Вы тут

Як пазбегнуць электратраўмаў?


Гібель людзей ад удару токам — з'ява нярэдкая. Шакавальны выпадак адбыўся ў канцы мая ў сталіцы. У кватэры знаходзіўся 13-гадовы падлетак, яго бацькі былі на лецішчы. Вярнуўшыся дадому, яны знайшлі сына без прыкмет жыцця. Левая рука дзіцяці знаходзілася на радыятары ацяплення, а левая нага краналася да электрычнай духавой шафы. Рэаніміраваць падлетка не ўдалося. Папярэдняя прычына смерці — электратраўма. Адна з версій — няспраўнасць або няправільнае падключэнне духавой шафы. Яшчэ адзін рэзанансны выпадак адбыўся ў канцы красавіка ў Мсціслаўскім раёне. Падчас рыбалкі 16-гадовы хлопец атрымаў электратраўму. Верталётам МНС ён у цяжкім стане быў дастаўлены ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і праходзіць лячэнне. Спецыялісты нагадалі пра меры бяспекі, у тым ліку падчас навальніцы, якія варта выконваць, каб пазбегнуць удараў токам.


Паводле статыстыкі, электратраўмы складаюць 1,5—2,5 % ад усіх відаў траўмаў, а па колькасці смяротных зыходаў займаюць адно з першых месцаў. Смяротнасць ад паражэнняў электрычным токам — 9—10 % ад усіх траўмаў і ў 10—15 разоў перавышае смяротнасць ад іншых траўмаў. Ад уздзеяння электрычнага току штогод у свеце гіне каля 25 тысяч чалавек.

Начальнік аддзела электратэхнічнай інспекцыі ДУ «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» Міністэрства энергетыкі Артур Лебедзеў паведаміў, што ў 2020 годзе на падведамасных прадпрыемствах Дзяржэнергагазнагляда зафіксаваны 34 няшчасныя выпадкі, якія здарыліся ў выніку паражэння электрычным токам:

— З іх 14 адбылося з персаналам спажыўцоў, два — з персаналам арганізацый і 18 — з насельніцтвам. Усяго пацярпелі 35 чалавек, з якіх 17 загінула, у тым ліку два непаўналетнія, і 18 атрымалі цяжкія траўмы. З пачатку 2021 года ў краіне адбылося сем няшчасных выпадкаў у выніку паражэння электрычным токам, з якіх два здарыліся з персаналам спажыўцоў, адзін — з персаналам арганізацый і чатыры — з насельніцтвам. Усяго пацярпелі восем чалавек, з іх пяцёра загінулі, у тым ліку адзін непаўналетні, і трое атрымалі цяжкія траўмы.

Сярод асноўных прычын электратраўматызму спецыяліст вылучыў самавольнае пранікненне на энергааб'екты, рыбную лоўлю ў месцах перасячэння паветраных ліній электраперадачы з азёрамі і рэкамі і парушэнне правіл аховы электрычных сетак пры выкананні работ:

— За апошнія 10 гадоў адбыліся 32 няшчасныя выпадкі пры лоўлі рыбы, падчас якіх пацярпелі 34 чалавекі, з іх 25 загінула. У цяперашні час рэалізоўваецца план па замене неізаляваных правадоў на ізаляваныя ў месцах перасячэння і збліжэння паветраных ліній электраперадачы напружаннем 0,4-10 кВ з азёрамі і рэкамі, а таксама па ўстаноўцы знака «Лавіць рыбу небяспечна для жыцця! Ахоўная зона 10 м».

Артур Лебедзеў нагадаў пра асноўныя меры бяспекі: не залазіць на апоры паветраных ліній электраперадачы, не адкрываць дзверы, не заходзіць унутр, не паднімацца на трансфарматарныя падстанцыі, не залазіць на дрэвы, дзе паміж веткамі праходзяць правады паветраных ліній, не накідваць на правады паветраных ліній прадметы, не гуляць каля трансфарматарных падстанцый і пад лініямі электраперадачы, не пакідаць маленькіх дзяцей без нагляду побач з такімі аб'ектамі. На рыбалцы не трэба стаяць з вудай пад паветранымі лініямі ці побач з імі, не праходзіць з вудай пад правадамі паветраных ліній, не парушаць патрабаванняў устаноўленых знакаў, не спыняцца на аўтатранспарце і не запраўляць яго пад паветранымі лініямі электраперадачы.

Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Кірыл Крыварот адзначыў, што электратраўмы нярэдка вядуць да інваліднасці і нават гібелі чалавека. Электраўдар прыводзіць да анатамафізіялагічных парушэнняў у арганізме, якія могуць праяўляцца або адразу, або праз нейкі прамежак часу. Таму нават калі чалавек пасля ўдару адчувае сябе добра і ні на што не скардзіцца, яму ўсё роўна патрэбныя агляд урача і шпіталізацыя для дынамічнага назірання і правядзення абследавання.

У першую чаргу пільнасць павінны праяўляць бацькі —.дзеці могуць атрымаць сур'ёзныя пашкоджанні электратокам, прасунуўшы пальцы ў разетку ці дакрануўшыся да аголеных правадоў. Электраабсталяванне ў доме ці кватэры павінна быць спраўнае. Пры гэтым нельга самастойна імкнуцца адрамантаваць разеткі, лепш звярнуцца да спецыяліста. Што датычыцца вытворчых траўмаў, то тут варта строга прытрымлівацца правілаў аховы працы.

Падчас навальніцы нельга знаходзіцца на адкрытай мясцовасці, побач з металічнымі збудаваннямі, не варта дакранацца да мокрых, жалезных, электрычных прадметаў і абсталявання.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Меркаванне, што мужчынам не патрэбна даглядаць за сабой, сёння гучыць архаічна.

Здароўе

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца.

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.