Мала пра каго ўзнікала столькі неверагодных гісторый, як пра гэтага чалавека. Аляксандр Уласаў, бацька беларускага Адраджэння. З пароды волатаў, неардынарных, багатых натур, якія нараджалі легенды.
Менавіта гэтаму чалавеку-міфу была прысвечана навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Сейбіт праўды і веры», якая прайшла ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча.
Слынны краязнавец, бібліяфіл, супрацоўнік бібліятэкі Міхась Казлоўскі, дзякуючы якому ўжо не першы раз у Маладзечне праходзяць падобныя канферэнцыі, распавёў, што гэтая — чатырнаццатая па ліку. Пра Аляксандра Уласава мусілі гаварыць у мінулы год, але тады не змаглі правесці канферэнцыю з-за пандэміі. Сёлета ўсё ж сустрэліся, і нагода ёсць — восемдзесят гадоў з дня смерці.
«Уся яго постаць нагадвала дзябёльную чыгунную тумбу...»
Калі знаёмішся з успамінамі, верыш, што Уласаў, калі даведаўся пра арышт часовага рэдактара «Нашай Нівы» Янкі Купалы, пабег да Лукішак і лупіў нагой у дзверы злавеснага пастарунка, патрабуючы, каб пасадзілі яго, колішняга рэдактара, а не паэта.
Волат-памешчык, які «апрашчаўся» так, што выклікаў здзіўленне і пострах у мужыкоў. Дзівак, якога можна было заспець у садзе на дрэве амаль што голым — згодна са згадкамі пляменніцы Веры Тарашкевіч, «Раз прыйшла нейкая дзяўчына, і яе паслалі ў сад. Яна пайшла, клічучы: «Пане сэнатар!», і раптам пачула недзе з гары: «Гоп, гоп!» Падняла галаву, а там на дрэве нейкае вялізнае, амаль голае цела. Гэта дзядзька пілаваў сукі на дрэве... Дзеўка ледзь не самлела».
Як успамінаў Якуб Колас, «Уся яго постаць нагадвала дзябёльную чыгунную тумбу. У яго пакоі былі гіры і штангі, і ён прыступаў да гімнастычных практыкаванняў...»
«Яна была Марыя Мнішак, а я Дзьмітры Самазванец»
Бясстрашны грамадскі дзеяч і палітык, які прысвяціў сябе беларускай нацыянальнай ідэі. І адначасова рамантык і заляцаннік у духу куртуазнай шляхты. Згадаю ўрывак з ягоных успамінаў пра амурныя справы маладосці:
«Уся работа мая пераплялася з каханьнем. Носячыся па краю вэлясыпэдам, я спаткаў чорнавалосую, чарнавокую палескую «прынцэсу»... Зразу нас прыцягнула, як два магніты. ...Яна была Марыя Мнішак, а я Дзьмітры Самазванец, які ня квапіўся ні на якую карону. Бліскучы малы, але ў жыцьці нейкі рэдактар «Сахі» і «Лучынкі», а тут польская газэта ў Вільні ахнула заборыстую стацьцю проціў мяне і бунтаўшчыкоў-беларусаў. Бабулі, мамы расчыталі... і я дастаў палітычны гарбуз... Праз колькі часу ў мяне закахалася ізноў брунэтка (мне вязець шчасьце на брунэтак, бо мая мілая жонка таксама яшчэ брунэтка). Дамок у вішнёвым садзе, салавей, фантаны нявінных пацалункаў, вульканы каханьня... Но... Каталічка, ксёндз, разумныя бацькі, чым ён займаецца і г. д. Ізноў гарбуз паміж намі. ...Калі-небудзь раскажу пра свой раман з ангельскай багіняй Дыянай, але гэта мала ўходзіла ў беларускую сфэру, вярней сказаць, каханьне гэта магло б мяне вынесьці з гэтай сфэры. Усе мае ахвяры богу каханьня — Амуру былі ўсім вядомы, бо я ўсім стрэчным-папярэчным жывапісаў пра сваіх багінь».
Ці не праўда, нагадвае гэткага старасвецкага шляхцюка шырокае душы з велягурыстай манерай размовы, які п'е з туфліка чароўнай дамы, а можа тут жа ўзняцца на двубой за скосы позірк, ці ўступіць у высакароднае спаборніцтва, хто болей сваёй маетнасці парушыць, бо не варта шляхціцу даражыцца зямнымі рэчамі. Казачны герой, які адчыняў у знаёмых фортку так, што вынес яе разам з рамай, а дапамагаючы рабочым пераносіць на лета прыбіральню, якую яны не маглі зрушыць, незаўважна прыхапіў аднаго з рабочых, які на той прыбіральні павіс, не паспеў саскочыць.
