Вы тут

Аўтографы Рыгора Барадуліна Івану Зяньковічу


Люблю знаёміцца са старымі прыватнымі кнігазборамі. Асабліва — настаўнікаў. Уражанне складваецца такое, што ў 1950—1970-я гады яны набывалі ўсё, што выходзіла з беларускай прозы і паэзіі. Так, асветніцкай, гістарычнай літаратуры тады проста кастрафічна не хапала. А вось мастацкай, як і цяпер, выдавалася нямала...


Ілюстрацыя: pixabay.com

І ў гэтых кнігазборах нярэдка сустракаюцца кнігі з аўтографамі. Пісьменнікі прыязджалі ў школы, ліставаліся з настаўнікамі. Часта і педагогі разам з вучнямі прыязджалі на сустрэчы. У Дом літаратара, напрыклад. А некаторыя аўтографы заставаліся з часін вучобы на філалагічным ці іншым факультэце ўніверсітэта альбо педагагічнага інстытута.

Вось і ў мінскай кватэры выпускніка філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Івана Адамавіча Зяньковіча я знайшоў шмат кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў.

Не буду расказваць пра ўвесь кнігазбор, а працытую два барадулінскія аўтографы. Адзін з іх — на кнізе «Маладзік над стэпам». Гэта — перавыданне знакамітага барадулінскага зборніка «Маладзік над стэпам». Перавыданне 2010 года. Вось выхадныя даныя: Барадулін Р. Маладзік над стэпам Вершы Мн., 2010 Наклад 300 асобнікаў. Цытуем аўтограф: «Івану Адамавічу Зяньковічу — з пашанай! Рыгор Барадулін 27. XІІ. 10».

Другі зборнік — Барадулін Р. Адам і Ева. Мн., 1968. Аўтограф наступны: «Дарагому Івану Зяньковічу, жадаючы вялікіх посьпехаў! Чакаю ў адказ у хуткім часе аўтографы на тваім зборніку. Рыгор. 25.XІ. 71 г.». Ёсць яшчэ дадатак: «І праз трыццаць гадоў, Іване, хай Вам лепей стане, І праз сорак, як у дваццаць,<...> ! Дзядзька Рыгор. 2.04. 02».

Другі аўтограф — і сведчанне новай сустрэчы Івана Адамавіча Зяньковіча з паэтам праз многія гады пасля студэнцтва. І, зразумела, сведчанне яго пастаяннай увагі да беларускай літаратуры, пісьменіцкага асяроддзя, да роднага беларускага слова.

Зберагаючы старую беларускую кнігу, зберагаючы кнігі з аўтографамі, мы захоўваем і матэрыяльны складнік нашай айчыннай гісторыі, і само святло любові да беларускага прыгожага пісьменства. Іван Адамавіч Зяньковіч, які, дарэчы, вучыўся на адным курсе з доктарам філалагічным навук Іванам Штэйнерам, разам са славутым беларускім літаратурным краязнаўцам Уладзімірам Лайковым, сябраваў доўгія гады з паэтам і літаратуразнаўцам Алегам Антонавічам Лойкам. Ёсць у кніжным зборы былога студэнта-філолага і іншыя аўтографы, ужо сама цеплыня іх, арыгінальнасць шмат здольны расказаць і перадаць праз час.

Напісаўшы гэтую невячкую нататку, задумаўся: добра было б узнавіць памяць пра многія дарчыя надпісы. Каб не згубіліся ў часе, а змаглі нагадаць пра любоў да кнігі тых, кім яна напісана, кім стваралася і кім захоўвалася і захоўваецца.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.