Вы тут

Праз Кітай у Індыю. Мастацкая легенда беларускага вязня Славаміра Равіча


Да кнігі, якую зараз можна прачытаць і па-беларуску, большая частка пытанняў уважлівага чытача так, відавочна, і застанецца без адказу. Але ж, збіраючыся аб усім распавесці па парадку, давайце паставімся да гэтай тэмы як да праявы ў кантэксце беларускага разгляду тэмы, беларускага бачання Кітая і іншых суседніх з Паднябеснай краін. Іначай можна весці доўгую дыскусію з разлікам на тое, што ніхто з яе ўдзельнікаў не зможа разблытаць рознага кшталту пытанні...


У 1915 годзе ў Пінску нарадзіўся Славамір Равіч. Калі быць дакладнымі — 1 верасня 1915 года. Біяграфія гэтага чалавека, характар, погляды якога і розныя жыццёвыя калізіі сфарміравала жыццё пад польскай уладай. Закончыўшы школу, наш суайчыннік паступіў у архітэктурны каледж. А ў 1937 годзе маладога чалавека прызвалі ў войска. Зразумела, у польскае войска. Службу Славамір праходзіў у Брэсце. Магчыма, у казармах той самай Брэсцкай крэпасці, якую гераічна абаранялі ўжо іншай краіны вайскоўцы ў 1941 годзе... У ліпені 1939 года Славамір Равіч (ужо — афіцэр польскай кавалерыі) узяў шлюб са сваёй першай жонкай, з якой болей, пасля 1939 года, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у калатнечы якой здолеў выжыць, так і не пабачыўся. Паспрабаваўшы франтавога ліха ў сутыкненні палякаў і немцаў, Славамір вяртаецца ў Пінск 19 лістапада 1939 года...

І вось што чытаем мы ў яго кнізе «Доўгі шлях» (Мінск, «Кнігазбор», 2021 год; пераклад з англійскай мовы ажыццявіў Віталь Абрамовіч): «Мяне прызвалі ў войска ў 1937 годзе, пасля вучобы. Я паспеў атрымаць дыплом архітэктара ў тэхнічнай школ імя Вавельберга і Ротванда ў Варшаве. Спачатку я служыў у пяхотным палку пад Брэстам. Аднак праз сем месяцаў, як добры вершнік, выклікаўся добраахвотнікам у разведвальную роту кавалерыі пры пяхоце. Выдатна скончыў курс падрыхтоўкі падхарунжых. У 1938 годзе нас паслалі прыняць удзел у шасцітыднёвых вучэннях на Валыні, дзе я атрымаў пагоны падпаручніка. Вярнуўся дадому ў добрай фізічнай форме, загарэлы і вельмі задаволены сабой, каб дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Маці была ў нашым доме практычнай, таму кіравала гаспадаркай яна. Бацька, са свайго боку, быў упэўнены, што маёнтак існуе для таго, каб там адпачываць, таму большасць часу аддаваў свайму любімаму занятку — маляванню пейзажаў. Дом быў завалены палотнамі, якія бацька ніколі не прадаваў, хоць, ведаю, што атрымліваў такія прапановы. Я правёў дома не больш за пару месяцаў. 1 сакавіка 1939 года мяне выклікалі ў полк у межах неафіцыйнай мабілізацыі. А шэсць месяцаў пазней, 31 жніўня, якраз перад маім дваццацьчацвёртым днём нараджэння, я знаходзіўся ў абозе кавалерыі пад Ажаровам. Я перачытваў тады лісты ад жонкі і маці і збіраўся якраз адкрываць перасланыя імі перадачы, калі да абозу прыляцеў кур’ер з паведамленнем аб тым, што нямецкія войскі рухаюцца на нас. Пачалася вайна».

