Вы тут

Звер адчуў небяспеку. Магчыма, гэта стала прычынай гібелі вопытнага егера ад дзіка ў Чэрвеньскім раёне


У памяшканні Чэрвеньскага лясгасу ляжыць вянок. Ён прызначаны для калегі, 43-гадовага егера Сяргея Кузуры, які, верагодна (канчатковыя вынікі зробіць следства), трагічна загінуў ад іклоў дзіка. Сяргея заўтра будуць хаваць. Напярэдадні з карэспандэнтамі «Звязды» пагутарыў яго начальнік — галоўны ляснічы Чэрвеньскага лясгаса Віктар Казакоў. Віктар Віктаравіч не хаваў свайго хвалявання.


Нават заяц будзе бараніцца ад чалавека з усіх сваіх сіл. Што ўжо казаць пра вялікага дзіка. Фота носіць ілюстратыўны характар. pixabay.com

Сяргей Кузура падпарадкоўваўся непасрэдна паляўніцтвазнаўцу. 27 мая раніцай, каля 10 гадзін, ён патэлефанаваў свайму начальніку Аляксею Шатніку, маўляў, пайшоў у лес, каб пакласці соль для падкормкі дзікіх жывёл (ёй ласуюцца звычайна лось, казуля, алень), і паглядзець камеру фотафіксацыі, якая пастаўлена для назірання за ляснымі жыхарамі. А заадно паведаміў, што яго сабака працуе па дзіку. Маўляў, здыме відэа і прышле. Аляксей Анатолевіч на той час знаходзіўся па службовых абавязках у Чэрвені. Яго падначалены больш на сувязь не выходзіў. Каля шасці гадзін вечара Аляксей Шатнік паехаў з райцэнтра, калі яму патэлефанавала маці Сяргея: да гэтага часу сына няма дома. Можа, што здарылася, хвалявалася жанчына. Аляксей Анатолевіч накіраваўся ў лес, па дарозе сустрэў знаёмага. Калі мужчыны прыехалі да кармушкі, то пачулі брэх сабакі, паблізу ўбачылі сляды дзіка. Яны пайшлі па слядах і літаральна за 140 метраў убачылі жахлівае відовішча...

— Яны зрабілі зарубкі на дрэвах, каб потым можна было знайсці месца трагедыі. Затым патэлефанавалі мне, дзесьці каля сямі вечара. Маўляў, Сяргей не падае прыкмет жыцця. Я здзівіўся: як жа так — ён жа вопытны егер, прафесіянал. Што такога магло адбыцца, каб дзікі кабан смяротна параніў чалавека сярод белага дня? Мы ж часта і ноччу палюем, — кажа Віктар Казакоў. — Мы выклікалі хуткую, міліцыю, выехалі самі. Паляўнічыя і міліцыя спрабавалі знайсці дзіка, каб адстрэліць. Але не знайшлі, гэта зрабіць цяжка, бо дзікія жывёлы хутка мігрыруюць.

Побач з Сяргеем знайшлі яго мабільны тэлефон. Следчыя органы разабраліся з кодам, усё праглядзелі. На тэлефоне было тры відэа з дзікам. На адным з іх, апошнім па часе, відаць, што Сяргей падышоў да кабана ў межах дзесяці метраў, чуваць брэх сабакі.

Сяргей Кузура працаваў егерам з 2013 года, ён быў фізічна моцным, майстрам спорту. Напэўна, не чакаў, што звер павядзе сябе настолькі агрэсіўна.

«У нас склалася ўражанне, што першую рану дзік нанёс іклом на правую нагу пад каленам ззаду, напэўна, калі даганяў. У тым месцы знаходзіцца буйны крывяносны сасуд, — расказаў Віктар Казакоў. — Рана падобная на разрэз даўжынёй прыблізна 20—30 сантыметраў і глыбінёй сантыметраў пяць, гэта значыць, маглі быць закрануты і сухажыллі. Дзік, як правіла, першым чалавека не атакуе, бо гэта не драпежнік, хоць жывёла і ўсёедная, асноўны яе рацыён — расліны. Калі і адбываюцца сутычкі з чалавекам, дзік імкнецца пры першай магчымасці збегчы. Калі б так здарылася на гэты раз, наш калега быў бы жывы».

Але падобна на тое, што дзік не пакінуў раненага чалавека і прадоўжыў на яго нападаць, мяркуе галоўны ляснічы. Па яго словах, былі бачны сляды барацьбы, падчас якой, напэўна, Сяргей хутка страціў значную колькасць крыві. Ён нават не паспеў дастаць нож з кабуры. Напэўна, чалавек у гэтай схватцы аслабеў і страціў прытомнасць. Дзік жа не пакінуў яго ў спакоі і пасля смерці.

У загінулага засталіся два дзіцяці, адно — зусім малое.

«Чалавек быў вельмі вопытны, — бядуе Віктар Казакоў. — Дабываў шмат звяроў сам і разам з іншымі: падранкаў, ласёў, коз, дзікоў. Але гэтым разам ён памыліўся, пераацаніў свае сілы, не разлічыў наступствы».

У сувязі з трагедыяй галоўны ляснічы падкрэслівае: трэба заўсёды помніць, што звер сам амаль ніколі на чалавека не нападае. Нават драпежнікі нападаюць толькі ва ўмовах абмежаванага доступу да ежы, напрыклад, ваўкі пры глыбокім снезе.

«Усе астатнія жывёлы, нават мядзведзі, якія вяртаюцца ў беларускія лясы, стараюцца ад чалавека схавацца. І не трэба гэтаму перашкаджаць дзеля спробы сфатаграфаваць або зняць жывёлу на відэа, — адзначае спецыяліст. — Не варта дзікім жывёлам навязваць сваю ўвагу і тым самым правакаваць іх на агрэсію. Калі звер не бачыць пагрозы для свайго жыцця, ён нападаць не стане. Жыхары лесу імкнуцца схавацца ад чалавека, якога інстынктыўна баяцца».

Калі той, хто прыйшоў у лес па грыбы або ягады, убачыў дзікую жывёлу, трэба проста дазволіць апошняй сысці або застацца незаўважанай, і лепш не выказваць да яе ніякай цікавасці. Нават ранены заяц, калі яго ўзяць у рукі за вушы, можа нечакана моцна і небяспечна ўдарыць лапамі.

Зараз трагедыя ў Чэрвеньскім раёне расследуецца праваахоўнымі органамі. Лясніцтва ўзяло на сябе частку клопатаў па пахаванні свайго супрацоўніка, падтрымцы сваякоў.

У Чэрвеньскі лясгас уваходзіць сем лясніцтваў агульнай плошчай 73 тысячы гектараў. Працуе тут 400 чалавек. Паляўнічая гаспадарка знаходзіцца непасрэдна на тэрыторыі Раваніцкага лясніцтва, дзе працаваў егерам Сяргей Кузура, у лясгаса толькі адзін егер. А плошча паляўнічай гаспадаркі — каля 20 тысяч гектараў. Гэта нямнога. За год гаспадарка ад палявання зарабляе каля 45 тысяч рублёў. Здабываюць ласёў — 10—15 асобін, каля 30 асобін коз. Дзікі ідуць у асноўным на ўтылізацыю па прычыне афрыканскай чумы. За год тут адстрэльваюць да пяці асобін. За застрэленага звера паляўнічым плацяць пяць базавых велічынь. На паляванне прыязджаюць беларусы, дзесьці 95 %, астатнія замежныя грамадзяне, у асноўным з Расійскай Федэрацыі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

г. Чэрвень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».