Вы тут

Спецыялісты пра падтрымку інвалідаў і магчымасці рэабілітацыі


У Беларусі 564 тысячы чалавек маюць інваліднасць, а гэта каля 6 % насельніцтва. Яшчэ дзесяць гадоў таму лічба была меншай — каля 500 тысяч. Паступовае павелічэнне гэтай катэгорыі спецыялісты тлумачаць тым, што з'яўляюцца новыя метады лячэння і рэабілітацыі, якія дазваляюць выратаваць жыцці многіх дзяцей і дарослых, што раней было немагчымым, а таксама падоўжыць працягласць жыцця людзей з інваліднасцю. Пра сацыяльныя гарантыі для інвалідаў і магчымасці рэабілітацыі расказалі эксперты.


Ілюстрацыя: pixabay.com

Сацыяльныя гарантыі

— Сацыяльная абарона людзей з інваліднасцю з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Інвалідам гарантавана сацыяльная падтрымка ў выглядзе грашовых выплат — пенсій, дапамог, дзяржаўнай адраснай дапамогі, аказання сацыяльных паслуг, забеспячэння тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі, — кажа начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя Грачыха.

Паводле яе даных, на выплату пенсій, дапамог, бясплатнага санаторна-курортнага лячэння для людзей з інваліднасцю дзяржава за мінулую пяцігодку накіравала больш за 13 мільярдаў рублёў. Інваліды 1-й і 2-й груп маюць права на 90-працэнтную, інваліды 3-й групы — на 50-працэнтную зніжку на прэпараты для лячэння захворванняў, якія прывялі да інваліднасці, і забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі. Інваліды 1-й і 2-й груп бясплатна карыстаюцца грамадскім транспартам. Калі яны адзінокія ці пражываюць адны, забяспечваецца 50-працэнтная зніжка на тэхнічнае абслугоўванне і камунальныя паслугі. Інваліды, якія не працуюць, могуць скарыстацца першачарговым правам на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне.

Як нагадала Вікторыя Грачыха, тры раздзелы з пяці ў дзяржаўнай праграме аб сацыяльнай абароне і занятасці насельніцтва накіраваны на павышэнне ўзроўню жыцця інвалідаў і пажылых грамадзян. Яны датычацца папярэджання інваліднасці і рэабілітацыі, безбар'ернага асяроддзя і сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў і пажылых грамадзян. За пяць апошніх гадоў на іх рэалізацыю затрачана 2,3 мільярда рублёў. У тым ліку на кампенсацыю за самастойна набытыя сродкі рэабілітацыі, якія не вырабляюцца ў краіне. На сёння ў гэтым пераліку 11 сродкаў рэабілітацыі (напрыклад, смартфоны для інвалідаў па зроку), і, магчыма, ён будзе пашыраны.

— На першым этапе ўстанаўліваліся пандусы, поручні, пашыраліся ўваходныя групы. Як правіла, гэтыя змены былі накіраваны на стварэнне безбар'ернага асяроддзя для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Без увагі заставаліся людзі з парушэннямі зроку, слыху. Сёння ж ліквідуюцца бар'еры для ўсіх катэгорый, — адзначыла спецыяліст. — Да 2025 года мы плануем зрабіць цалкам даступнымі больш за 22 % аб'ектаў — у абсалютных лічбах гэта больш за восем тысяч аб'ектаў.

У бягучай пяцігодцы на праграму сацыяльнай абароны ў цэлым плануецца накіраваць чатыры мільярды рублёў (без уліку пенсій, дапамог, расходаў на санаторна-курортнае лячэнне).

У каго больш шанцаў?

Як адзначыла Вікторыя Грачыха, амаль палова інвалідаў — людзі працаздольнага ўзросту. Але працаваць могуць толькі тыя з іх, хто мае адпаведнае медыцынскае заключэнне.

— На сёння заключэнні МРЭК маюць 118 тысяч інвалідаў — гэта крыху больш за палову тых, хто знаходзіцца ў працаздольным узросце. Працуе амаль 68 тысяч. Інваліды могуць уладкоўвацца як да наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, так і ў спецыялізаваныя арганізацыі. Безумоўна, больш шанцаў уладкавацца ў тых, хто мае прафесію і вопыт работы, — удакладняе спецыяліст.

