Вы тут

Маршрутамі памяці. Роля гісторыка-патрыятычнага турызму ў выхаванні асобы


Доўгі час у Беларусі і Расіі школьныя і студэнцкія канікулы выкарыстоўваліся выключна для аздараўлення, а вельмі важныя пытанні, звязаныя з выхаваннем падрастаючага пакалення, упускаліся. Больш за тое, складваліся стэрэатыпы, што найлепшае баўленне вольнага часу — гэта мора ці падарожжы ў экзатычныя мясціны. Як вынік, сёння даводзіцца прыкладаць намаганні, каб прывучаць моладзь да адпачынку на радзіме. Калі ў краінах Паўночнай Амерыкі, Азіі і Еўропы колькасць грамадзян, якія адпачывалі ва ўласных краінах, даходзіла да 80 працэнтаў, на нашых тэрыторыях не хапала добра развітой інфраструктуры, якасных паслуг і цікавых прапаноў для адпачынку. Але цяпер, калі рэканструяваны базы адпачынку, створаны інфармацыйныя цэнтры і распрацаваны турыстычныя маршруты, варта задумацца пра напаўненне адпачынку дзяцей і моладзі пэўнымі сэнсамі. Найвялікшую ўвагу пры гэтым трэба аддаваць патрыятычнаму выхаванню хлопцаў і дзяўчат, бо, як заўважылі ўдзельнікі семінара Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі «Гісторыка-патрыятычны турызм як эфектыўны сродак выхавання дзяцей і моладзі Саюзнай дзяржавы», які адбыўся ў замкавым комплексе «Мір», — менавіта ад гэтага залежыць бяспека краіны — сталеючы, маладыя людзі будуць стараццца працаваць на развіццё сваёй радзімы.


Штогод у «Зубраняці» на беразе Нарачы праходзіць патрыятычная кадэцкая змена навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. dompressy.by.

Цаніць сваё

Асноўныя задачы, якія сёння стаяць перад гісторыка-патрыятычным турызмам, — не толькі выхаванне юных грамадзян Беларуі і Расіі ў духу любові, адданасці і гатоўнасці да служэння сваёй краіне, але і наладжванне добрасуседскіх сувязяў, і абуджэнне цікавасці да традыцый і гісторыі найбліжэйшых суседзяў. Нашы краіны валодаюць вялікім патэнцыялам для развіцця гэтага кірунку турызму. Мы маем сотні аб'ектаў, звязаных з гістарычнымі падзеямі: гэта месцы пахаванняў і бітваў, мемарыяльныя комплексы, помнікі і музеі. Варта прыцягваць увагу грамадскасці да гэтых аб'ектаў. Да таго ж, як ні дзіўна, наша моладзь мала знаёма з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі Беларусі і Расіі, і турызм — адзін з выдатных інструментаў пазнання і выхавання павагі да традыцый і культуры народаў.

На семінары ўздымалася пытанне аб неабходнасці падтрымкі арганізацый, рухаў і гурткоў, якія маглі б працаваць на выхаванне моладзі і захаванне памяці, пытанне аб развіцці ваенна-гістарычных клубаў, культурных і гістарычных цэнтраў, музеяў і архіваў, бібліятэк і выставачных комплексаў. Моладзь можа далучацца да ваенна-гістарычнай рэканструкцыі і раскопак на палях, дзе адбываліся бітвы, і на месцах важных гістарычных падзей. Нельга забывацца і пра актыўнае стымуляванне дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца вывучэннем ваенна-гістарычнай спадчыны, для таго, каб яны больш актыўна праводзілі патрыятычную работу і прыцягвалі да гэтага новых юных грамадзян Саюзнай дзяржавы.

— Актуальнасць сённяшняй тэмы заключаецца ў тым, што гэта новы кірунак у турыстычнай індустрыі, якая пакуль недастаткова развіта і толькі апошнім пачынае набываць попыт і папулярызывацца, — заўважыла старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Алена Афанасьева. — Кірунак вялікі, і пакуль мала што зроблена. Неабходна ўлічыць, што з развіццём новых тэхналогій адкрываецца прастора для творчасці, дзе могуць быць задзейнічаны самі маладыя людзі і старэйшае пакаленне. Трэба развіваць супрацоўніцтва рэгіёнаў, агульныя турыстычныя маршруты, у кожнай дзяржавы ёсць свае помнікі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Але, на жаль, сучаснасць прывяла нас да таго, што наша моладзь менш кантактуе, і нам трэба развіваць гэтыя сувязі ўнутры Саюзнай дзяржавы.

