Сёлета адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый краіны — рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» — адзначае сваё 100-годдзе. «Звязда» пагаварыла са старшынёй таварыства Юрыем Шумскім пра тое, чым сёння жывуць яго ўдзельнікі.
Для беларускіх паляўнічых — асаблівыя ўмовы
— Юрый Іванавіч, якія задачы аб'яднання вы лічыце галоўнымі?
— Асноўныя дзяржаўна значныя задачы былі вызначаны адпаведным указам Прэзідэнта. Сярод іх — стварэнне членам аб'яднання ўмоў для палявання і аматарскага рыбалоўства, вядзенне высокаэфектыўных паляўнічых і рыбалоўных гаспадарак, арганізацыя навучання грамадзян краіны правілам палявання і аматарскага рыбалоўства, арганізацыя і вядзенне паляўнічага сабакаводства і іншае.
Для іх рэалізацыі створаны шэсць абласных, 106 раённых і 736 пярвічных арганізацыйных структур нашага таварыства. Яно з'яўляецца самым буйным арандатарам паляўнічых угоддзяў у краіне — у арэндзе знаходзіцца звыш 11 мільёнаў гектараў, ці каля 64 % плошчы ўсіх паляўнічых угоддзяў.
— Згодна з архіўнымі данымі, напачатку сваёй гісторыі, у 1921 годзе, БТПР налічвала не больш за 500 паляўнічых. Як змянілася гэтая лічба?
— Сёння ў шэрагах аб'яднання знаходзяцца 70 тысяч членаў, з іх звыш 36 тысяч паляўнічых. На жаль, з кожным годам колькасць рыбаловаў і паляўнічых зніжаецца. Для гэтага ёсць розныя прычыны: як фінансавыя пытанні, так і бюракратычныя працэдуры. Але мы шукаем розныя механізмы, каб падтрымаць людзей, прыцягнуць да палявання і рыбалкі моладзь.
— А калі гаварыць пра паляўнічых з-за мяжы?
— Наша асноўная задача — арганізацыя палявання для беларускіх грамадзян. Замежныя ж паляўнічыя — гэта адзін са спосабаў зарабіць больш грошай. Пры гэтым для беларусаў мы стрымліваем цэны, каб паляванне было ім даступнае. Так, калі трафейны лось для мясцовага паляўнічага будзе каштаваць 1000—1500 рублёў, то для замежніка — 1000-4000 еўра. І гэта толькі за здабычу звера. Плюс да гэтага аплата пражывання, харчавання, арганізацыя палявання...
Калі было адкрыта паляванне на дзіка, пастаянна расла колькасць замежных паляўнічых. Але пасля 2013 года, калі пачала развівацца сітуацыя з АЧС, мы адчулі спад. Сталі шукаць выйсце з сітуацыі, у тым ліку па іншых паляўнічых відах, бралі ўдзел у міжнародных выстаўках у Германіі, Аўстрыі, Польшчы. І ў нас атрымалася вярнуць замежнікаў. У 2019 годзе ўпершыню пасля абвалу ўсе паляўнічыя гаспадаркі БТПР зарабілі 1,3 млн еўра.
І нават у сітуацыі з каранавірусам паляванне працягваецца, ліміты асвойваюцца. Тым больш што пры заключэнні дагавора на правядзенне паляўнічага тура для замежнікаў у Беларусі не трэба знаходзіцца на самаізаляцыі.
Рассяліць і зарыбіць
— Адным са спосабаў аднаўлення пасля страты дзіка вы назвалі рассяленне іншых відаў паляўнічых жывёл...
— З 2014 года ў краіне пры падтрымцы Урада і Мінлясгаса пачалося рассяленне высакароднага аленя. На гэтую справу для БТПР і іншых лесапаляўнічых гаспадарак выдзяляецца частка сродкаў ад платы дзяржпошліны на права палявання. Пастаўшчыкамі аленяў могуць выступаць нацыянальныя паркі, прыватныя паляўнічыя гаспадаркі Беларусі і замежжа.
Для закупленых жывёл ствараецца часовая вальера, дзе яны знаходзяцца ў халодны перыяд года. Праз некаторы час пасля ацёлу алені выпускаюцца на волю. Прыкладна праз тры гады, калі іх шчыльнасць у паляўнічай гаспадарцы стане адпаведная, можна пачынаць паляванне. Першапачаткова адбіраецца да 10 % ад агульнай колькасці. З 2015 да 2020 года ў паляўнічыя ўгоддзі было ўселена 2323 асобіны аленя, створана больш за 40 новых папуляцый гэтага віду. З 2014 года яго колькасць у паляўнічых угоддзях БТПР павялічылася ў 3-4 разы і сёння складае больш за 11 тысяч асобін.