У апошнія пяць гадоў навучанне праз службы занятасці прайшлі 1,5 тысячы беспрацоўных інвалідаў па 57 спецыяльнасцях. Самыя распаўсюджаныя з іх — аператар ПВМ, прадавец, кладаўшчык, ліфцёр. Накіроўваліся людзі і на навучанне прадпрымальніцкай дзейнасці.

— Штогод у цэнтры занятасці звяртаецца каля 4,5 тысячы чалавек. Пошук работы праз цэнтр занятасці мае пэўныя перавагі. Акрамя асноўных паслуг, якія яны атрымліваюць, для інвалідаў прадугледжаны і іншыя гарантыі: працаўладкаванне на забраніраваныя рабочыя месцы, адаптацыя да працоўнай дзейнасці, прыярытэтнае накіраванне на навучанне з аплатай расходаў на пражыванне і праезд. Прычым усе гэтыя паслугі бясплатныя, — праінфармавала Вікторыя Грачыха.

У мінулым годзе на пастаянную работу працаўладкавана амаль дзве тысячы людзей з інваліднасцю, сарака дзевяці аказалі садзейнічанне ў арганізацыі ўласнай справы. У службе занятасці арганізавана і новая форма работы — індывідуальнае суправаджэнне беспрацоўных інвалідаў для вырашэння пытанняў працаўладкавання. Калі чалавек звяртаецца ў службу занятасці, яго рэгіструюць у якасці беспрацоўнага і далей працуюць па індывідуальнай праграме. З яго згоды спецыялісты службы занятасці дамаўляюцца аб візіце на сумоўе да наймальнікаў і разам удзельнічаюць у перагаворах. Летась такая паслуга была аказана 268 інвалідам, працаўладкавана 259 чалавек. Плануецца выкарыстоўваць такую форму работы і надалей.

— Наша дзейнасць накіравана на адраснасць і індывідуальны падыход да кожнага. У будучыні для паляпшэння якасці жыцця інвалідаў будуць стварацца дадатковыя ўмовы з боку дзяржавы для працаўладкавання праз укараненне механізмаў кваціравання працоўных месцаў, удасканаленне адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, фінансаванне і кампенсацыю расходаў наймальніка на стварэнне рабочых месцаў для інвалідаў, — падкрэсліла Вікторыя Грачыха.

Маюць адбыцца змены і ў атрыманні адукацыі. У заканадаўстве плануецца замацаваць паняцце інклюзіўнай адукацыі, а таксама абавязковую даступнасць устаноў адукацыі для інвалідаў усіх катэгорый. Гэтыя і іншыя нормы замацаваны ў новым праекце закона «Аб правах інвалідаў і сацыяльнай інтэграцыі», які летась прайшоў першае чытанне ў парламенце.

Працаваць можна пры любой групе

Як паведаміў дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Васіль Смычок, у Беларусі больш за 85 тысяч чалавек маюць інваліднасць першай групы, 252 тысячы — другой, 191 — трэцяй. Акрамя таго, больш за 34 тысячы дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў прызнаны інвалідамі.

— У нашай краіне нядрэнна рэалізоўваецца этапная сістэма медыцынскай рэабілітацыі. Згодна з адпаведным загадам Міністэрства аховы здароўя, пасля лячэння пацыента мусяць пераводзіць на этап рэабілітацыі. Гэта датычыцца такіх цяжкіх хвароб, як інсульт, інфаркт міякарда, анкалогія. Пацыенты з бальнічных устаноў выпісваюцца не дадому, а пераводзяцца ў стацыянарныя цэнтры медыцынскай рэабілітацыі, якія сёння функцыянуюць у кожнай вобласці. У нашай краіне 328 аддзяленняў медыцынскай рэабілітацыі, з іх 101 стацыянарнае з агульнай колькасцю 4680 месцаў (2773 — для дарослых і 1907 — для дзяцей), — паведаміў Васіль Смычок.

