Ёсць меркаванне, што рухаць навуку наперад павінна моладзь. У маладых заўсёды шмат ідэй, яны не баяцца праяўляць ініцыятыву, для іх не існуе бясспрэчных аўтарытэтаў, яны ўсё падвяргаюць сумненню і, галоўнае, не баяцца выходзіць за рамкі звыклых уяўленняў і рызыкаваць. А для навукі патрэбны менавіта смеласць і дзёрзкасць. Але ці часта можна пачуць ад маладых пра іх жаданне стаць даследчыкам? Прафесія вучонага паступова страчвае для маладога пакалення былую прывабнасць. Таму пытанні падрыхтоўкі інтэлектуальнай эліты застаюцца актуальнымі для ўсіх краін. І Беларусь — не выключэнне.
Дваццаць гадоў таму ў структуры Нацыянальнай акадэміі навук з'явілася навучальная ўстанова новага тыпу — Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў. Асноўная яго мэта — умацаванне сувязі вышэйшай школы з акадэмічнымі навукова-даследчымі ўстановамі. Сёння ў акадэміі каля 20 працэнтаў навуковых кадраў складае моладзь ва ўзросце да 29 гадоў. Падчас рэспубліканскага маладзёжнага форуму «Беларусь інтэлектуальная», які прайшоў у Акадэміі навук з удзелам 200 маладых даследчыкаў, рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Марат ЖЫЛІНСКІ расказаў пра тое, як выхоўваецца інтэлектуальная эліта краіны і з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца.
На перадавой акадэмічнай навукі
— Падрыхтоўка даследчыкаў высокай навуковай кваліфікацыі — найважнейшая задача, сфармуляваная ў прынятай на ІІ з'ездзе беларускіх вучоных Стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018—2040», — паведаміў ён. — Пад кіраўніцтвам акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, вядучых вучоных і навуковых супрацоўнікаў арганізацый у магістратуры Акадэміі навук вядзецца планамерная работа па падрыхтоўцы навуковага кадравага патэнцыялу. Сёння Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў рыхтуе магістраў па запатрабаваных фундаментальных спецыяльнасцях для навуковых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук. Падкрэслю, што для гэтых мэт задзейнічана матэрыяльна-тэхнічная база ўсіх арганізацый НАН, якая з'яўляецца найбуйнейшай навукова-тэхнічнай карпарацыяй у краіне. У акадэміі дзейнічае шмат навукова-практычных цэнтраў і інавацыйных вытворчасцяў.
Фарміраванне будучых вучоных адбываецца не ў вучэбных аўдыторыях, а, так бы мовіць, на перадавой акадэмічнай навукі — у лабараторыях акадэмічных інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў, на эксперыментальных пляцоўках, археалагічных раскопках.
Дарэчы, 90 працэнтаў кіраўнікоў магістарскіх дысертацый — гэта акадэмічныя вучоныя. Запатрабаванасць выпускнікоў інстытута пацвярджаецца іх стапрацэнтным размеркаваннем. Дзяржава робіць усё, каб у маладых вучоных было першае працоўнае месца, каб яны былі забяспечаны жыллём, мелі магчымасць для творчага і кар'ернага росту. Па выніках Рэспубліканскага студэнцкага конкурсу навуковых работ кожны пяты выпускнік нашай магістратуры быў узнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі.
Абарона магістарскіх дысертацый паказвае высокі ўзровень кампетэнцый магістрантаў. Сярэдняя ацэнка абароны выпускных работ — не ніжэйшая за 8,9 бала. А 75 працэнтаў тых, хто абараніўся, атрымліваюць адзнакі ў «9» і «10» балаў.
Важна, што ў акадэмічныя арганізацыі пасля заканчэння нашай магістратуры ідуць працаваць каля 70 працэнтаў яе выпускнікоў. Таксама выпускнікі акадэмічнай магістратуры складаюць 50 працэнтаў тых, хто паступае ў аспірантуру акадэміі на дзённае аддзяленне. Усе магістранты паспяхова здаюць экзамены па агульнаадукацыйных дысцыплінах. Гэтыя вынікі пацвярджаюць высокі ўзровень ведаў магістрантаў і, галоўнае, іх здольнасць да працягу навукова-даследчай дзейнасці.
Дысцыплінаваць мысленне
Марат Жылінскі лічыць, што трэба пастаянна вывучаць інтарэсы, патрэбы, матывы і каштоўнасныя ўстаноўкі маладых даследчыкаў.
Аспірантура — першая ступень у сістэме падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі пасля ВНУ, а кандыдацкая дысертацыя — гэта кваліфікацыйнае даследаванне, якое дае права прафесійна займацца навуковай дзейнасцю. Зараз у Акадэміі навук праграмы аспірантуры рэалізоўваюцца ў 52 навуковых арганізацыях па 137 навуковых спецыяльнасцях.
У цяперашні час у аспірантуры навучаюцца 566 чалавек, з іх 305 — на дзённай форме, 67 — на завочнай і 194 — у фармаце саіскальніцтва.
Прыём у аспірантуру складае 140—150 чалавек у год. Акадэмія валодае для іх падрыхтоўкі ўсімі рэсурсамі: развітой інфраструктурай, наяўнасцю прызнаных ва ўсім свеце навуковых школ. Больш як 50 працэнтаў навуковых кіраўнікоў аспірантаў складаюць дактары навук. А якімі ж матывамі кіруецца моладзь, каб пайсці вучыцца спачатку ў магістратуру, а потым і ў аспірантуру?