— Як падтрымліваюцца гэтыя і іншыя паляўнічыя жывёлы?
— Мы штогод нарыхтоўваем розныя віды кармоў, засяваем кармавыя палі. У паляўнічых гаспадарках сістэмы БТПР устаноўлены 16 900 саланцоў для капытных, 1950 кармушак для аленя і казулі, 460 комплексаў біятэхнічных збудаванняў, 625 кармасховішчаў. Робіцца ўсё для таго, каб у неспрыяльны і блізкі да гэтага перыяд жывёлы не цярпелі голад і іншыя праблемы.
— Усю гэтую аб'ёмную працу выконваюць работнікі паляўнічых гаспадарак?
— З 2014 года, калі пачалося падзенне даходаў з-за АЧС, былі вымушаны скарачаць егерскую службу. Але ж работы менш не стала. Таму прыйшлі да высновы, што без уцягвання неабыякавых паляўнічых весці гаспадарку мы не зможам. Гэта ідэя знайшла адлюстраванне ва ўказе Прэзідэнта, які распачынаў эксперымент па замацоўванні паляўнічых угоддзяў за паляўнічымі. Для яго правядзення выбралі 12 паляўнічых гаспадарак БТПР, па дзве ў кожнай вобласці. Тэрмін рэалізацыі — з верасня 2018 года да снежня 2021-га.
Грамадзяне дапамагаюць паляўнічай гаспадарцы, дзе яны палююць: ствараюць і апрацоўваюць кармавыя палі, будуюць падкормачныя пляцоўкі і кармушкі, закупляюць сена, зерне, бяруць удзел у ахове ўгоддзяў разам з інспектарамі, здабываюць непажаданыя віды жывёл ці аплачваюць закупку часткі кармоў. У залежнасці ад свайго ўнёску яны могуць атрымаць бясплатную пуцёўку на паляванне ці льготы на здабычу звяроў.
У цэлым эксперымент паказвае, што такая форма гаспадарання можа быць перспектыўнай. Але дзесьці па розных прычынах яна працуе не так эфектыўна. Я не прыхільнік «абавязалаўкі». Галоўнае, што ёсць механізм, якім людзі могуць скарыстацца. Калі больш выгадна заплаціць грошы, калі ласка. Гэтая задумка была таксама накіравана на зніжэнне браканьерства: калі ў вас няма грошай на паляванне, папрацуйце ў гаспадарцы, і яно для вас будзе бясплатным.
— Свой унёсак члены таварыства робяць і ў зарыбленне беларускіх вадаёмаў...
— Так. За частку членскіх узносаў рыбаловаў-аматараў мы праводзім зарыбленне вадаёмаў фонду запасу рыбалоўных угоддзяў — гэта значыць, даступных для ўсіх грамадзян. З 2014 да 2020 года былі зарыблены 92 такія аб'екты, у тым ліку Вілейскае, Заслаўскае, Чыгірынскае, Салігорскае вадасховішчы, возера Лепельскае, рэкі Прыпяць, Дняпро і іншыя. Было заселена амаль 900 тысяч штук розных відаў рыб. І такая практыка працягваецца. Напрыклад, на гэтым тыдні зарыбленне адбылося на Плешчаніцкім вадасховішчы — туды ўпусцілі 1600 асобін карася і 510 асобін карпа.
Для правядзення зарыблення збіраецца рыбалоўны савет, які дзейнічае пры БТПР з удзелам прадстаўнікоў дзяржорганаў і грамадскасці. Для зарыблення рыхтуецца біёлага-эканамічнае абгрунтаванне, якое праходзіць дзяржаўную экалагічную экспертызу. У дакуменце прапісваюцца віды рыб, іх колькасць, перыяд зарыблення і іншыя даныя.
Мы імкнёмся зарыбляць абарыгеннымі відамі рыб, асабліва драпежнымі — шчупаком, сомам, а таксама іншымі — язем, лінём, карасём. Але існуе праблема з асартыментам рыбапасадачнага матэрыялу ў рыбгасах. Таму штучныя вадаёмы таксама зарыбляем карпам, таўсталобікам, белым амурам.