За 2020 год рэабілітацыю прайшлі 1235 тысяч чалавек, з іх больш за 111 тысяч інвалідаў, у тым ліку больш за 25 тысяч дзяцей.

Кіраўнік РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі адзначыў, што ў новым законе «Аб ахове здароўя», які пачне дзейнічаць з ліпеня гэтага года, вызначаць інваліднасць будуць на новыя тэрміны. Калі сёння 2-ю і 3-ю групы інваліднасці вызначаюць на адзін год, а першую — на два, то з уступленнем у дзеянне новага закона 2-я і 3-я групы будуць выдавацца на два гады, а першая — на тры.

З'явіліся і новыя артыкулы, якія рэгламентуюць якасць аказання медыцынскай дапамогі:

— Не сакрэт, што ёсць шмат скаргаў, абгрунтаваных у тым ліку, калі якасць аказання медыцынскай дапамогі пакідае жадаць лепшага. Міністэрства аховы здароўя ўдзяляе шмат увагі гэтаму, на лячэбна-кансультатыўных саветах разбіраецца шмат выпадкаў аб якасці аказання дапамогі, так што разбор палётаў сур'ёзны, — заўважыў Васіль Смычок. — Створана рэспубліканская сістэма ацэнкі якасці медыцынскай дапамогі на трох узроўнях: раённым, абласным і рэспубліканскім. Гэта не азначае, што раней у нас не было кантролю якасці. Канешне, ён быў, але мы бачым, што ў многіх краінах існуюць цэлыя інстытуты па гэтым кірунку — у Канадзе, ЗША, Аўстраліі. І мы зараз выбудоўваем падобную сістэму.

Як падкрэсліў Васіль Смычок, паняцця непрацоўнай групы цяпер не існуе — чалавек і з першай групай можа працаваць, калі стан здароўя гэта дазваляе. Тут карыстаюцца дазвольным прынцыпам, а не забараняльным. Гэтак жа не існуе планавых паказчыкаў па абмежаванні колькасці інвалідаў — групу атрымлівае кожны, у каго ёсць на тое паказанні.

Як трапіць на рэабілітацыю?

Галоўны ўрач Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Галіна Радзівонава расказала, што ўстанова займаецца з дзецьмі з анкалагічнымі, анкагематалагічнымі захворваннямі, паталогіямі нырак, нервовай сістэмы, а з 2016 года — і з рэдкімі генетычнымі хваробамі: мукаполісахарыдозам і з недасканалым остэагенезам, так званымі «крыштальнымі» дзецьмі.

— Яны паступаюць пасля лячэння, прычым па некалькі разоў, на працягу некалькіх гадоў, і мы іх адаптуем да жыцця ў тых умовах, у якіх яны апынуліся. Увага аддаецца не толькі фізічнай рэабілітацыі, але і псіхалагічнаму суправаджэнню. Ва ўстанове ёсць усё, каб аказаць дзецям прафесійную дапамогу.

Адна з самых вядомых устаноў па рэабілітацыі — Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі, што знаходзіцца ў Аксакаўшчыне Мінскага раёна, — у наступным годзе, дарэчы, яна адзначыць 50-годдзе. Яе ложкавы фонд — 461 месца.

— Да нас паступаюць пацыенты кардыялагічнага профілю (пасля інфаркту, аортакаранарнага шунціравання і іншыя), неўралагічнага (пасля інсультаў і аперацый у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі) і траўматалагічнага (пасля траўм і аперацый на апорна-рухальным апараце, эндапратэзавання суставаў), — кажа галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Сяргей Малышка. — Яны атрымліваюць увесь спектр паслуг — псіхакарэкцыю і фізічную рэабілітацыю. Гэта заняткі з інструктарамі лячэбнай фізкультурай, эргатэрапія, на рабатызаваных комплексах, медыкаментозная і дыетатэрапія, і, зразумела, метады фізіятэрапеўтычнага ўздзеяння. Больш за 95 % пацыентаў з'язджаюць ад нас з паляпшэннем стану здароўя.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Для жыцця без бар'ераў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.