Славамір Равіч гаворыць пра тое, што бітвы доўжыліся не болей чым тры тыдні. «... але гэта былі тыдні, перапоўненыя жахлівмыі здарэннямі і смерцю». Пад Кутнам падраздзяленне, у якім служыў Равіч, сустрэла вялікю групоўку кавалерыі — прыблізна дзесяць тысяч коней. Галоўную дарогу адступлення на Модлін немцы адрэзалі і занялі добра ўмацаваныя пазіцыі. «Тут нарэшце мы адшукалі хоць нейкае цэнтральнае камандаванне. Мы атрымалі загад прарвацца праз лініі ворага. Ад немцаў нас аддзяляў лес шырынёй у паўтары мілі. Мы рушылі наперад па загадзе, аддадзеным трубачамі ад эскадрону да эскадрону». І далей — з кнігі С. Равіча: "Тыя, хто быў у першых шэрагах, пападалі з коней, каб ужо болей ніколі не ўстаць. Праз палеглых пераскоквалі наступныя напіраючыя атрады. Выехаўшы з лесу, я пабачыў, што шмат коней з размаху наляцелі на калючы дрот. З іх раздзёртых жыватоў вывальваліся вантробы. Кавалерыйскі строй патрабуе пэўнага запалу, які апаноўвае ў роўнай ступені як людзей, так і коней. Злосць, напор і прабіўную сілу кавалерыі можа стрымаць толькі моцны сканцэнтраваны артылерыйскі агонь. Немцы, якія хацелі здацца, засталіся скошанымі, бо ўланы не бяруць палонных.

Мы хаваліся ад недасягальных бамбардзіроўшчыкаў, піхаліся па затлумленых дарогах і нарэшце дабраліся да Варшавы, для таго каб — як нам было сказана — перафармавацца, зарганізавацца і абараніць сталіцу. Некаторыя пехацінцы, якіх мы сустракалі па дарозе, сядалі на нашых вольных коней, якія засталіся без вершнікаў. Так мы ўваходзілі ў прадмесці Варшавы, маючы нават марака ў сядле. У горадзе я не браў удзелу ў арганізаванай абароне. Замест гэтага мне загадалі займацца перавозкай зброі з арсеналаў на Празе (Прага — зразумела, у дадзеным выпадку, прадмесце Варшавы — А. К,) ў будынак старой вучэльні падхарунжых на другім беразе Віслы. Пазней я даведаўся, што на трасе Варшава — Пястаў знаходзяцца атрады, якія рыхтуюць абарону. Я сабраў запасы і вырушыў у дарогу. Мяне сардэчна сустрэлі і назначылі кіраўніком патруля, які складаўся з васьмі ўланаў.

Дзякуючы гэтаму мне пашчасціла назіраць хіба за апошняй кавалерыйскай атакай у сучасных войнах. Мы пакінулі нашых коней на ўскрайку лесу пад вартай чатырох уланаў і запаўзлі на вяршыню невялікага пагорка, які парос купінамі дрэў. Адтуль адкрываўся цудоўны від на шашу да Пястава. На адлегласці ста ярдаў ад нас ляжала скрыжаванне дарог. На развілцы, створанай галоўнай трасай і адной са збочных дарог, позірк затрымліваўся на яркім будынку прыдарожнай кавярні. Будынак быў пусты, але перад уваходам ўсё яяшчэ стаяў столік у цені каляровага парасона. Праз хвіліну мы пабачылі нямецкіх разведчыкаў. Яны рухаліся па абодвух баках шашы і асцярожна вывучалі мясцовасць. Адзін з іх прайшоў паміж намі і месцам, дзе стаялі схаваныя коні. Мы прыціснуліся да зямлі, уважліва назіраючы за дарогамі, а галоўнае за людзьмі, якія іх тапталі.

Хутка мы пабачылі, што набліжаецца рота нямецкай пяхоты. Жаўнеры ішлі са зброяй на плячах. За імі ехалі шэсць афіцэраў на конях. Далей паказаўся цэлы батальён пяхоты, за якім коні цягнулі гармату. Калі нямецкая калона падышла да скрыжавання, мы пачулі за спінай гучны тупат капытоў. З лесу вылецеў эскадрон са ста пяцідзесяці польскіх вершнікаў у поўным узбраенні. Як пазней я даведаўся, яны належалі да 12-га палка ўланаў.

Уланы хутка нашыхтаваліся на дарозе і, перш чым немцы паспелі зразумець, што адбываеца, рынуліся наперад, агаліўшы шаблі. Ледзьве немцы паспелі некалькі разоў стрэліць, як кавалерыя ўжо прабіла іхнюю калону. Артылерыйскія коні перапужаліся і перакулілі гармату, якая забарыкадавала дарогу. На гармаце перакулілася некалькі нашых коней, скінуўшы з сябе гаспадароў. Гэта былі адзіныя страты, панесеныя нашымі ў той атацы.

