Вы тут

Безумоўная любоў як абярэг


Кнігі маладой пісьменніцы Ганны Чыж-Літаш — адны з самых запатрабаваных у чытацкай аўдыторыі. Актуальныя праблемы, якія ўзнімае аўтарка, — пошукі сэнсу жыцця, сяброўства, любові, сябе — нікога не пакідаюць абыякавым, таму што кожны так ці інакш штодзённа мусіць іх вырашаць, адказваць на спрадвечныя пытанні ўласнымі ўчынкамі. Паказаныя праз простыя сюжэты і немудрагелістыя дыялогі, апісаныя ў сітуацыях, у якія можа трапіць кожны, — гэтыя праблемы спрыяюць раскрыццю ўнутранага свету сучаснікаў, праз што яны становяцца блізкімі і зразумелымі чытачам любога ўзросту.

Алену Сінічкіну, галоўную гераіню новага рамана Ганны Чыж-Літаш пад назвай «Шаснаццаць», ужо ведаюць. Пад вокладкай кнігі «Дары Бога», якая пабачыла свет у 2018 годзе, ёй было ўсяго 10 гадоў. За лета школьных канікул, прыехаўшы да бабулі ў вёску, яна здолела здзейсніць амаль немагчымае: дапамагла сябрам стаць бліжэй адно аднаму, паверыць у сябе, дый сама пачала ператварацца з бесклапотнага дзіцяці ў псіхалагічна сталую, а значыць, гатовую браць на сябе адказнасць асобу. 


Перадгісторыя

П’янства, жорсткасць, інваліднасць (у тым ліку  — душэўныя)  — тыя праблемы, з якімі сутыкаецца юная Алена, выхаваная ў добразычлівай сямейнай атмасферы цеплыні, спагады і ўзаемападтрымкі. Гэта свет, у якім жывуць многія яе аднагодкі-вяскоўцы. Дзяўчынка не была падрыхтавана да сустрэчы з ім, таму часта пачуваецца разгубленай: яе здольнасць разважаць і дзейнічаць быццам паралізуе сумесь абурэння, здзіўлення, непаразумення і страху. Многія сцэны выпісаны з фатаграфічнай дакладнасцю, напрыклад, як п’яны да страты самакантролю сын душыць старую маці, патрабуючы грошай на чарговую бутэльку, як дзед адной з дзяўчынак забівае трусоў, а бабка іншай жыўцом закопвае ў зямлю толькі народжаных кацянят…

Апісваючы жыццё дзяцей, аўтарка ўзнімае зусім не дзіцячыя пытанні: узаемаадносіны з бацькамі, у чыіх сэрцах няма цёплых пачуццяў да сваіх нашчадкаў, а ў штодзённым жыцці — дабрыні і нармальнага сямейнага стаўлення, прыманне ці непрыманне чалавека з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі — інакшага, не такога, якіх большасць у тваім асяродку.

Якая яна, Алена?

Са з’яўленнем гэтай няўрымслівай дзяўчынкі жыццё вяскоўцаў пачало паціху мяняцца. Алена была першай з дзяцей, каго не пакінуў абыякавай лёс дзяўчынкі ў інвалідным вазку. Алена прасякнулася да яе спачатку спагадай, а пасля  — цікавасцю і жаданнем пасябраваць…