Дарэчы, тое, што ажаніўся Аляксандр Уласаў у 51 год, таксама надае манументальнасці ягонаму абліччу — нібыта непадуладны беларускі волат быў гадам... Толькі часы сталінскіх рэпрэсій змянілі і яго: на шляху ў Сібір, па ўспамінах, быў ён схуднелы, з запалымі шчокамі...
Калі даследуеш беларускі рух нашаніўскае пары, здаецца, што Аляксандр Уласаў быў усюдыісны — хоць запомнілі ж яго і як самотніка, які зачыніўся ў роднай Мігаўцы... Вось пішу пра Янку Лучыну — ва ўспамінах Уласава ён, «святой памяці інжынер Янка Неслухоўскі»: «Калі я быў вучнем, вечнай памяці пясняр гэты прыязджаў у м. Карлзберг да майго швагра археолага Андрэя Сніткі на паляванне». Вось гістарычная сустрэча Купалы з бальшавіком Чарвяковым — паэт хоча даведацца, як паставіцца да беларускіх адраджэнцаў новая ўлада — і Уласаў тут жа прысутнічае... І чуе, што расстрэльваць бязлітасна будуць, калі хто насуперак пойдзе...
Вельмі пасуе да вобраза «волата з Мігаўкі» і назва «Дзікая зала» — так называлася памяшканне ў Мігаўцы, дзе ладзілі беларускія «шпектаклі» ды розныя вечарыны. Кажуць так называлі пакой, бо было там халодна ды прасторна. А як прыходзілі паліцыянты, гаспадар казаў: «Няма грошай на штрафы. Іду ў турму... Не прывыкаць... Не адзін раз сядзеў... Пасяджу і яшчэ...»
Такога персанажа можна ўявіць галоўным героем гістарычнага рамана пра мінулыя стагоддзі, з мячом, шабляю альбо шастапёрам у руцэ, на чале харугвы.
«Паўлінка» ў Радашковічах
Аляксандр Уласаў, пакуль быў рэдактарам-выдаўцом «Нашай Нівы», «пашыраў кола рупліўцаў на ніве беларушчыны». Сярод тых рупліўцаў быў Антон Грыневіч, якому 11 чэрвеня 1911 года Уласаў даў ліст, у якім прасіў садзейнічаць, аказваць дапамогу ў збіранні народных песень. Менавіта пра збіральніка беларускага фальклору, педагога і кампазітара Антона Грыневіча распавяла падчас канферэнцыі Яніна Грыневіч, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Дарэчы, гэта Аляксандр Уласаў зладзіў прадстаўленне Купалавай «Паўлінкі» у Радашковічах. Пра гэта нагадаў вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў. Расказаў і пра тыя артэфакты, датычныя Уласава, якія захоўваюцца ў музеі. Напрыклад, пашпарт Уласава 1925 года дае такія звесткі:
«Узрост: сярэдні;
Вочы: карыя;
Нос: умеркаваны;
Валасы: цёмныя;
Твар: авальны;
Месца нараджэння: Вілейка;
Веравызнанне: праваслаўны;
Валоданне мовамі: польская, беларуская, нямецкая, англійская...
Прафесія: сенатар».
Захоўваецца і дакумент пасляваеннага часу, складзены ўдавой Купалы, Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч, для прадстаўлення ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі БССР, дзе вельмі добра характарызуе Уласава, які загінуў у лагерах, каб паспрыяць яго рэабілітацыі. «Александр Никитич Власов отличался простотой, остроумием, гуманностью».
Менавіта Уласаў сустрэў у Мінску на адным з настаўніцкіх з'ездаў Кастуся Міцкевіча, у будучым Якуба Коласа, якога далучыў да супрацоўніцтва з газетай. Пра гэта, а таксама, як Уласаў стаў рэдактарам «Нашай Нівы», згадваў кандыдат гістарычных навук Андрэй Унучак. А пісьменнік і краязнавец Сяргей Чыгрын прысвяціў свой даклад сябру Аляксандра Уласава, шведскаму місіянеру Джону Віту, які зрабіўся фундатарам беларускіх гімназій.
«А мянушка была — Какос, бо вялікая галава, і надта шмат чытаў»
Уразіў гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі расповед траюраднай пляменніцы Аляксандра Уласава, Ірыны Вацлаваўны Ніжанкоўскай.