Растаптаўшы нямецкую калону, уланы развярнуліся, сфармавалі новы шыхт і ўдарылі яшчэ раз, каб завяршыць справу ліквідацыі калоны. Пасля яны паскакалі далей па адной з бакавых дарог, на скрыжаванні засталіся адны толькі трупы. Мы прыпаўзлі да сваіх коней і вярнуліся да войска, каб скласці рапарт. Гэта адбылося пятнаццатага альбо шаснаццатага верасня. Хутка пасля гэтай бітвы пала Варшава...«

Апынуўшыся дома, у Пінску, Славамір Равіч амаль адразу патрапіў у лапы НКУС. Іначай, пэўна, і не магло быць. Мы ведаем мноста прыкладаў, калі польскіх афіцэраў, здолеўшых уцячы ад нямецкага палону, ад гібелі, з кагорты ўраджэнцаў Заходняй Беларусі, дома ўжо з адпаведнымі высновамі прымала пад белы ручанькі новая ўлада — Савецкая ўлада, якая з 19 верасня была гаспадыняй на колішніх, акупаваных палякамі землях. Для Равіча адрасамі паукут зрабіліся Мінск, Харкаў, Масква з іх астрогамі, уключаючы сумна славутую Лубянку. Допыты, здзекі, жыццё на мяжы... Фізічныя пакуты суправаджаліся пакутамі маральнага, духоўнага характару. Юны, малады чалавек адкрываў для сябе неверагоднае шматаблічча катаванняў, пра якія ён нават яшчэ некалькі месяцаў назад і ўявіць не мог. Не мог нават у страшным сне прысніць, што так мудрагеліста, цынічна можна абражаць, збіваць чалавека. І з новымі ўяўленнямі прыходзіла разуменне, што такога кшталту фізічны гвалт патрэбен быў яго выканаўцам дзеля аднаго — растаптаць чалавека, паказць нікчэмнасць чалавечай годнасці, выбіць патрэбныя і самыя неверагодныя паказанні... Калі адбыўся фармальны суд, пачалася новая дарога нашага земляка. Таксама няпростая, але ўжо ў асяроддзі такіх самых, як і ён пакутнікаў, сярод людзей. Славамір Равіч і пра гэта піша ў сваёй кнізе досыць падрабязна.

А з лагера, у якім абставіны склалаіся для польскага падпаручніка болей-меней спрыяльна (як цяжка выпісваць такім словам знаходжанне ў ГУЛАГу!) Славамір разам з групай паплечнікаў адважыўся на ўцёкі. Знаходзячыся недзе ў Якуціі, уцекачы выбралі маршрут, які прывёў бы іх ажно ў... Індыю. Іначай губляўся сам сэнс гэтага «паходу», гэтай да неверагоднага небяспечнай вандроўкі. Выслізнуць з лагера і ісці праз тайгу, стэпы, праз усю Сібір, пераходзіць Урал і трапіць у Еўрапескую частку Савецкага Саюза, каб пасля кінуцца куды..? У захопленую фашыстамі Польшчу альбо ў іншую якую еўрапейскую краіну, дзе таксама шугае полымя вайны?!. Таму і абрана была Індыя. Уяўны маршрут павінен быў праходзіць праз Манголію, Кітай, Тыбет..." Мае таварышы былі па сваёй сутнасці гарадскімі жыхарамі. Я з’яўляўся адзіным, хто адчуваў сябе па-свойску сярод дзікай прыроды, і маё шчаслівае дзяцінства на Палессі пачало прыносіць практычную карысць. Мне хапала адзін раз зірнуць на сонца або на прыкметныя знакі на дрэвах, каб досыць дакладна трымацца абранага курсу. Таксама я добра памятаў мапу Паўднёва-Усходняй Сібіры з дамінуючай Ленай і возерам Байкал. «Нам бы толькі адшукаць паўночны край возера, — супакойваў я сяброў. — Уздоўж яго доўгага ўсходняга берага знойдзем дарогу, якая выведзе з краіны няволі».

Думка пра Байкал, як прыродны ўказальнік, што накіруе нас да свабоды, стала моцным стымулам, дзякуючы якому наступныя некалькі тыдняў мы хутка і настойліва ішлі наперад«.

