Вы тут

Свята-Пакроўская царква — гісторыя і тамтэйшай зямлі, тамтэйшых людзей


«Свята-Пакроўская царква ў в. Вялікая Ліпа. На ўскраіне вёскі, на старажытных могілках. Пабудавана ў сярэдзіне XVІІІ ст. як уніяцкая царква (у інтэр'еры захаваўся мураваны алтар). Закрыта ў 1963 г., з 1990 г. дзейнічае. Акрамя царквы на могілках знаходзяцца дзве старажытныя надмагільныя капліцы, каля галоўнага фасада царквы — мураваная званіца...»

З кнігі «Памяць. Нясвіжскі раён».


У кожнага з нас свая дарога да храма. У мяне таксама. Вядома ж, запачаткавалася яна ад маіх бацькоў — Івана Бутэвіча і Марыі з Мазаноў. Пачалося ўсё з хутара Язавец, што на Нясвіжчыне, адкуль я зусім малечай за ручку з мамай упершыню наведаў тадышнюю Вяліка-Ліпаўскую Свята-Пакроўскую царкву, што кіламетраў за пяць ад нашай хаты. Не ведаю, што мяне так прывабіла, але пасля гэтага я часта напрошваўся ў спадарожнікі то да маіх бацькоў, то да дзядулі Яся з бабуляй Гандзяй, калі яны выпраўляліся на чарговы малебен.

З першай паловы XVІІ стагоддзя Вялікая Ліпа амаль 400 гадоў знаходзілася ў валоданні роду Абуховічаў. Гэта старадаўні шляхецкі род герба «Ключ раздвоены». Сёе-тое з іхняга валодання засталося дагэтуль, хоць і не ў вельмі добрым стане. Добра вядомы ўладальнік Ліпаўскага маёнтка, мазырскі шляхціц, дзяржаўны і ваенны дзеяч, дыпламат Піліп Казімір Абуховіч, які памёр у 1656 годзе і пакінуў нашчадкам свае дзённікі з гісторыі Рэчы Паспалітай напярэдадні «Патопу». Дарэчы, мая Вяліка-Ліпаўская васьмігодка размяшчалася ў былым палацы Абуховічаў, што непадалёк ад царквы. Праўда, ад яго застаўся толькі адзін двухпавярховы будынак, але ж які! Падлога — паркетная, каміны ледзь не ў кожным пакоі, вокны выкшталцоныя і вялікія, каменная лесвіца на другі паверх... А пазней побач збудавалі і яшчэ адзін корпус — перанеслі сюды царкоўна-прыходскую школу.

І што яшчэ запомнілася з тых даўніх дзіцячых гадоў, дык гэта справядлівасць слоў многіх жанчын, якія прызнаваліся, што ў далёкую дарогу выпраўляліся з босымі нагамі, неслі туфлі ў руках (каб не так хутка знасіліся?) і абуваліся, толькі памыўшы ногі. Так рабілі і мая маці з бабуляй і суседкамі. Усе пяць кіламетраў ішлі басанож, перад самай царквой мылі ногі ў блізкай да яе рацэ Сноўка, абувалі туфлі і з годнасцю ішлі ў людскі хаўрус. Падахвочаны імі, часта тое самае рабіў і я.

Прызнаюся, што, акрамя бацькоў, ранішнія малітвы, якія я пасля першага наведвання царквы слухаў з асаблівай увагай, маю дарогу да храма дастойна і дзейсна падтрымаў і ўмацаваў значна пазней Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Не толькі я, а і жыхары Баяраў, куды мы ў 1956 годзе перасяліліся з хутара, як і многія-многія насельнікі навакольных вёсак, з вялікай прыхільнасцю ўспрынялі прыезд Уладыкі Філарэта ў жніўні 1993 года на богаслужэнне ў нашай больш як 200-гадовай царкве, што нанава адраджалася пасля «приснопамятного богоборчества».

