Вы тут

Правіла лічбавай гігіены, каб не не стаць ахвярай махляроў


У акружэнні кожнага з нас, за рэдкім выключэннем, няма такіх людзей, якія б не трапілі на «вуду» кіберзлачынцаў. Ужо не першы год праваахоўнікі папярэджваюць: не перадавайце свае банкаўскія даныя незнаёмцам! Аднак людзі па-ранейшаму перакананы, што гэта іх не закране. І, будучы неаднаразова праінфармаванымі, усё роўна дыктуюць махлярам свае асабістыя даныя, а потым, абураючыся, ідуць пісаць заяву ў міліцыю...


Што адбываецца са свядомасцю дарослых адукаваных людзей, як засцерагчы сябе ад кіберзлачынцаў, а таксама якая адказнасць чакае тых, хто, шукаючы лёгкія грошы, ідзе на грабежніцтва ў віртуальным асяроддзі, карэспандэнту «Звязды» расказаў начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачынству галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксей Новаш.

— Аляксей Уладзіміравіч, адсочваючы крымінальную зводку, складваецца ўражанне, што апошнім часам зладзействаў у сферы інфармацыйных тэхналогій значна больш, чым тых, да якіх мы прызвычаіліся...

— Любая новая сфера жыццядзейнасці, якая з'яўляецца ў нашым соцыуме, як правіла, накіравана на атрыманне пэўнай карысці. Так было і 30 гадоў таму, калі ў Беларусі пачалі актыўна развівацца лічбавыя тэхналогіі. Сёння мы не ўяўляем жыцця без камп'ютара, тэлефона, планшэта, іншых інавацыйных тэхналогій. Цікавіць гэтая сфера і зладзеяў, якія вышукваюць шляхі для лёгкага заробку. Інтэрнэт іх прываблівае высокай ступенню ананімнасці: мы можам мець зносіны адзін з адным, выкарыстоўваючы пэўныя нікі, праграмныя прадукты, якія дазваляюць мяняць нумары тэлефонаў, нумары ІP-адрасоў. Чым больш жыццё чалавека ўцягнута ў глабальную сетку, тым актыўней пераходзіць туды і злачынная дзейнасць.

— Праваахоўніку лягчэй устанавіць злачынцу — рэальнага або віртуальнага?

— Любы чалавек, які здзяйсняе крымінальна адказнае дзеянне, з'яўляецца злачынцам. І незалежна ад таго, як ён гэта робіць: фізічна або віртуальна. За кожным зладзействам стаіць канкрэтны чалавек. Калі, напрыклад, скралі сумку альбо ўзламалі машыну, мы разумеем, што нам трэба прагледзець камеры відэаназірання, зняць адбіткі пальцаў, вывучыць іншыя фізічныя сляды. Тыя асобы, якія здзяйсняюць грабежніцтва ў інтэрнэце, таксама пакідаюць сляды. Толькі электронныя. За імі стаяць такія ж фізічныя асобы, якіх мы таксама ўстанаўліваем, аднак гэта патрабуе больш часу. У першую чаргу, гэта звязана з тым, што ў глабальнай сетцы могуць здзяйсняць злачынствы людзі, якія знаходзяцца на іншым канцы зямнога шара. У такіх выпадках мы карыстаемся дапамогай нашых калег з іншых дзяржаў — уключаюцца механізмы міжнароднага супрацоўніцтва.

— Устанаўліваць асобы кіберзлачынцаў, напэўна, могуць толькі высокаадукаваныя спецыялісты... Хто служыць ва ўпраўленні?

— З улікам таго, што гэта адносна новая сфера дзейнасці, тут патрэбны спецыяльныя веды ў ІT-сферы. Паколькі сфера новая, многія займаюцца самаадукацыяй, праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Маючы вопыт і пэўныя навыкі, мы спрабуем ісці ў нагу з часам, дадаткова вывучаючы новыя тэндэнцыі.

— Колькі ўжо гаворыцца аб тым, каб грамадзяне былі асцярожныя са сваімі банкаўскімі рахункамі, аднак па-ранейшаму трапляюць на хітрыкі кіберзлачынцаў. Чаму так адбываецца? Нашы людзі яшчэ да канца не ўсвядомілі, што і ў інфармацыйным асяроддзі адбываюцца правапарушэнні?