— Мама мая — пляменніца Аляксандра Уласава. Уласаў паходзіў з сям'і рускіх чыноўнікаў. Яго дзед прыехаў сюды ў пачатку XІX стагоддзя, бацька, Мікіта Уласаў, быў паштмейстрам у Вілейцы. Вельмі вялікая сям'я, але з дзяўчынак засталася адна мая бабка. А было яшчэ пяць хлопцаў. Памятаю з расповедаў, што ва ўсіх хлопцаў былі мянушкі. Аляксандра Уласава ўсе дома звалі Саша, а мянушка была — Какос. Бо вялікая галава была, і надта шмат чытаў. Саша з дзяцінства да дзірак кнігі зачытваў. А вучыцца не надта хацеў. Вось садзяць яго вучыцца... Падыходзяць да дзвярэй пакоя, слухаюць: «Дэр фатэр — ацец... Дэр фатэр — ацец...» Саша нямецкай займаецца! Праз паўгадзіны зноў падыходзяць, зноў чуюць: «Дэр фатэр — ацец, дэр фатэр — ацец...». Адчыняюць — ён чытае нейкую кніжку, услых паўтарае «Дэр фатэр — ацец», а яшчэ вяровачкай з паперкай з кацянём гуляе... Мама ўспамінала, як дзядзька ладзіў спартыўныя спаборніцтвы, калі жыў у Мігаўцы. Было спаборніцтва: жэрдкі клалі, і трэба было па тых незамацаваных жэрдках бегаць. Адзін малады чалавек надта зграбна там бегаў, дасціпны, вясёлы. Так мама пазнаёмілася з Браніславам Тарашкевічам, сваім будучым мужам. У часы Польшчы Уласаў займаўся Таварыствам беларускай школы, курсы беларускіх настаўнікаў у Мігаўцы праходзілі. Каб адчыняць беларускія суполкі і школы, патрэбны быў дазвол паліцыі. Туды дакументы падаць з адрасам, дзе што адбудзецца. Вось Уласаў павінен быў ехаць у нейкі горад, праводзіць сход. А адраса, дзе той сход адбудзецца, няма... Ён кажа: напішыце, гасцініца «Еўропа». Напісалі... У паліцыі высвятляецца, што там няма такой гасцініцы. Ну і сарваўся той сход па арганізацыі школы. Уласаў абураўся: «Што гэта за горад такі, каб не было гасцініцы «Еўропа»? На сваю хату ў Мігаўцы ён казаў — «Мая віла». Жонка яго ўспамінала, як прывёз ён яе ўпершыню на тую «вілу» — а яна бачыць, пад старой страхой вясковая хата. Была ў шоку ад такой «вілы». Паесці любіў. Маміна сям'я жыла ў Радашковічах, і кухарка расказвала, вось прыходзіць Аляксандр Уласаў. З'еў адну місу варэнікаў, другую, трэцюю... А пасля і кажа: «Але ж і нясмачныя ў вас сёння варэнікі». Вялікі быў, боты не мог купіць. Купляў меншыя і ў рэчку заходзіў, каб яны размяклі. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі прыехаў на кані з Радашковіч і кажа: «Вось цяпер я папрацую на карысць Беларусі». Паехаў у Маладзечна, у рэдакцыю... І не вярнуўся.
Уласаў памёр у Сіблагу. Міхась Казлоўскі мяркуе — мала пратрымаўся, хоць і волат, бо на ягоную вагу звычайная порцыя баланды была замалая. І слушна заўважыў, што варта сабраць усе існуючыя ўспаміны пра Уласава ў асобнае выданне. Для панарамы беларускага адраджэння канца ХІХ — пачатку ХХ стст. постаць Аляксандра Уласава важная яшчэ і самім сваім іміджам. Беларускіх адраджэнцаў уяўляюць плоска: альбо ўчарашні сялянскі сын, «пан сахі і касы», альбо слабагруды інтэлігент, які аплаквае народную долю і рамантызуе курганы ды сівыя туманы. Для стварэння прымальнага нацыянальнага міфа надзвычай важна, улічваючы і «аплакваючую», і «рамантызуючую» тэндэнцыі ў яго стварэнні, выбіраць найбольш яркае, запамінальнае, здольнае выклікаць цікавасць і гонар. Мне вельмі імпануе, калі развейваюць міф пра Купалу-селяніна, паказваючы яго фацэтам у модных касцюмах, са шляхецкімі каранямі. Ці калі пра Багдановіча, якога ўяўляюць хваравітым ды субтыльным, усплывае факт, як у Ніжагародскай гімназіі ён быў задзірыстым нанканфармістам. Аляксандр Уласаў усёй сваёй каларытнай постаццю можа прыкрасіць беларускі нацыянальны міф — засталося толькі дабіцца, каб ягоная постаць стала пазнавальнай. Як напісаў у агучанай на канферэнцыі баладзе, прысвечанай Аляксандру Уласаву, паэт Віктар Шніп,
Жыццё людское — вечнасці хвіліна,
Дзе кроў твая жывая — не вада,
Што размывае родныя прасторы
І новых дзён святую чысціню,
Дзе знікне ўсё, як у бязмежным моры,
Але не знікнуць Божаму агню
І Беларусі, да якой мы дойдзем
Няхай хоць і праз цэлае стагоддзе.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Сам будынак уражвае архітэктурай.
«Вышывала, калі за лямпы былі толькі керасінкі».