Вы тут

Фермеры ў пастцы. Чым не задаволены еўрапейскія сельгасвытворцы?


Днямі французскія фермеры зноў актывізавалі пратэсную актыўнасць — агравытворцы штурмавалі цэнтр занятасці ў Парыжы. Маніфестанты запатрабавалі прыняць іх у Елісейскім палацы, паведаміў іz.ru. Прадстаўнікі галіны не задаволены аграрнай палітыкай краіны. Новыя правілы фінансавання зрэжуць датацыі сельскай гаспадарцы. Увядзенне «зялёных тэхналогій» прывядзе да падаражання прадукцыі і адаб'ецца на рыначных цэнах, што ў сваю чаргу ўдарыць па кішэнях спажыўцоў. Чаму еўрапейскія фермеры вымушаны бавіць каштоўны цяпер час не на палетках, а на пратэстах?


Фота: pixabay.com

«Зялёная» ўмова

Адпраўным пунктам канфліктаў, як лічаць эксперты, стала паведамленне аб тым, што міністры сельскай гаспадаркі краін ЕС дамовіліся аб маштабнай аграрнай рэформе. Адзін з ключавых момантаў дамовы — кожная з дзяржаў Еўрасаюза павінна будзе ўвязаць пятую частку прамых датацыйных выплат з удзелам фермераў у экалагічных праграмах.

Міністры сельскай гаспадаркі краін Еўрасаюза падтрымалі летась напрыканцы кастрычніка на пасяджэнні ў Люксембургу кампрамісную прапанову, з якой выступіла Германія, якая на той час старшынствавала ў Савеце Еўрапейскага саюза. Міністр сельскай гаспадаркі ФРГ Юлія Клёкнер заявіла па выніках двухдзённых перагавораў, што гаворка ідзе аб «сістэмных зменах» у аграпрамысловай галіне. «Мы дэманструем, што больш амбіцыйныя планы ў галіне экалогіі і абароны клімату ідуць поруч з харчовай бяспекай і неабходнай падтрымкай у галіне даходаў для кампаній», — падкрэсліла Клёкнер.

Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі, фермеры ў далейшым павінны прытрымлівацца больш высокіх экалагічных стандартаў. Пры гэтым для дробных сельгасвытворцаў мяркуецца ўвесці спрошчаны кантроль, «які дазволіць знізіць адміністрацыйную нагрузку і ў той жа час забяспечыць іх уклад у дасягненне экалагічных і кліматычных мэт». Нарэшце, кожная з краін ЕС павінна будзе ўвязаць мінімум 20 працэнтаў прамых сельгасвыплат з удзелам фермераў у экалагічных праграмах. Каб гэтыя сродкі не «завіслі» — у тым выпадку, калі ўдзел падобнай праграмы акажацца недастаткова масавым, прадугледжана двухгадовая «фаза навучання», адзначыла Клёкнер. Падчас яе адпаведныя сродкі могуць быць прыцягнуты пры выкананні іншых крытэрыяў.

Аграрныя выдаткі — адзін з найбуйнейшых артыкулаў бюджэту ЕС, на працягу найбліжэйшых сямі гадоў на гэтыя мэты мяркуецца выдзеліць 387 мільярдаў еўра. Германіі з гэтай сумы належаць 42 млрд еўра. Аднак Берлін не пазбегнуў пратэснай актыўнасці сельгасвытворцаў. Сёлета фермеры ФРГ неаднаразова выходзілі на акцыі. Гэта звязана, у прыватнасці, з тым, што многія нямецкія аграпрадпрыемствы, якія вырабляюць экалагічна чыстую прадукцыю, вымушаны зноў пераходзіць на звычайныя стандарты, таму што не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы. Акрамя таго, мітынгоўцы выступалі супраць узмацнення жорсткасці палітыкі ў галіне аховы клімату, а таксама патрабавалі шырокага грамадскага абмеркавання сельскагаспадарчага пакета федэральнага ўрада. Крытыка датычылася, у прыватнасці, запланаванага ўладамі абмежавання на выкарыстанне пестыцыдаў.