— Глабальнае ўваходжанне ў наша жыццё лічбавых тэхналогій успрымаецца з нейкай баязлівасцю, асабліва людзьмі старэйшага пакалення. Многія баяцца таго, да чаго не могуць дакрануцца. Як дзейнічаюць махляры? Прыцягваюць для сваіх мэт кваліфікаваных псіхолагаў, якія прафесійна націскаюць на тыя балючыя кропкі, якія хвалююць. Уявіце: чалавеку старэйшага ўзросту тэлефануе супрацоўнік банка і кажа, што з яго рахунку спрабуюць скрасці грошы. За савецкім часам людзі пазбаўляліся сваіх зберажэнняў — для старэйшага пакалення гэта балючая тэма. Таму, калі, прадстаўляючыся супрацоўнікамі банка, зламыснікі прапаноўваюць назваць карыстальніку свае персанальныя даныя з мэтай іх быццам бы бяспекі, чалавек, які хвалюецца за свае сродкі, паведамляе неабходную інфармацыю. Акрамя таго, у нас змяніўся рытм жыцця. Часта, калі нам тэлефануюць кіберзлачынцы, мы вельмі занятыя, кудысьці спяшаемся. А калі чалавек уключаны ў пэўны від дзейнасці, ён можа проста механічна прадыктаваць свае персанальныя даныя. Стаўшы выпадковым сведкам звычайнага правапарушэння (напрыклад, узлому аўтамабіля), мы можам пакрычаць, выклікаць кагосьці на дапамогу. У дадзеным выпадку мы зламысніка не бачым — і ў долю секунды грошы з аднаго рахунку паступаюць на другі, і позна нешта рабіць. Так, людзі, якія маюць дастаткова нізкі ўзровень лічбавай пісьменнасці, грэбуючымі ўсімі правіламі лічбавай гігіены, на жаль, пазбаўляюцца сваіх сродкаў. Прычым масава і ў вялікай колькасці.

— А што такое лічбавая гігіена?

— За працяглы перыяд існавання соцыуму людзі прызвычаіліся выконваць правілы асабістай гігіены, а ёсць яшчэ лічбавая гігіена. Каб не трапіць у пастку да махляроў, дастаткова выконваць элементарныя правілы. Перадача любой інфармацыі аб вашых рахунках — гэта табу. Гэта як ключы ад вашай кватэры. Вы ж не даяце іх чужому чалавеку?! Так і тут. Калі паступае званок і пад любой маркай патрабуюць даць канфідэнцыяльную інфармацыю, якая садзейнічае доступу да рахунку, пакуль вы на сто працэнтаў не пераканаецеся, з кім і наконт чаго вы маеце зносіны, ніякую інфармацыю даваць катэгарычна нельга. Усе зносіны, якія датычацца вашых электронных сродкаў, павінны адбывацца выключна ў банкаўскай установе з супрацоўнікам, якога вы бачыце. Заключаючы дагавор на банкаўскае абслугоўванне, банк прымае на сябе абавязкі па захаванні вашых сродкаў: што б ні адбылося з вашымі грашыма, ён нясе адказнасць за іх і ў выпадку несанкцыянаванага доступу да вашых сродкаў бярэ адказнасць за іх вяртанне. За выключэннем выпадкаў, калі вы самастойна дадзіце зламысніку ключы і паролі, іншыя сродкі доступу. Варта адзначыць, што, дзякуючы прафілактычнай рабоце, інфармацыі ў СМІ, нам удалося знізіць прырост кіберзлачынстваў. Людзі становяцца больш дасведчанымі, але і зламыснікі пачынаюць мяняць тактыку. Калі раней прадстаўляліся супрацоўнікамі банка, то цяпер называюць сябе супрацоўнікамі праваахоўных органаў. І людзі, якія ўжо ведаюць, што нельга даваць асабістыя даныя банку, зноў у разгубленасці.

— Да адказнасці за здзяйсненне злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій прыцягваюцца ў тым ліку падлеткі. Гэта сведчыць аб тым, што сучасныя дзеці па ўзроўні лічбавай дасведчанасці ў многім нас пераўзышлі?

— Сённяшняя моладзь выхоўваюцца на камп'ютарах, тэлефонах, іншых гаджэтах. Таму не дзіва, што сярод кіберзлачынцаў, на жаль, нямала прадстаўнікоў маладога пакалення. Напрыклад, у мінулым годзе злачынствы ў сферы інфармацыйных тэхналогій здзейснены 38 непаўналетнімі. Дзеці прыцягваюцца да адказнасці і за заведама лжывыя мініраванні. І калі мы пачалі разбірацца, хто за гэтым стаіць, аказалася, што падлеткі — удзельнікі сеткавых гульняў. Такімі проціпраўнымі ўчынкамі яны помсцяць сваім праціўнікам па гульні, не разумеючы, якія матэрыяльныя затраты стаяць за такімі дзіцячымі свавольствамі. І калі, згодна з нашым заканадаўствам, крымінальная аказнасць наступае з 16 гадоў, то за гэтыя злачынствы, як і за крадзяжы з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі, малады чалавек нясе адказнасць пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту. Некаторыя санкцыі дадзеных артыкулаў прадугледжваюць пазбаўленне волі да сямі гадоў.

— На што звяртаць увагу бацькам, каб засцерагчы сваіх дзяцей?

— У першую чаргу, бацькам трэба сачыць за іх матэрыяльным становішчам. Мы добра ведаем, якія сродкі даём на кішэнныя выдаткі. І калі невядома адкуль у дзіцяці з'яўляецца дарагі тэлефон, самакат або іншыя нятанныя рэчы, варта забіць трывогу. Важна назіраць, чым падлеткі займаюцца ў камп'ютары і іншых гаджэтах: якія гульні выбіраюць, з кім маюць зносіны. Зразумела, ёсць пэўныя рамкі бацькоўскага кантролю, аднак не варта пускаць усё на самацёк.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: «За кожным злачынствам стаіць канкрэтны чалавек»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».