Фактычна «кітайскі матэрыял» у кнізе Славаміра Равіча пачынаецца з раздзела «Васьмёрка ўваходзіць у Манголію». " — Як там у Манголіі? — запытаў Зара, а пасля скочыў да мяне. Астатнія зрабілі тое самае. Мы пачалі танчыць ад радасці, ляпаць адзін аднаго па спіне, цягаць за бароды і паціскаць далоні..." І ўсё ж амерыканец з «васьмёркі» спадар Сміт заўважыў: «—Трэба ўцякаць адсюль як мага хутчэй <...> Невядома, як далёка сягае фактычны расійскі ўплыў. Не ведаем, дзе знаходзімся і куды ісці...» «Першы раз, — піша наш зямляк, — мы сур’ёзна задумаліся, а куды мы дакладна ідзём. Да гэтай пары нас накіроўвала адна думка: абы толькі ўцячы з Сібіры. Калі мы яшчэ сядзелі ў лагеры, я без вялікага пераканання казаў пра Афганістан. Ён мне падаваўся бяспечнай краінай, размешчанай далёка ад усялякіх войнаў, куды бы нас пусцілі без задавання шматлікіх пытанняў. Аднак цяпер нас прываблівала Індыя. На мой погляд, нас пераканала ўчарашняя размова з двума манголамі. „Лхаса!“ Гэтае слова магло аказацца вельмі прыдатным у краіне, мовы якой мы не ведалі...На гэтым першым этапе мы размаўлялі пакуль што пра Тыбет. Індыя падавалася нам вельмі далёкай, казачнай краінай, каб пра яе марыць...»

Патлумачым: Лхаса — галоўны святы горад Тыбета З другой паловы шостага стагоддзя з’яўляўся сталіцай, духоўным і свецкім цэнтрам Будзісцкага каралеўства. З 1951 года Лхаса — адміністрацыйны і рэлігійны цэнтр Тыбецкага аўтаномнага раёна Кітая.

Чытаем у кнізе нашага земляка: «Калі мы падымаліся на вяршыні ўзгоркаў, першай задачай было адшукаць раку. Усё наша падарожжа праз унутраную Манголію складалася на самай справе з пераходаў па невыноснай спёцы ад адной ракі да другой і фарсавання гэтых рэк. Вада гаіла нашыя параненыя ногі, наталяла смагу і давала магчымасць выкупацца. На судаходных рэках магчыма было час ад часу здабыць што-небудзь паесці. Добра памятаю тыя выпадкі, якія здараліся з намі некалькі разоў.

Першы раз мы злавілі ўдачу за хвост, калі сустрэлі нагружаную джонку, якая села на мель. Кітаец на судне безвынікова спрабаваў адштурхнуцца шастом ад дна, перакладаючы яго то на адзін бок, то на другі. Лодка троху ўздрыгвала, часам нахілялася то налева, то направа, але ўпарта стаяла.

  • Дапаможам яму, — прапанаваў Каляменас.

Мы спусціліся ў ваду і пайшлі да лодкі, якая патрапіла ў пастку на адлегласці дзесяці ярдаў ад берагу. Кітаец перадаў нам запасны шост. Мы падсунулі той пад нос джонкі і тузанулі рычаг уверх, у той час пакуль ён працаваў сваім шастом. Хрысціна назірала з берага за нашай працай. Праз некалькі хвілін агульнымі намаганнямі мы здолелі выпіхаць джонку з мелі да глыбейшай вады. Узрадаваны кітаец пачаў бамбардаваць нас грузам свайго карабля, а гэта былі дыні велічынёй з футбольны мяч...»

Унутраная Манголія — аўтаномны раён на поўначы Кітайскай Народнай Рэспублікі. Заснаваны 2 снежня 1949 года. Што да гісторыі гэтай тэрыторыі, то яна спрадвеку з’яўлялася часткай заснаваных качэўнікамі дзяржаў: Сяньбі (93 — 234), Паўночная Вэй (386 — 535), Ляа (906 — 1125), Мангольская імперыя (1206 — 1368), Паўночная Юань (1368 — 1691). Пасля падзення імперыі Юань ва Унутранай Манголіі пачалася міжудзельная барацьба. У выніку маньчжурскі хан Абахай скарыў усіх і абвясціў сябе ханам Манголіі. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911 — 1912 гг. была абвешчана незалежнасць Манголіі. Князі і будзійскае духавенства Унутранай Манголіі ўдзельнічалі ў абвяшчэнні незалежнасці і заявілі пра далучэнне да адзінай мангольскай дзяржавы. Аднак на той час большасць насельніцтва ў рэгіёне складалі кітайцы. І ў выніку Унутраная Манголія засталася ў складзе Кітая. У 1928 годзе пасля аб’яднання Кітая пад уладай партыі Гаміньдан, улады Кітайскай Рэспублікі раздзялілі Унутраную Манголію паміж новымі правінцыямі Суйюань, Чахар і Жэхэ. А ў 1931 годзе японскія войскі акупіравалі кітайскі Паўночны Усход. У 1932 г. там абвясцілі дзяржаву Маньчжоу-го... Былі і іншыя дзяржаўныя, аўтаномныя пераабсталяванні. Гэтага ўсяго, зразумела, ніколькі не ведалі пакутлівыя падарожнікі.