Гной каля мэрыі

Францыя з'яўляецца найбуйнейшым сельскагаспадарчым вытворцам у Еўрасаюзе і галоўным бенефіцыярам субсідый у рамках Агульнай сельскагаспадарчай палітыкі ЕС. Але і Парыжу не ўдалося вырашыць належным чынам вострае пытанне па выплатах сельгасвытворцам. Нядзіўна, што гэтая краіна стала адным з цэнтраў аграпратэстаў. Адна з найбуйнейшых акцый фермераў прайшла ў Страсбургу каля будынка Еўрапейскага парламента. Пра гэта паведаміла Agence France-Presse. Фермеры асцерагаюцца, што навацыі прывядуць да значных страт мясцовых прадпрыемстваў, адзначыла France24. Аграрыі з'ехаліся ў Страсбург з розных раёнаў Эльзаса па закліку Рэгіянальнай федэрацыі прафсаюзаў фермераў (FRSEA) і маладых фермераў (JA) Гранд-Эста. У горад сцягнулі ўнушальную мотакалону — каля 1500 трактароў.

З-за такой колькасці тэхнікі быў часова заблакіраваны рух па аўтастрадзе, якая вядзе ў Страсбург. Транспартны калапс зафіксавалі ў радыусе да 10 кіламетраў вакол горада. Аграрыі пратэставалі супраць новай палітыкі ЕС у аграпрамысловай сферы. Яны лічаць, што яна можа негатыўна паўплываць на традыцыйную мадэль сельскай гаспадаркі ў рэгіёне.

Сотні раз'юшаных стратамі падчас каранавірусных абмежаванняў дробных французскіх фермераў заехалі раніцай у Тулузу на трактарах і зладзілі маштабную акцыю пратэсту з выкарыстаннем гною і драўняных адходаў. Незадаволенасць прадпрымальнікаў, як паведамляе выданне Actu.fr, выклікала распрацоўка нацыянальных стратэгічных планаў, якія прадугледжваюць аказваць дзяржаўную дапамогу пераважна буйным карпарацыям.

Актывісты паведамілі, што без дзяржаўнай падтрымкі яны будуць губляць па 160—170 еўра з кожнага гектара. Сапраўднай сельскай гаспадарцы ў Францыі, на іх думку, прыйдзе канец. Мясцовыя вытворцы не вытрымаюць канкурэнцыі з замежнай прадукцыяй, вырашчанай з ужываннем гербіцыдаў і генных мадыфікацый.

Калоны трактароў перагарадзілі большасць выездаў з горада. Пасля паўдня прэфект Верхняй Гароны прыняў дэлегацыю фермераў. На словах бакі засталіся задаволеныя сустрэчай. Тым не менш, ад'язджаючы з горада, фермеры выгрузілі каля ўрадавага будынка кучу гною. Акрамя таго, пратэстанты завалілі некалькі гарадскіх вуліц пакрышкамі, драўнянымі адходамі і брудам, што справакавала некалькі сутычак з паліцыяй — выкарыстоўваліся нават вадамёты.

Федэрацыя прафсаюзаў фермераў Роны (FDSEA) правяла мітынг перад мэрыяй Ліёна, патрабуючы адмяніць забарону на прыгатаванне мясных страў у гарадскіх школьных сталовых, паведаміў тэлеканал М6. Фермеры прыехалі на трактарах да будынка мэрыі з лозунгамі «Мяса нашых лугоў = здаровыя дзеці» і прывезлі з сабой некалькі кароў.

Прафсаюзы заяўляюць, што пад прыкрыццём санітарнага пратакола мэр Ліёна Грэгары Дусе спрабуе выканаць сваё перадвыбарнае абяцанне аб увядзенні вегетарыянскага меню ў школьных сталовых. Паведамляецца, што канчатковае рашэнне павінен прыняць прэфект Роны. Раней мэр Ліёна прыняў рашэнне аб забароне мясных страў у школьных сталовых, тлумачачы яго неабходнасцю выканання санітарных мер па прадухіленні распаўсюджвання COVІD-19. Паводле яго слоў, мяса складана гатаваць, і стравы з яго трэба хутка раздаваць, каб яны не астылі. Гэта выклікае мітусню на раздачы, што перашкаджае выконваць санітарную дыстанцыю ў два метры. Дусе прапанаваў замяніць мяса рыбай і яйкамі.