Паколькі адразу пасля зарыблення рыба трымаецца на адным месцы, каб нядобрасумленныя грамадзяне не змаглі гэтым скарыстацца, устанаўліваем ахову на вадаёмах, просім дапамогі ў інспектараў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Не плануем спыняць гэту работу. І калі раней прыкладна 25 % ад узносаў рыбаловаў-аматараў выдзялялася на мэты зарыблення, то, згодна з праектам правілаў рыбалоўства, плануецца павялічыць гэты паказчык да 50 %, што дапаможа зарыбляць яшчэ больш вадаёмаў фонду запасу.
Важны ўдзел кожнага
— Якую ролю БТПР іграе ў распрацоўцы і ўнясенні змен у заканадаўства, што датычыцца паляўніцтва і рыбалоўства?
— Мы бяром удзел у падрыхтоўцы гэтых дакументаў разам з Мінпрыроды, Мінлясгасам, Дзяржінспекцыяй жывёльнага і расліннага свету, Нацыянальнай акадэміяй навук. Без нашай візы яны не праходзяць.
Сёлета ўвайшлі ў сілу новыя Правілы палявання і Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі. Цяпер абмяркоўваюцца змены ў Правілы аматарскага рыбалоўства і Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі. Напрыклад, плануецца зрабіць больш жорсткім парадак здачы ў арэнду рыбалоўных угоддзяў. Калі казаць менавіта пра БТПР, то, згодна з новымі правіламі, таварыства будзе выдаваць пасведчанне на права падводнага палявання.
— Ужо некалькі гадоў запар вясной таварыства праводзіць экалагічную акцыю «Чысты вадаём». Ці дапамагаюць такія мерапрыемст-
вы змяніць светапогляд рыбаловаў і адпачывальнікаў?
— Ідэю прыбірання берагоў вадаёмаў я падгледзеў на Міжнародным кангрэсе рыбалоўнага спорту. Прапанаваў яе на чарговым пасяджэнні праўлення, і з 2014 года акцыя праходзіць у Беларусі. Штогод у акцыі прымае ўдзел каля пяці тысяч чалавек, наводзіцца парадак на больш чым тысячы кіламетраў берагавой лініі вадаёмаў і вадацёкаў. За грошы рыбаловаў мы закупляем смеццевыя пакеты і пальчаткі, аплачваем тэхніку для вывазу смецця, дастаўку людзей, заказваем інфармацыйныя таблічкі. У выніку становіцца прыемна глядзець на вадаём.
Змяняецца і стаўленне людзей. Калі першыя гады таблічка вытрымлівала максімум месяц, то цяпер можа прастаяць некранутай больш за год. Смецце па-ранейшаму ёсць, але яго значна менш. Зразумела, мы не прыбяром за ўсімі грамадзянамі, гэта больш як заклік «Давайце не смеціць!»
Акрамя такіх акцый, праводзім разам з Дзяржінспекцыяй рэйды па выкананні правілаў рыбалоўства. Перад гэтым анансуем мерапрыемствы: мы не ставім мэтай пакараць — трэба, каб людзі разумелі, што лепш не парушаць правілы.
Калі гаварыць пра работу з насельніцтвам, то вялікую ўвагу ўдзяляем дзецям. У кожнай раённай арганізацыі ёсць юнацкія секцыі паляўнічых і рыбаловаў. Так мы папулярызуем любоў да прыроды і беражлівае да яе стаўленне. Арганізоўваем для іх конкурсы малюнкаў, фатаграфій, літаратурных твораў.
Увогуле, паляўнічыя робяць шмат добрых спраў для прыроды. На адной з канферэнцый па пералётных птушках я задаў пытанне ўдзельнікам: «Што вы ўсе зрабілі для прыроды, для птушак, акрамя заклікаў забараніць паляванне?» Ніхто не адказаў. А мы для качак зрабілі 6000 гняздоўяў, цяпер робім гагалятнікі — ужо іх створана звыш 3000. Бо паляўнічым гэта цікава. Зімой, калі вялікі снег, усе спачуваюць звярам у лесе. А паляўнічыя робяць для іх кармушкі, ствараюць біятэхнічныя палі, закупляюць кармы. Што ў гэтым дрэннага для прыроды? Калі кожны на сваім участку працуе на стварэнне, у цэлым становіцца добра.
Вераніка КОЛАСАВА
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.