Тэма, закранутая пісьменніцай, адна з няёмкіх, да якіх айчынныя літаратары звяртацца толькі пачынаюць. Яе наяўнасць патрабуе ад аўтара асаблівай асцярожнасці, далікатнасці, мастацкасці. Магчыма, таму пісьменніца, перш чым прадставіць чытачу Жэню, хворую дзяўчынку, робіць адпаведную «прэамбулу», падрыхтоўку. Падчас прагулкі Алена парвала абутак. Яна «…з тугой паглядзела на цудны шлёпанец, які назаўсёды застанецца інвалідам, і скіравалася ў бок дома. Дзяўчынка села на ганак, паставіўшы босыя ногі на бетонныя прыступкі, і апусціла галаву на складзеныя рукі. Бялявыя валасы ўпалі на худзенькія плечы, якія раз-пораз паторгваліся ад слёз». Не будзем разважаць, наколькі да месца «ўводзіны ў тэму». Наша  задача — спыніцца на станоўчых якасцях характару Алены, якія бліскуча граюць побач з Жэняй. Мы глядзім на свет вачыма галоўнай гераіні, а свет Жэні застаецца за бетоннай агароджай, амаль недаступны для пранікнення. Магчыма, гэтай задачы і не  стаяла перад пісьменніцай, што пацвярджаецца знікненнем Жэні ў другім рамане — «Шаснаццаць» — менавіта столькі гадоў Алене падчас другой сустрэчы з ёю чытачоў.

Складанасці пераходнага ўзросту

З жыццярадаснай дзяўчынкі, неабыякавай да тых, хто побач, гатовай прыйсці на дапамогу, адстойваць справядлівасць, Алена ператвараецца ў падлетка — чулага, уражлівага, пра якіх гавораць: чалавек без скуры. Да праблем сталення ў яе дадаюцца і складанасці іншага характару: бацька атрымлівае новае прызначэнне па службе і сям’я пераязджае ў сталіцу. Алена, вырваная са звыклага асяродка, ізноў апынаецца сам-насам з чужым, жорсткім светам  — менавіта такой апісана школа, куды трапляе дзяўчына.

уды трапляе дзяўчына. Аўтар ставіць сваю гераіню перад выбарам: прыняць правілы гульні, якія ёй навязвае новы калектыў, і стаць часткай чалавечай зграі, для якой «воўчыя законы» — звыклая з’ява, дзе падпарадкоўваюцца негалоснаму важаку, альбо не прымаць тое, што не тоесна яе натуры і светаадчуванню, застаўшыся на перыферыі падзей і жыцця? Надзвычай складаны выбар, які, пэўна, калісьці стаяў ці стаіць перад кожным… У абодвух варыянтах — свае і плюсы, і мінусы. Апошні, акрамя ўсяго, нясе пакуты непрымання: ты можаш стаць аб’ектам булінгу і робішся безабаронным перад нападкамі сабе падобных… 

Два полюсы свету

Іерархія новага класа падобная на пірамідку: унізе, як дыванок каля ўваходных дзвярэй, хлопец, якога называюць бамжом: у яго самы нізкі сацыяльны статус, бацькі — алкаголікі, разам з якімі ён збірае бутэлькі і зазірае ў сметніцы ў пошуках таго, што яшчэ можа спатрэбіцца. Алег сядзіць адзін за партай і моўчкі выконвае любыя даручэнні. Ён — па-за законам, з ім ніхто нават не размаўляе пад страхам падзяліць яго долю адрынутага.

Асноўны масіў  — «залатая сярэдзіна» — безаблічная маса, з якой на працягу ўсяго рамана «засвяцілася» толькі адна дзяўчына, папярэдзіўшы Алену аб тым, што яна «не такая», то-бок не свая ў зграі, куды трапіла.

Вянчаюць «збудаванне» тры «крутыя» лідаркі, дзяўчаты. Як зазвычай бывае, сваё месца пад сонцам яны занялі не таму, што самыя разумныя і паспяховыя альбо маюць у нечым незвычайныя здольнасці, а зусім іншымі заслугамі…

Адразу ж яны бяруць Алену пад сваю апеку, быццам прапануючы месца побач. Плата за гэта — стаць адной з іх…

І вось тут пісьменніца праводзіць сваю гераіню праз сумненні, страх і душэўныя пакуты. Каб не выклікаць на сябе агонь кпінаў, яна вымушана рабіць тое, чаго ад яе чакаюць: не адразу, але спакваля прызвычайваецца да курэння і піва, мяняецца і мова, якой Алена размаўляе… У папярэднім рамане яна адкрыта, смела абараняе перад сяброўкамі Жэню (ніхто з ёй не хацеў гуляць, усе выяўлялі абыякавасць да яе праблем, былі і тыя, хто варожа і нават агрэсіўна ставіўся да яе «іншасці»). Усёй душой Алена спачувае Алегу, чалавеку з пячаткай адрынутасці, і ў новым рамане. Яна не разумее, чаму ён змірыўся з прызначаным яму месцам у «іерархіі» стасункаў. І нават наважваецца пагаварыць з ім, дапамагае з адзежай і прадуктамі. Але выступіць за яго перад зграяй не рашаецца. Такія вось «выдаткі» школьнага жыцця…  

А хто ж там, наверсе?