Гэта быў першы, але не апошні, прыезд па маёй тады міністэрскай просьбе высокага іерарха ў Вяліка-Ліпаўскую царкву. У тым жа годзе і ў той жа дзень адбылася яшчэ адна незвычайная для вясковага жыцця наогул, а для мяне і маіх землякоў проста чарадзейная падзея. Да скону згадвалі мае бацькі той памятны момант, калі Уладыка Філарэт пасля службы ў храме разам з народным артыстам СССР Віктарам Роўдам пераступілі парог бацькоўскай хаты ў вёсцы Баяры, каб павіншаваць маю маму Марыю з 70-гадовым юбілеем.

А 21 кастрычніка 2004 года Уладыка Філарэт прыехаў у Ліпу, каб урачыста адзначыць памятную не толькі для гэтай мясцовасці дату. Устаноўленая тады дошка паведамляе, што ў гэтай царкве 100 гадоў таму, 23 верасня 1904 года, быў ахрышчаны народжаны ў недалёкай вёсцы Завітая Антон Вікенцевіч Мартас, які пазней стаў архіепіскапам Аргенціны Афанасіем.

У пачатку новага ХХІ стагоддзя Уладыка блаславіў мяне на старанні ў справе аднаўлення зніклых у нядобры час царкоўных званоў. З дапамогай вернікаў, з падтрымкі мясцовай сельсавецкай улады, са спрыяння добрых людзей у Мінску я выканаў свой абавязак перад землякамі — неўзабаве пяць званоў былі адлітыя ў беларускай сталіцы, а Уладыка Філарэт 21 кастрычніка 2006 года зноў наведаў Вяліка-Ліпаўскую царкву, каб асвяціць іх. І сёння над палеткамі, над ваколіцамі вёсак Вялікая Ліпа, Высокая Ліпа, Баяры кожную нядзельку, кожнае царкоўнае свята чуецца з пануючага пагорка супакаяльны і поклічны звон, які сведчыць і пра дабрадзейныя справы Уладыкі Філарэта. Я ж на ўсё жыццё запомніў поціск рукі Мітрапаліта і яго добрыя словы, калі ён уручаў мне спачатку Грамату Патрыяршага Экзарха, а пазней ордэн Свяціцеля Кірылы Тураўскага.

Гісторыя Вяліка-Ліпаўскай царквы — гэта гісторыя і тамтэйшай зямлі, тамтэйшых людзей.

Памятаю, як у 1963 годзе, калі нечакана закрылі царкву, прыхаджане не маглі змірыцца з такой несправядлівасцю. Але што яны маглі зрабіць? Адно хіба — разлічваць на спагаду высокага начальства. Самыя актыўныя пачалі збор подпісаў. Завіталі і ў нашу хату. Але дома акрамя мяне, дзевяцікласніка, нікога не было, бацькі — на калгаснай рабоце. Ды хіба мог я схавацца за іх спіны? Смела прапанаваў: давайце, падпішу. Не, не за самога сябе — за бацьку. Я добра ведаў яго пазначаны малапісьменнасцю подпіс, часам даводзілася рабіць гэта за яго. Так зрабіў і тым разам. Але бацьку не сказаў нічога — ці мала што.

Праз нейкі час бацька расказаў дома, што яго раптоўна «адспавядаў» старшыня калгаса Уладзімір Галушка, з якім у 1944 годзе яны абодва, пасля вызвалення ад фашыстаў нашых зямель, былі мабілізаваныя на шахты ў Данбас, а бацька нават быў начальнікам над высокаліпаўскім мужыком. Выгаварыў за тое, што бацька, пастаянны дэпутат сельсавета, адважыўся падпісаць прашэнне не закрываць царкву. Перад старшынёй бацька прамаўчаў, а дома спытаўся ў сямейнікаў: і хто гэта без яго ведама паставіў подпіс? Усе маўчалі. Паўтарыў пытанне некалькі разоў, штораз больш сурова. І тады я мусіў прызнацца, маральна падрыхтаваўся да вымовы, а мо нават і папругі. Але... Бацька толькі спытаў, а чаму ж нічога не сказаў яму. Паразумеліся. Бацька быў на маім баку. Царкву тады, праўда, так і не адкрылі.

