Вы тут

Ілона Сарокіна: Аддаленка стала новай эфектыўнай рэальнасцю


Калісьці дзякуючы супрацоўнікам гэтай бібліятэкі магілёўскія падпольшчыкі змаглі зрабіць апарат для размножвання лістовак  — гектограф. Апісанне прыбора на свой страх і рызыку здабылі для іх бібліятэкары ў адной з энцыклапедый, нягледзячы на тое, што фонд знаходзіўся пад узброенай аховай. Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна — установа з багатай гісторыяй. У перыяд акупацыі кніжніца працягвала працаваць, але даступная чытачам была не ўся літаратура, а толькі частка мастацкай, пазначаная пячаткамі на нямецкай мове. Некаторыя з гэтых кніг захаваліся да нашых дзён, і ўбачыць іх можна ў музейным пакоі гісторыі кнігі і бібліятэкі. Пасля заканчэння вайны больш за шэсць тысяч кніг было вернута з Германіі, каля васьмі тысяч вярнулі чытачы, больш за тры тысячы кніг было набыта ў насельніцтва. На 1945 год Магілёўская вобласць валодала самым вялікім кніжным фондам сярод 12 абласцей рэспублікі, якія існавалі тады, — больш чым 134 тысячы экзэмпляраў дакументаў, і гэта ў той час, калі ў астатніх абласцях сярэдняя колькасць кніг на той перыяд налічвала 50—60 тысяч. А як гэтыя фонды працуюць у час пандэміі? Альбо даводзіцца скіроўвацца на іншае? Пра гэта — наша гутарка з дырэктарам Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Ілонай Сарокінай.


— 2021 год пачаўся з вялікіх спадзяванняў на вяртанне да нармальнага жыцця пасля пандэміі. Як справы ў вашай бібліятэцы?

— У сувязі з абмежаваннямі абласная бібліятэка сутыкнулася з праблемай: якія паслугі і якім чынам аказваць чытачам, скіраваным у анлайн. Ва ўмовах пандэміі мы ўкаранілі, напрыклад, такія бясплатныя паслугі, як дастаўка літаратуры на дом і дастаўка копій артыкулаў з перыядычнага друку па электроннай пошце па запыце чытача, адкрылі бясплатны доступ да электроннай бібліятэкі «ЛитРес». Дзякуючы таму, што калектыў бібліятэкі хутка адаптаваўся і перабудаваў сваю работу, перавёў існуючыя сучасныя практыкі ў анлайн, «аддаленка» стала для нас новай і цалкам эфектыўнай рэальнасцю. Так, да віртуальных выставак на сайце дадаліся відэаагляды кніжных экспазіцый. Новы фармат набылі віртуальныя выстаўкі-агляды перыядычных выданняў «ПрессИнформ» — дадаліся спасылкі на поўныя тэксты артыкулаў. Актыўна ствараюцца тэматычныя відэаролікі да памятных дат, відэаэкскурсіі, напрыклад, цыкл «Прагулкі па Беларусі». Тэматычныя відэачытанні «Літаратурныя сцяжынкі роднага краю» ўжо на працягу года знаёмяць з творчасцю магілёўскіх пісьменнікаў: як сучаснікаў, так і класікаў, у тым ліку пісьменнікаў-франтавікоў. Бібліятэка прыняла ўдзел у рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Чытаем Купалу разам», якая прайшла анлайн. На сайце створаны новы раздзел «Анлайн-гульнятэка», дзе пры дапамозе віктарын, крыжаванак, пазлаў і філвордаў можна праверыць веды па літаратуры. Калі параўнаць колькасць віртуальных наведванняў Магілёўскай абласной бібліятэкі за апошнія два гады, то прасочваецца тэндэнцыя іх павелічэння. У 2019 годзе віртуальных наведванняў 189 тысяч, а ў 2020-м — ужо 274 тысячы. Гэта сведчыць, што Магілёўская абласная бібліятэка ўпэўнена прасоўваецца ў міжнароднай інфармацыйнай прасторы і павышае камфорт абслугоўвання карыстальнікаў у рэжыме анлайн.

— Бібліятэка набывае новае аблічча. Што тут галоўнае?

