Вы тут

У Мінску працуюць выставачныя праекты «Лабірынт. Бясконцасць», «Мост-21» і «Літарт»


Знайсці пункты перасячэння ў сучасным мастацтве Беларусі змогуць наведвальнікі фестывалю жывапісу «Лабірынт. Бясконцасць», фестывалю арт-фатаграфіі «Мост-21» і выстаўкі мастацтва графічнага дызайну «Літарт», якія прэзентавалі напярэдадні адкрыцця арганізатары і ўдзельнікі-мастакі на сустрэчы з журналістамі. Усе тры выставачныя праекты адкрыліся 27 мая і будуць чакаць прыхільнікаў выяўленчага мастацтва да 13 чэрвеня 2021 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва».


— Вельмі радасна, што ўжо не першы раз за гэты год мы сустракаемся, каб прэзентаваць праекты Беларускага саюза мастакоў і пагаварыць пра беларускае сучаснае мастацтва. Гэты год для нашага саюза вельмі багаты на праекты, — адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля ШАРАНГОВІЧ. — Ствараючы праграму на гэты год, мы хацелі паказаць розныя віды мастацтва, напрамкі, жанры і розных мастакоў. У тым ліку зрабіць і вялікую выязную праграму. Зараз паралельна з нашымі праектамі ў Мінску мы возім па Беларусі наш праект трыенале. Цікавасць вялікая, і людзі гатовы гэтыя работы абмяркоўваць.

Што да тых выставачных праектаў, якія адкрыліся ў Палацы мастацтваў, то тут дэманструюцца работы мастакоў секцый жывапісу і графічнага дызайну Саюза мастакоў. Таксама ў галерэі «АртБеларусь» нядаўна адкрыўся цікавы авангардны праект скульптара Канстанціна Селіханава «Унутраны накапляльнік», які, па меркаванні арганізатараў фестывалю, стане добрым яго дапаўненнем. Увогуле, калі зрабіць кароткі папярэдні экскурс у тое, што чакае аматараў выяўленчага мастацтва, то можна смела заяўляць: разгуляцца воку і думкам будзе месца і нагода. Так, рэспубліканская выстава «Лабірынт. Бясконцасць» чарговы раз пазнаёміць гледачоў з творамі сучасных беларускіх жывапісцаў, пакажа сучасную школу беларускага жывапісу ў яго разнастайнасці.

— «Лабірынт» арганізаваўся недзе гадоў восем таму. Сёлета пройдзе чацвёртая выстаўка нашага праекта. У канцэпцыі адштурхоўваліся ад таго, што лабірынт можна ўспрымаць па-рознаму: як думкі чалавечыя, калі невядома, дзе яны пачынаюцца і дзе заканчваюцца, так і жывапіс — не ведаеш, адкуль ён бярэ пачатак. 360 адценняў колеру мае пяро паўліна — так і жывапіс кожнага мастака мае свае адценні, — распавядае старшыня секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў куратар выстаўкі «Лабірынт» Уладзімір ГАНЧАРУК. — У лабірынтах думак і колераў і сам аўтар можа заблытацца, а можа заблытаецца і глядач, але, магчыма, тым самым і знойдзе сябе?

Адметнай асаблівасцю «Лабірынта» сёлета будзе размяшчэнне экспазіцыі не толькі ў Палацы мастацтаў, але і ў галерэях «Мастацтва» і «Беларт», дзе прадставілі работы жанчын-мастакоў, у якіх можна паназіраць пэўны зрэз мастацтва, якое можа быць вельмі тонкім і пачуццёвым.

Выставачны праект «Літарт» прадэманструе новыя рэфлексіі беларускіх мастакоў у графічным дызайне, тыпаграфіцы. Цікава, што само згуртаванне «Літарт» узнікла каля дваццаці гадоў таму як арт-рэфлексія на стан рэчаў у гэтай галіне графічнага мастацтва. Сяргей САРКІСАЎ, графічны дызайнер, член аргкамітэта выстаўкі «Літарт», згадаў, як першая выстаўка ў іх прайшла ў 1994 годзе, а натхніў мастакоў аб'яднацца ў суполку іх настаўнік і калега Павел Семчанка. Менавіта яго вучні з'яўляюцца ядром «Літарта». Як адзначаюць арганізатары праекта, сёння адбываецца рэнесанс «мастацтва літары», зноў вяртаецца цікавасць і ўвага як да тэорыі, так і да мастацкіх практык — да праектавання шрыфтоў, тыпаграфікі, каліграфікі, летэрынгу. У гэтым кантэксце не застаюцца ўбаку і айчынныя мастакі. І на выставе шрыфту і каліграфіі наведвальнікі змогуць убачыць, напрыклад, работы, аб'яднаныя тэмай свабоды творчасці, пазнаёміцца з мастацкімі эксперыментамі ў розных тэхніках і тэмах.

А хто цікавіцца мастацтвам фатаграфіі, то проста раім наведаць фестываль «МОСТ-21». Тут у праграме асноўнай выставы прадстаўлена творчасць прафесійных майстроў, экспазіцыя маладых творцаў і два персанальныя праекты.

— Праект нарадзіўся, калі я прыйшла ў саюз з жаданнем зрабіць выставу фатаграфіі, а ў выніку мы змаглі арганізаваць цэлы фестываль. Ідэя фестывалю, якая знайшла адлюстраванне ў яго назве — гэта збліжэнне мастацкай фатаграфіі з традыцыйнымі відамі мастацтва і фарміраванне новага бачання яе як віду выяўленчага мастацтва. Асноўныя задачы фестывалю — садзейнічаць прасоўванню і развіццю мастацкай фатаграфіі, паказаць шырокі дыяпазон яе магчымасцяў, прадэманстраваць, як з яе дапамогай аўтар можа выяўляць свае ідэі, — тлумачыць мастак, фатограф, куратар фестывалю фатаграфіі «МОСТ-21» Ганна МЕЛЬНІКАВА.

Выстава альтэрнатыўных тэхнік і працэсаў фотадруку «МОСТ-21. Альтпрацэсы» адкрыецца 2 чэрвеня ў арт-гасцёўні «Высокае месца» і працягнецца да 27 чэрвеня. Персанальная выстава Ганны Мельнікавай будзе працаваць з 4 да 18 чэрвеня ў Галерэі ДК. А фотавыставу «Раўнадзенства» Уладзіміра Суцягіна зможам наведаць з 9 чэрвеня да 11 ліпеня ў Гарадской мастацкай галерэі Л. Д. Шчамялёва. Заходзьце, глядзіце і натхняйцеся мастацтвам, якое не мае межаў і не патрабуе перакладу, бо сапраўднае адчуваеш і ацэньваеш сэрцам.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: З «Лабірынта» на «Мост-21»...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...