Страйк сельгасвытворцаў у Дыжоне перарос у падпал. Фермеры развялі вогнішча з пакрышак каля офіса ўлад, паведаміў іz.ru. Аграрыі былі не задаволены абмежаваннямі з-за пандэміі каранавіруса. Па прычыне забарон няма каму працаваць у палях і на фермах. Гарадок можа застацца без традыцыйнай прадукцыі — маладых сыроў і віна, алею і, канешне, знакамітай дыжонскай гарчыцы. У пачатку лютага фермеры ўжо праводзілі акцыю пратэсту. Тады каля будынка адміністрацыі вывалілі грузавік угнаенняў.

На мяжы самагубства

«У нас складваецца ўражанне, што імкненне да «памяншэння сельскай гаспадаркі» з'яўляецца лейтматывам (у новай палітыцы. — Рэд.). Гэта для нас непрымальна», — заўважыў прэзідэнт Генеральнай асацыяцыі вытворцаў пшаніцы (AGPB) Эрык Тыру. Па словах фермераў, змены ў палітыцы ЕС прывядуць да значных страт мясцовых ферм, а экалагічныя абмежаванні настолькі ўсюдыісныя, «што іх практычна немагчыма рэалізаваць». «Адзіная сельскагаспадарчая палітыка павінна падтрымліваць пэўную колькасць сельскагаспадарчых вытворцаў на дадзенай тэрыторыі. Мы хочам, каб яна засталася ранейшай. Цяпер у нас больш за 500 тысяч фермераў, але прапанаваная рэформа скароціць гэту колькасць удвая», — заўважыў генеральны сакратар прафсаюза фермераў у дэпартаменце Марна Ларан Шанпенуа.

Сельская гаспадарка ў Францыі знаходзіцца ў жудаснай сітуацыі, 1500 ферм штогод знішчаюцца і выходзяць з бізнесу. Аб гэтым заявіў прафсаюзны лідар Макс Баўэр, дадаўшы, што ў выніку крызісу, які ахапіў галіну, весткі пра самагубствы фермераў прыходзяць штотыдзень. Паводле справаздачы за 2018 год, у краіне кожныя два дні зводзіў жыццё самагубствам як мінімум адзін сельгасвытворца. Паводле даных парламенцкага даклада за 2019-ы, узровень суіцыдаў сярод фермераў быў на 20 працэнтаў вышэйшы, чым у сярэднім па Францыі, а сярод малочных вытворцаў — увогуле на 30 працэнтаў. «Кожны трэці фермер атрымліваў менш чым 835 еўра, уключаючы дзяржаўную дапамогу, — заявіў Баўэр. — На такія грошы немагчыма пражыць».

Невысокі ўзровень даходаў сельгасвытворцаў на ўласным вопыце спазнаў вядомы брытанскі тэлевядучы Джэрэмі Кларксан. Ён стаў фермерам і зняў пра гэта праграму. Шоу пад назвай «Ферма Кларксан» (Clarkson's Farm) пакажа вядучага ў незвычайным для яго амплуа: раней ён у першую чаргу быў вядомы праграмамі пра аўтамабілі, а таксама вёў гульнявое шоу «Хто хоча стаць мільянерам», паведаміла Бі-бі-сі. Але на працягу апошніх двух гадоў ён пад пільным наглядам тэлекамер займаўся вядзеннем спраў на сваёй ферме «Чыпінг Нортан». Будзе справядлівым заўважыць, што спачатку Кларксан недаацэньваў усю сур'ёзнасць сваіх задач. «Але насамрэч усё аказалася неверагодна складаным, праблем там не абярэшся, а плацяць за гэта проста да непрыстойнасці мала. Таму мне прыйшло ў галаву запрасіць здымачную групу, якая будзе здымаць мяне за гэтым заняткам, і такім чынам я змагу пакрыць частку страт», — патлумачыў Кларксан.