— Сутнасць бібліятэкі  — захаванне і выкарыстанне дакументаў на разнастайных носьбітах, работа з інфармацыяй. Новая бібліятэка ствараецца толькі тады, калі існуе ядро фонду, ёсць кнігі і перыядычныя выданні. Фонды кніжніцы, як і фонды музея, з’яўляюцца артэфактамі. Але сёння бібліятэкі з устаноў, якія забяспечваюць доступ да дакументаў, ператвараюцца ва ўстановы, што забяспечваюць доступ да інфармацыі ва ўсіх відах і магчымасць інтэрактыўных зносін у інфармацыйным сусвеце. Таму прыярытэтным інавацыйным кірункам дзейнасці сёння для нас з’яўляецца стварэнне паўнатэкставых інфармацыйных краязнаўчых інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку складаных па структуры баз даных. Пры гэтым яны маюць зразумелую навігацыю і магчымасць зручнага пошуку па розных прыкметах. Гэта дазваляе не толькі хутка знаходзіць патрэбны матэрыял, але і прапрацоўваць тэму з максімальнай эфектыўнасцю. Валодаючы каласальным масівам аўтарытэтных дакументальных крыніц, абласная бібліятэка напаўняе інтэрнэт-прастору якасным і дакладным кантэнтам. Сёння на сайце Магілёўскай абласной бібліятэкі аддаленым карыстальнікам даступны 14 краязнаўчых тэматычных праектаў, 11 з якіх створаны за апошнія два гады. Так, тэматыку малой радзімы дапоўнілі віртуальны праект «Малая радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй», які знаёміць з малавядомай, але ўнікальнай матэрыяльнай і духоўнай спадчынай вобласці, і база даных «Турыстычная карта Магілёўшчыны», якая аб’яднала інфармацыю пра больш чым дзве сотні архітэктурных помнікаў, запаведных куткоў прыроды, аб’ектаў культуры і аўтэнтычных традыцый магілёўскага краю ў разрэзе ўсіх раёнаў. Наш новы краязнаўчы праект ужо гэтага года — база даных «Жыліцкі Версаль». Рэсурс знаёміць з гісторыяй палацава-паркавага ансамбля Булгакаў у в.  Жылічы Кіраўскага раёна, пабудаванага ў XIX стагоддзі і ўключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помнік архітэктуры міжнароднага значэння. Доля наведванняў такіх рэсурсаў ад агульнай колькасці праглядаў штогод складае каля 20  %. У 2019 г. гэта 37  тысяч сеансаў, у 2020-м  — звыш 53 тысяч. Такім чынам, мы фарміруем рэгіянальны лічбавы кантэнт, захоўваем і папулярызуем гісторыка-культурную спадчыну малой радзімы і ў гэтым бачым задачу бібліятэкі на найбліжэйшы час. Прытым не толькі абласная бібліятэка, але і ўсе раённыя і гарадскія бібліятэчныя сеткі Магілёўскай вобласці (а іх у нас 23) ужо працяглы час выкарыстоўваюць віртуальнае анлайн-асяроддзе як платформу для арганізацыі аддаленага доступу да ўласных рэсурсаў.

— Пэўна, вы актыўныя і ў сацсетках?

— Абласная бібліятэка мае некалькі старонак у папулярных сацыяльных медыя, якія дапамагаюць рэкламаваць свае паслугі, папулярызаваць краязнаўчыя праекты, конкурсы. На ўласным канале відэахостынга YouTube мы размяшчаем буктрэйлеры, тэматычныя відэаролікі, цыклы віртуальных падарожжаў, відэаагляды, відэачытанні па творах беларускіх і магілёўскіх пісьменнікаў у выкананні бібліятэкараў і чытачоў. Спаўна выкарыстоўваем магчымасці Іnstagram. Летась нашы супрацоўнікі прынялі ўдзел у пяці вэбінарах, арганізаваных Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, выступілі з дакладамі ў міжнародным анлайн-семінары да 20-годдзя стварэння першага ПЦПІ ў Рэспубліцы Беларусь, пасяджэнні экалагічнага савета пры Магілёўскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Сёлета супрацоўнік аддзела маркетынгу выступіла на круглым стале «Новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў дзейнасці бібліятэк», арганізаваным Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ. Наша ўстанова з удзелам дырэктараў бібліятэчных сетак, загадчыкаў, спецыялістаў цэнтральных кніжніц вобласці арганізавала анлайн-семінар «Бібліятэкі ў інфармацыйным грамадстве: актуальныя пытанні дзейнасці». Нашы супрацоўнікі ўдзельнічалі таксама ў вэбінарах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, у пасяджэнні тэхналагічнага камітэта сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі бібліятэк Беларусі і інш.

— Такім чынам, сучасны бібліятэкар няспынна вучыцца...

— Павышэнне прафесійных кампетэнцый супрацоўнікаў, у тым ліку ў галіне камп’ютарных тэхналогій, — найважнейшая і першачарговая задача. Мы маем станоўчы вопыт у прафесіяналізацыі кадраў з выкарыстаннем уласных рэсурсаў. Гэта трэнінгі, майстар-класы, індывідуальныя заняткі па стварэнні буктрэйлераў, відэаролікаў, віртуальных інтэрактыўных форм работы, якія праводзяцца найбольш вопытнымі і кампетэнтнымі супрацоўнікамі. Бібліятэкары Магілёўшчыны ствараюць электронныя віртуальныя праекты, базы даных. На інфармацыйных сайтах размешчана больш як 100 рэсурсаў, якія шматгранна прадстаўляюць рэгіён у віртуальнай прасторы: «Быхаў  — старажытная зямля на беразе Дняпра», «Бабруйская крэпасць», «Дзень пісьменства», віртуальны музей Аркадзя Куляшова. Абласной бібліятэкай створаны карпаратыўныя інфармацыйныя рэсурсы, матэрыялы для якіх сабраны ў выніку актыўнай пошукавай і даследчай дзейнасці бібліятэкараў вобласці: «Таленты ад роднай зямлі», «Жывая памяць пакаленняў».

