Вы тут

Прафайлінг — бачыць больш, чым звычайныя людзі


У галоўнай міліцэйскай ВНУ краіны няма таго курсанта, які б не ведаў кандыдата псіхалагічных навук Інгу Сячко. І не толькі таму, што ў многіх з іх яна праводзіла заняткі альбо робіць гэта цяпер. Спяшаюцца пазнаёміцца з выкладчыцай як учарашнія школьнікі, якія нядаўна надзелі курсанцкія пагоны, так і дзеючыя афіцэры, якія павышаюць у акадэміі кваліфікацыю. Справа ў тым, што Інга Вітальеўна вядзе адну з найцікавейшых дысцыплін — прафайлінг.


Фота: Акадэміі МУС.

Каб пераканацца ў гэтым асабіста, а таксама даведацца, што гэта за прадмет і навошта тонкасцямі прафайлінгу павінен валодаць кожны праваахоўнік, карэспандэнт «Звязды» на непрацяглы час села за парту адной з аўдыторый Акадэміі МУС. Інга Сячко выкладае тут ужо не першы год. Чалавек яна грамадзянскі, але працаваць з людзьмі ў пагонах ёй лёгка — як прызнаецца выкладчыца, няма больш зацікаўленых і дысцыплінаваных слухачоў.

Людзі-рэнтгены

Інга Вітальеўна з'яўляецца адным з першых спецыялістаў-прафайлераў у Беларусі, таму як ніхто ведае свой прадмет. «Сёння існуе шмат відаў прафайлінгу, — расказвае выкладчыца Акадэміі МУС. — У канцы 1970-х гадоў, калі ўпершыню ўзнікла такое паняцце, методыка распрацоўвалася для стварэння бяспекі ў ізраільскіх аэрапортах з мэтай вызначэння тэрарыстаў. Такі прафайлінг прызначаны для выяўлення патэнцыйна небяспечных асоб па знешнім выглядзе і па паводзінах».

Уявіце аэрапорт. Чарга на стойку рэгістрацыі на рэйс. І каб туды не трапіў пасажыр, які пад сваім адзеннем або ў багажы хавае выбуховую прыладу, патрэбна правяраць усіх. Аднак гэта не заўсёды магчыма: сотні пасажыраў, усяго дзве гадзіны на рэгістрацыю... І ўся надзея — на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія павінны бачыць, каго ў гэтай чарзе, у натоўпе трэба праверыць найбольш дасканала.

Як пераканана кандыдат псіхалагічных навук, у гэтых супрацоўнікаў, якіх яна называе людзьмі-рэнтгенамі, асаблівы зрок. «Яны бачаць больш чым іншыя, — падкрэслівае Інга Сячко. — Падчас папярэдняй ацэнкі або прафіліравання пасажыраў праваахоўнікі арыентуюцца на знешні выгляд, паводзіны, на тое, як чалавек апрануты, як выглядае яго твар, погляд, якія ў яго жэсты, міміка, інтанацыя голасу, дыханне — усё гэта невербальныя сігналы. І, як высветлілася, менавіта яны нясуць значна больш праўды, чым вербальныя. Мы ўмеем хлусіць словамі, і ва ўсіх гэта дастаткова добра атрымліваецца. А вось падманваць жэстамі ці інтанацыяй мы пакуль не навучыліся».

Як навучыцца чытаць думкі?

Задача выкладчыка па прафайлінгу — навучыць курсантаў бачыць больш за тое, што бачаць звычайныя людзі. «Мы ад прыроды амаль усе можам чытаць міміку, — пераканана Інга Вітальеўна. — Аднак калі гэтая здольнасць даецца нам пры нараджэнні, то жэсты засвойваюцца менавіта пры сацыяльных зносінах. Што мы ўлоўліваем у міміцы, рухах цела і ў інтанацыі голасу? У першую чаргу эмоцыі. Голас заўсёды эмацыянальна афарбаваны. Асабліва добра мы адчуваем гэта па тэлефоне: нас не адцягвае карцінка, мы добра сканцэнтраваны на інтанацыі, паўзы, дыханні. А вось падчас жывой сустрэчы з чалавекам да вас даходзіць вельмі шмат інфармацыі. Калі вы навучыцеся разумець эмоцыі па твары, жэстах і целу, то практычна вы навучыцеся чытаць думкі».

У Акадэміі МУС майстэрства прафайлінгу спасцігаюць курсанты першага і другога курсаў. У межах дысцыпліны «Індывідуальная тактычная падрыхтоўка» будучыя афіцэры вучацца і таму, як падрыхтаваць сябе да небяспечнай работы. Гэта маладыя хлопцы і дзяўчаты, таму натуральна, што ў іх яшчэ няма жыццёвага досведу. Аднак усё прыходзіць, таму на працягу вучобы курсанты адточваюць майстэрства на практыцы падчас буйных спартыўных мерапрыемстваў — у выніку выходзяць з акадэміі прафесіяналамі, якія ўмеюць чытаць чалавека як адкрытую кнігу.