Катастрофа стагоддзя

Сітуацыя ў Францыі ўскладняецца надвор'ем. Увесну начныя замаразкі не адпускалі як мінімум некалькі тыдняў і ахапілі амаль усю краіну. Дзесьці тэмпература апускалася да мінус 6 градусаў, выпаў нават 10-сантыметровы снег. А, між тым, у гэты час на пладовых дрэвах і вінаградзе сфарміраваліся пупышкі. Сяляне кожную ноч былі вымушаны паліць вогнішчы ў садах і вінаградніках, каб ахінуць расліны цёплым дымам. Аднак многім абараніць ураджай, хутчэй за ўсё, не ўдалося. У некаторых раёнах аграрыі кажуць аб 100-працэнтным вымярзанні пупышак на чарэшні, яблынях, сліве, вінаградзе. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Францыі Жульен Дэнармандзі назваў тое, што здарылася, найбуйнейшай сельскагаспадарчай катастрофай цяперашняга стагоддзя.

Сельская гаспадарка краіны рыхтуецца яшчэ да адной падзеі, якую многія лічаць пачаткам канца фермерства. Справа ў тым, што ўрад краіны рыхтуе нацыянальныя стратэгічныя планы, якія прадугледжваюць фінансавую дапамогу ад дзяржавы пераважна буйным карпарацыям. Фермераў, якія з пакалення ў пакаленне кормяць жыхароў краіны, выцесняць замежныя канкурэнты — транснацыянальныя карпарацыі, якія ўжываюць гербіцыды і ГМА, лічаць эксперты.

Зараз у парламенце Францыі таксама знаходзіцца законапраект аб клімаце, які прапануе ўвесці падатак на азотныя ўгнаенні, аднак фермеры лічаць яго карным і несправядлівым. Даследаванне, праведзенае летась Міністэрствам сельскай гаспадаркі, паказала, што арганічныя ўгнаенні не могуць у поўным аб'ёме задаволіць патрэбы сельскай гаспадаркі краіны.

Рэформа Адзінай сельскагаспадарчай палітыкі Еўрасаюза выклікала рознагалоссі з нагоды справядлівай аплаты працы і яе ўмоў. Еўрапейскія камісія, Савет і парламент імкнуліся дасягнуць пагаднення і зацвердзіць намечаныя перамены. Але ў спрэчку ўмяшаліся прафсаюзы, заявіўшы, што з 10 мільёнаў чалавек, якія працуюць у аграрным сектары, 4 млн знаходзяцца ў «драматычнай сітуацыі».

Актывіст кампаніі Sezonіerі Соня Мела ўжо сем гадоў дапамагае сезонным рабочым і мігрантам на аўстрыйскіх фермах, дзе амаль ніколі не забяспечваецца мінімальны ўзровень зарплаты. «Асноўны від злоўжыванняў на фермах — гэта недаплата. Звычайна работнікі атрымліваюць значна ніжэй за дазволены мінімум. Недаплаты праяўляюцца і ў іншых адносінах уладальніка фермы з персаналам. Ён можа адымаць з іх занадта шмат грошай, напрыклад, за жыллё і харчаванне, або не кампенсаваць ім звышурочную работу».

Каб скончыць з такой эксплуатацыяй, прафсаюзы заклікаюць улады Еўрасаюза выкарыстаць прынцып «сацыяльнай абумоўленасці». Гэта азначае, што прадпрыемствы, якія не выконваюць адпаведныя патрабаванні ў адносінах да работнікаў, страцяць доступ да еўрапейскіх фондаў.

Тым часам стала вядома, што еўрапейскія парламентарыі і міністры сельскай гаспадаркі краін — членаў ЕС не здолелі прыйсці да пагаднення па новай Адзінай аграрнай палітыцы ЕС, закліканай абнавіць сектар, зрабіць яго больш эфектыўным, эканомным і экалагічна чыстым з 2023 года. Еўрасавет заявіў, што пасля трох дзён перагавораў «шэраг важных пытанняў застаўся нявырашаным». Таму абмеркаванне зноў адклалі — на гэты раз да наступнай сустрэчы еўрапейскіх міністраў сельскай гаспадаркі, якая павінна адбыцца ў чэрвені.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.