— Сёння патрэбны спецыялісты з універсальнымі кампетэнцыямі, здольныя вырашаць глабальныя праблемы: згодна з сістэмай крэатыўнай адукацыі, рыхтаваць вузкіх спецыялістаў нявыгадна...

— Сучасны бібліятэкар, вядома, ідзе ў нагу з часам, актыўны, дасведчаны, кампетэнтны, прасунуты, здольны хутка адаптавацца да работы ва ўмовах змен у інфармацыйна-бібліятэчнай сферы. Як паказвае практыка, найбольш падрыхтаванымі да выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій з’яўляюцца маладыя бібліятэкары і спецыялісты сярэдняга ўзросту. Засваенне сучасных тэхналогій бібліятэчнымі спецыялістамі старэйшага ўзросту, іх работа ў электронным асяроддзі — гэта не замена адных прафесійных кампетэнцый іншымі, а адказ на выклік часу. На сёння ў абласной бібліятэцы налічваецца 64 спецыялісты, з іх 20,3 % — моладзь ва ўзросце да 30 гадоў. Толькі 7,8 % складаюць спецыялісты пенсіённага ўзросту з вышэйшай прафесійнай адукацыяй, для якіх характэрна актыўная жыццёвая пазіцыя, жаданне працаваць, перадаваць свой багаты вопыт маладым калегам і вучыцца самім. Амаль 72 % складаюць спецыялісты актыўнага працаздольнага ўзросту, якія маюць пэўны працоўны стаж і вопыт работы ў розных структурных падраздзяленнях бібліятэкі і складаюць яе кадравае ядро. Як у кожнай арганізацыі, адбываюцца натуральныя працэсы руху кадраў: нехта звальняецца па прычыне дасягнення пенсіённага ўзросту, нехта мяняе сферу дзейнасці, але на змену ім прыходзяць новыя, у тым ліку маладыя спецыялісты. Гэта добра. Такім чынам, не адбываецца застою: амалоджваецца склад супрацоўнікаў, у калектыў уліваюцца людзі з новымі поглядамі, што стымулюе інавацыйныя змяненні.

— Ці закрануць гэтыя змяненні кнігу? Сёння модна: «разумны дом», «разумны горад». І кніга стане такой?

— Вельмі цікавыя сучасныя тэхналогіі «разумны дом», «разумны горад», якія існуюць дзеля таго, каб стварыць камфортныя ўмовы жыцця, каб у чалавека было больш вольнага часу для творчасці, вандровак, чытання, асабістага ўдасканалення. Лічу, што чытанне — гэта вельмі творчы, індывідуальны працэс пазнання. Яго нельга абмежаваць нейкімі алгарытмамі і націсканнем на кнопкі, што прадугледжвае паняцце «разумны дом». Інфармацыя можа быць у лічбавым фармаце, але яна павінна праходзіць праз вочы, мозг, душу чалавека. Кніга — каштоўнасць, якая існуе ўжо пяць тысяч гадоў. Столькі ж існуюць і бібліятэкі. І сёння, і ў будучыні яны застануцца як незаменная частка інтэлектуальнага і сацыяльнага развіцця чалавецтва. Застануцца і функцыі бібліятэк як сховішчаў, даследчых, сацыякультурных і інтэлектуальных цэнтраў. Упэўнена, што заўсёды бібліятэкі будуць займаць цэнтральнае месца не толькі ў сферы культуры, але і ў паўсядзённым жыцці грамадства. Бо, як сказаў Дзмітрый Ліхачоў: «Пакуль жыве бібліятэка — жыве народ, памрэ яна — памруць нашы мінулае і будучыня». На жаль, кніга і чытанне ператвараюцца ў неагульную з’яву. Не ўсе маюць патрэбу наведваць тэатры, музеі, як і чытаць. Але гэта не сведчыць пра тое, што тэатры, музеі, бібліятэкі сыходзяць у мінулае. На жаль, насельніцтва вобласці, і ў першую чаргу ў сельскай мясцовасці, працягвае змяншацца. Таму аптымізацыя сельскіх устаноў культуры — патрабаванне часу. Але бібліятэкары прыкладаюць максімум намаганняў, каб людзі працягвалі атрымліваць неабходнае бібліятэчнае абслугоўванне, у тым ліку ў аддаленых і маланаселеных пунктах. Там, дзе няма стацыянарных бібліятэк, працуюць пункты выдачы, вядзецца абслугоўванне ў дамах сацыяльных паслуг. У 18 раёнах і горадзе Бабруйску працуюць бібліёбусы. Важную ролю адыгрывае айчынная літаратура. Творчасць беларускіх аўтараў, з упэўненасцю можна сказаць, заўсёды была і застаецца запатрабавана чытачамі. Таму пры камплектаванні бібліятэк творы беларускіх пісьменнікаў, сацыяльна значная літаратура заўсёды ў прыярытэце.

Падрыхтавала Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».