Вы тут

Світка, намітка, вярэнька, андарак... Экспазіцыя «Беларускі народны строй» адкрылася ў нашым вядомым музеі-скансэне


Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту мае багатую калекцыю строяў з усіх рэгіёнаў краіны, сабраную цягам 1977-2021 гадоў. Амаль усе касцюмы ў новай экспазіцыі (каля 20-ці) паказаны нашай публіцы ўпершыню. Яны размясціліся ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў вёсцы Барань сектара «Падняпроўе».


Найбольшая колькасць строяў — з Заходняга Палесся і Цэнтральнай Беларусі. Увогуле ж, пераходзячы ад аднаго экспаната да другога, можна параўнаць рэгіянальныя адрозненні ў аздабленні вопраткі, заўважыць уплыў на вясковую «моду» гарадскога асяроддзя і культур суседніх народаў.

Вядучы навуковы супрацоўнік музея Аляксей Друпаў можа шмат распавесці пра асаблівасці кожнага касцюма:

Вось, напрыклад, Кобрынскі строй прадстаўлены ў летнім і зімовым варыянтах. У цёплую пару сялянка насіла ільняную спадніцу (летнік), а ўзімку — ваўняную (андарак) і таксама ваўняную світку, падпярэзаную шырокім поясам. У жаночай кашулі тут, як і ў мужчынскай, сустракаецца вышыўка на грудзях — на манішцы, хаця звычайна асноўны акцэнт упрыгожвання рабіўся на рукавах.

Калінкавіцкі строй адметны перадусім брыжамі (адкладным каўнерам) на кашулі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта народнае перайманне шляхецкай моды. Брыжы маглі быць як прышытымі, так і адшпільнымі. Яшчэ адна яркая прыкмета калінкавіцкіх прыгажунь — прыталеныя гарсэцікі, багата аздобленыя стужкамі ды хвалепадобнымі ўзорамі.

У памежным з Расіяй рэгіёнам сфарміраваўся Краснапольскі строй, таму ў ім з’явіўся саян — сшытыя разам гарсэтка і спадніца на ўзор сарафана. І яшчэ дзякуючы ўплыву рускай культуры ў побыт мужчын на Падняпроў’і ўвайшлі кашулі-касавароткі.

Асобна вылучаецца вясельная кампазіцыя: сваха і маладая ў Пінска-Івацэвіцкіх строях, а жаніх — у Столінскім.

Дзявочы галаўны ўбор нявесты завецца скіндачкай, а сваха — у намітцы, — патлумачыў Аляксей Юр’евіч. — Намітка паказвала замужні статус жанчыны. У кожным рэгіёне існаваў свой, досыць мудрагелісты спосаб яе навівання. Адмысловыя ўборы пазначалі ролі ўдзельнікаў вяселля — вянок са штучных кветак у нявесты і лубяное кольца, упрыгожанае тканінай, бісерам, пер’ем у свахі.

Акрамя строяў, на выставе ёсць і іншыя цікавыя экспанаты: куфар з дзявочым пасагам, «камплект» вандроўніка. У апошні ўваходзяць світка, кійкі розных тыпаў, тканая торбачка і плеценая вярэнька, якая, нібы тэрмас, доўга захоўвала цеплыню ўзятых з дому харчоў. 

Вартыя ўвагі таксама выявы народных касцюмаў, аўтар якіх — выдатны мастацтвазнаўца і этнограф Міхась Раманюк.

Народныя строі фарміраваліся цягам стагоддзяў з улікам асаблівасцей жыцця ў кожным рэгіёне. Гэта частка нашай спадчыны, якую трэба ведаць і шанаваць, на якой грунтуецца мясцовая і нацыянальная ідэнтычнасць.

Экспазіцыя будзе даступна для агляду да канца лета.

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.