Страшэнны, вычварны след у жыцці кожнай з трох «зорак», якіх у класе ўважаюць за ўзор крутасці, пакінулі сямейныя абставіны, адносіны з бацькамі.

Таня, лідар сярод лідараў, бацькі не бачыла ўвогуле — у яе толькі маці, якая днямі працуе на заводзе, каб пракарміць і апрануць дачку. І ў маці занадта мяккі характар, каб неяк яе прыструніць. Маці толькі дае, дачка  — толькі бярэ, не выяўляючы нават удзячнасці. Наадварот, ёй усё мала… Душа яе скалечаная і ачарсцвелая, не здольная на суперажыва не  — толькі на пошукі ўласнай выгады і задавальненняў. Адметна тое, што ў яе душэўнай інваліднасці, як вынікае з расповеду, вінаватыя менавіта абставіны, у якіх дзяўчынка гадавалася.

Іншая сітуацыя з Кацяй і Карынай. Калісьці ў іх былі нармальныя сем’і, згода паміж бацькамі, то-бок дзяўчаткі паспелі атрымаць хаця б частку той безумоўнай любові, у атмасферы якой павінны гадавацца малыя.

Надзвычай драматычным і супярэчлівым атрымаўся вобраз Каці. У яе жыцці ёсць чалавек, для якога дзяўчына гатова на ўсё — гэта маці. Калі той спатрэбілася нятаннае лячэнне, Каця шукае грошы на лекі — і знаходзіць. Тым спосабам, як Сонечка ў Дастаеўскага. Дзвюма рознымі карцінамі стаўлення дзяўчат да маці пісьменніца ілюструе два розныя вынікі: Каціна любоў выцягнула з хваробы спачатку маці, а потым і сям’ю. Маці, псіхалагічна аднавіўшыся пасля шматгадовага штодзённага траўміравання мужавымі п’янымі выхадкамі з рукапрыкладствам, знаходзіць у сабе сілы расстацца з ім дзеля таго, каб нармальна жыць далей. Таня ж не любіла нікога, акрамя сябе. На маці глядзела з пагардай і нават агідай. У выніку тая памірае, а Таню забіраюць у дзіцячы дом…

Прысутнасць Алены ў калектыве, як і калісьці ў вёсцы, паціху ўсё ж змяніла атмасферу ў ім: Алег з цягам часу перастаў быць аб’ектам здзекаў, Карына перастала абвінавачваць маці ў тым, што сышоў з сям’і бацька, якога прывабіла маладая прыгажуня… Алена нічога наўмысна для гэтага не рабіла. Магчыма, пісьменніца хацела падкрэсліць: чалавек, які нясе ў сабе любоў, выпраменьвае яе, і яна пачынае ўплываць на тых, хто побач, змяняць, пераўтвараць прастору… Нягледзячы нават на тое, што і сам носьбіт любові можа адчуваць сябе не лепшым чынам, вырашаць свае няпростыя праблемы, як у выпадку з Аленай… Яна паспрабавала, прымерала на сябе вобраз разбітной, сваёй у кожнай кампаніі сучаснай дзяўчыны  — ёй гэта не спадабалася. Яе выбар быў на карысць уласнага свету, хай не такога бязмежна непрадказальнага з аглушальным пачуццём усёдазволенасці і небяспекі. Але правільны выбар зрабіць дапамагла менавіта любоў. I ў аўтара атрымалася данесці гэта да чытача.

Марыя ЯРАШЭВІЧ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».