Вы тут

Есці, піць і спаць, каб... пахудзець. Карысныя парады на шляху да прыгажосці


Напрыканцы вясны пытанне, як скінуць вагу, набывае асаблівую актуальнасць. Яркае цёплае сонейка, адпускны сезон... Хочаш ці не, а лета прымушае нас агаляць некаторыя часткі цела. На запыт сучасных жанчын, якія жадаюць летам быць у ідэальнай фізічнай форме, інфармацыйная прастора рэагуе вялікай колькасцю матэрыялаў пра экспрэс-дыеты, інтэрвальнае галаданне, антыцэлюлітны масаж і апаратную карэкцыю фігуры. Як кажуць, бяры і выконвай! Індустрыя прыгажосці таксама не застаецца ўбаку: у спа-салонах ды масажных кабінетах няма вольных месцаў на шматлікія працэдуры па доглядзе за целам. І нават пластычныя хірургі адзначаюць павышаны попыт на такую аперацыю, як ліпасакцыя, менавіта напярэдадні лета.


Калі пытанне фізічнай прывабнасці для вас — гэта не проста сезоннае абвастрэнне, над гэтым сапраўды ТРЭБА ПРАЦАВАЦЬ! Але ж у аснове павінна быць АСЭНСАВАНАСЦЬ!

Перш чым распачаць працэс пахудзення, трэба канкрэтна вызначыць мэту (лепш за ўсё ў кілаграмах) і шчыра адказаць самому сабе на наступныя пытанні:

  • Наколькі гатовая мая нервовая сістэма да няпростага шляху да прыгажосці? (улічваем вялікі стрэс)
  • Якія перашкоды могуць быць на гэтым напрамку? (важныя святы, камандзіроўкі, госці)
  • Чаму, як правіла, лішнія кілаграмы часцей за ўсё вяртаюцца? (мабыць, чагосьці не хапіла. Чаго?)

Адказалі? Для тых, хто ўпэўнены, што нішто не перашкодзіць у дасягненні пастаўленай мэты, ZVAZDA.BY прапануе падборку карысных парад.

1. Каб пахудзець, трэба знайсці моцную матывацыю

Навошта мне трэба пазбаўляцца вагі? Хачу быць прывабнай на сваім вяселлі ці юбілеі. А можа, ваша мэта палепшыць агульны стан свайго здароўя альбо зрабіць прыемнае свайму спадарожніку жыцця ці проста надзець міні-спадніцу... Зразумела адно: менавіта высокая матывацыя дапамагае чалавеку дасягнуць пастаўленай мэты і падтрымліваць добры вынік.

2. Каб пахудзець, прыйдзецца цярпець абмежаванні

Складзіце свой «чорны спіс шкодных прадуктаў» і размясціце яго на халадзільніку, каб заўсёды быў перад вачыма. Пад забаронай: цукар, белы хлеб, кандытарскія вырабы з мукі вышэйшага гатунку, саленні, вяндліна, а таксама малако, газаваныя і спіртныя напоі. Абмяжоўваем: каву, гарбату (піць лепш за ўсё ў першай палове дня і не больш за два кубкі), арэхі і семкі, некаторыя віды круп (напрыклад, белы шліфаваны рыс), а таксама некаторыя віды садавіны (бананы, вінаград) і гародніны (бульба).

3. Каб пахудзець, трэба есці. Што, як і калі?

Ваш рацыён мусіць быць збалансаваным. Абавязкова ў яго павінны ўваходзіць бялкі, складаныя вугляводы і клятчатка. Пакуль ваш арганізм будзе пераварваць такую страву, яму проста не захочацца «салодкага». Асноўны прыём ежы нельга адразу запіваць. Ваша задача даць арганізму час на тое, каб расшчапіць ежу. Не перагружайце яго звыш меры!

У дзень дазваляецца тры асноўныя прыёмы ежы і адзін-два перакусы з інтэрвалам у 3,5–4 гадзіны. Не забывайце: кубачак кавы ці гарбаты — гэта прыём ежы! Сняданак і абед павінны быць паўнавартаснымі. Што датычыцца вячэры, то абавязкова трэба паспець да 20-і гадзін. Ідэальна для гэтага прыёму ежы спалучэнне бялку і гародніны. Перад сном есці катэгарычна забараняецца. У іншым выпадку, вы адчыняеце «вугляводнае акно» і арганізм (пакуль вы спіце) назапашвае тлушч. А гэта ніяк не спрыяе вашай мэце пахудзець!

4. Каб пахудзець, трэба выконваць пітны рэжым

Чыстая негазаваная вада — сапраўдная крыніца здароўя. Асабліва раніцай. Пасля таго як прачнуліся, абавязкова прыміце адзін стакан цёплай вады. Норма ж вады ў суткі для кожнага чалавека асабістая. Разлічваецца проста: 30 мл*вага цела. Такім чынам, калі вага 60 кг, то 30*60=1800 мл вады патрэбна чалавеку. Памятайце: суп, кава і гарбата ў гэты аб’ём абавязковай вадкасці не ўваходзяць.

5. Каб пахудзець, трэба ўжываць вітаміны

Многія дыетолагі раяць звярнуць увагу на такі мікраэлемент, як хром. Дакладней, пікалінат хрому (злучэнне хрому і пікалінавай кіслаты). Ёсць меркаванні, што ён дапамагае кантраляваць моцнае жаданне паесці. Акрамя гэтага, ён можа рэгуляваць працэсы ўтварэння тлушчу ў арганізме і паскарае сінтэз пратэіну, што дапамагае павялічыць цягліцавую масу цела.

6. Каб пахудзець, трэба ўключыць у сваё жыццё фізічныя нагрузкі

Галоўная задача фізічных нагрузак — страчваць больш калорый, чым спажываць. Бег, хада, язда на ровары, трэнажорная зала, фітнес... Выбірайце тое, што падыходзіць менавіта вам, сыходзячы з агульнага стану здароўя, вагі цела і ладу жыцця. Найбольш эфектыўнымі і нетраўматычнымі, адзначаюць медыкі, з’яўляюцца плаванне ў басейне і скандынаўская хада.

7. Каб пахудзець, трэба выконваць рэжым дня

Гаворка перш за ўсё пра паўнавартасны начны сон. Аптымальная працягласць — шэсць-восем гадзін. Класціся спаць трэба не пазней за 23:00. Вячэраць не пазней за чатыры гадзіны да сну.

8. Каб пахудзець назаўсёды, трэба фарміраваць карысныя звычкі

Менавіта паступовае фарміраванне карысных звычак — аснова выдатнага выніку! І датычыцца гэта не только прыгажосці вашага цела, але і здароўя ўнутраных органаў і сістэм, а таксама добрага настрою. Такім чынам, раім вам яшчэ раз перачытаць ПУНКТЫ 1–7, прааналізаваць і зрабіць стылем вашага новага жыцця!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?