У раздзеле «Жыццё сярод ветлівых манголаў» Славамір Равіч асабліва падрабязна апісвае жыхароў паўночнага раёна Кітая. "На другі месяц падарожжа праз Манголію мы патрапілі ў вёску, якая складалася з бедных на выгляд дамоў. Нас як еўрапейцаў шакавала поўная адсутнасць платоў ці хоць якіх акрэсленых межаў паміж дварамі. Вёска, напэўна, вяла агульную гаспадарку, межы былі непатрэбныя. Мы падышлі да каменнага дома з плоскім дахам. На цвёрдай, утрамбаванай зямлі перад домам узвышаўся слуп, вакол якога павольна хадзіў вол. Набліжаўся абед, і мы паспелі ўжо пераадолець каля дзесяці міль. Мы былі галодныя і вельмі хацелі піць, але ўсё яшчэ заставаліся ў добрай форме. Пакуль ішлі, мы весела махалі ўсім сустрэчным. Пасля падышлі бліжэй да слупа, каб паглядзець на вала і зразумець, якую працу ён выконвае. Паміж жывёлінай і хатай знаходзіліся чатыры чалавекі: пасярэдзіне сядзеў на кукішках гаспадар, які ляніва зняў капялюш, каб пачухаць лысую галаву; здаравенны, як для мангола. Чатырнаццаці- або пятнаццацігадовы хлопец пугай паганяў вала; а таксама дзве кабеты, адна з каторых магла быць маткай хлопца, а другая бабуляй. Кабеты не звярнулі на нас ніякай увагі, але мужчына падняўся і падышоў да нас разам з хлопцам. Мы абмяняліся паклонамі, пасля чаго мангол пачаў нешта доўга і маляўніча распавядаць. Акрамя ўсмешак, ніхто нічога не зразумеў у нашай размове, таму мы ўсе прыселі ў кола. Вол скарыстаўся тым, што хлопец перастаў яго біць, і таксама дазволіў сабе перапынак. Я ўжо прыкладна ўяўляў, у чым палягала яго праца: вол малаціў жыта. Ён быў прывязаны сплеценымі са скуры паясамі да слупа, што стаяў пасярод двара. На краі кола, па якім хадзіў вол, ляжалі снапкі збожжа, пакладзеныя зернем навонкі. Калі вол таптаў снапы, з каласоў высыпалася зерне, якое пасля збіралі кабеты.

Я павярнуўся да Каляменаса і сказаў:

  • Цяжэй прыдумаць больш марудную малацілку. Давай дапаможам.

Каляменас кіўнуў галавой.

  • Пакажы толькі як.

Для спробы мы пачалі біць сваімі кіямі адзін са снапоў. Пасыпалася добра высушанае зерне. Я паглядзеў на гаспадара. Той усміхаўся і ўважліва сачыў за намі.

  • Памалоцім яму жыта, як дома. Гэта не зойме шмат часу, — прапанаваў я сваім сябрам.

Усе пагадзіліся і палкамі замест цапоў пачалі малаціць зерне. Хрысціна таксама не адставала. Хлопец рассмяяўся, пасля распрог вала і павёў яго ў хлеў. Па заканчэнні малацьбы гаспадар сказаў нешта кабетам. Тыя паслухаліся і пайшлі ў хату. Мангол стаяў каля мяне і перасыпаў збожжа з адной рукі ў другую. Я паднёс яму жменю вымалачаных каласкоў. Ён памацаў іх пальцамі, патрос, а калі пераканаўся, што не засталося там ані зярнятка, задаволена і з павагай заківаў галавой..." Такія дэталі дарагога каштуюць. Іх не прыдумаеш. Іх трэба разгледзець у жыцці іншага народа на свае вочы. У другой вёсцы ўчарашнія гулагаўцы заўважылі дзіўную студню. Ці — дзіўны механізм для пад’ёма вады.