Разам

У рамках Саюзнай дзяржавы ўжо некалькі гадоў рэалізоўваюцца праекты, якія накіраваны на ваенна-патрыятычнае выхаванне. Штогод на базе беларускага дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Зубраня» праводзіцца патрыятычная кадэцкая змена навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. На гэты год аб'ём фінансавання мерапрыемства складае каля 36 з паловай мільёна рублёў. Удзел возьмуць каля 500 выхаванцаў кадэцкіх навучальных устаноў і навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў Саюзнай дзяржавы ва ўзросце 14—16 гадоў.

Таксама з саюзнага бюджэту фінансуецца ваенна-патрыятычная змена навучэнцаў сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчаў Беларусі і Расіі — гэта яшчэ каля 400 дзяцей, якія сустракаюцца разам у лагеры «Арляня».

З мэтай патрыятычнага выхавання, падтрымкіі развіцця творчага патэнцыялу адораных хлопцаў і дзяўчат, наладжвання ўзаемасувязяў у галіне культуры ладзяцца Фестываль моладзі Саюзнай дзяржавы і Фестываль творчасці юных.

Пачалі рэалізоўвацца праекты, завязаныя на работу з моладдзю ў інтэрнэт-прасторы. Шмат ініцыятыў у гэтым кірунку праяўляюць маладыя парламентарыі Саюзнай дзяржавы. Так, яны запусцілі праект па алічбоўцы помнікаў, звязаных з ваеннай гісторыяй, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Новыя формы

У рабоце семінара прынялі ўдзел дэпутаты Парламенскага сходу Саюза Беларусі і Расіі, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, профільных міністэрстваў, грамадскіх арганізацый і навуковай грамадскасці абедзвюх краін. Выступоўцы дзяліліся сваімі напрацоўкамі і ідэямі. Так, кіраўнік аддзела міжнародных сувязяў Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў (Музей Перамогі) Анастасія Крэтава распавяла, якім чынам гэту ўстанову ўдалося ператварыць у навукова-асветніцкі і даследчыцкі цэнтр, які ў год прымае больш за мільён наведвальнікаў, прычым большасць з іх — дзеці: «Мы ў сваёй практыцы зразумелі, што хадзіць проста па класічным музеі дзецям ужо не цікава — не хапае інтэрактыўнасці. Яны хочуць фатаграфаваць і выкладаць сэлфі ў «Інстаграм», далучацца да пэўных актыўнасцяў. Да таго ж ім трэба падаваць інфармацыю даступна». У музеі працуе ўнікальная экспазіцыя «Твары Перамогі», накіраваная на захаванне памяці ў сем'ях. Дзеці пішуць пра сваіх прадзедаў, і гэтыя звесткі захоўваюцца ў дэпазітарыі ўстановы. Вынікі можна пабачыць на інтэрактыўнай сцяне падчас наведвання музея. Пры ўстанове працуе чатырохзальны кінатэатр, дзе адначасова некалькі груп наведвальнікаў могуць глядзець розныя фільмы. У Музеі Перамогі запрацавала ўласнае анлайн-тэлебачанне. Самі дзеці могуць здымаць ролікі і выкладаць іх, а таксама тут дэманструецца відэа, адзнятае прафесіяналамі. Тэмы ўзнімаюцца розныя: пра герояў, падзеі, ваенную тэхніку і г. д. Таксама тут можна паглядзець старыя кінафільмы, прысвечаныя ваенным падзеям. Пандэмія паскорыла стварэнне разнастайных віртуальных пазнавальных прадуктаў, музей удзельнічае ў праекце «Культурны ТікТок», тысячы хлопцаў і дзяўчат праглядзелі віртуальныя экскурсіі.

Яшчэ адно ноу-хау, якое расійскія музейшчыкі прапаноўваюць сваім беларускім калегам для пераймання, — работа школьнага музея. Так, на базе ўстановы бясплатна выдзяляюцца пляцоўкі, каб школьнікі маглі выстаўляць свае экспазіцыі.