А здзекі з вернікаў прадоўжыліся і такім незвычайным чынам. Неўзабаве да калгаснага цялятніка, дзе тады даглядчыкам працаваў бацька, пачалі звозіць шматлікія добра апрацаваныя драўляныя пацурбалкі — для спальвання ў печы, дзе рыхтавалі цялятам пойла. Аказалася, гэта нядаўнія прыдарожныя крыжы, якія, убраныя, стаялі каля ўезду ў кожную вёску. Ды раптам усе іх зрэзалі — закрылі царкву, то непатрэбныя і крыжы. Спальваць іх, вядома, бацька адмовіўся. Але стаць нанава каля вёсак ім давялося няскора.

Памятаю і сваю першую ўсяночную. Вядома ж, у дзяцінстве. Што праўда, хадзіў да царквы перадвелікодным вечарам і раней, але на ўсю ноч не заставаўся. І вось бацька згадзіўся. Разам з ім каля поўначы прыйшлі да храма. А тут ужо займаліся сваімі вясёлымі справамі многія больш і менш за мяне дарослыя хлопцы — бегалі, забаўляліся, а пасля палілі факелы, з якімі насіліся па прыцаркоўнай тэрыторыі. З пачаткам службы бацька забраў мяне ў царкву. Але выстаяць да раніцы я не змог. Калі сон пачаў настойліва закрываць мае вочы, я залез на хоры, бо харысты спявалі ўнізе, і прытаіўся. Бацька ж адмаліўся ўсю службу, пасвянціў яйкі і сабраўся дамоў. Не знайшоўшы мяне, падумаў, што я цішком збег дахаты. Калі ж спытаў маці, дзе Толік, тая здзіўлена адказала: «З табой жа быў». «Са мной-то са мной, але ж у царкве яго не было, калі адыходзіў». Давялося ісці назад, шукаць. Я ж на хорах не толькі адпачыў, але і моцна заснуў. Толькі царкоўны служка, калі трэба было замкнуць царкву, падняўся на хоры і ледзь разбудзіў. Па дарозе дамоў бацька і сустрэў мяне.

З дзяцінства памятаю і яшчэ адну царкоўную адметнасць. Электрычнасці тады не было не толькі ў царкве, а і ў нашых Баярах. Але святла хапала ў храме заўсёды, нават падчас начной службы. Мяне ж здзіўляла вялікае панікадзіла са свечкамі, якое вісела высока ад падлогі. І як туды можна ўставіць свечкі, а тым больш запаліць, калі нават выцягнутай рукой не дастанеш? І вось аднойчы я гэтае дзіва ўбачыў. Аказваецца, была доўгая гладкая палка (дагэтуль не ведаю, як называецца), на адным канцы расшчэпленая. Дык вось, каб паставіць у панікадзіла свечку, яе ўстаўлялі ў гэтую расколіну, падымалі ўгару і апускалі ў падсвечнік. Калі ж трэба было асвятляць, устаўленую ў палку свечку запальвалі і ёю запальвалі ўсе іншыя. Няпроста, але выгадна. А каб патушыць свечкі, карысталіся іншай палкай — з жалезнай загнутай убок трубкай на канцы. Праўда, малым і недарослым гэтай адказнай справы не давяралі.