— Гэты навык неабходны ва ўсіх сферах, звязаных са зносінамі з людзьмі, каб разумець іх, бачыць больш, чым яны хацелі б нам паказаць, — лічыць спецыяліст па прафайлінгу. — Калі людзі нешта ўтойваюць, у нас павінны быць інструменты, каб даведацца праўду. Вы скажаце — для гэтага ёсць паліграф. Згодна, добры інструмент для выяўлення праўды і хлусні. Але ж вы не можаце ўвесь час насіць яго з сабой. Яго немагчыма ўстанавіць у тым жа аэрапорце пры рэгістрацыі пасажыраў. Затое прафіляваць без дапамогі апарата здольны наш мозг.

Вочы — люстэрка душы, рукі — ілюстратары маўлення

Больш сур'ёзна ў нашай краіне прафайлінгам пачалі займацца ў 2014 годзе, перад чэмпіянатам свету па хакеі. Было зразумела, што чакаюцца вялікія плыні іншаземцаў, і некаторыя з іх могуць ехаць да нас як з добрымі намерамі, так і не. Таму, каб абараніць нашых грамадзян, праваахоўнікаў пачалі навучаць прафайлінгу.

— Ёсць такое паняцце, як ключы доступу вачэй, — расказвае Інга Сячко. — Гэта пэўны рух вачэй, па якім можна зразумець, што адбываецца ў мозгу чалавека. І калі вы задаяце яму пытанне, рух вачэй паказвае вам: чалавек адказвае праўду альбо нешта прыдумляе. Вочы, вусны, плечы, рукі і ногі — тыя часці цела, якія найбольш гавораць пра нас. Невыпадкова кажуць, што вочы — люстэрка душы, вобласць нашага мыслення. А вось калі хочаце зразумець, што чалавек адчувае, паглядзіце на яго вусны.

А ці ведалі вы, што абутак можа расказаць пра чалавека значна больш, чым яго адзенне? Аказваецца, ногі — самая праўдзівая частка чалавечага цела, бо мы яе менш за ўсё кантралюем. Ногі могуць выдаць хваляванне, няўпэўненасць у сабе, а таксама расказаць пра характар. Лепш за ўсё кантраляваць у нас атрымліваецца свой твар. Складаней гэта рабіць з інтанацыяй голасу, рукамі. Рукі — ілюстратары маўлення. Мы інстынктыўна пачынаем іх хаваць, калі хочам утаіць некаторую інфармацыю.

— Лепш за ўсё назіраць за чалавекам тады, калі ён аб гэтым нават не здагадваецца, — пераканана выкладчыца Акадэміі МУС. — Ёсць базавыя паводзіны, калі чалавек спакойны і расслаблены. А ёсць базавае хваляванне, якое вы адчуваеце, калі маеце зносіны з чужымі, незнаёмымі людзьмі. Большасць людзей, якія трапляюць у аддзяленне міліцыі, адчувае менавіта базавае хваляванне. Праваахоўнік разумее, што адбываецца, таму яго задача — супакоіць чалавека, толькі затым правесці размову.

«Бяспека — перш за ўсё»

Будучых і ўжо дзейных афіцэраў вучаць і майстэрству аўтапрафайлінгу. Паняцце гэта пакуль новае, неўзабаве Інга Сячко плануе ўвесці яго ў навуковы зварот. На яе погляд, для праваахоўніка вельмі важна кіраваць мовай свайго цела: з дапамогай голасу, мімікі, жэстаў можна ўздзейнічаць на людзей. Пэўныя навыкі дазваляюць прадстаўніку МУС хутчэй устанавіць кантакт, атрымаць больш неабходнай інфармацыі, выклікаць давер, шчырасць у падазраванай асобы. Часта прафайлеру лепш зрабіць выгляд, што ён верыць, калі яго падманваюць, — усё дзеля таго, каб падманшчык страціў пільнасць.

— Прафайлер павінен правяраць любыя сігналы аб бяспецы, усялякага роду дзівацтвы і нелагічнасці знешняга выгляду або паводзін чалавека, — падкрэслівае Інга Вітальеўна. — Напрыклад, дасведныя супрацоўнікі ДАІ нават па тым, як рухаецца аўтамабіль, як выглядае твар у лабавым шкле, куды глядзіць і паварочвае галаву кіроўца, могуць вызначыць, ці ёсць у кіроўцы праблемы з дакументамі. Прафайлер павінен быць больш падазроным, чым іншыя. Назіраючы за тым, што адбываецца ў свеце, я лічу, што прынцып «бяспека — перш за ўсё» важны як ніколі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?