Вы тут

1 чэрвеня завяршаецца рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ


У апошні дзень пасля 12 гадзін і да закрыцця пунктаў рэгістрацыі ў 19 гадзін падаць заяву на ўдзел у ЦТ можна будзе толькі асабіста, завітаўшы ў адзін з пунктаў рэгістрацыі. Папярэдняя анлайн-рэгістрацыя на сайце будзе даступная толькі да 12 гадзін 1 чэрвеня.


Фота з архіва. Аўтар: Ганна Занкавіч.

Усяго ў краіне працуе 41 пункт рэгістрацыі на ЦТ:

  • у Брэсцкай вобласці гэта чатыры ВНУ, у Віцебскай — тры ВНУ і адзін каледж,
  • у Гомельскай — пяць ВНУ і каледж, у Гродзенскай — дзве ВНУ і два каледжы,
  • у Мінскай — тры каледжы,
  • у Магілёўскай — чатыры ВНУ і тры каледжы, у Мінску — трынаццаць ВНУ.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў нагадваюць, што працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершаным толькі пасля атрымання абітурыентам пропускаў.

Прыйсці па пропуск трэба не пазней за 1 чэрвеня. Пры анлайн-рэгістрацыі ў графе «Абраныя прадметы і пункты тэсціравання» ўказваюцца адрасы пунктаў рэгістрацыі, у адзін з якіх неабходна звярнуцца пасля здзяйснення аплаты. Пры сабе трэба мець пашпарт або від на жыхарства, пасведчанне бежанца. Забраць пропускі замест абітурыента могуць таксама яго законныя прадстаўнікі.

Абітурыентам дазваляецца зарэгістравацца не больш як на чатыры дысцыпліны. Пры жаданні можна памяняць прадметы для здачы на ЦТ. Да атрымання пропускаў у асабістым кабінеце можна змяніць даныя ў заяве: набор прадметаў, мову тэсту і г. д. Калі з'явілася неабходнасць гэта зрабіць ужо пасля атрымання пропуску, трэба звяртацца ў пункт ЦТ асабіста. Аднак усе маніпуляцыі можна будзе зрабіць толькі да 1 чэрвеня (уключна).

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца яшчэ на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў — беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява.

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў краіне 16 чэрвеня з беларускай мовы. 18 і 19 чэрвеня абітурыенты здаюць тэсты па рускай мове, 21-га — па грамадазнаўстве, 23 і 24 чэрвеня — па матэматыцы і гэтак далей.

Пунктамі рэгістрацыі на ЦТ у рэзервовыя дні і яго правядзення выбраны шэсць устаноў: БДУ, Беларуска-расійскі ўніверсітэт у Магілёве, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. Сухога, Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Я. Купалы. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні — з 2 ліпеня да 9 ліпеня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».