Адкрыцці падарожнікі рабілі на кожным кроку: уражвала разнастайнасць матылькоў, дываны квітнеючых дзікіх ружаў, азалій. А яшчэ — камфарныя дрэвы, падобныя на маладыя дубы.

Падрабязна апісвае ўраджэнец Пінска і пустыню Гобі, якая раскінулася па паўднёвай частцы Манголіі і паўночных правінцыях Кітая, і якую камандзе вымушаных вандроўнікаў давялося пераадольваць таксама. Гобі — як вядома, адна з самых вялікіх пустыняў свету і самая буйная пустыня Азіі. «Бязводнае месца» так называлі гэтую краіну пяска альбо яшчэ ў старажытнасці: «пустыня Шамо». У Цэнтральнай Азіі (на тэрыторыі Кітая) яна носіць назву Алашань ці Алашанская Гобі... У пустыні вандроўнікі згубілі адзіную жанчыну — юную польку Хрысціну, якую ў свой падабралі на пачатку падарожжа і фактычна выратавалі ад смерці. У пустыні згубілі спадара Макоўскага, трыццацісямігадовага капітана корпуса памежнай аховы. Пахавалі польскага афіцэра пасярод пустыні Гобі. І ўжо адзін з наступных раздзелаў называўся — «Шасцёрка ўваходзіць у Тыбет»... А следам — раздзел «Пяцёрка мінае Лхасу». «Хутка мы заўважылі , што Тыбет — гэта край не толькі высокіх гор, але і велізарных азёр. Пад канец лістапада мы стаялі на беразе вадаёма, які памерамі нагадваў мора. Цяжка было ацаніць яго памеры, асабліва таму, што мы не былі ўпэўненыя, ці з’яўлялася тая тоненькая лінія на гарызонце другім берагам возера. Мы выкупаліся ў халоднай вадзе і правялі ноч на беразе. Мы не паспелі добра абсохнуць, таму нават вогнішча не ратавала ад холаду..,» — дзеліцца сваёй памяццю Славамір Равіч.

У Гімалаях падарожнікі аказаліся пад канец сакавіка 1942 года... А ў дарогу з савецкага лагера яны выправіліся год назад... У Гімалаях сустрэліся з таямнічымі стварэннямі, як ужо зразумелі пасля, — калі ўжо пасля вайны Славамір Равіч асэнсоўваў свой шлях праз Кітай у Індыю. «Шмат гадоў гэтыя стварэнні заставаліся для мяне таямніцай. Пакуль я пачуў пра навуковую экспедыцыю, што адправілася ў Гімалаі на пошукі снежнага чалавека, і не прачытаў апісанне гэтага страшыдла, якое з’яўляецца нечым сярэднім паміж чалавекам і малпай. Тады зразумеў, што мы сустрэліся якраз з двума прадстаўнікамі гэтага віду. Думаю, аднак, што абмежаванне іх росту пяццю футамі, з’яўляецца памылковым. Тыя экзэмпляры, якіях мы бачылі, былі значна вышэйшыя за восем футаў...»

У Індыі вандроўнікаў — а іх засталося да таго часу толькі чацвёра — сустрэлі англійскія салдаты. Лекаванне прайшло ў шпіталі ў Калькуце. Пасля Славамір патрапіў у Польскі корпус Уладзіслава Андэрса, якія фарміраваўся ў Іране. Адтуль яго накіравалі ў Палесціну, там ён выкладаў у вайсковай школе. Пасля пераехаў у Вялікабрытанію, каб прайсці курс навучання на пілота...