У сваю чаргу дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур Зельскі распавёў пра маладзёжныя праекты, якія ладзяцца ў Беларусі. Установа падпісала пагадненне з 75-й гімназіяй горада Мінска. Аказалася, што не толькі мемарыяльны комплекс можа быць карысным для дзяцей і настаўнікаў (арганізоўваць лекцыі, выстаўкі, экскурсіі), але і школьнікі могуць аказваць тэхнічную і фізічную дапамогу, удзельнічаць у суботніках і нават дапамагаць ствараць экспанаты для музейнай экспазіцыі. Так, дзевяцікласнікі па карце 1939 года стварылі макет вёскі Хатынь. Не засталіся ўбаку і студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Маладыя людзі прапанавалі праекты па стварэнні новай музейнай прасторы. Артур Гарыевіч упэўнены, што менавіта такія падыходы дазваляюць хлопцам і дзяўчатам непасрэдна прычыніцца да гісторыі, яе вывучэння і перажывання, і прапанаваў больш прыцягваць работнікаў музеяў і мемарыялаў да распрацоўкі патрыятычных праектаў для моладзі.

Прапановы

Як у Расіі, так і ў Беларусі сёння распрацаваны гісторыка-патрыятычныя маршруты, але наспеў час для таго, каб аб'ядноўваць іх і дзяліцца з юнымі гэтым досведам. Прычым актыўней далучаць да выхаваўчых праграм школьнікаў і сем'і. Сёння можна падарожнічаць не толькі арганізаванымі групамі, але і індывідуальна. На сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме можна знайсці інфармацыю пра розныя турыстычныя маршруты, прычым распрацаваць маршрут пад сябе. Доўгі час Беларусь успрымалася нашымі суседзямі як кірунак менавіта ваенна-патрыятычнага турызму, каля 50 працэнтаў гасцей ехалі па такі досвед. Але, нягледзячы на тое, што тэма па-ранейшаму застаецца запатрабаванай, сёння турысту трэба ўжо прапаноўваць універсальныя праграмы, якія накіраваны і на ваенную гісторыю, і на папулярызацыю гістарычнай і культурнай спадчыны.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк распавёў, як развіваецца межрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж моладдзю Беларусі і Расіі. Маладзёжнымі арганізацыямі сяброўскія сувязі наладжаны не толькі на пагранічных тэрыторыях. Беларускія хлопцы і дзяўчаты кантактуюць з актывістамі нават з далёкіх рэгіёнаў, такіх як Хабараўск і Уладзівасток. На найбліжэйшы час запланаваны шэраг мерапрыемстваў патрыятычнага кірунку. Напрыклад, у чэрвені ў Пскове пройдзе міжнародны патрыятычны форум «Мы помнім», а на Брэстчыне моладзь, якая далучылася да міжнароднага праекта «Сады Перамогі», высадзіць хвойную алею. Для заахвочвання моладзі да падарожжаў Дзмітрый Варанюк прапанаваў увесці тыдзень ці месячнік, прысвечаны гісторыка-патрыятычнаму турызму, калі б студэнты маглі атрымліваць зніжкі на праезд да мемарыяльных комплексаў і музеяў, альбо льготныя пуцёўкі. А намеснік старшыні Расійскага саюза моладзі Аляксандр Мітрафанаў прапанаваў распрацаваць сумесны праект, дзе б хлопцы і дзяўчаты самі распрацоўвалі турыстычныя маршруты. Так, беларусы могуць распавесці, якія мясціны варта наведаць у іх краіне — у сваю чаргу будзе карысны турыстычны досвед маладых людзей з Расіі.

Удзельнікі семінара звярнулі ўвагу, што з развіццём гісторыка-патрыятычнага турызму спатрэбяцца кадры, якія маглі б на высокім узроўні падаваць інфармацыю маладым людзям, займацца іх патрыятычным выхаваннем. І гэтую задачу неабходна паставіць перад установамі адукацыі абедзвюх краін. Стала відавочна, што пры распрацоўцы новых турыстычных маршрутаў патрыятычнага кірунку варта прыцягваць спецыялістаў з розных сфер дзейнасці: педагогаў, культуролагаў, работнікаў сацыяльна-культурнай сферы. Сярод рэкамендацый дэпутатаў — распрацоўка сумеснай праграмы развіцця туріндустрыі, здзяйсненне навуковых даследаванняў і падрыхтоўка прававых актаў, якія будуць рэгуляваць гэтую дзейнасць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».