— На наш погляд, гэта жаданне самаўдасканальвацца і магчымасць займацца навуковай дзейнасцю, прасоўванне ў кар'еры, жаданне працаваць у навуковай установе ці вышэйшай навучальнай установе, павысіць свой сацыяльны статус і самасцвердзіцца, — разважае Марат Жылінскі. — Дарэчы, стыпендыя аспіранта складае 655 рублёў, дактаранта — 1060 рублёў. А памер стыпендыі аспіранта, які з'яўляецца лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, складае амаль тысячу рублёў.
Канешне, эфектыўнасць аспірантуры ў вялікай ступені залежыць ад таго, хто туды паступае, якія мэты і задачы ставіць перад сабой будучы вучоны: проста абараніць дысертацыю або адбыцца ў навуцы? Чым жа прыцягвае маладых навучанне ў акадэмічнай аспірантуры? Гэта пашырэнне свайго навуковага кругагляду: размова ідзе пра магчымасць адкрываць новыя галіны ведаў, інтэлектуальны рост, магчымасць стасункаў з дзеячамі навукі, аспірантамі з іншых аддзелаў і лабараторый. Нашы акадэмічныя аспіранты канстатуюць, што даследчая дзейнасць дазваляе дысцыплінаваць мысленне. Мы мяркуем, што, прымаючы рашэнне аб прызначэнні таго ці іншага вучонага навуковым кіраўніком аспіранта, трэба ўлічваць, наколькі ён валодае навукова-практычным досведам у плане аказання дапамогі маладому даследчыку. Але, вядома, павінна быць і жаданне самога маладога вучонага адбыцца ў навуцы.
Карпатлівая самастойная праца
Спыніўся рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН і на праблемах. Адна з іх — недастатковая метадычная падрыхтоўка. Не заўсёды аспіранты падрыхтаваны да патрабаванняў па напісанні дысертацый і рэфератаў. Акрамя таго, ёсць пытанні з абаронай дысертацый. «Колькасць выпускнікоў, якія прайшлі ў тэрмін папярэднюю экспертызу дысертацый, застаецца невысокай. Разам з тым выніковасць акадэмічнай аспірантуры па колькасці абароненых дысертацый нашмат вышэйшая, чым звычайна: каля 35 працэнтаў выпускнікоў нашай аспірантуры абараняюць дысертацыі на працягу двух гадоў пасля яе заканчэння».
Пры паступленні нядаўнія студэнты недастаткова выразна ўяўляюць сабе, як будзе праходзіць іх вучоба, бо аспірантура мае на ўвазе пераважна самастойную форму атрымання ведаў — не на лекцыях і семінарах, а за кошт карпатлівай самастойнай навукова-даследчай работы. Аспірант, як правіла, сам выбірае кірункі, якія яго цікавяць, і тэму даследавання, вывучае навуковую літаратуру і аналізуе атрыманую інфармацыю. Хоць тэматыка дысертацыйнага даследавання (гэта вельмі важны момант) павінна быць звязана не толькі з асабістым інтарэсам даследчыка і навуковай школы, якую ён прадстаўляе, але і з задачамі развіцця навукі і дзяржавы ўвогуле. Таксама яна павінна быць узгоднена з планамі навуковых даследаванняў Акадэміі навук і праграмай навукова-даследчай дзейнасці ў цэлым.
Радыкальнае змяненне доступу да навуковай інфармацыі, дзякуючы інтэрнэту, прывяло да рэзкага пашырэння магчымасцяў кантактаў з вучонымі з розных краін, а таксама даступнасці разнастайных крыніц інфармацыі. Развіццё дадзенай тэндэнцыі ўзмацняе ўвагу да этычных праблем навуковага даследавання, напрыклад, праблемы дакладных спасылак не толькі на публікацыі, але і на ідэі.
Акрамя таго, веды хутка састарваюцца, у сувязі з гэтым патрабуюць тэрміновай пераарыентацыі і ўдакладнення, і тут вялікую ролю адыгрывае навуковы кіраўнік аспіранта. Да таго ж узрастанне ролі інфармацыйных працэсаў у навуцы цягне за сабой неабходнасць набыцця аспірантамі вопыту ўдзелу ў калектыўных навуковых даследаваннях, калі ствараюцца навуковыя калектывы, што маюць адзіную даследчую праграму. Сучасная навука — гэта камандная гульня.
Як вядома, у ідэале кожны выпускнік аспірантуры павінен выйсці на абарону кандыдацкай або да заканчэння сваёй вучобы, або ў першы год пасля выпуску. Але так адбываецца далёка не заўсёды. І прычын на гэта шмат.
Увогуле, для таго каб ісці ў аспірантуру, павінен быць створаны навуковы зачын. Калі ісці туды «пустым», то за тры гады вучобы нічога ў навуцы здзейсніць дакладна не атрымаецца. Павінна быць стратэгія, упэўненасць у тым, што выканаеш навуковае даследаванне, напішаш дысертацыю, абаронішся... Аспірантура прызначана толькі для тых, каму ёсць куды рухацца, і гэта трэба даводзіць моладзі. Вучоны — гэта «штучны тавар». Як не з кожнага можна выхаваць алімпійскага чэмпіёна, так і не кожнаму суджана стаць вучоным і здзейсніць прарыў. Толькі адзінкі могуць быць генератарамі ідэй, і ў навуку павінны прыходзіць асобы.
Будзь у курсе!
Калі звычайна пры адборы ў магістратуру ўніверсітэты арыентуюцца галоўным чынам на сваіх выпускнікоў першай ступені і аддаюць перавагу ім, то паступіць у магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН можа абсалютна кожны таленавіты і апантаны навукай малады чалавек. Калі ён скончыў рэгіянальную ВНУ, яму не закрыты шлях у вялікую навуку. Ад яго патрабуюцца толькі веды і моцнае жаданне.
У Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў няма першай ступені. Ёсць толькі магістратура, аспірантура і дактарантура.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота: pixabay.com
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.