Кнігу Славаміра Равіча запісаў англійскі журналіст Рональд Даўнінг. Вось што ён напісаў у прадмове да выдання кнігі ў 1956 годзе: «Калі мы сустрэліся ўпершыню, Славамір Равіч жыў у Вялікабрытаніі ўжо не менш за дзевяць гадоў. Ён быў палякам, адслужыў у брытанскім войску і пасяліўся ў адным з прамысловых графстваў сярэдняй Англіі, дзе вёў ціхае і спакойнае жыццё. Газета, у якой я працаваў, — лонданская Daily Mail“ — арганізоўвала ў той час экспедыцыю ў Непал на пошукі еці, ці страшэннага снежнага чалавека, каторы, як вядома, водзіцца ў Гімалаях. З гэтай нагоды мяне накіравалі ў камандзіроўку ў Цюрых, дзе ў адным з пансіянатаў адпачываў кароль Непала. Маёй задачай было паразмаўляць з адным са старэйшых непальскіх афіцэраў, генералам Кайзерам. Гэта быў стары інтэлектуал і навукоўца сусветнай велічыні, які верыў у існаванне еці, аднак ніколі не бачыў тое легендарнае стварэнне на ўласныя вочы. Я таксама сустрэўся з некалькімі выбітнымі брытанскімі падарожнікамі, у якіх за плячыма была не адна выправа ў Гімалаі. Гэтыя людзі бачылі дзіўныя сляды ног на высакагорным снезе, хоць ніколі не натыкаліся на істоту, якая магла б тыя сляды пакінуць.

Тым часам да рэдакцыі „Daily Mail“ дайшлі чуткі, што адзін паляк, які жыве ў Англіі, сутыкаўся некалі ў Гімалаях з дзіўнымі жывёламі, якія выглядалі дакладна так, як апісваюць еці. Я падумаў, што цяжка будзе апублікаваць размову з тым чалавекам, які пакінуў сям’ю за „жалезнай заслонай“. Я баяўся, што ён не дазволіць мне надрукаваць сваё сапраўднае імя і прозвішча. Вось так я выехаў на Поўнач, нават не спадзеючыся на ўдалы газетны матэрыял...»

Але сустрэча аказалася шмат шырэйшай, чым таго патрабаваў газетны артыкул. Рональд Даўнінг, даведаўшыся, што эпізод сустрэчы з еці ўсяго толькі маленькі фрагмент значна большай і важнейшая гісторыі, напоўненай жахлівым і сумным апавяданнем нават у скарочанай форме, пераканаў містара Равіча пісаць кнігу. Праўда, у былога польскага жаўнера была ўмова: журналіст павінен сам запісаць яго ўспамін на паперы. Год працы і дазволіў скласці кнігу «Доўгі шлях» з апісаннем сутыкнення чалавека з рэпрэсіўнай машынай і ўцёкамі ад яе. Асабліва папулярным выданне зрабілася ў ЗША, дзе па сюжэце кнігі вядомы галівудскі рэжысёр Пітэр Вір зняў мастацкі фільм.

«Доўгі шлях» пераклалі на 25 моў. Выданне прынесла Славаміру Равічу велізарную славу. Агульны тыраж кнігі склаў паўмільёна экзэмпляраў. Равіч працягваў весці ціхае сямейнае жыццё каля горада Натынгема. Часам даваў інтэрв’ю журналістам або сутсракаўся з фанатамі. Памёр 5 красавіка 2004 года. Славаміра Равіча неаднойчы крытыкавалі за некаторыя нестыкоўкі ў аповядзе. Абвінавачвалі ў хлусні, спрабавалі даказаць, што нічога такога, пра што ён расказвае, не было на самай справе. Пасля смерці спадара Равіча беларус з Глыбокага Вітольд Глінскі заявіў, што аўтар кнігі"Доўгі шлях" скраў і выдаў за сваю ўласную гісторыю яго, Глінскага, уцёкаў з лагера, прачытаўшы яе ў вайсковым рапарце... Так гэта ці не — разабрацца сапраўды цяжка ці амаль не магчыма. Але ж кніга ёсць. Адзін з беларусаў мае да яе дачыненне. У кнізе «Доўгі шлях» многія старонкі — уражанні ад сустрэч з Кітаем і кітайцамі...

Знаёмства з творам Славаміра Равіча ў чарговы раз нагадала пра неабходнасць збірання ўсіх, беларусамі і ўраджэнцамі Беларусі напісаных згадак пра Кітай, — і ў мастацкай літаратуры і ў дакументалістыцы. Аўтараў такіх твораў нямала: Язэп Германовіч (у 1932 — 1936 гг. — місіянер і дырэктар гімназіі ў Харбіне; жыў у Кітаі і ў 1938 — 1948 гг. Пасля менавіта кітайскімі органамі паліцыі быў арыштаваны і перададзены ў СССР; аўтар успамінаў «Кітай — Сібір — Масква»), Валерый Казакоў, Міхаіл Шыманскі, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Алесь Кажадуб, Міхась Шэлехаў, Янка Брыль...

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.