькі яго фоткі a la галівудскі «салдат удачы», але ж і яго інтэрв’ю —«Беларускага салдата з украінскага палка «Азоў» — байца атрада «Пагоня» з пазыўным «Кім». «Першы бой практычна для любога чалавека, хай нават і выдатна падкаванага тэарэтычна, — сумесь жывёльнага страху, неразумення таго, што адбываецца, агню, зямлі і бетону. Галоўнае ў такой сітуацыі — вопытныя браты па зброі або камандзір, які выведзе са стану здранцвення цябе і арганізм. А далей самае галоўнае — не страціць галаву і ўважліва слухаць ўказанні вопытных байцоў...» «Што тычыцца адчуванняў у плане першай стральбы са зброі ў баявой сітуацыі — то ў мяне ў галаве была толькі адна думка: „Альбо ты, або цябе“. Зрэшты, я ні пра што не шкадую...» «Мой прыезд на вайну быў абсалютна абдуманы і ўзважаны...» «Кожны з нас — прафесійны баец і воін...» Гэта цытаты з таго інтэрв’ю ў адкрытым доступе. Вы і цяпер упэўненыя, што ў мінскім аэрапорце затрымалі «проста журналіста»?

Інтэрнет таксама захавае для гісторыі і сведчанні відавочцаў, як «бедны Рома», калі даведаўся, што самалёт садзіцца ў Мінску, хапаўся за галаву, бегаў па салоне, дрыжэў і казаў, што яму пагражае страшнае пакаранне. Яшчэ адзін вельмі яскравы штрых да партрэта паскудніка, які зразумеў, што за напаскуджанае давядзецца плаціць. Не, не герой, нават блізка не герой...

Што да пакарання. Яго, канешне, будзе вызначаць суд пасля заканчэння расследавання, у ходзе якога, думаецца, мы даведаемся яшчэ шмат цікавага з біяграфіі «журналіста і блогера». Але ў тым, што шмат людзей, якія рэальна пацярпелі ад ромкавых вірутальных «гульняў у рэвалюцыю», ужо пажадалі яму ўсяго «найлепшага», можна нават не сумнявацца. А словы і думкі часам маюць уласцівасць матэрыялізавацца.

Аляксей КЛІМАЎ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.