І  была яшчэ адна прывабная адметнасць нашай царквы. Гэта штогадовае ўрачыстае святкаванне Успення Прасвятой Багародзіцы 28 жніўня. Так склалася, што гэтае свята з'яўлялася самым галоўным не толькі для царквы, а і для найбліжэйшых вёсак. Адзначалі яго і вялікім урачыстым богаслужэннем, і многімі свецкімі мерапрыемствамі. Падобнае свята з такімі ж атрыбутамі, але ўжо Пятра і Паўла, адбывалася 12 ліпеня ў царкве Казьмы і Дзям'яна ў Снове, куды хадзілі і мы. А 28 жніўня ў адказ святкавала Вяліка-Ліпаўская Свята-Пакроўская царква. Зранку да яе з'язджалася мноства вазоў, вазкоў, павозак, якія спыняліся перад парканам. Коней выпрагалі, падкладвалі сена, аглоблі задзіралі ўгару, каб не заміналі, а на вазах папраўлялі дзяружкі, пасцілкі, дываны, якімі засцілалі салому, што служыла сядзеннямі. Рабілі знарок, каб было відаць, як пастараліся гаспадыні, на ўласных кроснах выткаўшы гэтыя шыкоўныя вырабы. Каля царквы збіраліся не толькі навакольныя жыхары, нават з вельмі далёкіх і не нясвіжскіх вёсак прыязджалі сваякі. Сёй-той з пэўным гонарам прыбываў на роварах, як называлі ў нас веласіпеды. Ды ўсё ж такі большасць блізкіх прыходзіла пешкі.

А на тых вазах чаго толькі не было — найбольш прадуктаў з уласных агародаў, хапала і выпечкі, і самаробных цукерак, і свістулек, і ўсяго іншага, назваў чаму я не запамінаў ні тады, ні пазней. Шчырыя размовы, гамонкі, згадкі, успаміны, крыўды, што даўно не бачыліся... Але найперш была служба ў царкве, куды і ўвайсці было цяжка ад мноства вернікаў.

Мне, школьніку, запомнілася і яшчэ адна дэталь. Як правіла, стаяла гарачыня. Спёка выклікала смагу, хацелася піць. А дзе ты возьмеш той вады? На вазах яе не было. І вось нехта кемлівы знайшоў выйсце: набраў вады ў найбліжэйшым калодзежы і насіў вядро і жалезны кубак між вазамі. А за ім ледзь не чарга, нягледзячы нават на тры капейкі, якія гаспадар вядра браў за адзін кубак (праўда, некаторыя давалі толькі адну капейку). Вяртацца яму да калодзежа даводзілася не адзін раз.

Да гэтага свята загадзя прыбіраліся і ў вакольных хатах, пяклі пірагі, іншыя прысмакі, гналі самагонку, каб частаваць гасцей, якіх часта было больш, чым месца ў хаце. Таму некаторыя накрывалі сталы святочнымі абрусамі (каб бачылі) на падворку. Пасля царкоўнай службы ўсе разыходзіліся па вёсках разам з гасціннымі гаспадарамі.

А вечарам, пасля багатага гасцявання, чакала яшчэ адна прыемнасць — вясковыя танцы на шырокім поплаве. Моладзь рыхтавалася да іх таксама загадзя — у складчыну наймала музыкаў, ладзіла танцавальнае кола. Яго ў нашых Баярах абавязкова абсаджвалі маладым маем — так называлі ў нас бярозкі. Рабілі як мага большае, бо танцавальных ахвотнікаў было, вой, колькі. А калі да іх далучаліся і мы, малеча, то не хапала і кола, танцавалі па ўсім поплаве. Да самай раніцы не змаўкалі ні гармонік, ні петыя-перапетыя песні, ні вясёлая гамана.

Такія вось некаторыя штрыхі маёй дарогі да храма. Той дарогі, з якой, прызнаюся, я не збочваў ніколі — ні ў дзяцінстве, ні ў камсамольскія студэнцкія гады, ні падчас адказнай дзяржаўнай работы.

Анатоль БУТЭВІЧ,

Свята-Пакроўская царква,  в. Вялікая Ліпа, Нясвіжскі раён

Загаловак у газеце: Пяць званоў Вялікай Ліпы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.